Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ

Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫКАНДРЕЙ КОВАЛЬЧУК

Ковальчук Андрей Петрович  Ковальчук Андрей Петрович 
    Андрэй Кавальчук: дыягназ - акцёр
     Таццяна Падаляк

Пра сябе ён гаворыць: свой сярод чужых, чужы сярод сваiх... У тым сэнсе, што iмкнецца пазбягаць распаўсюджаных банальных падыходаў да прафесiйнай працы i асабiстага жыцця. Мiнулы год для акцёра Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы Андрэя Кавальчука прайшоў пад знакам спектакля «КIМ», пастаўленага па п’есе А. Дударава. Блiскуча сыграная галоўная роля - Каралёва Iгара Мiхайлавiча, КIМа-вялiкага. На Фестывалi нацыянальнай драматургii iмя В. Дунiна-Марцiнкевiча ў Бабруйску Андрэй Кавальчук быў адзначаны як лепшы выканаўца мужчынскай ролi.

- Андрэй, калi не сакрэт - якi для вас самы прыемны, самы каштоўны камплiмент?
- Яго зрабiла мацi. Нядаўна паглядзела мяне ў чарговай ролi i сказала: «Я не разумею, як табе ўдаецца нiколi не паўтарыцца». У мяне нават дыханне перахапiла...
- У Купалаўскiм тэатры вы працуеце не так даўно?
- У 1982 годзе скончыў тэатральна-мастацкi iнстытут, курс Зiнаiды Iванаўны Браварскай. Працаваў у Брэсцкiм абласным таэтры, у Вiцебскiм тэатры iмя Я. Коласа, у Маладзёжным тэатры, на «Вольнай сцэне». I вось ужо пяты сезон - у Купалаўскiм.
- Дзе вы толькi не працавалi!..
- Быў яшчэ адзiн тэатр - эксперыментальнае творчае аб’яднанне («ЭТО»), якое ўзначальваў Мiкалай Студнеў, надзвычай цiкавы чалавек. Мастацкiм кiраўнiком тэатра драмы i камедыi была заслужаная артыстка Беларусi Нэлi Караткевiч. Мы самi сябе акуплялi, самi зараблялi на касцюмы, дэкарацыi.
... Удзячны лёсу, што ўсё так склалася, бо лiчу, што за 20 гадоў браў удзел ва ўсiх самых цiкавых падзеях, якiя адбывалiся ў айчынным тэатральным мастацтве.
Тэатр для мяне застаецца неспазнаным таiнствам. Нездарма кажуць: сiла тэатра... Удзячны людзям, якiя тут працуюць. I кожны раз, калi ёсць магчымасць, стараюся падзякаваць, асаблiва тэхперсаналу, за, на мой погляд, няўдзячную працу. Артыст - ён на сцэне, ён у святле, вакол яго ўсё верцiцца. I глядач не ведае, колькi людзей 8 гадзiн у дзень працуе сапраўды ў поце - умовы ў тэатры складаныя, праца маламеханiзаваная, усё ўручную... Касцюмерам чатыры паверхi ўнiз-уверх даводзiцца пераадольваць дзесяткi разоў на дзень. А з’яўляецца артыст i пачынае...
Кожны па-свойму настройваецца на спектакль, рыхтуецца да выхаду на сцэну. Ёсць артысты, якiя проста не могуць, каб не паганяць каго, не наладзiць разнос накшталт: чаму шнуркi не адпрасаваныя? Чаму чаравiкi стаяць насамi на той бок, а не на гэты i г.д. Людзi, якiя займаюцца тэхабслугоўваннем, шчыра любяць тэатр i артыстаў, таму што «выносiць» некаторых з нас часам немагчыма.
- У вас, мабыць, лёгкi характар?
- Па характару я не ўпiсваюся ў тэатральную атмасферу: свой сярод чужых, чужы сярод сваiх. Многiя знаёмыя прызнаюцца: «Вельмi складана паверыць, што ты артыст. Артысты - яны такiя халерыкi: а!..о!..а!..». Я па жыццi чалавек стрыманы. I ў працы стрыманы. Магу ўзарвацца, калi бачу, што нехта перашкаджае цi абыякава адносiцца да таго, чым мы займаемся пад дахам гэтага будынка. Тады я магу нагаварыць усяго, магу нават пабiцца.
- Вось як?..
-Быў выпадак...
- Акцёр - мужчынская прафесiя?
- Складана ў гэтай прафесii заставацца мужчынам. Вельмi шмат раздражняльных фактараў iснуе, i вельмi лёгка паддацца спакусе на кагосьцi накрычаць, натупаць нагамi, пакапрызнiчаць перад рэжысёрам («А я не буду гэтага рабiць, не хачу, мне не падабаецца!»). Захаваць мужчынскi пачатак у гэтым варыве складана. Але акцёрства - не столькi прафесiя, колькi дыягназ.
