Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫКОЛЬГА КЛЕБАНОВИЧ

Клебанович Ольга Михайловна
У жыцці народнай артысткі
Вольгі Клебановіч шмат віншаванняў
і кветак.

Клебанович Ольга Михайловна
Вольга Клебановіч у вобразе
Васы Жалязновай.
 Клебанович Ольга Михайловна 
    Вялікая душа
     Іван Ждановіч

Народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч стварае на тэатральнай сцэне і ў кіно вобразы жанчын абаяльных і моцных духам

Нейкім неверагодным чынам яна сумяшчае ў сабе, здавалася б, несумяшчальнае. Пабачыш усмешку артысткі - проста сама ласкавасць. І дабрыня... Але і пра магутны валявы пачатак, уласцівы гэтай энергічнай жанчыне, у беларускім, ды і расійскім тэатральным бамондзе вядома, бадай, усім. У ліку паклоннікаў яе таленту - і знакаміты расійскі акцёр Мікалай Калягін: ён даслаў Вользе з нагоды юбілею цёплую тэлеграму. А святкавалі юбілей нядаўна ў яе родным Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя М.Горкага. Зрэшты, дзе ж яшчэ лепш разгледзіш захапляльны парадокс вялікай душы, як не на сцэне? Менавіта ў ролях, у створаных вобразах і выяўляе Вольга Міхайлаўна адметны народны характар.
І ўсё ж, мушу сказаць, моц яе жаночая мае беларускую мяккасць. Пра гэта, дарэчы, цікава разважае сама Вольга Клебановіч - у інтэрв’ю з нагоды прэм’еры спектакля «Васа» па п’есе Максіма Горкага, дзе яна іграе галоўную ролю. «Проста я - іншая, не настолькі моцная, не настолькі валявая, - кажа В. Клебановіч, параўноўваючы сябе з гераіняй. - Калі Васа бярэ абставіны, што называецца, за горла і падпарадкоўвае сабе, то я ў жыцці іх адпускаю, супраць хваляў не плыву, не спусташаю сябе барацьбой і на бераг выкочваюся разам з хваляй...»
Беларускія жанчыны - яны і такія. Добрыя, адкрытыя, даверлівыя, але і - моцныя, і мудрыя, а калі абставіны прымусяць, то здольныя на выключныя ўчынкі. У сувязі з гэтым на юбілейным вечары згадвалі не толькі цудоўнае фота «абаяльнай студэнткі Вольгі» на вокладцы часопіса «Огонек», якое зрабіла яе ў 60-я гады знакамітай на ўвесь Саюз, але і тое, што «яшчэ студэнткай Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Вольга Клебановіч затрымала злоснага хулігана». Родавыя карані яе на Случчыне, у мястэчку Грэск, таму артыстка з дзяцінства цудоўна ведае вясковае жыццё, шмат народных песень.
У ліку знакавых работ В.Клебановіч у тэатры, дзе яна працуе амаль 45 гадоў, - роля Сцепаніды ў спектаклі па аповесці Васіля Быкава «Знак бяды», адзначаная ў 1986 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Аднойчы, як сама Вольга расказвала, на здымках фільма ў глыбінцы вясковыя жанчыны лёгка прынялі яе за сваю... А ў рэпертуары артысткі - дзесяткі яркіх роляў у спектаклях па творах сусветна вядомых аўтараў: Брэхта, Горкага, Уільямса, Астроўскага, Дастаеўскага, Чэхава... І цяпер у яе шмат працы ў родным тэатры, занята і ў антрэпрызах, а таксама здымаецца ў кіно.
Мяркую, рэжысёр Мадэст Абрамаў, добра ведаючы Вольгу, не выпадкова ў свой час прапанаваў ёй сыграць ролю Жазэфіны у спектаклі «Ад’ютант-Ша Яго Вялікасці». Спектакль быццам спецыяльна «скроены» пад Вольгу: так арганічна кладзецца яе талент на характар сцэнічнай гераіні. Менавіта гэту пастаноўку Вольга Міхайлаўна выбрала і для бенефісу, у чарговы раз бліскуча сыграўшы ролю карсіканкі Жазэфіны. Гледзячы, як Вольга віртуозна, з вялікім імпэтам яе ўвасабляе, ловіш сябе на думцы: ну-у, перад такім напорам і сам Напалеон (яго не менш энергічна іграе заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Шэлестаў) спасаваў бы...
Спецыяльна не раскрываю сутнасць камедыйнай сітуацыі: будзеце ў Мінску - абавязкова схадзіце «на Клебановіч». Між іншым, спектакль «Ад’ютант-Ша...» - у рэйтынгу самых папулярных у Рускім тэатры: іграўся ўжо 260-ы раз. А бліскучы бенефіс Вольгі Клебановіч і пасля спектакля меў лагічны працяг як быццам у французскім кафэ «У Жазэфіны». Такі крэатыў падаравалі «ад’ютант-Шы-юбіляр-Шы» калегі-артысты. І ўцягнулі ўсіх, хто выхо-дзіў на сцэну з віншаваннямі, у вясёлую тэатральную гульню. Прычым стыльны шансон на акардэоне наігрываў сам галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык. Ён і паведаміў гледачам цікавую навіну: Вольга Клебановіч, аказваецца, нядаўна пагадзілася папрацаваць разам з ім над новым спектаклем. У якасці рэжысёра! І гэта, думаю, будзе роля не менш значная.
...Цікава, а як сама актрыса ўспрымае цяжар славы? «Здараецца, акцёры ў жыцці прысвойваюць сабе вартасці створанага імі вобраза, - усміхаецца Вольга Клебановіч. - Сыграў, скажам, караля, і вядзе сябе ў жыцці па-каралеўску, існуе ў ілюзіі недасяжнай велічы. Забаўна такое назіраць... На шчасце, я - чалавек здаровы, ды і жыццё не дае пагружацца ў ілюзіі».

«Голас Радзімы», № 9 (3177) от 12 марта 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.