Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫМВИКТОР МАНАЕВ

Манаев Виктор Сергеевич
Фото Олега Сильвановича
 Манаев Виктор Сергеевич 
    Вiктар Манаеў,
    акцёр Купалаўскага тэатра:
    «Тэатр - тая ж грамадская сталоўка,
    дзе могуць i атруцiць...»

     Iрына Завадская

Iснаванне такой нематэрыяльнай рэчы, як гiпнатычны дар акцёра, амаль бясспрэчна прызнаюць людзi, ад мiстыкi вельмi далёкiя - крытыкi, тэатразнаўцы, ды i самi акцёры, што заўжды iнтуiтыўна адчуваюць, калi атрымлiваецца наладзiць кантакт з залай. Гэта цяжка вытлумачыць словамi, але калi Вiктар Манаеў (у якога, здаецца, аднадушна закахана ўся сталiчная публiка) з'яўляецца на сцэне, узнiкае нейкая асобая атмасфера, што дапамагае гледачу падсвядома адчуць сябе часткай дзеяння, ледзь цi не ўдзельнiкам спектакля... Пасля iнтэрв'ю з iм мне нечакана захацелася схавацца дзе-небудзь у цiхай заценi дрэў - i я выправiлася ў парк, бо так шкада было згубiць на шматлюдных вулiцах з iх заўсёднай мiтуснёй тое крыштальнае пачуццё гармонii, што з'явiлася ў мяне ўсяго толькi ад размовы з гэтым чалавекам... падобным на празрыстую восеньскую мелодыю ў светлым мiноры.

- Што вызначае поспех акцёра? - разважае Вiктар. - Напэўна, перш за ўсё - наяўнасць таленту, што нiякiм чынам не залежыць ад матэрыяльных умоў. Магчыма, хтосьцi запярэчыць - маўляў, калi тэатр мае ў распараджэннi вялiкiя грошы, значыць, здольны рабiць больш шыкоўныя пастаноўкi. Але шыкоўныя пастаноўкi - яшчэ не паказчык якасцi. Нездарма славуты iканапiсец Феафан Грэк сцвярджаў: «Сапраўдная прыгажосць - без пярэстасцi». Магчыма, якi-небудзь тэатр на Захадзе можа дазволiць сабе галаграфiчныя дэкарацыi, але чамусьцi два акцёры на немудрагелiстым дыванку кранаюць душу нашмат мацней... Талент ужо сам па сабе вялiзнае багацце, i калi Бог у шчодрасцi сваёй цябе iм узнагародзiў, неверагоднае нахабства патрабаваць яшчэ i матэрыяльнага дабрабыту за тое, што атрымаў зусiм дарма. Дарма атрымаў - бескарысна аддавай, так нават у Бiблii сказана. Калi акцёр абураецца, што працуе, не шкадуючы сябе, выкладваецца з апошнiх сiл - i не атрымлiвае за тое грашовай кампенсацыi, дык заўсёды ж ёсць выбар! У свеце столькi больш прыбытковых прафесiй... Такiм чынам, поспех акцёра вызначаецца не толькi мерай таленту, але i мерай любовi, а любоў - гэта заўжды самаахвяраванне. Сцэна ўзвышаецца над залай, але акцёр на сцэне не павiнен узвышацца над публiкай, бо ён - плоць ад плоцi яе, на гэта нельга забывацца.
- Значыць, талент - ужо гарантыя прызнання?
