Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• ДИСКОГРАФИЯ

• КОММЕНТАРИИ


S°unduk
Официальный сайт
группы «S°unduk»


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫХАННА ХИТРИК

Хитрик Анна Сергеевна
Фото Хасеневича В.А.
 Хитрик Анна Сергеевна 
    Ганна Хiтрык:
    «На сцэне страшна
    толькi першыя тры хвiлiны...»

     Вальжына Корсак

Маладую актрысу Купалаўскага тэатра Ганну Хiтрык можна сустрэць дзе заўгодна. Ледзьве не штодзень у тэатры. Кожны вечар у «Калыханцы» на Першым нацыянальным. А таксама на канцэртах гурта «Детидетей» разам з акцёрамi Купалаўскага Мiхаiлам Зуем i Дзмiтрыем Есяневiчам. А нядаўна Ганна Хiтрык узрушыла мiнскiх гледачоў удзелам у спектаклi «Матылёк» (Тэатр юнага гледача), дзе сыграла галоўную ролю - радавога Колю Лябёдушкiна, якi ператвараецца ў дзяўчыну. Знакамiты рэжысёр спектакля Мiкалай Пiнiгiн, якi ўжо 8 год працуе ў Пецярбургу, прызнаўся, што паставiў гэтую п'есу ў Мiнску спецыяльна для Ганны Хiтрык. Маўляў, калi ён ставiў яе ў Пецярбургу, на першым плане была iншая роля, але толькi таму, што Хiтрык у Пецярбургу не было. Сама Ганна гаворыць, што пра гэта не ведала.

