Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫГГЕННАДИЙ ГАРБУК

Гарбук Геннадий Михайлович
Фота Андрэя Спрынчана.
 Гарбук Геннадий Михайлович 
    Юбілей. Прыемная рэч у двух актах
     Барыс Крэпак

Я абсалютна перакананы, што гэты чалавек - асоба унікальная. Шчыры патрыёт зямлі беларускай - без дэманстрацыі гэтага напаказ, бліскучы чараўнік тэатральнай сцены і здымачнай пляцоўкі, цудоўны суразмоўца, з якім можна гаварыць бясконца, надзвычай сумленны і прынцыповы, калі гэта тычыцца маральнага стрыжня чалавека і грамадства ў цэлым. З 75 гадоў свайго жыцця народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва - больш чым паўстагоддзя працуе ў тэатры і 40 гадоў здымаецца ў кіно! Стаж, пагадзіцеся, зайздросны... 30 верасня ў Купалаўскім тэатры плануецца вялікі творчы вечар гэтага акцёра, прысвечанны ягонаму юбілею, дзе, як стала мне вядома, ён, акрамя ўсяго іншага, будзе спяваць і любімыя песні сваёй маладосці. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек - Генадзь Міхайлавіч ГАРБУК, якога я даўно ведаю і пра якога неаднойчы распавядаў у «Культуры». 24 ліпеня яму споўнілася аж 75 гадоў - многа гэта ці мала? Для вялікага акцёра - гэта што? Чарговая дата? Падвядзенне вынікаў нейкага этапа жыцця? Альбо - трамплін у будучыню? Асабіста я на гэтае пытанне адказаць не магу, а вось ён... Ну, паглядзім зараз... Бо з гэтага няпростага пытання і пачалася наша сяброўская размова...

Акт першы. Акцёр...
- Юбілей? Што сказаць... Фізічнае самаадчуванне - нармальнае. Рэзкага пераходу ад маладосці да старасці (не люблю гэтае слова) не адчуў. Падвядзенне вынікаў? Не. Думаю, усё лепшае ў мяне наперадзе. А сёння я загружаны творчай працай па горла, грэх скардзіцца. Але ўсё ж такі юбілей - рэч прыемная. Уяві сабе, 24-га ліпеня цэлы дзень і вечар мой тэлефон літаральна разрываўся: віншавалі не толькі знаёмыя і сябры, але і гледачы, якіх я ніколі і ў вочы не бачыў! А гэта ўжо ўдвая прыемней. Значыць, ведаюць, помняць мяне! Значыць, не дарэмна жыў і працаваў...
- Генадзь Міхайлавіч, пытанне, можа быць, трохі дзіўнаватае, на першы погляд: ты акцёр ці артыст? Да якога рангу сам сябе прылічваеш?
- Чаму дзіўнаватае? Нармальнае пытанне. Артыст - гэта мастак, які займаецца «изящными» мастацтвамі: музыкант, жывапісец, скульптар, танцоўшчык, ювелір, фокуснік, спявак. Шавец, каваль ці кухар таксама могуць быць артыстамі, наогул, майстар сваёй справы, штукар, дока. Я- акцёр, ад грэчаскага слова «aktis» («дзеянне»). Гэта чыста сцэнічнае вызначэнне: кажучы словамі Даля, «лицедей, играющий на театре».
- Памятаеш сваю першую ролю на Купалаўскай сцэне?
- Канешне. Гэта была п’еса «Футбол» Кантэна і Белака (у арыгінале- «Рэгбі»). Я іграў аднаго добрага хлопца, якога, праўда, ужо ў першым акце забіваюць. Ставіў спектакль Відаўскі, а галоўным рэжысёрам тэатра тады быў Юрый Шчарбакоў. Тую ролю выконваў, калі не памыляюся, у 1962 годзе. Да гэтага іграў у Коласаўскім тэатры ў п’есевадэвілі Валянціна Катаева «Квадратура круга», а яшчэ раней - у студэнцкіх спектаклях тэатральна-мастацкага інстытута, дзе маім настаўнікам быў выдатны педагог Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў.