- Не зусiм. Што датычыць акцёрскай прафесii (а гэта вельмi залежная прафесiя) - тут патрэбна спалучэнне многiх умоў. Па-першае, важна трапiць у сур'ёзны тэатр, не менш важна сустрэцца з добрым рэжысёрам. Мне пашанцавала з самага пачатку. Яшчэ ў iнстытуце я сустрэўся з двума таленавiтымi настаўнiкамi-рэжысёрамi: Вiкторыяй Казловай i Андрэем Андросiкам. I на самыя першыя ролi пашанцавала - у дыпломным спектаклi паводле Чэхава я iграў унтэра Прышыбеева i Ломава. Пасля мастацкага савета мяне запрасiлi ў Купалаўскi тэатр, хоць я i заканчваў лялечнае аддзяленне тагачаснага тэатральна-мастацкага iнстытута. Вялiзнай удачай лiчу i тое, што за 20 гадоў працы ў тэатры пашчасцiла пазнаёмiцца з Мiкалаем Пiнiгiным - пэўна, урэшце рэшт так павiнна было адбыцца. Супрацоўнiцтва з гэтым рэжысёрам я згадваю як самыя шчаслiвыя iмгненнi ў маiм жыццi.
- А вам самому нiколi не хацелася паспрабаваць сябе ў якасцi рэжысёра?
- Гэта вельмi сур'ёзная i складаная прафесiя. I надзвычай адказная. Трэба дбаць ужо не толькi пра сябе, а быць яшчэ i добрым адмiнiстратарам... Магчыма, калi-небудзь я адважуся на гэта, але заўтра - наўрад цi.
- Сярод вашых шматлiкiх роляў, напэўна, ёсць любiмыя...
- Любiмых роляў шмат - Лёнька-Адуванчык з «Радавых» Дударава, Мiкiта Зносак, безумоўна, Норман у «Касцюмеры», Iван з «Art»... I роля ў «Беднай Лiзе», хоць i вельмi iранiчная, але iграць яе - заўжды вялiкае задавальненне. Зрэшты, згадваць усе свае любiмыя ролi, напэўна, несумленна ў дачыненнi да роляў iншых - па-свойму яны ў мяне ўсе любiмыя, у тым лiку i зусiм невялiкiя.
- Сярод вашых герояў хапае iранiчных персанажаў. А вы самi - iранiчны чалавек?
- Не думаю. У звычайным жыццi я не люблю iранiзаваць. I кпiць нi з каго не люблю.
- Вы адмяжоўваеце сябе ад створаных вобразаў?
- На сцэне - нiколi. Без ужывання ў ролю акцёру нельга. Хiба можа глядач паверыць у рэальнасць твайго героя, калi ты сам у гэта не верыш? Вядома, якое б натхненне не апаноўвала цябе падчас спектакля, павiнен быць i моцны кантроль за сабой, за сваiм целам, тварам, голасам, каб яны былі паслухмянымi iнструментамi твайго розуму, i ў той ступенi, наколькi гэта неабходна для пэўнай ролi... Трэба давяраць i свайму целу, каб рухi на сцэне былi натуральнымi.
- Напэўна, увесь час неабходна клапацiцца аб тым, каб трымаць сябе ў належнай форме?
- Безумоўна. Праўда, не пры дапамозе ранiшняй зарадкi - зарадку я не раблю. На драматычнай сцэне мускулы культурыста не патрэбны, гэта перашкаджае тонкай пластыцы. А вось зарадка душы - зусiм iншая справа. Усё, што адбываецца з табой у жыццi - добрае, дрэннае, страшнае, - трэба свядома прымаць, не хавацца, не адмяжоўвацца нi ад чаго, не спрабаваць сябе засцерагчы. I праз рэальныя перажываннi, нават пакуты трэнiраваць свае пачуццi. Калi акцёр хоча прымусiць гледача суперажываць свайму герою (а ён не можа не хацець гэтага), то мусiць перш за ўсё сам суперажываць яму, адчуваць яго пачуццямi, фактычна - перажытымi сваiмi. Катэгарычна адмоўных персанажаў на сцэне быць не павiнна, бо катэгарычна адмоўных людзей у рэальным жыццi не бывае. Iншым разам якiм бы не зусiм прывабным нi выглядаў мой касцюмер Норман - выпiвака, iстэрык, апантаны тэатрам i сэрам Джонам, якiх лiчыць за ўласнасць, ён - фiгура трагiчная, перш за ўсё гэтай сваёй апантанасцю, i таму варты жалю. Як варты жалю любы фанатык з няўдалым лёсам... Акцёрскi талент мае на ўвазе тонкую душу, якая менавiта перажываннямi i неабыякавасцю да людзей i выхоўваецца.
