Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫАСВЕТЛАНА АНИКЕЙ

Аникей Светлана Владимировна
«Эрык ХІV» Аўгуста Стрындберга. Карын.
 Аникей Светлана Владимировна 
    Святлана Анікей.
    Актрыса, якая марыць сыграць
    Абломава

     Людміла Грамыка

Маладыя акцёры доўга застаюцца ў цені сваіх больш сталых калег. Прадстаўнічыя функцыі зрэдчас выконваць могуць, але сур’ёзных пытанняў, як правіла, не вырашаюць. Як ні дзіўна, гэтая вельмі савецкая завядзёнка цалкам не зжытая сёння, у век сацыяльных сетак і актыўных стасункаў у інтэрнэце. Ва ўсякім разе шырокай аўдыторыі пачуць маладога артыста па-за сцэнай бывае даволі праблематычна. Тым не менш першую Нацыянальную прэмію ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» атрымала артыстка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Анікей. Акцэнт быў пастаўлены шматлікімі «тэатральнымі акадэмікамі». Відавочна прагаласавалі за маладосць.
У паслужным спісе Святланы Анікей роляў больш чым дастаткова. І якіх! Годл з «Памінальнай малітвы» Рыгора Горына, Ганна ў «Сымоне-музыку» Якуба Коласа, Алена ў «Дзецях Ванюшына» Сяргея Найдзёнава, Сара ў «Translations» Браяна Фрыла.


Вы дванаццаць гадоў працуеце ў Купалаўскім тэатры, выконваеце лепшыя ролі ў рэпертуары, вас немагчыма не заўважыць, вашымі гераінямі захапляюцца... Між тым, прымаючы Нацыянальную прэмію, сціпла заўважылі, што яна для вас сталася нечаканай. Чаму?
- Дагэтуль ніякіх прэмій не атрымлівала. І потым, на «Лепшую жаночую ролю» намінавалася шмат таленавітых актрыс. Я ж ее сапраўды не чакала.
Некалі курс Лідзіі Манаковай, на якім вы таксама вучыліся, са сваім дыпломным спектаклем «Туці-фруці» літаральна ўварваўся ў тэатральнае мастацтва. Усе працавалі на адным дыханні, захопленыя, палётныя, прыгожыя. Падалося, што адбываецца пэўны культурны зрух. З гэтым вы ўвайшлі ў прафесію. Было адчуванне здзейсненага надзвычайнага?
- Не было, канешне. Ніякі тэатральны ўздым з гэтым спектаклем не асацыюецца. Магчыма, можна казаць пра новую хвалю. У нас сапраўды вучыліся вельмі таленавітыя акцёры. Падавалі надзеі. Мабыць асаблівы стан маладосці так уражальна прагучаў у «Туці-фруці».
Вы зрабілі гэта ўсе разам - выдатна, кайфова - і пры тым ніяк не суадносілі спектакль з існуючай тэатральнай сітуацыяй?
- Ніколі не думаю пра тое, як мая работа суадносіцца з тэатральнай сітуацыяй. Для мяне існуе толькі праца над роллю. І наогул я не заклапочана тым, які след пасля сябе пакіну. Разважаць пра гэта - прэрагатыва крытыкаў.
Але чаму была абрана акцёрская прафесія? Напэўна, прыгожай дзяўчынцы падабалася...
- Ды не. Хутчэй былі глабальныя мэты, мара дзяцінства. І зараз для мяне самае важнае - стаць мастаком. Ну вось існавалі, скажам, Таркоўскі, Параджанаў... Нядаўна па ТБ дачка Мікіты Міхалкова Ганна, актрыса і прадзюсар, сказала, што цяпер многія могуць здымаць, як Таркоўскі, ды самае цяжкае - быць першым. Я з гэтым абсалютна не згодная. Таркоўскі ніколі не імкнуўся быць першым, не меў такой мэты. Ён не вынаходзіў машыну часу, а проста спрабаваў прыадкрыць свой унутраны свет і спраектаваць яго на кінастужку. Сваё бачанне...
Магчыма, вы заняліся не той справай. Так, сам-насам з мальбертам, можа працаваць, напрыклад, мастак. Хоць і ён мусіць увайсці ў агульнакультурны кантэкст. Прафесія акцёра надзвычай залежная. І проста самавыяўляцца праз сваю невялікую або
вялікую ролю відавочна недастаткова. Найперш таму, што не ўсё роўна, у якім спектаклі вы гэта робіце.

