Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫКВЕРА КАВАЛЕРОВА

Кавалерова Вера Ильинична  Кавалерова Вера Ильинична 
    Вера Кавалерава:
    «Актрысай трэба нарадзіцца»

     Наталля Будзілоўская

Лёс адпачатку спрыяў артыстцы Беларускага Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Веры КАВАЛЕРАВАЙ. 3 самого маленства яна марыла зрабіцца актрысай і ўжо ў дзіцячыя гады нароўні іграла з дарослымі майстрамі сцэны. Пра такіх, як яна, кажуць: нарадзілася пад шчаслівай зоркай. Сапраўды, творчы шлях Веры Кавалеравай пасыпаны ружамі. Яна лёгка і натуральна пачувае сябе ў сваёй прафесіі. Акцёрам трэба нарадзіцца, - лічыць артыстка, таму што гэта лад існавання.

Нехта нават казаў, што гэта не прафесія, гэта дыягназ. Людзі, якія доўга ідуць да акцёрства, напрыклад, Інакенцій Смактуноўскі, не адразу здагадваюцца пра сваё прадвызначэнне, але ж рана ці позна робяцца акцёрамі. Проста чалавек не здольны інакш існаваць, як у тэатры. Вы, напэўна, ужо ў дзяцінстве ведалі, што станеце актрысай?
Мне падаецца, што я, як толькі нарадзілася, ужо іграла. Сама з сабой, потым у двары з сябрамі, сачыняла цэлыя спектаклі, дзе мне было вельмі цікава ўдзельнічаць. Натуральна, што ўва ўсім гэтым павінен быў быць завадзіла, прыдумляць гісторыі і іх увасабляць. Я была ў нашым двары і рэжысёрам, і актрысай.
I пасля школы вы, вядома, вырашылі працягваць сваю прафесійную адукацыю?
Не, у мяне ўсё было не так, не традыцыйна. Калі я пайшла ў першы клас, то параллельна пачала займацца ў дзіцячай студыі-тэатры пры Беларускім тэлебачанні, дзе выкладала Клаўдзія Акімаўна Казакова - цудоўная актрыса школы Маскоўскага мастацкага тэатра. Дзесяць гадоў я там вучылася і адначасова працавала на тэлебачанні. БТ рыхтавала такім чынам дзяцей для ўдзелу ў розных перадачах, спектаклях. Потым мяне адразу запрасілі ў наш тэатр. А здарылася гэта так. Аднойчы Людміла Яфімаўна Цімафеева - заслужаная артыстка Рэспублікі, якая зараз на пенсіі, запыталася ў мяне: Вера, калі ты ўжо школу скончыш? Я адказваю: вось якраз і скончыла... Яна: як, і ты не ў нас! I адразу павяла мяне да дырэктара, галоўнага рэжысёра, і яны далі мне ролю ў спектаклі. А вучылася я ўжо пазней, калі з’яўлялася вядучай актрысай тэатра.
Такое здараецца рэдка. Вы, напэўна, нарадзіліся пад шчаслівай зоркай...
У прынцыпе, напэўна мне пашанцавала. Нядаўна я пыталася ў адной маладой спявачкі, якая мае цудоўны голас: чаму вас не бачна, не чутна? Яна мне кажа: у мяне няма спонсараў, па сутнасці я ніхто... На што я ёй адказваю: я вам абяцаю, што праз паўгода пра вас будуць ведаць. Я ўпэўнена, што калі чалавек таленавіты, то яго талент абавязкова праб'е сабе дарогу, нават калі яго ўладальнік нічога не робіць дзеля гэтага. Такая мая глыбокая ўпэўненасць. Бог нейкім, невядомым для нас чынам вядзе такіх людзей, якім не патрэбныя аніякія спонсары, яны ўсё адно з'явяцца, зробяцца вядомыя.
У якой школе вы вучыліся?
Я вучылася ў 21-ай сярэдняй школе, якая месціцца каля опернага тэатра.
Гэта самы цэнтр Мінска, дзе жыве шмат старой мінскай культурнай эліты, беларускай інтэлігенцыі. Напэуна гэты асяродак меў на вас пэўны ўплыў?