- Калi я правiльна зразумела, талент акцёру даецца абавязкова «ў камплекце» з пакутамi, ад якiх пры ўсiм жаданнi не засцерагчыся, бо так прадвызначана...
- Але толькi падобным чынам можна ўзняцца на прыступку вышэй да Бога - i дапамагчы духоўна ўзвысiцца сваiм гледачам... У старажытнасцi акцёраў не хавалi на могiлках, бо першым акцёрам быў Д'ябал, i тэатр лiчыўся д'ябальскiм вынаходнiцтвам, таму што быццам бы разбэшчваў розум, усыпляў яго сваiм бляскам... I ўсё ж тэатр мае права на iснаванне - праўда, толькi ў тым выпадку, калi ён - сродак дабрынi i надзеi. У студэнцкiя гады я бачыў цудоўны спектакль «Далей - цiшыня» з Ранеўскай i Плятам у галоўных ролях (дзеля гэтага мы спецыяльна ў Маскву ездзiлi). Спектакль пра каханне двух немаладых людзей. Пра сапраўднае, рэальнае каханне - гэта было ўзрушэннем. Тэатр зрабiў бачным тое, на што ў звычайным жыццi мы наогул не звяртаем увагу, паказаў нам, сляпым, наколькi гэта цудоўна... Увогуле, тэатр можа быць лепшым за жыццё - у жыццi шмат наблытана, накручана, менавiта на сцэне акцёры часцей за ўсё перажываюць свае самыя шчаслiвыя хвiлiны.
- А як жа каханне - артысты ж вельмi эмацыянальныя людзi?..
- Гэта дзiўная прафесiя, якая накладвае адбiтак i на асабiстае жыццё. Я заўважаў такi парадокс: чым больш акцёра любяць гледачы, тым больш нешчаслiвы ён у асабiстым плане. Але да захаплення публiкi нельга прывыкаць, бо гэтая надзвычай небяспечная прафесiя, як нiякая iншая, яна правакуе ўсё тое, ад чаго любы чалавек мусiць бегчы, як ад агню, - славалюбства, гордасць, высакамернасць. Без малiтвы, без веры тут проста немагчыма застацца жывым. У духоўным сэнсе.
- Вы так часта згадваеце Бога...
- Я ва ўсiм прызнаю Божае кiраўнiцтва i за ўсё яму ўдзячны - нават за хваробы i пакуты, бо перакананы: заўжды адбываецца толькi тое, што павiнна адбывацца. Наш лёс - вынiк нашых адносiн да Боскай волi. I яшчэ я веру, што жыццё не заканчваецца пасля смерцi - iнакш усё навокал было б недарэчным i бессэнсоўным.
- А цi здаралася вам удзельнiчаць у пастаноўках, менш разумных за вас?
- Скажу iнакш - у пастаноўках, прасцейшых за мяне. Звычайна i ў гледачоў падобныя спектаклi поспехам не карысталiся. Але да агiднасцi нiколi не даходзiла, у такiх выпадках я iмкнуўся культываваць у сабе цярпенне. Урэшце, нават у пляскатым персанажы можна знайсцi нешта цiкавае i паспрабаваць зацiкавiць iм публiку. У душы сваёй кожны акцёр мусiць быць цэнзарам, у некаторых выпадках нават насуперак рэжысёру, каб не сапсаваць густ гледачоў i ў вынiку захаваць уласную душу. Бо тэатр, па сутнасцi, тая ж грамадская сталоўка, толькi тут прапаноўваюць харч не для страўнiка, а для душы. I па неасцярожнасцi таксама могуць атруцiць...
- А чаму менавiта сталоўка, а не рэстаран?