- Згодна і не згодна адначасова. Існуе вельмі тонкая мяжа паміж маёй залежнасцю - так, я мушу выконваць задачы рэжысёра - і тым, наколькі эксклюзіўна гэта можна зрабіць. Так вызначаецца прысутнасць мастацтва ў акцёрскай прафесіі.
Вам важна самараскрыцца, выказацца?
- Не абавязкова. Вакол столькі цікавых людзей, сусветаў, якіх мы не заўважаем. Вось гэта мне хацелася б нейкім чынам вывесці на святло. Справа ў тым, што апошнім часам з існуючым тэатрам я не пагаджаюся. Нібыта ён не мой... І яшчэ, ёсць шмат добрых традыцый, у купалаўцаў у прыватнасці. Але мы чамусьці вельмі далёка адышлі ад іх. Маю на ўвазе пасляваенныя спектаклі, якія бачыла ў запісах. Я нікога не збіраюся пераконваць, ды мне здаецца, што каштоўнае, самае дарагое - там.
Значыць, ін’екцыю купалаўскіх традыцый вы ўсё ж такі атрымалі?
- Так.
Акцёры старэйшага і сярэдняга пакаленняў дакладна ведаюць, што такое «купалаўцы», яны вельмі ўцямна пра гэта распавядаюць. Ды мне зусім незразумела, якім чынам да колішняй атмасферы далучаецца моладзь, як і на якім душэўным узроўні распаўсюджваецца інфармацыя. Чаму, напрыклад, вырашылі вы, што гэта вельмі важна - адпавядаць?
- Я не вырашыла, што абавязкова мушу адпавядаць. Але ў гэтай справе шмат складнікаў: і запісы ранейшых спектакляў, і расповеды старэйшых калег, і тое, як асцярожна, радасна, трапятліва яны нас прымалі. Тым не менш, тэатр змяняецца, ён ужо не такі, як некалі. Духі, што яшчэ нядаўна луналі па-над намі зусім блізка, узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй. Здаецца, усё нармальна, але надышоў час, калі ў словы «тэатр і праца» ты верыш больш, чым у словы «родная сцэна». Трансфармуецца ўсё, каштоўнасці таксама. А мінулае не вяртаецца ніколі. Магчыма, зараз мы знаходзімся напярэдадні нейкага адкрыцця, але пакуль не вызначыліся з прыярытэтамі. У свеце мастацтва адбываюцца вельмі цікавыя рэчы, толькі, мабыць, не зусім сумленныя.
А што ёсць сумленнасць у свеце мастацтва?
- Эксклюзіўнасць, асобаснасць. Тое, як чалавек жыве і якім бачыць гэты свет. Важна нічога не баяцца, не азірацца навокал. Толькі асабістыя прызма і градус.
Хто вашы ўлюбёныя аўтары і каго марыце сыграць?
- З класікі вельмі люблю Ляскова, Ганчарова. Вядома, Пушкіна. Марыла сыграць Таццяну з «Яўгенія Анегіна». На мой погляд, гэта найлепшы твор усіх часоў і народаў.
Калі працуеце над вобразам, што захапляе найбольш?
- Сам працэс, які змяшчае ў сабе практычна ўсё. На сцэне многае залежыць ад партнёра. Ягоны пасыл можа быць вельмі нечаканым, але ж і я магу нечакана адрэагаваць. Так, што сама здзіўлюся. Такім чынам з’яўляюцца цікавыя знаходкі. Вельмі рэдкія і каштоўныя імгненні - успрыманне, якое не залежыць ад мяне. Яго на фізічным узроўні я адчуваю недзе ззаду, на спіне.
Можна гэта назваць банальным словам «натхненне»?
- Не. Гэта ўключэнне. Шчыра кажучы, у слова «натхненне» я не веру яшчэ з часоў мастацкай школы. Калі мне здавалася, што ў мяне натхненне, што я творца, магла цэлую ноч пісаць карціну алеем. Потым ляцела, як на крылах, да педагога, а ён казаў: «Схавай і нікому не паказвай». Таму натхненне... не ведаю, што гэта такое.
З чым усё ж суадносіцца ваш незвычайны стан? Як спрацоўвае псіхафізіка? Многія кажуць: не ведаем, адкуль прыходзіць. У кагосьці плыні, у некага ствалы... У вас што?