Я не выхоўвалася ў такой сям'і. Мой тата быў афіцэрам, мама швачкай. А вось, я лічу, Клаўдзія Акімаўна Казакова мне шмат чаго дала. Таму што яна дала нам не толькі пачатковыя веды акцёрскага майстэрства, але яна яшчэ вучыла нас хадзіць, размаўляць, сядзець, есці, вучыла, як у крыналіне сябе пачуваць, што гэта такое. Яна ўводзіла нас у гісторыю, што, увогуле, такое крыналін, чаму жанчыны, носячы такія строі, дажывалі да сарака гадоў (там знаходзіліся металічныя канструкцыі, якія парушалі дыханне), каб было адчуванне крыналіну, як у ім сядзець, рухацца. Я прайшла вельмі добрую школу.
Колькі роляў вы выканалі, у якой колькасці спектакляў вы ўдзельнічалі?
Я выканала болей за сто роляў. Але ж наколькі болей - цяжка падлічыць.
А якія вашыя любімыя ролі?
Вы ведаеце, нельга выканаць ролю, не любячы яе. Нават, здавалася б, самую нецікавую на першы погляд. Здаралася такое, калі трэба было знайсці ў ёй той шарм, за што яна табе можа спадабацца. Інакш правал забяспечаны. Што такое праца над роллю? Гэта ж не тое, што прачытаў тэкст, прыйшоў на рэпетыцыю, папрацаваў, пайшоў, і на гэтым кропка. А праца ідзе ўвесь час. Таму, калі не захварэў, не палюбіў ролю, немагчыма яе ўвасобіць на сцэне. Усялякую, нават самую маленечкую трэба за штосьці любіць. I ў мяне былі такія выпадкі, калі шукаеш і не можаш знайсці, за што яе любіць. Але ж знаходзіла. А інакш трэба бегчы ад ролі. Што зноў-ткі непрафесійна.
Да вас у тэатр у асноўным прыходзяць дзеці. Гэта вельмі тонкі і чуллівы, патрабавальны глядач. Напэўна няпроста дайсці да яго сэрца і розуму?
Гэта унікальны глядач. I толькі ў ТЮГу, я лічу, акцёр, можа адточваць сваё майстэрства. Некалі, калі здымалася на кінастудыі Даўжэнка, адзін малады акцёр, які скончыў кіеўскі тэатральны інстытут і якога размеркавалі ўТЮГ, у мяне запытаўся, ці варта пачынаць кар'еру з такога тэатра. Я яго запэўніла, што для пачынаючага артыста гэта цудоўны шанц прайсці добрую школу, да трыццаці гадоў можна наіграць вялікі рэпертуар. Да прыкладу, як выканаць ролю грыба? Яго ж трэба ўвасобіць у вобраз якога небудзь героя. А можа гэта Гамлет? А можа Рычард III? I ад імя гэтага героя выступаць. I толькі тады цябе прымуць гледачы. А калі ты будзеш крычаць - я грыб, то ніхто гэтага не зразумее. Калі шмат гадоў пасля мы сустрэліся з кіеўскім акцёрам, ён мне прызнаўся, што вельмі ўдзячны за параду ісці працаваць у тэатр юнага гледача. Я лічу так: калі б у нас кожны малады акцёр праходзіў школу ТЮГа, дык мелі б больш добрых артыстаў. Таму што гэта унікальны тэатр і унікальныя гледачы. I я іх вельмі люблю.
Ваша тэатральная кар'ера таскама унікальная. Вы напэуна ўдзячныя Богу, што працуеце ў тэатры, які вы любіце, сустракаецеся з гледачом, якога любіце. У вас шчасліва складваецца тэатральнае жыццё...
Глядач ТЮГа - ад 2 гадоў да 72-ух. Мы заўсёды ігралі п'есы не толькі для юных, але і для дарослых. Быў, праўда, нейкі перыяд, калі мы раптоўна спыніліся іграць для дарослых, што было напэўна няправільна. Колькі існуе наш тэатр, а ён існуе сорак пяць гадоў, заўсёды быў рэпертуар і для дзяцей, і для дарослых.
