Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫМИВАН МАЦКЕВИЧ

Мацкевич Иван Иванович  Мацкевич Иван Иванович 
    У кіно «гуляюць»
    сапраўдныя мужчыны

     Анатоль Валодчанка

Акцёрскі лёс артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Івана МАЦКЕВІЧА неаднамерны. З аднаго боку, відавочная запатрабаванасць акцёра і ў родным тэатры, і ў кіно, дзе ён сыграў больш чым у сямідзесяці стужках. З другога боку, народнае прызнанне і любоў не выліліся ў даўно заслужаныя ім званні. Але сам ён, напярэдадні 60-гадовага юбілею падсумоўваючы плён пражытага і здзейсненага, галоўным лічыць той факт, што людзі пазнаюць яго ў самых розных кутках былога Саюза і дзякуюць за той ці іншы фільм».

- Іван Іванавіч, дазвольце пачаць гаворку з традыцыйнага пытання: што падштурхнула вас да выбару акцёрскай прафесіі?
- Папраўдзе, я падаваў дакументы ў мараходнае вучылішча, але захварэў і не здаваў экзамены. Потым перайшоў у вячэрнюю школу, пайшоў працаваць на Баранавіцкі завод буддэталей. І вось там адзін знаёмы падбіў на тое, каб паступаць у тэатральны. І, як часта здараецца, яго не ўзялі, а мяне залічылі на першы курс.
- Шчаслівы выпадак?
- Выпадак, але не выпадковасць. Натуральна, тут сыграла сваю ролю і маё вялікае захапленне кіно. Магчыма, і не пайшоў бы ў тэатралку, калі б не Урбанскі, які ў гэты час ззяў у «Камунісце» і «Чыстым небе». Мы імкнуліся быць падобнымі да свайго куміра: я шмат займаўся спортам, насіў прычоску «пад Урбанскага» і да таго падобнае.
- Які момант у сваёй кар’еры вы б назвалі паваротным, своеасаблівым «зігзагам удачы»?
- Напэўна, іх было некалькі. Пасля размеркавання я патрапіў у Брэст. Іграў там вельмі шмат у самым розным рэпертуары: ад дзіцячых казак да Шылера. І вось аднойчы да нас прыехаў Валерый Панамароў - асістэнт Нікіфарава, які ў той час здымаў «Хлеб пахне порахам». Неўзабаве мяне выклікалі на пробы. Вядома, я вельмі хацеў зняцца ў кіно і адпаведна «плюсаваў» бязбожна. І ўсё ж зноў пашанцавала: мяне зацвердзілі.
- Ці цяжка было прызвычаіцца да спецыфікі кіназдымак?
- Спачатку я правёў тыдзень у Даўгаўпілсе, дзе мяне прывучалі трымацца ў сядле, чаго патрабавала роля. А потым наш цудоўны аператар Эдуард Садрыеў ледзьве не чарціў мне схему здымачнай пляцоўкі і тлумачыў, дзе, як і што трэба рабіць.
- Ці змянілася што пасля гэтай працы ў кіно?
- Магло змяніцца, прычым кардынальна. Тады ў Мінску ствараўся Тэатр-студыя кінаакцёра, і мне прапанавалі месца ў штаце. Але мы з жонкай, абмеркаваўшы прапанову, вырашылі, што кіно - гэта не надта надзейна, і не паехалі. У выніку пераезд з Брэста ў Мінск заняў у мяне 13 гадоў.
Але плён, вядома, быў. Мяне запрасілі здымацца на Адэскую кінастудыю ў фільме «Нянавісць» паводле сцэнарыя Эдуарда Валадарскага і Мікіты Міхалкова. Сцэнарый быў шыкоўны, адзін з першых нашых баевікоў. Там былі тры браты: сярэдні - чырвонаармеец, малодшы - махновец і старэйшы(мой герой) - натуральна, белагвардзеец. Пробы прайшлі добра, прынамсі, у мяне ўжо быў досвед працы з канём.І тут высветлілася, што мяне не хочуць адпускаць у тэатры. Праўда, дырэктар урэшце здаўся, канфлікт улёгся, адздымаўся я цудоўна і перакананы, што калі б я гэтага не зрабіў, мы б з вамі тут не размаўлялі. Пасля ж пайшлі новыя запрашэнні і новыя стужкі.