- Раскажыце, калi ласка, пра сваю работу ў Купалаўскiм тэатры.
- З 1998 года сыграў 14 роляў. Калi загадчык трупы склаў спiс, я i сам здзiвiўся... Кажу менавiта пра ролi, а не пра эпiзоды без слоў, масоўку. Гэта таксама ёсць. Нiхто, дарэчы, у тэатры iмя Янкi Купалы не цураецца выйсцi ў масоўцы. Нават народны артыст СССР Генадзь Паўлавiч Аўсянiкаў 45 хвiлiн амаль без слоў на спектаклi «Ромул Вялiкi» стаiць на сцэне дзесьцi на пятым плане. I не лiчыць гэта ганебным. I не лiчыць ганебным гадзiну накладваць грым перад спектаклем.
- Ёсць чалавек, якi з’яўляецца для вас абсалютным аўтарытэтам у прафесii?
- Народная артыстка Беларусi Зiнаiда Iванаўна Браварская. Гэта бездакорны аўтарытэт - не толькi для мяне. Зiнаiда Iванаўна заўсёды сачыла за лёсам сваiх вучняў. Калi яна магла чымсьцi дапамагчы, нешта параiць, падказаць, некуды патэлефанаваць, з кiмсьцi паразмаўляць - яна заўсёды рабiла гэта. Незвычайны чалавек!..
- Яна крытыкуе вас альбо заўсёды хвалiць?
- Яна не тое што крытыкуе - можа «размазаць па сцяне». Калi яна нешта катэгарычна не прымае ў прафесii, заўсёды адназначна, катэгарычна да гэтага ставiцца.
Калi я прыйшоў у тэатр, першая работа ў мяне атрымалася дзякуючы Браварскай... Пайшоў Лебедзеў са спектакля «Смех Лангусты» (захварэў), i Зiнаiда Iванаўна доўгi час сумавала, таму што гэта быў адзiн з яе любiмых спектакляў. Нечакана прапанавала ролю мне. Крыху здзiвiўся: персанаж «ва ўзросце» - дзесьцi пад 60. I рэжысёр спектакля Генадзь Давыдзька напачатку таксама быў у лёгкiм напружаннi. Але парэпецiравалi раз, другi... Прыкладна праз дзесяць рэпетыцый сыгралi прэм’еру, i прайшла яна - дзякуй Богу! - цудоўна.
- На жаль, я не бачыла вас у спектаклi. Вас «пастарылi»?
- Пафарбавалi валасы, i толькi... Мы вырашылi, што ўзрост - гэта непрынцыпова: чалавек, якi iснуе побач з такой асобай, як Сара Бернар, - не мае значэння, колькi яму гадоў. Там адносiны душ...
Так складваецца, што зараз я iграю ролю, якую ў «Ромуле Вялiкiм» выконваў народны артыст краiны Валерый Фiлатаў, ён таксама быў чалавек ва ўзросце, зусiм iншай фактуры...
- Больш складана, мабыць, iсцi па чыiмсьцi шляху (каб не паўтарацца, прапанаваць нешта сваё) - лягчэй мець права «першай шлюбнай ночы», выбудоўваць ролю ў працэсе нараджэння самога спектакля?
- Безумоўна. Але - данасць тэатра... У любым выпадку вельмi важна знайсцi свае фарбы, сваю iнтанацыю ў рэжысёрскiм малюнку спектакля i кожнай мiзансцэны. Быў у мяне складаны перыяд - прапанаваў Раеўскаму паспрабаваць мяне на ролю Вiтаўта ў спектаклi «Князь Вiтаўт». Ён быў у роспачы нейкi час... Але я сыграў гэтую ролю, хаця рэпетыцый вельмi мала было. З 14 роляў, якiя сыграў у Купалаўскiм, толькi шэсць рэпецiравалiся, прайшлi паўнацэнны працэс ад чыткi за сталом да сцэнiчных рэпетыцый, усё астатняе - гэта так званыя «ўводы», калi цябе, што называецца, кiдаюць у ваду - i ты альбо плывеш, альбо тонеш.
- Роля Кiма, мабыць, самая адметная ў вашай творчай бiяграфii?
- Iснуе такое паняцце, як «свая роля». Вельмi складана ў рэпертуары знайсцi блiзкага па духу, па разуменню, па ўзросту, па сацыяльнаму складу персанажа - такая работа трапляецца рэдка. «КIМ» - сапраўдны падарунак лёсу: за 20 гадоў працы на сцэне першы раз матэрыял быў такi блiзкi мне i настолькi зразумелы. Гэта тое, што я на свае вочы бачыў. I калi нават чаго не ведаў, дык здагадваўся.
- Вы сочыце за тэатральнымi публiкацыямi?