Вучні старэйшых класаў - гэта тыя ж дарослыя. А вось падача матэрыялу ў нас асаблівая. Заўсёды лічыцца, што ў тэатры павінна існаваць чацвёртая сцяна. Аднак, калі мы пабудуем чацвёртую сцяну, лічыце, што гледача мы згубілі. У нас гэтай сцяны няма, яна ў нас вельмі празрыстая. Мы павінны чуць дыханне залы. Абавязкова павінна існаваць зваротная сувязь. Таму людзі, якія раней наведвалі дзіцячыя спектаклі дарослых тэатраў, трапляючы ў ТЮГ, казалі, што тут усё зўсім інакш, што дзіцёнак проста заражаецца дзеяй. Так, у нас тэатр асаблівы, мы працуем інакш, мы прафесіяналы ў сваёй справе. Чаму кажуць, што ў ТЮГу тры спектаклі на дзень іграюць - і скачуць, і скачуць. I здаецца, што ў трох спектаклях немагчыма за дзень іграць. Некалі адзін польскі рэжысёр, які ставіў у нас п'есу, быў вельмі здзіўлены такой акалічнасцю, і калі паглядзеў мяне ў трох спектаклях, запрасіў да сябе ў трупу, паабяцаўшы, што я буду атрымліваць за працу зусім іншыя грошы. Для акцёраў і рэжысёраў дарослых тэатраў напэўна гэта не зразумела. Як такое магчыма? Можна. Таму што дзеці даюць такі цудоўны, моцны зарад. Чаму артысты ТЮГа не старэюць? Таму што мы заўсёды з нашымі юнымі гледачамі.
Быў час, калі артысты перажывалі, што глядач менш пачаў хадзіць на спектаклі. А як зараз?
Я мяркую, што такі час прайшоў. Але мы ніколі не пакутавалі ад недахопу гледача. Нават дарослыя тэатры ў той перыяд выязжалі на дзецях, таму што дзеці заўсёды ходзяць у тэатр, ва ўсе часы. I не таму, што ім надта хочацца, а таму, што педагогі водзяць у тэатр, бацькі таксама імкнуцца далучыць дзяцей да культуры, мастацтва. Наш тэатр самы танны. Квіткі сюды каштуюць танней за квіткі ў кінатэатр, яны таннешыя за лёды. Наш тэатр разлічаны на тое, каб дзіцёнак любога сацыяльнага слою быў здатны прыйсці ў наш тэатр.
Колькі ў вас звычайна ідзе спектакляў за дзень?
Бывае два і тры ранішніх. I вечаровыя.
І як вы ўсё паспяваецe?
Паспяваем. Нягледзячы на тое, што мы самы бедны тэатр. Нашы акцёры атрымоўваюць зусім невялікую зарплату. Хаця, здавалася б, усе ведаюць, што для дзяцей іграць цяжэй, чым для дарослых. Быў пэўны час, калі абмяркоўвалася гэтае пытанне і быў намер прыраўноўваць ТЮГ да асобага віду мастацтва і аплочваць працу нашых артыстаў як працу артыстаў цырка, балета. Бо мы і трукі робім, і калі патрэбны балет, ён будзе, калі патрэбны ансамбль «Харошкі», ён таксама будзе на сцэне. Мы на ўсё здатныя.
А як вашы артысты пачуваюць сябе ў гэтых складаных эканамічных умовах?
Круцімся. Зарабляе кожны, дзе можа. Я, напрыклад, працую яшчэ ў маладзечанскім драматычным тэатры. На тэлебачанні, у «Калыханцы». Для душы працую, не пастаянна, у тэатры «На балконе» Белдзяржуніверсітэта як педагог па майстэрстве. Мы там паставілі спектакль «Дом Бернарды Альбы», дзе я выконваю ролю Бернарды Альбы.
Хоць ваш творчы шлях незвычайна багаты, вы зараз, па-сутнасці, знахозіцеся ў самым росквіце творчых сіл. Над якімі новымі ролямі вы працуеце цяпер?
Па-першае, як травесці я павінна заканчваць сваю дзейнасць, тым не менш я іграю вельмі актыўна. Я сябе шукаю ў другім амплуа. Зараз пераходжу ў іншую ўзроставую катэгорыю. Спрабую і шукаю сябе там. У мяне ўжо ёсць такія ролі, але я пакуль існую і ў адной, і ў другой іпастасі. Зараз мы працуем з рэжысёрам Наталляй Башавай над спектаклем «Маленькі збраяносец». Ён будзе інакш называцца - «Рыцарь Ордена Солнца». Там я іграю фрэйліну.
