Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫБЗОЯ БЕЛОХВОСТИК

Белохвостик Зоя Валентиновна  Белохвостик Зоя Валентиновна 
    Зоя Белахвосцік:
    «Кожны з нас чыёйсьці матулі дзіця...»

     Таццяна Команава

14 кастрычніка, акурат на Пакровы, беларусы адзначылі Дзень маці. З гэтым светлым святам шчыра павіншаваў жанчын Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Наша сённяшняя субяседніца - заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і Аўтаномнай Рэспублікі Крым, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоя БЕЛАХВОСЦІК - і «дзіця» тэатральнай дынастыі Глебавых-Белахвосцікаў, і сама маці-прадаўжальніца слынных традыцый. Дачка актрысы Валянціна Гарцуева скончыла не так даўно Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і арганічна ўлілася ў трупу Купалаўскага тэатра. Якраз пра маці і мацярынства на сцэне ды і ў жыцці мы гутарым з Зояй Валянцінаўнай.

- Зоя Валянцінаўна, Дзень маці адзначаецца ў нашай краіне не так даўно. Свята гэтае - вельмі значнае для кожнага і адметнае для ўсяго грамадства...
- Я думаю, што гэта вельмі правільна і наогул выдатна. Нельга ставіцца да Дня маці як да нейкага афіцыйнага свята. Гэта - цудоўны падарунак усім людзям: кожнага з нас некалі нарадзіла маці, і ўсе мы - нечыя дзеці. А мама ў жыцці кожнага - бадай, самы галоўны чалавек, без яе вельмі дрэнна ў любым узросце. І Дзень маці - гэта унікальная магчымасць успомніць пра матулю, сказаць ёй добрыя словы, якіх часам можа не хапаць ад дзяцей, занятых будзённымі справамі. Так, жыццё ў сучаснага чалавека складанае, але гэты дзень натуральным чынам падштурхоўвае і «мабілізуе» для таго, каб яшчэ раз выказаць сваю шчырую ўдзячнасць і любоў матулям.
- Якія ў вас самыя яркія ўражанні, звязаныя са стасункамі з мамай?
- Для мяне мама была самым-самым галоўным чалавекам у жыцці. І самым галоўным маім аўтарытэтам ва ўсім, нават пры выбары прафесіі. Потым праз усё жыццё, пакуль яна была жывая, назірала за мной, дапамагала, падтрымлівала. Дарэчы, усе самыя дакладныя і жорсткія заўвагі мне давала заўсёды мамачка. І толькі зараз, праз некаторы час, я ў поўнай ступені магу ацаніць, як яна нас - і мяне, і сястру Надзю - «разгружала» ў многіх пытаннях, прычым без аніякага акцэнтавання на гэтым. Яна была побач і дапамагала ва ўсім: і ў радасцях, і ў бедах, і нават у дробных, нібыта зусім незаўважных, рэчах. Старалася радаваць нас, уладкоўваючы побыт: пірагі, торцікі... Здаецца, што гэта дробязі, але на самой справе менавіта з гэткіх «дробязей» і складваецца самае галоўнае - цеплыня і ўтульнасць нашага сямейнага ачага. І гэта так важна - штодзённы адданы клопат пра блізкіх і шчырая любоў да іх.
- Але ж вы сказалі, што і самыя жорсткія заўвагі атрымлівалі ад маці. Не крыўдна было, калі гучалі яны менавіта з маміных вуснаў?
- Часам сапраўды было. Але ж самі ейныя заўвагі не былі ні крыўдлівыя, ні абразлівыя. Яна ў мяне была вельмі далікатным і інтэлігентным чалавекам, заўсёды знаходзіла такую форму, каб сказаць усё вельмі трапна, але вельмі акуратна. І гэта было надзвычай важна. І, дзякуючы таму, што яна заўсёды трапляла «ў яблычак», менавіта яе словы прымушалі мяне сур’ёзна задумацца.
- Што ў выхаванні дачкі вы ўзялі ад сваёй маці?
- Ад матулі ў мяне - вялікая павага да асобы. Таму што гэта вельмі складана - разабрацца ў тым, хто нарадзіўся і побач з табою жыве, сталее. Бо дзеці - гэта людзі, іх трэба паважаць з самага маленства. І лічыцца з імі з гэтага ж узросту. Выхоўваць дзяцей складана, і я думаю, што ў мяне ад мамы трывалае перакананне: у дзіцяці можна зарабіць, заваяваць аўтарытэт выключна ўласным прыкладам. Як ты сябе паводзіш, хлусіш ці не, цярплівы ты, удумлівы, працалюбівы - гэтая навука нашмат больш дзейсная. І калі ў каго-небудзь узнікае жаданне насварыцца на дзіця з нейкай прычыны, то я лічу, што лепей паказаць, як трэба сябе паводзіць, - гэта ўздзейнічае нашмат мацней.
- Ну вось, Валянціна вырасла і прыйшла працаваць у Купалаўскі тэатр. Вы працягваеце заставацца для яе ў тэатральным закуліссі мамай ці імкняцеся прыняць пазіцыю калегі па працы?
- Не, у нашай сям’і ўвогуле не прынята пераносіць на прафесійныя адносіны хатнія стасункі. І ў рабоце ніхто нікому нічога не раіць, нікога не вучыць і ні над кім не «вісіць»...
- Але ж яна, пэўна, прыходзіць да вас часам і пытаецца: «Мама, паглядзі, калі ласка, і скажы, што ты пра гэта думаеш?»...