- Так, мне расказвалі пра тое, як ты бліскуча выканаў ролю Ваські Попела ў горкаўскім «На дне». А калі пачалася твая кар’ера ў кіно?
- Строга кажучы, пачалася з тэлебачання, са «Сцяга брыгады» Аркадзя Куляшова. Потым іграў Міхала Тварыцкага ў тэлеспектаклі «Трэцяе пакаленне» з Галінай Макаравай. А ў вялікім кіно гэта - «Паланез Агінскага»: роля камандзіра партызанскага атрада. Але, думаю, лепшая мая работа 1960-х гадоў - гэта, канешне, роля Васіля Дзятліка ў спектаклі і тэлеверсіі «Людзей на балоце».
- Не памылюся, калі скажу, што шлях на кіна- і тэлеалімп быў у цябе проста дзівосны, незвычайны: ад «Людзей на балоце» Віктара Турава да «Чорнага замка Альшанскага» Міхаіла Пташука, дзе ты геніяльна сыграў глуханямога Людвіка Лапатуху, ад лірычных дабралюбаўскіх «Белых Рос» да драматычнай стужкі таго ж Пташука «Знак бяды», ад хаціненкаўскага «Рою» да «Паўночнага сфінкса», ад «Загадкавага наследніка», дзе ты іграў са Смактуноўскім і 10 дзён здымаўся ў Парыжы, да твайго апошняга фільма па апавяданні Барыса Лаўранёва - «Сёмы спадарожнік»... Ці ёсць сёння новыя прапановы зняцца ў кіно - беларускім або расійскім?
- Ёсць. Але пра іх пакуль не скажу. Зараз цяжка меркаваць, што будзе заўтра. Шмат кінапраектаў сёння закрыта, скажам, у Расіі, у сувязі з эканамічным крызісам... Я ўжо не кажу пра Украіну ці Прыбалтыку, дзе з кінематографам няпростыя праблемы...
- Якое за гэты год самае вялікае тваё расчараванне ў беларускім кіно?
- «Дняпроўскі рубеж». Так пра драму народнага Подзвігу першага года Вялікай Айчыннай нельга расказваць. Кажуць, што «Снайпер» - добрая кінастужка, але яе я яшчэ не бачыў...
- Ну, а што наконт Яго Вялікасці Тэатра?
- Тут усё пакуль нармальна. Толькі за апошнія два гады я сыграў у 11 спектаклях у маім родным Купалаўскім тэатры і ў Тэатры беларускай драматургіі. Гэта «Пінская шляхта», «Ядвіга», «Сымон-музыка», «Споведзь Пілата», «Кароль Лір», «Каласы пад сярпом тваім», сумесная расійска-беларуская версія чэхаўскага «Вяселля» і гэтак далей.
- І ўсё-такі, што табе бліжэй: тэатр ці кіно?
- Тэатр: тут я адчуваю гледача, яго дыханне, апладысменты, маўчанне. Мне гэта бліжэй. Хаця кіно дае іншую перавагу: можна паглядзець на сябе збоку, праз шмат гадоў ацаніць, як ты сыграў ролю. Праўда, гледзячы ў старых стужках на сябе, маладога, іншым разам узнікае настальгія па тых гадах, якія ніколі больш не вернуцца. У кіно - буйны план, і глядач бачыць толькі мае вочы, камера аддаляецца - і ты становішся маленькім фрагментам у палатне фільма. Затое ў тэатры, калі ты змяняеш адносіны да персанажа, маеш магчымасць трохі «перакроіць» вобраз. У кіно ж - ніколі...

Акт другі. ...І не толькі!
- Ты чалавек вельмі сціплы, калі гаварыць пра піар, «мільганне» ў сродках масавых інфармацый, на розных фестывалях, прэзентацыях, «творчых» банкетах, прыёмах... Чаму так?
