Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫКВЕРА КАВАЛЕРОВА

Кавалерова Вера Ильинична  Кавалерова Вера Ильинична 
    Вера Кавалерава:
    «Па колькасці роляў мяне можна
    заносіць у кнігу рэкордаў Гінэса»

     Ларыса Цімошык

Беларускі «Оскар» ідзе ў Тэатр юнага гледача!

Міжнародны дзень тэатра актрыса Вера Кавалерава святкуе ў новым статусе. «Хрустальная Паўлінка» - узнагарода, якую штогод атрымліваюць асобы, якія задаюць тон у беларускім тэатральным мастацтве.

- Я напалоханая такой увагай, якую апошнія дні адчуваю ў сувязі з узнагародай, - прызнаецца Вера Кавалерава. - Думаю, такія ўзнагароды патрэбныя нашым акцёрам. Гэта ж сведчанне прызнання. Акцёр не можа без прызнання. Ён для гэтага жыве.
- У гісторыі гэтай узнагароды першы раз, калі «Хрустальную Паўлінку» атрымлівае актрыса ТЮГа. Ёсць меркаванне, што дзіцячы тэатр - нібыта не галоўны, у адрозненне ад акадэмічных...
- А я ўсё жыццё лічу, што мой тэатр - галоўны ў краіне. Таму што гэта дзеці, іх душы. Я нават лічу, што ў Тэатры юнага гледача не ўсе маюць права працаваць. Толькі людзі з чыстымі душамі, таму што мы нясём мастацтва дзецям. Мала таго, мы рыхтуем гледача да іншых тэатраў. Таму ў сувязі з гэтай узнагародай я радуюся, што на наш тэатр звярнулі ўвагу. Па маім глыбокім перакананні акцёры паўсюль аднолькавыя. Не важна, іграе ён у нацыянальным тэатры, у акадэмічным, ці ў ТЮГу, яны аднолькавыя па адоранасці.
- З пункту гледжання гледача, напэўна, няма такіх пытанняў.
- Гледачы якраз нас вельмі любяць. І, дзякуй Богу, да нас актыўна ходзяць.
- Сярод дзяцей, якія ходзяць у тэатр, хто самыя важныя для вас прыхільнікі? І як вы бачыце сучаснае дзіця, якое любіць тэатр, але расце на фільмах пра Гары Потэра?
- Яны не заўсёды разумеюць, што знаходзяцца ў тэатры, і што мы - не кіно. Аднойчы на сустрэчы з дзецьмі я спытала: «Чаму вы так крычыце, калі гасне святло? Чаму вы ўслых рэагуеце, перакрываючы акцёра? Вас жа шмат, а ён адзін... Перакрычаць вас нельга». Аказалася, гэта не таму, што нецікава. Яны так бурна абмяркоўваюць, гэта іх рэакцыя. Яны былі здзіўленыя. Я ім сказала: «Тое, што вы бачыце зараз - гэта імгненна існуе і ніколі больш не паўторыцца. Мы не плёнка, нас нельга адматаць і яшчэ раз пракруціць. Калі вы прыйдзеце на гэты спектакль наступны раз, ён будзе іншы. Хоць на трошкі, але іншы. І мы жывыя людзі». Гэта іх так уразіла, што мы не на плёнцы! Хоць жывую энергетыку, якую мы даём, яны вельмі адчуваюць. Гавораць, што акцёры ТЮГа доўга не старэюць. А чаму? Таму што за тое, што мы аддалі, мы атрымалі ў некалькі разоў больш ад іх. Калі ты выкладваешся, яны тваёй энергіяй напітваюцца і аддаюць значна больш. У гэтым сакрэт нашага тэатра.
- Вы актрыса, якая марыла іграць нейкія ролі. Для Вас галоўныя ролі - якія? Ці ёсць у Вас патаемныя акцёрскія жаданні?
- Я столькі сыграла розных роляў - напэўна, можна ў кнігу Гінэса ўносіць. У асноўным у мяне былі дзіцячыя ролі, дарослых было мала. Я настолькі падыходзіла да дзіцячых роляў па-даросламу. Вачыма дзяцей, душой дзяцей. Але ўсе свае патаемныя жаданні я сыграла. Асабліва ў жывёлах. Іграючы котку - чаму я не магу іграць лэдзі Макбет? Хто мне можа гэта забараніць? Гэта адчуе толькі дарослы, што за гэтым нешта стаіць, а дзіця ўспрымае як котку. Магчыма, з нейкай загадкай. Таму я якраз шчаслівы чалавек - усе свае мары ажыццявіла.