- Шчыра скажу: напрыканцы 80-х сачыў i атрымлiваў асалоду ад таго, што чытаў. Тыя публiкацыi можна было чытаць як мастацкiя творы - гэта было цiкава. Зараз... Дарэчы, мяне здзiвiла - я чытаў у некалькiх выданнях крытычныя водгукi па афармленню, аздабленню, рэжысёрскаму вырашэнню «КIМа». Катэгарычна не магу пагадзiцца, што ўсё гэта прымiтыўна, як быццам «ад беднасцi»... Я не разумею: няўжо людзi, прафесiйна падрыхтаваныя, не зразумелi, што гэта гiпербала? Што Гарцуеў прынцыпова так вырашыў зрабiць?.. Таму што 100-доларавыя купюры ў нас значна большыя, чым на самай справе. I страсцi, якiя кiпяць, - гэта не бытавая разборка, а цэнтральны ход спектакля. Мы наўмысна робiм гэта так балюча, так гучна, - каб людзi звярнулi ўвагу на тое, што адбываецца навокал.
- Цi не зашмат шуму? Так хочацца хоць крышачку цiшынi, славутай тэатральнай паўзы...
- Магу з вамi пагадзiцца ў тым плане, што, магчыма, варта было знайсцi месца i для прынцыповай паўзы... Але, даруйце, ёсць рознiца: прафесiйна падрыхтаваныя гледачы, вы людзi iншай касты, вы iснуеце iнакш, у вас iншае ўспрыманне. Просты глядач больш марудна думае - i мы хочам абудзiць яго думку. Здаецца, у Любiмава так пачынаўся спектакль: выходзiлi некалькi артыстаў на авансцэну, зараджалi ружжы i стралялi ў глядзельную залу... Хачу, каб вы зразумелi, пра што я кажу: праблема, пра якую напiсаў Дудараў, - нявыдуманая, яна iснуе. Улада грошай нараджае трагедыi, якiя вось-вось захлiснуць, як наркотыкi, нашу зямлю. I калi мы не будзем прыпыняць людзей...
- Дык, можа, варта было праз трагедыю сказаць пра гэта?
- Магчыма... Дудараў напiша трагедыю - мы яе паставiм.
- Каралёў Iгар Мiхайлавiч, якога вы iграеце, станоўчы герой? Нiяк не магу разабрацца...
- Лiчу, што няма адказу на гэтае пытанне. I сам для сябе я яго так i вырашаў... Не iснуе людзей цалкам станоўчых цi адмоўных: нават на сонцы ёсць плямы.
- Iаселiянi, вядомы рэжысёр, перакананы, што прафесiя акцёра «сцiрае асобу» - адбываецца гэта ад доўгай эксплуатацыi iндывiдуальных чалавечых якасцяў. I iншы пункт гледжання: Станiслаўскi гаварыў, што калi акцёр - не асоба, дык яго трэба гнаць з тэатра (праўда, Немiровiч-Данчанка пярэчыў: тады ўвогуле прыйдзецца закрыць тэатры). Хто мае рацыю? Акцёр - ён толькi «iнструмент» або творчая асоба?
- У акцёрстве, як i ў жыццi, - людзi розныя. Па ўзроўню валодання прафесiяй, ступенi таленту, душэўных якасцях. Галоўны чалавек у тэатры - рэжысёр, гэта ён вынаходзiць, прыдумвае, вырашае спектакль. Калi рэжысёр - таленавiты, прафесiйны чалавек, ён выкарыстоўвае менавiта тую якасць акцёра, якая яму патрэбна. Ёсць акцёры-асобы - i ёсць акцёры, якiя... мне незразумелыя: бязвольныя, бесхарактарныя, беспрабудныя п’янiцы.
- А вы, дарэчы, не ўжываеце?
- Не знаходжу ў гэтым асалоды.
- Рэдкi акцёр!..
- У мяне наогул больш сяброў-жанчын, чым сяброў-мужчын. Мне з мужыкамi сумна: яны ў асноўным гавораць пра тое, пра што я ўсё ведаю. Пра работу цi пра жанчын... А з жанчынамi можна гаварыць аб усiм.
- Гераiня рамана «Тэатр» Маэма, размаўляючы з людзьмi, часта лавiла сябе на думцы: «У якой п’есе я гэта гаварыла?». Вы карыстаецеся фразамi з роляў у будзённым жыццi?
- Можа, гэта i сакрэт, але раскажу. У межах тэатра памiж сабой - вельмi часта. Рэплiкi, якiя ва ўсiх, што называецца, у вушах, мы выкарыстоўваем для падтрымання размовы, для звязкi (замест мацерных слоў, якiя выкарыстоўваюць людзi на вулiцы)... Гэта нас неяк сагравае, яднае, мы разумеем адзiн аднаго. Потым, ёсць зусiм цудоўная купалаўская «трасянка», на якой размаўляюць памiж сабой артысты. Гэта не лiнгвiстычная трасянка, а хутчэй эмацыянальная.