- Так, безумоўна. Але ж, як правіла, пытаецца яна ў мяне пра гэта ў самы апошні момант, калі ўжо значны аб’ём працы зроблены і можна нешта ўбачыць. А за «фармальнымі» парадамі звяртаецца вельмі рэдка. І толькі калі яна сапраўды сама пра гэта пытаецца, я бяру на сябе права штосьці ёй параіць. На маю думку, гэта знак павагі адна да адной. А без гэтага нельга.
- Дарэчы, і ў тэатры вы з роляў маладых дзяўчат пераходзіце на гераінь больш сталага веку. Сярод вашых тэатральных работ ёсць нават спектакль з назвай «Маці». Як ваш асабісты жыццёвы досвед рэалізуецца на сцэне і якіх маці ў тэатры вам як актрысе іграць асабліва цікава?
- Я думаю, што сыграць у тэатры маці - само па сабе вельмі цікава. І я рада, што падышла да гэтых роляў. Ужо і да бабуль магу падбірацца (смяецца). Для мяне гэтыя ролі - значныя, бо адпавядаюць майму чалавечаму стану, унутранаму досведу. У тэатры маці могуць быць розныя. Але вось для мяне асобны прафесійныінтарэс складаюць не лагодныя, памяркоўныя гераіні, а жахлівыя, у нечым нават пачварныя. Мне вельмі цікава разабрацца ў прыродзе гэткага іх стану. Вось узяць маю Клаўдзію ў спектаклі «Дзеці Ванюшына». З п’есы мы даведваемся, што яна - мама, і я гэтую тэму праводжу праз увесь спектакль. Так, няхай сама па сабе яна - чалавек дастаткова жорсткі і нават страшны, але ж як мама яна вельмі добрая!
Што ж да п’есы «Маці» Карэла Чапека, дык з ёю ў мяне ўвогуле унікальная і дзіўная гісторыя: з гэтай роляй я выпускалася з тэатральнага інстытута - дыпломны спектакль ставіла мастацкі кіраўнік нашага курса Зінаіда Браварская. І я гэтую гераіню сыграла ўжо ў дваццаць гадоў. Калі я зараз узгадваю, як я тады іграла і разумела сваю гераіню, і як я яе іграю цяпер - неба і зямля! Тым не менш, нешта ж у тым спектаклі было?.. І калі Ягор Лёгкін прапанаваў мне сыграць у гэтай, як я зараз бачу, не вельмі дасканалай п’есе, з шэрагам праблем, далёка не ўсе з якіх нам удалося ў спектаклі вырашыць, мяне па-добраму здзівіла і парадавала тое, што маладога 24-гадовага чалавека цікавіць гэтая праблема. Зрэшты, і да сваёй мамы Ягор адносіцца вельмі цёпла, трапятліва, паважае яе і любіць. І за час працы над спектаклем я столькі ўсяго пра яе даведалася, напэўна, больш, чым пра самога Ягора...
Сёння, амаль праз трыццаць гадоў, я, канешне, іграю ўсё абсалютна паіншаму. Складана, але адначасова ў гэтым ёсць і свой прафесійны творчы інтарэс. Бо калі займацца не застылымі калонамі, а сапраўдным «жывым» тэатрам, падобныя ролі - якраз тое, што патрэбна акцёрам. Не магу казаць пра сам спектакль - я яго «збоку» не бачыла, але «знутры» мне ў ім добра: я разумею, пра што ён і пра што мы размаўляем з нашымі гледачамі ў зале.
- Хацелася б закрануць і яшчэ адзін аспект, таксама «афарбаваны» мацярынствам, - педагагічную працу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Не сакрэт, што для будучых акцёраў вы становіцеся свайго кшталту творчай і прафесійнай «маці».
- Калі я яшчэ сама вучылася, то вельмі добра фіксавала тое, што і як рабіць нельга. Неабходна быць з імі на роўных, і я менавіта так стараюся паводзіць сябе: стараюся не нашкодзіць, разабрацца, хто ёсць хто, і дапамагчы. І адначасова - быць строгім чалавекам, але ў той жа час убачыць добрае і «выцягнуць» менавіта апошняе. Тое ж самае - на ўласным прыкладзе вучыць адносінам да прафесіі, да справы ўвогуле, у дробязях, ва ўвазе. Паколькі я сваю справу вельмі люблю і займаюся тэатрам свядома, глыбока і сур’ёзна гадоў з 16, таму імкнуся да гэткіх жа адносін з ім. Калі гэтым займацца - дык займацца да самага канца і па-сапраўднаму. Хаця, безумоўна, мы не хірургі і аперацыі на сэрцы не робім, але ўсё роўна: сорамна, калі чалавек прыйдзе адзін раз у тэатр... і болей ніколі не захоча. І я, канешне ж, стараюся дапамагаць студэнтам і па-за сценамі акадэміі, як і чым магу. Не губляем сувязі - і, дзякуй Богу, значыць, яны паважаюць мяне.
- Цалкам зразумела, што ў вашым уяўленні маці - гэта не толькі чалавек, які крочыць па жыцці побач з табою і рэгулярна дапамагае ў нейкіх побытавых справах...
- Што вы, гэты чалавек значыць для мяне нашмат больш!.. Мне падабаюцца і я вельмі паважаю тых маці, у якіх шмат дзяцей. Так, яны могуць займацца толькі сваёй сям’ёй, і гэта цудоўна, калі ім удаецца будаваць свой жаночы лёс такім чынам. Я асабіста гэтак проста не змагла б!
Але ж стараюся паспяваць рабіць усё: каб дома было добра, утульна, каб было чым смачным іх пабалаваць. Але важна, каб, разам з гэтым, было і насычанае, цікавае духоўнае жыццё, - без гэтага нельга!

«Культура», № 42 (860) от 18 октября 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.