Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫМВИКТОР МАНАЕВ

Манаев Виктор Сергеевич
Фото Юрия Иванова
 Манаев Виктор Сергеевич 
    Сваё слова
     Таццяна Команава

«...А можна без інтэрв’ю?.. Вось літаральна зараз іду ўжо восьмае даваць... - пачула я ў тэлефоннай трубцы голас Віктара Манаева. - Не люблю ўсе гэтыя юбілейныя размовы. Наўрад ці каму цікава ў каторы раз слухаць «з чаго ўсё пачыналася» і «якая мая любімая страва...» Так мой намер душэўнай размовы з акцёрам застаўся ўсяго намерам. А можа, у гэтым ёсць свая рацыя? Гаварыць добрыя, цёплыя словы пра сябе юбіляру, бадай, не выпадае.

Зрэшты, гледзячы на Віктара Манаева, называць яго юбілярам не паварочваецца язык: звычайна падобнае «найменне» прадугледжвае пэўную знешнюю стрыманасць, ужо прыкметную запаволенасць рухаў і ацэнак, адчуванне ўласнай важнасці і значнасці. У Манаева замест усяго гэтага юбілейнага «набору» - надзвычайная жыццёвая сціпласць. Здаецца, ён не спяшаецца сказаць, выкрыкнуць пагучней «сваё слова» ані ў жыцці, ані на сцэне: той, хто мае вушы, - пачуе. А між тым, словы, сказаныя ўнутрана праўдзіва, шчыра і без залішняга, нікому не патрэбнага павучальніцтва, вельмі часта становяцца не толькі пачутымі, але і лёсавызначальнымі.
Так, сам таго не ведаючы, Віктар Манаеў у свой час вызначыў... мой асабісты лёс.
На пачатку 90-ых гадоў я, правінцыйная дзяўчына, трымаючы ў руках дыплом аб заканчэнні школы, вырашала, куды пайсці вучыцца. Старанна «пераворвала» сталічныя ВНУ, і аднойчы вечарам, у перапынку паміж сваімі захадамі, каб неяк заняць вольны час, амаль выпадкова патрапіла ў Купалаўскі тэатр. Ішлі «Тутэйшыя», дзе ў ролі Мікіты Зносака на сцэне быў Віктар Манаеў... І ўжо праз няпоўныя тры гадзіны я цвёрда ведала, што жыццё сваё хачу звязаць з тэатрам.
На некалькі гадоў «Тутэйшыя» сталі маім улюбёным спектаклем, і ў першую чаргу - дзякуючы акцёрскай харызме Віктара Манаева. Ён трымаў залу не толькі бліскучым і вывераным знешнім малюнкам ролі.
Непрыхаваная сатырычнасць у абмалёўцы героя надзвычайным чынам спалучалася з ягонай абаяльнасцю, у выніку чаго наша глядацкая іронія ў дачыненні да Зносака паступова афарбоўвалася і ноткамі шчымлівай кранальнай спагады да гэтага наіўнага чалавечка. З надзвычайнай відавочнасцю гэты «задні план» выявіўся для мяне на 10-гадовым юбілеі спектакля: не без здзіўлення адзначыла, наколькі хвалююча і балюча, пры цалкавітым захаванні знешняга малюнка спектакля, з-пад зацёртых палітычных дэкларацый праступіла трагедыя чалавека, які не наважваўся падавацца ў барацьбіты, а проста хацеў спакойна, мірна жыць...
Потым была «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча, дзе Манаеў сыграў ролю франкаманістага Яна Губача, які проста-такі купаўся ва ўласнай манернасці і пазёрстве. А сярод іншых роляў акцёра, дарагіх асабіста мне, - Гаральд у спектаклі «Гаральд і Мод», дзе яго партнёркай была Стэфанія Станюта, - гісторыя пераадольвання маладым чалавекам свайго ўнутранага душэўнага цынізму і нелюбові да навакольнага свету. І зараз разумею, што не толькі гэтыя, але кожны з персанажаў Віктара Манаева, кожная яго роля ці то ў тэатры, ці то ў кіно, - гэта жаданне навучыць людзей любіць навакольны свет і ўсіх тых, хто яго насяляе. Умець шкадаваць, а значыць - прымаць жыццё без прэтэнзіі на «перастварэнне» людзей наноў.