- Як вы лічыце, з распадам Саюза магчымасцей для здымак стала больш ці менш?
- Сёння жыццё іншае, магчымасцей значна больш. Гэта мне пашанцавала, а так здымацца раней было вельмі цяжка.
- Ці згодны вы з тым, што роля акцёра ў сучасным тэатры адыходзіць на другі план?
- У добрых спектаклях заўсёды на першым месцы - акцёр. Ды і наогул акцёр заўсёды першы. Гэта не я прыдумаў, гэта прызнаюць і самі рэжысёры.
Мне падаецца, што мы зараз патроху вяртаемся да акцёрскага тэатра.
- За вашу тэатральную і кінакар’еру вам давялося працаваць з рознымі рэжысёрамі. Якая з рэжысёрскіх школ вам бліжэй?
- Насамрэч, усе рэжысёры - дыктатары, акцёр - прафесія залежная. Мне пашчасціла працаваць з многімі выдатнымі рэжысёрамі: Пташук, Нікіфараў, Герман, Палока - усе яны розныя, але ўсе - дыктатары. Аляксей Герман - геніяльны дыктатар: ён з нас жылы выцягваў, не глядзеў ні на надвор’е, ні на што, дамагаўся ад нас таго, што хацеў. «Калі ўжо вы прыйшлі да мяне, калі вы хацелі працаваць, дык давайце працаваць. Гэта - ваша прафесія», - казаў ён. Я здымаўся ў яго на працягу пяці гадоў і здымаўся б яшчэ з задавальненнем, бо гэта была цудоўная школа. Яго рэжысура прынцыпова адрозніваецца ад нашай тэатральнай. Перабудоўвацца да ўмоў новай эстэтыкі было няпроста, Герман нават звычайна даваў мне дні чатыры на, так бы мовіць, «акліматызацыю».
- Як вы ставіцеся да таго, што многія нашы акцёры вымушаны здымацца ў расійскіх серыялах не першай свежасці проста дзеля грошай?
- Трэба працаваць і дзеля грошай, бо мы - прафесіяналы і гэтым зарабляем на жыццё. Так, серыялы здымаюцца па іншых законах, чым кіно: тут галоўнае - вытворчасць. Але гэта нашы прапанаваныя абставіны. І нашы акцёры ў гэтых фільмах выглядаюць значна лепш за маскоўскіх, бо ім неабходна заявіць пра сябе.
- І ўсё ж, што ў вашым жыцці на першым месцы: кіно альбо тэатр? Ці, наогул, не варта іх параўноўваць?
- Мне падаецца, што кіно - гэта больш для мужчын. Паехаць некуды здымацца, кінуць на нейкі час усё - ёсць у гэтым пэўная рамантыка. Тэатр - справа больш ціхая, «сямейная». Кіно - гэта і папулярнасць, і матэрыяльны заробак, бо тэатральныя зарплаты не надта вялікія. У тэатры ёсць працяглы працэс рэпетыцыі, мы доўга размаўляем, выбудоўваем вобраз. У кіно ж трэба разважаць значна хутчэй, далі ролю - іграй. Калі не паспяваеш ты, дык знойдуцца іншыя. І гэта добрая школа, гэта выхоўвае пэўную гнуткасць рэакцыі і ўспрымання. Наогул, калі ў акцёра шмат роляў у тэатры і пры гэтым ёсць магчымасць здымацца ў кіно - гэта найлепшае, чаго можна жадаць.

«Культура», № 14 (780) от 7 апреля 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.