- Мне Мiкалай Пiнiгiн патэлефанаваў у вераснi мiнулага года, спытаў, як у мяне з занятасцю, - распавядае Ганна. - Я якраз была вольная, i ён прапанаваў мне ролю Колi Лябёдушкiна. Але ён нiколi не казаў: гэтая роля спецыяльна для цябе i ўсё такое... Потым Пiнiгiн з'ехаў на два месяцы, а затым за два тыднi мы паставiлi спектакль. Дарэчы, там два саставы - яшчэ адна актрыса iграе Лябёдушкiна. Але гэтая роля мне вельмi блiзкая, нягледзячы на тое, што iграю хлопца.
- Цяжка было працаваць у такiм хуткiм тэмпе?
- Так, два тыднi - гэта вельмi мала. Але мы загадзя ведалi, што будзе такi кароткi тэрмiн, гэта не было нечаканасцю. Калi Пiнiгiн прыехаў, усе ўжо ведалi тэкст i былi падрыхтаваны.
- А як Вам наогул удаецца спалучаць працу ў трох тэатрах: Вы ж i ў Купалаўскiм працуеце, i ў Сучасным мастацкiм тэатры, а цяпер яшчэ i ў ТЮГу?
- А яшчэ я ў школе выкладаю, працую на тэлебачаннi. I вельмi шкадую, што ў сутках толькi 24 гадзiны - можна было б яшчэ столькi ўсяго паспець! Некаторыя людзi вельмi любяць сябе шкадаваць: вось у мяне ўсё кепска, я такi няшчасны, мне не даюць роляў... Мне здаецца, гэта нядобрая рыса. Яны проста апускаюць рукi i закiдваюць сябе, а ўсiм кажуць, што iх да такога становiшча давялi iншыя. Але ж ёсць столькi розных работ, столькi ўсяго цiкавага! Праўда, я таксама часам вохкаю i ахкаю, што ў мяне балiць спiна, нага... Але я ведаю, што буду iграць у пластычным спектаклi «С.В.» i што папярэдняя актрыса амаль усю ролю стаяла на пуантах. Значыць, мне таксама трэба на iх устаць, нягледзячы нi на што, хаця раней я нiколi не займалася балетам i танцамi.
Пасля гэтага iнтэрв'ю я паеду запiсваць дыск нашага гурта «Детидетей». Ён выйдзе ўжо зусiм хутка. Там будзе каля 15 кампазiцый. Некаторыя, як мы называем iх, «старушкi», але ёсць i новыя. Дыск доўгачаканы. Калi ўсё паспеем, 6 сакавiка маем намер даць вялiкi канцэрт у канцэртнай зале «Мiнск».
- Што для Вас зараз важнейшае - тэатр цi такi спосаб самавыяўлення, як «Детидетей»?
- I тое, i тое для меня вельмi важна. Але гэта розныя рэчы. Нашаму гурту яшчэ толькi год. А ў тэатры я працую ўжо шэсць гадоў. Што тычыцца тэатра, то спачатку я набывала прафесiю, вучылася, пасля пайшла працаваць. А музыкай я займалася ў дзяцiнстве. Праўда, з тых часоў ужо амаль нiчога не памятаю. Але «Детидетей» таму i дарагiя, што там усё па-сапраўднаму: я спяваю свае песнi, сваю музыку, тое, што мне блiзка. Я расказваю ўсё ж такi чужыя гiсторыi, хоць i прапускаю iх праз сябе.
- Як ставiцеся да таго, што камусьцi Ваша творчасць можа не падабацца?
- Было б дзiўна, калi б усiм падабалася! Узяць той самы спектакль «Матылёк». Я лiчу, што п'еса - выдатная, рэжысёр - цудоўны. Карацей кажучы, мне ў «Матыльку» ўсё падабаецца! А многiм маiм сябрам i знаёмым не спадабалася наогул нiчога. Я з iмi не згодна, але сварыцца i даказваць нешта не буду. Тое самае, калi ў iншых не такiя каштоўнасцi, як у мяне, - гэта нармальна. Я спяваю пра тое, што для мяне важна. Многiя кажуць, праспявай лепей пра тое, як нам весела i добра жывецца, а я адказваю: не хачу, бо мне гэта не цiкава.
- Можаце расказаць пра сваю самую складаную ролю?
- Самыя складаныя заўжды самая першая i самая апошняя. Кожны раз думаеш: усё, не спраўлюся, ганьба будзе... А пасля пераадольваеш сябе i спраўляешся. Любая роля - гэта адказнасць. Лёгкiх роляў не бывае, бо кожны раз ты iграеш чыйсьцi лёс. Адказнасць вялiкая - i перад гледачом, i перад рэжысёрам, i перад самой сабой, i перад бацькамi. А калi яшчэ шмат работ, баiшся паўтарыцца, забыць тэкст, не ўвайсцi ў ролю. На сцэне, праўда, страшна толькi першыя тры хвiлiны... А пасля «адлятаеш» - недарэмна ж сцэну называюць наркотыкам!..
- Некаторыя вядомыя артысты называюць тэатр тэрарыумам. «Купалаўская сям'я» дружная?
- Кажуць, што так, што ў нас атмасфера лепей, чым у iншых тэатрах. Але, канешне, заўжды хтосьцi кагосьцi не разумее. Ды гэта нармальна - нас так шмат, i мы ўсе такiя розныя...
- А якое, дарэчы, у Вас сямейнае становiшча?
- У мяне вялiкая сям'я: мама, у яе - муж. А ў мяне ёсць каханы чалавек. I яшчэ сястра, мой анёл. А ў яе - муж Колька i мой пляменнiк Ванюшка, якi з'яўляецца маёй музай у песнях. Сястра кажа: «Калi нараджу другога, ты зусiм разарышся на падарункi». Але я так яго люблю!
- А ён глядзiць «Калыханку?»
- Яму яшчэ толькi паўтара года, i ён любiць пад музыку танчыць. Але Ванюша адзiны, хто пазнае мой голас паўсюль. I калi iдзе «Калыханка», ён адразу крычыць: «Аня! Аня!» Пазнае мяне ў Лiсiчцы, як я нi намагаюся змянiць голас!
Наогул, з «Калыханкай» так цiкава атрымалася... Калi вучылася ў Акадэмii мастацтваў на лялечным аддзяленнi, у нас быў «падпольны» эцюд «Калыханка», дзе мы паказвалi жорсткае стаўленне да лялек. Яшчэ ў дзяцiнстве мне не падабалася «Калыханка», бо лялькi былi нейкiя напалову жывыя, дзiўна так перасмыкалiся - было бачна, што яны несапраўдныя. I калi я прайшла кастынг на «Калыханку», то вельмi доўга смяялася: заўжды ганiла гэтую перадачу, а цяпер сама там працую! Але я рада гэтаму кавалачку дзяцiнства ў маiм жыццi.
- А пра сваiх дзяцей пакуль не думаеце?
- Думаю з 19 год! Усё думаю i думаю (смяецца). Мне ўжо 26. Мяркую, тым людзям, якiя для мяне з'яўляюцца аўтарытэтамi, я ўжо нешта даказала. Мая сям'я ў мяне верыць - i насамрэч, для мяне гэта галоўнае. Канешне, я яшчэ не зрабiла ўсё, што хацела... I разумееце, я проста не хачу быць такой мамай, якая кiне дзiцё бабулi i будзе займацца сваiмi справамi. Хачу, каб было па-сапраўднаму... I ў той жа час я не хачу губляць таго, што ў мяне цяпер ёсць. Сумняваюся, што ў 90 год буду ганарыцца толькi тым, дзе я працавала. Хутчэй я буду цанiць сваiх унукаў... Я ўжо ведаю, што дачку Машкай назаву!
- А яшчэ я чула, што Вы хочаце адкрыць сваю «жывую краму»...
- Так, i там будуць прадаваць тое, што я буду рабiць у сваёй майстэрнi - цацкi-лялькi, з вялiкiмi выразнымi вачыма i смешнымi насамi. На мой погляд, менавiта такiя «жывыя» цацкi прываблiваюць дзяцей. Напэўна, калi я буду iграць у тэатры раз у пяць месяцаў чыю-небудзь бабулю, то якраз гэтым i займуся. Вязаць я наўрад цi змагу - не высяджу. А цацкi - якраз для мяне...

«Народная воля», № 33-34 (2553-2554) от 1 марта 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.