Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫБЗОЯ БЕЛОХВОСТИК

Гарцуева Валентина Александровна  Белохвостик Зоя Валентиновна 
    Прыцягненне тэатра
     Наталля Шнітко

Купалаўская дынастыя Глебавых - Белахвосцікаў - Гарцуевых працягваецца.

Сёння, у Міжнародны дзень тэатра, мы вырашылі зазірнуць у сямейны альбом адной самых яркіх тэатральных дынастый Беларусі. Сям’і, у якой кожнае імя - зорка на тэатральным небасхіле. Сям’і, якая ўжо больш як восемдзесят гадоў служыць у тэатры імя Янкі Купалы. Сям’і заслужанай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік.
Яе дзядуля - народны артыст БССР, народны артыст СССР (гэта званне ён атрымаў адным з першых у Беларусі), лаўрэат Сталінскай прэміі, мастацкі кіраўнік тэатра імя Янкі Купалы (1941-1947 гг.), дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 6-га склікання Глеб Паўлавіч Глебаў. Яе бацька - народны артыст Беларусі і таксама акцёр тэатра імя Янкі Купалы - Валянцін Белахвосцік. Сама Зоя Валянцінаўна выйшла на сцэну Купалаўскага яшчэ студэнткай Беларускай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, дэбютавала яна ў легендарнай «Паўлінцы», якой потым прысвяціла 18 гадоў свайго жыцця. Яе муж - рэжысёр Аляксандр Гарцуеў - таксама працуе ў тэатры імя Янкі Купалы. Да 65-годдзя Вялікай Перамогі ён ставіць спектакль па аповесці Алеся Адамовіча «Нямко». Дачка Зоі Белахвосцік і Аляксандра Гарцуева Валянціна па шляху бацькоў і дзядуль таксама прыйшла ў тэатр.
Так што сёння ў Зоі Белахвосцік і яе родных не толькі прафесійнае, але і сапраўднае сямейнае свята. А гэта добрая нагода пагартаць сямейны альбом.