- Відаць, такі ў мяне характар. Ніколі не «арганізоўваў» уласны поспех, ніколі не «прабіваў» сабе льгот і ўзнагарод, не высоўваўся, так бы мовіць, на карму грамадства. Проста, сумленна працаваў на сцэне, на здымачнай пляцоўцы, рабіў тое, што добра ўмеў. І, спадзяюся, што так будзе і надалей. Для мяне галоўная узнагарода - любоў гледача. Больш нічога і не патрэбна. З тым жыву. І ніколі не завітваю туды, куды мяне не запрашаюць. Ну, а калі запросяць, доўга думаю, ісці ці не...
- Ведаю, што нядаўна кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь запрасіла цябе як выдатнага акцёра ў рамках абвешчанага Кіраўніком дзяржавы Года роднай зямлі і святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыняць удзел у адпаведных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару ў Акадэміі МУС...
- А вось тут - іншая справа. Адразу даў згоду, бо ведаў, што ў сілу сваёй прафесіі прынясу карысць людзям, якіх я шчыра паважаю, у дадзеным выпадку - педагогаў і курсантаў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Да таго ж, мой бацька, былы партызан, меў дачыненне да гэтай сферы: 47 гадоў запар выбіраўся народным суддзёй ва Ушачах... Дык вось, атрымаў я запрашэнне ад генерала МУС Івана Сяргея і палкоўніка Аляксандра Назаранкі правесці для курсантаў своеасаблівы майстар-клас. І вырашыў сіламі моладзі падрыхтаваць сцэнічную пастаноўку па п’есе Аляксея Дударава «Радавыя» (дарэчы, лічу, што гэта - лепшая п’еса пра Вялікую Айчынную, якая напісана за ўвесь пасляваенны перыяд). З некалькіх найбольш важных сцэн п’есы я скампанаваў спектакль і пачаў рэпетыцыі. Адначасова навучаў курсантаў асновам сцэнічнага мастацтва.
- А як жа рэквізіт, касцюмы, дэкарацыі ды іншая атрыбутыка?
- Для забеспячэння пастаноўкі патрэбным рэквізітам, абмундзіраваннем, узбраеннем і сцэнічным абсталяваннем былі выкарыстаны базы кінастудыі «Беларусьфільм», Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыкакультурнага комплексу «Лінія Сталіна», Купалаўскага тэатра. А яшчэ Дудараў даў мне гукавую фанаграму спектакля «Радавыя», які калісьці з вялікім поспехам ішоў на сцэне Купалаўскага тэатра.
- Калі ж адбыўся прэм’ерны паказ спектакля?
- Сёлета, 8 мая, напярэдадні вялікага свята - Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Шмат было гледачоў: ветэраны, маладыя людзі, прадстаўнікі МУС і грамадскіх арганізацый, ваеннаслужачыя, дзеячы культуры. Я таксама выканаў ролю ў гэтым спектаклі, і мне было прыемна іграць разам з моладдзю. Шчыра кажучы, я не чакаў такога поспеху, такіх усхваляваных апладысментаў, пра якія можа марыць кожны прафесійны акцёр. Потым маёр міліцыі Наталля Гарына падышла да мяне і сказала: «Не разумею, чыя галоўная заслуга ў такім грандыёзным поспеху спектакля: ваша, паважаны Генадзь Міхайлавіч, ці курсантаў? Ведаеце, я баялася, што вы сваёй ігрой заслоніце ўсіх астатніх самадзейных артыстаў, а аказалася - не...» Я ёй адказаў, што ніяк нельга было выдзяляцца з акцёрскай масы, падкрэсліваць сваё прафесійнае рэнамэ, і ў гэтым была адна з маіх задач як рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра...
- Цяпер станеш жаданым госцем у гэтай цудоўнай Акадэміі. Так?