- І ў кіно сталі здымацца...
- Ведаеце, усе актрысы робяць пластычныя аперацыі, асабліва маскоўскія - там жа не стала старых. Я хоць і не вельмі падобная на старую, але я з сабой нічога не раблю. Прынамсі, такую дзіўную бабулю я магу сыграць. Але мне не хапае фактуры пакуль і для гэтых роляў.
- Усё ж можна намаляваць, прыляпіць, зрабіць грым...
- Ну як? Масу ж цела не набярэш, калі яе няма. Вось зараз я здымалася ў маскоўскім фільме. Мяне пастараліся апрануць шматслойна. Але ж я маленькага росту... Увосень мы здымаліся ў Маскве. Такая сцэна: бяда здарылася, мой унук па сюжэце збягае, я - за ім, таму што не магу аднаго адпусціць. Былі такія «ястрабкі» напрыканцы вайны, байцы знішчальных батальёнаў, таму што бандытызм квітнеў. І вось гэты «ястрабок» бяжыць. І я пытаюся перад здымкамі эпізода: «Як мне бегчы?» - «Як хочаце, так і бяжыце». Я і пабегла... Таму што была чэмпіёнкай Мінска па бегу на кароткія дыстанцыі. Пабегла. А потым мы завярнулі за вугал... Камера не ўбачыла, што я і ўнука перамагла, маладога хлопца. І калі мы вярнуліся, уся група проста ляжала ад смеху. Гавораць: нам потым скажуць, што замест Серафімы мы падставілі чэмпіёнку нейкую. А я ім: «Дык вы ж сказалі - бяжы як хочаш... Дык патлумачце, як бегчы». - «Бяжыце, Вера Ільінічна, як хочаце, толькі ўнука не пераганяйце». Таму я не вельмі падыходжу пакуль пад такія ролі. Але тым не менш, на мяне ўжо звярнулі ўвагу. Таму што пакуль я была маладая, хапала гераінь. Я разумею, чаму я стала здымацца...
- Кар'еру ў кіно пачынаць ніколі не позна...
- Увогуле ж я шмат адмаўлялася ў свой час, таму што шмат працавала: 3-4 спектаклі ў дзень. Гэта было нерэальна, яшчэ недзе здымацца. Я надта люблю тэатр. Гэта маё. У дарослым тэатры не хачу працаваць. ТЮГ - мой тэатр. Дай Бог, каб ён хутчэй стаў працаваць у звычайным рэжыме. А то мы не першы год існуем у рамонтным рэжыме, фактычна на колах, пакуль наш будынак закрыты. Хоць бы хутчэй яго зрабілі, каб сапраўды не складвалася ўражанне, што вельмі шмат увагі нашаму тэатру. Бо гэта ж не так!?. І было інакш, напрыклад, Машэраў вельмі любіў наш тэатр, разумеў яго значэнне для будучыні краіны.
- Калі ідзе беларуская дзіцячая класіка, якая нашым дзецям распавядае па-беларуску пра іх саміх і свет, у які яны прыйшлі...
- А яе практычна няма. Мы імкнёмся знаходзіць. Перакладалі ў асноўным. У нас тады Артур Вольскі быў, ён рабіў цудоўныя пераклады, было поўнае адчуванне, што гэта беларуская п'еса. Я яго лічу геніем, вельмі люблю, вельмі пакутую, што яго не стала. Цудоўны быў чалавек - і паэт, і драматург, і дырэктар быў добры. Ён разумеў, што ў Тэатры юнага гледача могуць працаваць толькі людзі апантаныя. Якім баліць толькі гэта, і нічога больш. А бываюць і «перакаці-поле», ТЮГ для іх - перавалачная база. Не толькі для акцёраў, але і для рэжысёраў. Прыступка для таго, каб пайсці далей. Але жыць у гэтым тэатры можна, толькі прысвяціўшы сябе менавіта яму, менавіта нашаму асабліваму гледачу.

«Звязда»: «Жырандоля», № 5 (121) от 26 марта 2011 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.