Як падлічыць прафесійную паспяховасць і запатрабаванасць акцёра? Па колькасці сыграных ім роляў ці па колькасці вобразаў, што «запалі» ў душу гледачоў? Сілюся ўзгадаць хоць адну з «прахадных» роляў Манаева і - не магу, бо кожная з яго акцёрскіх работ - стрэл «у дзесятку». А вось з колькасцю... Сапраўды, Манаеў - адзін з тых акцёраў, чыйго выхаду на сцэну гледачы чакаюць як пэўнай зарукі поспеху спектакля. Ён гэта ведае, і спаўна дорыць гледачам спраўджанне іх чаканняў. У невялічкай ролі Жабрака ў «Сымоне-музыку» ён на працягу дзесяці-пятнаццаці хвілін так «раскручвае» залу, што гледачы забываюцца нават пра галоўнага героя... Скажаце, акцёр цягне коўдру на сябе? Ды не, усяго толькі - дэманструе нам той амаль страчаны сёння ўзровень акцёрскай прафесіі, дзе нязмушанасць, знешняя прастата і зразумеласць сцэнічнага існавання спалучаюцца з глыбінным, амаль біялагічным, адчуваннем энергетыкі спектакля. Дзякуючы чаму мы, гледачы, аказваемся на хвалях гэтай стыхіі і адчуваем, як яны нясуць нас у нязведаным яшчэ кірунку, да новых берагоў...
Адуванчык у «Радавых», той самы, за ролю якога Віктар Манаеў у свой час атрымаў прэмію Ленінскага камсамола, - хранічна няўдачлівы ў сваёй жыццёвай вяртлявасці Мікіта Зносак - манерна-экзальтаваны Ян Губач з «Ідыліі»- хваткі «філосаф» Жабрак - бесцырымонны і самаўлюбёны прыстаў Кручкоў... Кожны з гэтых персанажаў надзвычай пазнавальны, у іх можна ўбачыць не толькі свайго суседа, але нават і самога сябе. І кожны з ягоных герояў здольны раскрыць беларускі характар нашмат глыбей, чым цэлы гурт сучасных сцэнічных князёў-паноў. Не сумняваюся, што даследаванне эвалюцыі нацыянальнага героя ў ролях Віктара Манаева магло б стаць для кагосьці з маладых тэатразнаўцаў цікавай тэмай для дысертацыі. А яшчэ - глыбокай крыніцай не толькі прафесійных вышукаў, але і жыццёвых назіранняў.
І ўсё ж, пры гэткай сваёй прафесійнай сціпласці і ненавязлівасці, Манаеў у творчасці - надзвычай азартны. Не спяшаючыся ператварацца ў «мэтра», ён з дзіцячай непасрэднасцю і адчуваннем уласнай, своеасаблівай ненасытнасці бярэцца за самыя розныя тэатральныя праекты. У антрэпрызных спектаклях Мікалая Пінігіна «на Манаева» ходзяць, каб паглядзець «Арт» ды «Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» з яго ўдзелам. А яшчэ Віктар Манаеў арганізоўвае літаратурна-паэтычныя праграмы - проста для таго, каб людзі мелі магчымасць паслухаць добрую паэзію, спрычыніцца да высокай літаратуры. Гэта нібыта яго ўнутраная патрэба - адкрыць сваім гледачам, людзям, якія яму вераць, штосьці важнае і надчасовае.
«...Ну што я буду расказваць пра свае ролі - яны ўсе навідавоку. Што хацеў у іх сказаць - тое сказаў. Я вось часцей думаю пра тое, чаго не сыграў: Дзядзьку Ваню, Мармеладава... Так, зараз на сцэне выступаю ўсё больш у камедыйных ролях - выйшаў, пазабавіў народ... А я часам хачу, каб людзі ў зале і паплакалі. Лічу, што гэта добра: слёзы, выкліканыя не агрэсіяй, а болем, суперажываннем да іншага чалавека, няхай гэта ўсяго толькі сцэнічны персанаж, патрэбны - яны ачышчальныя...»

«Культура», № 31 (849) от 2 августа 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.