Вось дзе крыналіны вам прыдаліся...
Я ўжо выконвала ролю каралевы ў крыналіне ў спектаклі «Сестра моя Русалочка» у пастаноўцы Наталлі Башавай. Зноў-ткі з Наталляй Башавай мы працуем над спектаклем «Восем закаханых жанчын». Уяўляеце, шаснаццаць жанчын-актрыс у два саставы будзе адразу занята ў спектаклі, які пакажам на малой сцэне. Аднаўляем з нашым галоўным рэжысёрам Андрэем Андросікам вадэвілі «Чаму ж не пець, чаму ж не гудзець?» паводле твораў Янкі Купалы і Міхася Чарота. Быў у нас даўно такі спектакль, які карыстаўся вялікім поспехам. Зараз спрабуем аднавіць яго з маладымі выканаўцамі. Я лічу, што ён зусім не страціў сваёй актуальнасці, бо тут цудоўная беларуская драматургія.
Вы працуеце толькі на беларускай мове?
Так, мы працуем толькі на беларускай мове. У нас адзіны ў краіне тэатр юнага гледача. Хаця на малой сцэне магчымыя розныя эксперыменты.
Такім чынам, вы нясеце культуру мовы і беларускае мастацтва ад самага пачатку свайго існавання і да сённяшняга дня...
I не будзе аніякіх зменаў. Мы працуем і будзем працаваць на асноўнай сцэне на прыгожай беларускай мове. Калі прыгадаць, што шмат гадоў кіраваў гэтым тэатрам, а потым доўга працаваў заўлітам Артур Вітальевіч Вольскі, і зараз застаецца вялікім нашым сябрам, то будзе зразумелая наша адданасць роднай мове. Асабіста я вырашаю ўсе пытанні, што тычацца мовы, стылістыкі, толькі з ім. I калі ўзнікаюць нейкія праблемы на тэлебачанні, радыё, я спасылаюся на імя і аўтарытэт Вольскага. I тады пытанняў няма. Бо ён валодае дзівосна прыгожай літаратурнай мовай. I размаўляць з ім - адна асалода.
Зараз нашы культура і мастацтва перажываюць не лепшыя часы. На ваш погляд, якая перспектыва ў ТЮГа?
Так, агульная культура грамадства стала ніжэйшай. I тэатральная таксама. Гэта звязана са складанай эканамічнай сітуацыяй, якая адмоўна адбіваецца на ўсіх сферах жыцця. Міністэрства культуры імкнецца неяк дапамагчы, утрымацца на плыву, але субсідый надта мала. Колькасць спектакляў, якія выпускаюцца за год, зменшылася. Цэны на ўсё растуць, і тая сума, што была выдзелена на спектакль, пры яго здачы ператвараецца ў нішто. Але ж мы імкнемся выжыць. Хоць гэта няпроста. Нашаму тэатру, увогуле, менш за ўсіх надаецца ўвагі. Неяк забываецца, што дзеці гэта будучыня. Як мы іх падрыхтуем да дарослага жыцця, успрыяцця культуры, так яны потым і будуць ставіцца да яе, так яны потым і пойдуць у тэатры. Калі мы не закладзем гэтую любоў, то што тады чакаць дарослым тэатрам? Мы працуем у асаблівых умовах, больш складаных, і колькасць спектакляў мы іграем больш. Вось парадокс. Мы працуем на нацыянальнай мове, працуем для ўсёй краіны, а ў нас няма магчымасці выехаць на гастролі. Раней мы ездзілі часцяком па гарадах Беларусі, а зараз на гэта няма сродкаў. А нас чакае глядач Беларусі. Мы патрэбныя дзецям.
Я вельмі хацела б пажадаць свайму тэатру ў першую чаргу нейкага прарыву, каб лягчэй працавалася і праца аплочвалася па заслугах. Таму што яна таго вартая. Таму што ў гэтым тэатры могуць працаваць толькі фанатычныя людзі. Чалавек, які не можа аддаваць сябе дзецям за такія грошы, пакідае трупу. У нас застаюцца толькі тыя людзі, якія адданыя гэтаму тэатру і менавіта гэтаму гледачу.

Материал с сайта ТЮЗа.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.