- У рэстаране могуць любую лухту так упрыгожыць... А ў сталоўку ходзяць па надзённае. Адначасова з патрэбай у ежы ў чалавека ёсць не менш надзённая патрэба, каб у яго ўсялiлi веру ў дзень заўтрашнi - i тэатр здольны (i абавязаны) гэта зрабiць. Урэшце, калi Бог дазваляе акцёрам iснаваць - у гэтым ёсць свой сэнс.
- Цiкава, а ў дзяцiнстве вы адрознiвалiся ад сваiх аднагодкаў?
- На жаль, адрознiваўся... У футбол не гуляў, за катамi не ганяўся. Вельмi любiў казкi - мацi абавязкова чытала мне казкi перад сном. Я па 10 разоў перагледзеў усе фiльмы-казкi, што iшлi ў той час - «Марозка», «Мар'я-рукадзельнiца», «Стары Хатабыч». Потым усе тыя казкi, што бачыў, паказваў у сваiм двары з балкона (мы жылi на другiм паверсе) - лялькi рабiў з самых неверагодных матэрыялаў. I яшчэ з сябрамi iх разыгрываў (атрымлiваецца, што рэжысёрам я ўжо быў)... Потым з адной аб'явы даведаўся, што лялечны тэатр запрашае для ўдзелу ў спектаклях юнакоў - так упершыню паспрабаваў сябе на сапраўднай сцэне. Лялечнай. У ролi мышаняцi без слоў.
- А першае сваё тэатральнае ўражанне памятаеце?
- А як жа! У 66-м годзе сястра павяла мяне ў ТЮГ на «Прыгоды Бурацiна». Я i зараз у захапленнi ад гэтага спектакля. Было паказана неверагоднае вiдовiшча - тады вельмi сур'ёзна ставiлiся да дзiцячых спектакляў. Там усё было сапраўднае - сапраўднае балота, дзе жыла Тарцiла, сапраўднае палена, з якога абсалютна незразумелым чынам «нараджаўся» Бурацiна. Па зале бегалi слугi Карабаса Барабаса, раскiдваючы лiстоўкi - гэта было грандыёзна!.. А сучасныя ўмоўныя дэкарацыi ў дзiцячых спектаклях я не разумею - у дзяцей багатае ўяўленне, але казкi для iх павiнны быць як мага больш рэальнымi, каб усё можна было памацаць.
- Вы так пластычна рухаецеся на сцэне - быццам унутры ў вас гучыць нейкая мелодыя. А якiм-небудзь музычным iнструментам валодаеце?
- Неяк не паспеў авалодаць - i мне гэта вельмi перашкаджае. Хаця ў iдэале хацелася б навучыцца iграць на фартэпiяна. Мне здаецца, што гэта самы выйгрышны iнструмент для музыканта: багата i гукаў, i адценняў гукаў, да таго ж, настрой музыкi можа быць выражаны ўсёй iстотай. Бо не толькi рукi ствараюць музыку.
- Кажуць, што пасля прэм'еры многiя акцёры адчуваюць дэпрэсiю...
- Не ведаю... Сумнавата бывае - доўгi час ты зжываўся з персанажам, спрабаваў зразумець яго, адчуваў, як з кожнай рэпетыцыяй ён робiцца ўсё большай часткай тваёй асобы - i вось працэс заканчваецца. Для мяне, дарэчы, самы цяжкi момант - паклоны пасля спектакля: вельмi няпроста раптоўна зрабiцца iншым чалавекам, няхай нават сабой. Але калi адчуваеш, што дыялог з гледачом атрымаўся (а не адчуць гэта немагчыма), гэта такое шчасце!.. А дзе шчасце - дэпрэсii месца няма.
- Хачу зноў вярнуцца да матэрыяльнага пытання. Многiя акцёры сёння не абмяжоўваюцца адной сваёй прафесiяй - на акцёрскую зарплату жыць складана...
- А я нiчога iншага рабiць не ўмею. Хiба што супрацоўнiчаю з Беларускiм радыё: вяду музычныя перадачы i амаль 20 гадоў чытаю дзецям казкi...

«Чырвоная змена», № 70-71 от 6 мая 2000 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.