Мая бабуля Надзея Аляксандраўна была актрысай. Па дарозе з эвакуацыі з Томска яна страціла сваю старэйшую дачку Гленачку. Бабуля з дзядулем так любілі адзін аднаго, што імя для старэйшай дачкі склалі з двух сваіх імёнаў: Глеб і Надзея. Але сям’я трапіла ў аварыю, і дачка загінула. Яе пахавалі дзесьці паміж Омскам і Томскам. Бабулю пасля гэтага некалькі дзён не маглі адвесці ад магілы. Калі яны вярнуліся ў Мінск, бабуля больш не выходзіла на сцэну, а пачала працаваць на тэлебачанні. Яна была рэжысёрам і разам з маладымі артыстамі ставіла тэлевізійныя спектаклі.
Гэта 1985-ы. Красавік. Мы выйшлі з загса, і Саша нас дваіх сфатаграфаваў. Мы распісаліся без сведкаў - проста не хацелі, каб з намі быў хтосьці яшчэ. Першыя нашы вяселлі (і маё, і Сашава) былі паўнацэннымі ўрачыстасцямі, і нам больш гэтага не хацелася. Нас дома чакалі госці, родныя, калегі, сябры. Да загса мы пагулялі, потым распісаліся, пасля прайшліся пешшу... Гэта было толькі наша. У мяне і сукенкі вясельнай не было. Вядома, мама мне пашыла прыгожую жоўценькую сукенку з кветачкамі. А так - ніякага вэлюму, машын з пупсам на капоце. У нас на гэта не было ні грошай, ні жадання. Напэўна, калі б мы вельмі захацелі, то грошы знайшліся б. Але ж гэта ўсё фікцыя...
Бацькі вельмі любілі адзін аднаго. Мая мама заўсёды гаварыла пра бацьку: «Ён сядзеў-сядзеў і выседзеў мяне». Яна гадзінамі іграла на фартэпіяна, а ён прыйдзе, сядзе каля фано і глядзіць. Так што можна сказаць, што ён яе зморам узяў. Гэтая фатаграфія зроблена незадоўга да татавай смерці. Мама перажыла яго ўсяго на год. Я шчаслівая, што тата бачыў мяне на сцэне, што мы ігралі з ім у адных спектаклях. Ён быў скупы на пахвалу. Я памятаю, аднойчы на гастролях у Кіеве мы гулялі па горадзе разам з нашымі сябрамі (я тады адкрывала гастролі Купалаўскага тэатра «Паўлінкай»), і тата не сказаў, але даў мне зразумець, што ён рады за мяне і ганарыцца мной. Калі мы разам выходзілі на сцэну, я заўсёды не толькі прайгравала сваю ролю, але і перажывала за яго. Цяпер тое ж самае адчуваю, калі іграю разам з Валянцінай.
Мой любімы спектакль - «Крывавая Мэры», а на гэтым фота я ў спектаклі «Тутэйшыя». Часам мае студэнты з Акадэміі мастацтваў пытаюцца, адкуль мае музыкальны слых, пачуццё рытму, пластыка. Мама, я ўжо расказвала, была піяністкай. Дзед, Глеб Глебаў, пеў у хоры, граў у аркестры на флейце, добра рухаўся па сцэне. Бацька, Валянцін Сяргеевіч Белахвосцік, служыў у оперным тэатры, таксама пеў у хоры. І пра дачку Валечку кажуць: музыкальная актрыса.
Гэта мой любімы заяц, з якім я не расставалася і давяла яго да стану рыззя, таму што спала з ім, гуляла, карміла яго. У яго не было імя - проста заяц. Потым я не памятаю настолькі любімых цацак. Нават не ведаю, адкуль узяўся гэты заяц, хто яго падарыў. Толькі ведаю, што ён быў у маім жыцці.
Валянціна была вельмі доўгачаканым і выпакутаваным дзіцём. Дзеля таго, каб яе вынасіць, я вельмі доўга не працавала ў тэатры. Затое на сцэну вярнулася праз месяц пасля родаў. На жаль, у нас не было беспрацоўных бабуль, якія маглі б сядзець з дзіцём, таму мы жылі вахтавым метадам. Калі Саша быў не заняты, то ён сядзеў з дачкой. Калі яму трэба было бегчы - выручала мая мама. Калі ёй трэба было ў кансерваторыю - тата прыбягаў. Вось такая пастаянная бегатня.
Калі Валі быў месяц, я з тэатрам паехала на тыдзень, і муж застаўся з немаўлём на руках. Усё прайшло выдатна. Па-мойму, дачцэ з татам заўсёды было лепш, чым са мной. Па крайняй меры, спакайней, гэта дакладна.
Саша хацеў назваць дачку Зоечка. Але я запрацівілася: гэта ж атрымліваецца масла масленае. Навошта, калі я ведаю, што яна павінна быць Валянцінай?! І ўсе неяк хутка згадзіліся. Мне вельмі падабаецца гэтае імя. Яно моцнае, прыгожае і на сённяшні дзень даволі рэдкае. Мне здаецца, што, магчыма, імем я зрабіла ёй характар. Ва ўсякім выпадку, характарам яна вельмі падобная на свайго дзеда - Валянціна Сяргеевіча Белахвосціка.
Мама Вольга Глебаўна Глебава працавала канцэртмайстрам у кансерваторыі і музычным вучылішчы. Яна вельмі хацела, каб я займалася музыкай, таму я нават нейкі час вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Але гэта было ў большай ступені з-пад палкі. Вучылі мяне сілаю, таму, не давучыўшыся, кінула фартэпіяна і пайшла ў мастацкую школу. Я заўсёды сама вырашала, што мне яшчэ трэба, чаго не хапае, а чаго дастаткова. Можна сказаць, што ў розных гуртках і школах набірала сабе ведаў. Без справы ніколі не сядзела.
У нас на дачы быў лялечны тэатр, і мы часта з дзядулем у яго гулялі. Я была яшчэ маленькая, калі ён пайшоў з жыцця, але, думаю, ён быў бы не супраць, каб я стала актрысай. Мне пашчасціла бачыць яго на сцэне, у «Паўлінцы». Там быў момант, калі яго б’юць, і я пачала крычаць: «Не крыўдзіце майго дзядулю». Мяне вывелі з залы. Я вельмі рада, што бачыла яго на сцэне. У мяне засталіся ўспаміны аб гэтай «Паўлінцы», як кадры, захаваліся перад вачыма. Гэта ашаламляльна. Але тады я, вядома, не ўспрымала яго героя, бачыла толькі, што гэта мой дзядуля.
Гэтая фатаграфія зроблена ў скверыку побач з тэатрам Янкі Купалы. Мы тут практычна раслі, часта гулялі і фатаграфаваліся. Без сумнення, гэта любімае маё месца ў Мінску. Часам, калі выпадае вольная хвілінка ў тэатры, я магу прагуляцца па скверыку, пасядзець каля фантана.
Мы з сястрой сапраўдныя сяброўкі. У мяне ўвогуле дзве сяброўкі дачка Валянціна і сястра Надзея. Я жадаю ўсім такіх сясцёр. Я заўсёды марыла, што вырасту і пачну яе апякаць (у нас дзевяць гадоў розніца ва ўзросце, а ў дзяцінстве яна здаецца вялізнай), дапамагаць фінансамі. Атрымалася ж усё наадварот. Яна надрывалася з 18 гадоў, а я доўга яшчэ атрымлівала зусім невялікія грошы. У якімсьці пэўным узросце ў мяне нават прамільгнула думка, што, можа, Надзейка старэйшая і мудрэйшая за мяне. Так што не атрымалася ў мяне такой апекі, як я сабе нафантазіравала.

Хто ведае, магчыма, калі-небудзь і ўнукі Зоі Белахвосцік працягнуць знакамітую Купалаўскую дынастыю. Прынамсі, гэтага вельмі б хацелася, бо сама актрыса прызнаецца, што ў дынастыі захоўваецца нейкая асаблівая атмасфера, веды і адчуванне тэатра перадаюцца практычна на генным узроўні.
Чытачы і калектыў «Народнай газеты» віншуюць Зою Белахвосцік, яе сям’ю, а таксама ўсіх тых, хто любіць тэатр, з сённяшнім святам!


«Народная газета», от 27 марта 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.