- Наш педагог Лідзія Аляксееўна Манакова казала, што ў прафесіі мы падобныя на спартсменаў. Неабходны канцэнтрацыя, жаданне зрабіць штосьці і ўсведамленне мэты. Вось і ўсё. Але ж гэта вельмі важна.
На чым вы павінны сканцэнтравацца?
- На дзеянні. На ўзаемадзеянні. На тым, чаго мушу дамагчыся ад партнёра. Галоўнае - правільна засяродзіцца, правільна зразумець прапанаваныя абставіны, ведаць, каго іграеш, хто ты на самай справе, якія ў цябе звычкі... і шмат-шмат іншага. І тады адбываюцца вельмі нечаканыя рэчы. Рэакцыі, успрыманне, узаемадзеянне могуць быць зусім іншымі. Узнікаюць нечаканыя фарбы. Дарэчы, самыя лепшыя эпізоды атрымліваюцца, калі я не ўсведамляю, што раблю. Не памятаю, што са мной адбываецца. Проста бачу чалавека насупраць і дзейнічаю. Але гэта бывае надзвычай рэдка. Лічаныя секунды за дванаццаць гадоў працы.
Для вас вельмі важны партнёр на сцэне?
- Бергман казаў: без мяне няма цябе, без цябе няма мяне.
Чаму кінулі заняткі жывапісам і аддалі перавагу тэатру?
- Маленькая была. На самай справе з дзяцінства ведала, што буду актрысай. А яшчэ дагэтуль шкадую, што не валодаю ніводным музычным інструментам.
Здаецца, перада мной проста чыстае мастацкае рэчыва...
У вашай асобе, вядома.
- Я пастаянна думаю: што найбольш уздзейнічае на гледача, што найбольш на яго ўплывае? І усведамляю: канешне, музыка. Цудоўна было б стаць музыкантам! На жаль, не паспею.
Творчы чалавек звычайна сутыкаецца з тым, што не ўсё, пра што марыў, да чаго імкнуўся, здзяйсняецца ў рэальнасці. Расчараванні бываюць балючымі. З вамі штосьці падобнае адбываецца?
- Канешне. Але на расчараваннях важна не зацыклівацца. Трэба браць іх на ўзбраенне, класці ў багаж і рухацца далей. Падобныя перажыванні ўласцівыя ўсім людзям. У выніку ты або зламаешся, так і будзеш сядзець расчараваным, або выйдзеш на нейкі іншы ўзровень.
Значыць, дэпрэсіўны стан - гэта не пра вас?
- Ведаеце, калі рэпеціруем, мне кажуць, што я проста неўтаймоўны аптыміст. На самай справе здараюцца і дэпрэсіі, асабліва зімой. Напэўна, усё гэта залежыць ад прыроды.
Памятаю, на адным з першых Оn-line, якія Купалаўскі тэатр ладзіў падчас «Панарамы», вы выходзілі амаль у кожным эпізодзе. Гэта быў нейкі неверагодны феерверк. Проста пырскі шчасця на публіку ляцелі. Здавалася, вы можаце ўсё, і чым больш, тым лепей. Вам насамрэч заўсёды мала работы?
- Дагэтуль замала. Я, мабыць, больш, чым хто-небудзь іншы, выпрошваю сабе працу. І калі яе зашмат, калі не стае моцы, я стагну, але адчуваю сябе самай шчаслівай на свеце.
Таму ўзніклі «Спектакль №7», «Піць, спяваць, плакаць» з Яўгенам Карнягам і Кацярынай Агароднікавай? Работы ў Купалаўскім тэатры не хапае?
- А мне і гэтага не хапае. Здаецца, у акцёра наогул не павінна быць вольнага часу. Не думаю, што рытм, які б мяне задаволіў, у Беларусі ўвогуле магчымы. Таму не лічу сябе надта запатрабаванай.
Як склаліся адносіны з кіно?
- Пакуль што на «вы». А галоўнае, хочацца, каб і ў кіно і ў тэатры рэжысёры заняліся пошукамі. Знайшлі на гэта час. Думаю, урэшце ўсе б толькі выйгралі і мелі грандыёзны поспех. Можна ставіць адзін спектакль на год, але такі, каб насамрэч у тэатр немагчыма было трапіць.