- Дык, значыць, па гэтай прычыне на Купалаўскай сцэне такая кепская беларуская мова?
- Не, гэта вынiк моўнай палiтыкi, якая праводзiцца ў дзяржаве i дае свой плён. Людзi думаюць па-руску: моладзь, нават сярэднее пакаленне.
- Вы не лiчыце сябе маладым акцёрам?
- Не...Хаця я добра захаваўся! (Смяецца.) Мяне вельмi расстроiў сябра, калi тым летам на маiм 40-годдзi пастукаў мяне па плячы: «Вiншую, пяты дзесятак пачаўся...» I тут мне зрабiлася сумна, я адчуў, што гэта ўжо не 40, а пяты дзесятак...
- У грамадскiм уяўленнi акцёры - людзi «любвеобильные». Хiба не?
- Не буду хаваць: так!.. Толькi давайце не будзем пра асабiстае. Магу адно сказаць: мне пашанцавала, я закаханы чалавек.
- Лягчэй працуецца, калi каханне раздзеленае цi нешчаслiвае?
- А вы ведаеце шмат прыкладаў раздзеленага кахання?.. Я iх не ведаю.
- Але ж вы iграеце ў спектаклi!
- Ну, гэта ж казка!.. Усё, што адбываецца ў тэатры, - казка. Калi не будзе iлюзiй, глядач пойдзе расчараваны. Ён, мне здаецца, iдзе ў тэатр менавiта па гэта, бо ўсё астатняе ён 24 гадзiны ў суткi 365 дзён у год мае дома, у сваiм жыццi.
- Можна запярэчыць: штодня людзi сядзяць ля тэлевiзараў i сочаць за «мыльнымi операмi». I гэтае ж - у тэатры... Вам прыемна, калi жанчыны дораць кветкi?
- Хiба я дурань - канешне, прыемна! Прыемна, калi студэнткi спыняюць у метро, дастаюць залiковыя кнiжкi i просяць, каб я распiсаўся... Прыемна было, калi пасля прэм’еры спектакля «Смак яблыка» (гэта было лета, чэрвень) ужо амаль усе артысты разышлiся, я стаяў i смалiў ля службовага ўваходу - падышла жанчына i галiнку бэзу прымацавала да ручкi службовага ўваходу. I пайшла... Вось гэта мяне кранула.
- Якi камплiмент вы гаворыце жанчынам часцей за iншыя?
Пасля доўгай паўзы:
- Ну, вы мяне загналi ў тупiк!..
- Вы наогул не гаворыце камплiменты жанчынам?
- Не.
- Гэта ваш «прыёмчык»?
- Калi шчыра, ад душы - я заўсёды добрае слова скажу. А калi трэба гаварыць менавiта камплiмент, то мяне гэта... ну, плюшчыць мяне!
- На сцэне вы амаль атлет... Займалiся спортам?
- Я займаўся ўсiм, што мне падабалася. Дзякуй бацькам, яны не шкадавалi грошай на музыку (я займаўся фартэпiяна), нiколi нi ў чым не абмяжоўвалi. Я займаўся акрабатыкай, потым «захварэў» футболам - пайшоў займацца футболам. Потым парусным спортам... Але нiколi не ставiў мэты дасягнуць нейкiх вышынь: мне проста было цiкава.
- Якi для вас самы сумны занятак?
- Нiчога не рабiць. У мяне няма часу на гэта... Але калi выпадае такая гадзiна, я проста не ведаю, куды мне сябе падзець. Святы, калi прыпадае 3-4 днi, калi няма рэпетыцыi ў тэатры, нiчога не здымаецца - гэта жахлiва. Я не цураюся нiякай працы. Калi на нейкi час я вольны (творчы прастой), магу займацца будаўнiцтвам, магу купiць дабiтую машыну i адрамантаваць яе...
- О, дык вы шмат чаго ўмееце!
- Калi чалавек кажа «не ўмею», ён хлусiць, - гэта маё глыбокае перакананне. Таму што чалавек не можа не ўмець - ён проста не хоча. Гэта iншая справа...
- У Купалаўскiм захавалася традыцыя ў Дзень тэатра наладжваць капуснiкi?
- Сёння пройдзе капуснiк, яго рыхтуе цудоўная моладзь, якая прыйшла ў калектыў у апошнiя гады. Гэта таленавiтыя людзi, яны не «адбываюць нумар» у тэатры, яны няўрымслiвыя, iмкнуцца заявiць пра сябе...
- Дзякуй за гутарку i - са святам!

«Звязда»от 27 марта 2002 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.