- Можа быць. Справа ў тым, што потым палкоўнік Назаранка прапанаваў мне арганізаваць і ўзначаліць пры Акадэміі драматычную студыю для курсантаў. Доўга я не думаў, згадзіўся, бо мне гэта вельмі цікава. Вось з пачатку восені, пасля таго, як 30 жніўня пройдзе мая творчая вечарына ў Купалаўскім тэатры, я і паспрабую рэалізаваць гэты праект...
- А пакуль ты разам з жонкай Галінай Іванаўнай адпачываеш на лецішчы...
- Гледзячы як расшыфроўваць- «лецішча» ці «дача».
- Ну як расшыфроўваць? Зліццё з прыродай, развядзенне кветак, шпацыры па навакольнай мясцовасці Астрашыцкага гарадка, а вечарам - чытанне разумных кніжак або прагляд тэлеперадач, так?
- Не зусім. Дача для мяне трошкі іншае. Ведаеш, я з дзяцінства не люблю запушчанай ці закінутай, занядбанай зямлі. Зямля павінна быць заўсёды дагледжанай: відаць, гэта - ад маіх сялянскіх каранёў. Мае продкі з Ушаччыны - чыстай вады земляробы, для якіх зямля - гэта ўсё. Сам я магу працаваць на сваёй «фазэндзе» з раніцы да ночы. Асабліва люблю вазіцца з бульбай. Можна сказаць, я - прафесійны бульбавод: вырошчваю бульбу па галандска-бельгійскай методыцы, і, кажуць, у мяне добра атрымліваецца. Лецішча - не толькі здавальненне, але і здаровы лад жыцця. Для мяне - гэта лепшая «крэпатура» цела: не трэба ніякіх салярыяў, турэцкіх пляжаў, альпійскіх лугоў. А што да чытання ці телевізара... У вольную хвілінку, канешне ж, чытаю добрыя кніжкі, альбо перачытваю «Вопыты» вялікага філосафа XVI стагоддзя - Мантэня; па тэлевізары ж гляджу толькі «Навіны» і «Еўраспорт». Усё астатняе на «блакітным экране»- не «маё»...
- Да каго звяртаешся па параду ў цяжкія хвіліны жыцця?
- Да жонкі Галі, Галіны Іванаўны. Мой герой горкаўскай п’есы Васька Попел сказаў: «У жанчыны душа павінна быць...». Дык вось, у маёй Галі гэтая душа - светлая, чыстая, добрая. Жонка - лепшы мой сябра, лепшы мой крытык, мой аднадумца, мая муза, мой заўсёдны памочнік...
- Генадзь Міхайлавіч, што б для сябе адзначыў самым галоўным у сённяшнім жыцці нашай краіны?
- Я задаволены тым, што ў час сусветнага крызісу наша нацыянальная сацыяльна-эканамічная мадэль дастаткова паспяхова працуе. І я ўдзячны Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён трымае руку на пульсе часу ва ўсіх найважнейшых галінах сённяшняга жыцця. Я веру, што наша краіна ідзе па правільным шляху - ідзе горда, незалежна, з годнасцю і высока ўзнятай галавой. І ўсё у нас, на нашай зямлі, будзе добра...
- Твой любімы афарызм ці выслоўе?
- У мяне іх некалькі. Мой блізкі сябра Раман Філіпаў калісьці кінуў такую фразу: «Калі ў прадмеце мастацтва ёсць заклік да святла, дабра і хараства - гэта маё. Калі гэтага няма - гэта не маё...» Лепш не скажу. І яшчэ часта ўспамінаю блізкага мне па духу Васіля Макаравіча Шукшына, які казаў: «Маральнасць ёсць праўда» і «Не забыць бы, што мы людзі». А што тычыцца ўласна прафесіяналізму, дык на гэты конт у майго настаўніка Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова аднойчы прагучала такая думка: «Беражы партнёра. І ў непагадзь цёплым шалем укутай яго, а не сябе». Вось я і стараюся жыць «па праўдзе» - і ў жыцці, і на сцэне, і на здымачнай пляцоўцы...

«Культура», № 31 (899) от 1 августа 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.