У вас ёсць любімыя ролі?
- Шчыра кажучы, не ведаю. З многімі сваімі работамі зараз нязгодная, разумею, што так іграць было нельга ні ў якім разе. Затое ёсць любімыя спектаклі: «Піць, спяваць, плакаць», «Спектакль №7», «Тranslations», «Не мой».
Малавата ў сухім астатку атрымліваецца.
- Так. Але гэта пытанні да мяне самой. Дарэчы, вельмі хачу, каб у нас паставілі Пушкіна. Мяне прыцягвае роля Бланш у «Трамваі «Жаданне». Хацелася б сыграць Абломава, але, на жаль, ён мужчына.
Дазваляеце сабе існаваць пад уяўным купалам, напоўненым паэзіяй, музыкай, мастацтвам?
- Я такі купал будую - дарэчы, гэтую задачу паставіла перад сабой даўно. Абараняюся, іншымі словамі.
Ёсць свет, і ёсць свет мастацтва?
- Я іх не раздзяляю. Іду па вуліцы, еду ў аўтобусе, назіраю за людзьмі, за тым, што яны робяць, і разумею: гэта ж мастацтва! Сябры распавядаюць, што з імі адбываецца ў жыцці або на працы, а я думаю: гэта ж кніга. Кіно можна здымаць. Усё насамрэч узаемазвязана. Мастацтва і ёсць погляд праз індывідуальную прызму на свет, на рэчаіснасць, на тое, як мы існуем, з якім настроем усё прымаем. Дар - гэта калі ты можаш усё, што навокал, нейкім чынам узнавіць, рэпрадуктаваць. Тады і сілы, і жаданне - усё знаходзіцца. Такіх людзей у Беларусі вельмі шмат.
Што прычыняе вам боль?
- Думаю, пакуль такога болю, пра які варта казаць, у мяне не было. Дробныя крыўды, нават здраду - усё гэта можна вытрымаць. Але што робіць чалавека няшчасным? Вядома, хваробы блізкіх...
А што прыносіць радасць?
- Проста ўсялякая драбяза. Вось дом у вёсцы купіла, радасці хапіла на паўгода.
Якім вам хацелася б бачыць Купалаўскі тэатр пасля рамонту?
- З утульным, правільна зробленым - са сцэнай - рэпетыцыйным пакоем. З танцавальнымі і спартыўнымі заламі. Калі мы ставім спектаклі з вакалам і харэаграфіяй, важна займацца гэтым пастаянна. Вялікае значэнне мае магчымасць творчага росту. Гэта калі ты судакранаешся з рознымі тэатральнымі сістэмамі, а не проста працуеш з адным рэжысёрам, калі ў рэпертуары - самыя нечаканыя пастаноўкі, розных жанраў і накірункаў, з розным спосабам акцёрскага існавання. Так хочацца ўзняць той мастацкі пласт, калі ў тэатры яшчэ працавалі Барыс Платонаў і Лідзія Ржэцкая. Мне здаецца, што старыя традыцыі па-наватарску можна ўвесці ў дзень сённяшні. Карыстацца імі. Бо спектаклі тыя - не вінтаж, а сапраўдныя шэдэўры.
Чым канкрэтна так захапляюць карыфеі-купалаўцы?
- Яны надзвычай свабодныя. Выразныя, яркія і вельмі сучасныя. Усё робяць з надзвычайнай лёгкасцю. Узрушаюць дэталі, падрабязнасці акцёрскага існавання і ашаламляльныя характары. У сучасным тэатры адсутнічае школа пераўвасаблення. Вельмі даўно, яшчэ ў Акадэміі, чулі, што такое бывае.
Хто з цяперашніх купалаўцаў блізкі да таго, на што былі здатныя яны?
- Людзі, якія трапляюць сюды, гэтым апанаваныя. У нас вельмі добрыя акцёры, таму блізкія літаральна ўсе.
Сёння ніхто не ведае, якім Купалаўскі тэатр акажацца пасля рамонту. Але тое, што ён будзе іншым, зразумела ўсім. Мы з вамі ўзялі на сябе смеласць і пафантазіравалі. Нібыта «купалавец» - медаль назаўжды.
- Так, бо цалкам іншым гэты тэатр ніколі не стане. Я спадзяюся.

«Мастацтва», № 3, март 2012 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.