Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна

Мархель Татьяна Григорьевна
«Дзіця з Батлеема»
 Мархель Татьяна Григорьевна 
    Знакамітая Таццяна Мархель
    нават маўчыць па-беларуску

     Рэгіна Гамзовіч

Таццяна Мархель, заслужаная артыстка Беларусі, нарадзілася ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1963 годзе скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працавала ў Гродзенскім і Магілёўскім абласных драматычных тэатрах, а затым 16 гадоў - у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1993 года - у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Здымалася ў тэлеспектаклях, працягвае здымацца ў кіно. Мілагучная мова, лірызм, глыбокае пранікненне ў сутнасць нацыянальнага характару, народныя песні, што выконвае на сцэне, пакідаюць незабыўнае ўражанне. Песні - гэта спадчына яе роднай вёскі, яна пераняла іх ад мамы, Веры Кірылаўны, якой зараз 95 гадоў і якую Таццяна Рыгораўна вельмі любіць, даглядае з дапамогай дзвюх сваіх дачок. Актрыса выгадавала трох дзяцей. Нялёгка ёй было сумяшчаць свае прафесійныя абавязкі з сямейнымі клопатамі, аднак уласны жыццёвы вопыт заўсёды дапамагаў і дапамагае ўвасобіць на сцэне жывыя і праўдзівыя характары. Вядомы фотаздымак у намітцы - даўнім галаўным уборы - здаецца, найбольш адлюстроўвае сутнасць актрысы (яна знятая ў ролі батлейшчыцы са спектакля тэатра-студыі кінаакцёра «Дзіця з Батлеема»). I ў жыцці яна такая ж: прыгожая, лірычная, таленавітая і мудрая, добразычлівая і шчырая. Гутарыць з Таццянай Мархель наш карэспандэнт Рэгіна Гамзовіч.

- Таццяна Рыгораўна, вы любіце фатаграфавацца?
- Фатаграфавацца не дужа люблю, бо мне неяк няёмка. Лепш за ўсё я сябе адчуваю на сцэне. Ніякіх праблем, акрамя творчых, ніякай закамплексаванасці, якая ў мяне бывае ў жыцці, няма. На сцэне ўсё асабістае адыходзіць некуды далёка, я ўвасабляю іншы характар, іншае жыццё, я сама сабе падабаюся. А найбольш утульна адчуваю сябе ў нацыянальных строях...
Калі я працавала над вобразам Інгрыд у спектаклі «Жанчыны Бергмана», то чытала запіскі Бергмана, яго аўтабіяграфію і заўважыла, што ён часта спасылаецца на Юнга, на фільм «Персона», па сюжэту якога напісана п'еса Міколам Рудкоўскім, таму вырашыла, што мнетаксама неабходна пачытаць Юнга. Дык вось Юнг піша, што ёсць падсвядомасць, якая складаецца вякамі і перадаецца з пакалення ў пакаленне. I я тады падумала, што ўспрымаю свет і сябе ў ім праз маміны аповеды. Мая мама была для мяне першым настаўнікам. Яна была прыроджанай акторкай, вельмі таленавітай, любіла «пачудзіць», прыдумвала нейкія забавы. Перш за ўсё - традыцыйныя. Памятаю вяселлі ў вёсцы, якія працягваліся па некалькі дзён. Спачатку я слухала песні, назірала за ўсімі дзеямі на вяселлі, а ў восьмым класе мяне ўжо ўзялі за шаферку (дружку маладой), я ўжо і сама ўдзельнічала. На трэці дзень вяселля, памятаю, самага старога на вяселлі мужыка пераапраналі ў «маладую», а самую старую жанчыну - у «маладога». «Маладому» падмалёўвалі вугалем вусы, падвешвалі да штаноў моркву і два бурачкі. Мама была за лекара, яна ў «маладых» пыталася пра здароўе, прапаноўвала свае паслугі. Гэта ж быў сапраўдны тэатр!
- Вы спяваеце так, як сельскія спявачкі, носьбіткі традыцыі - у свабоднай манеры, імправізуючы. Гледачы памятаюць і спектакль «Сымон-музыка», і тэлеспектакль «Новая зямля», кінафільм «Людзі на балоце» з вашым удзелам...
- Усе песні, якія я спяваю, гэта песні маёй вёскі, песні маёй мамы. Цяпер вёска ўжо не тая, а ў мяне ў памяці яна засталася праз дзіцячыя і юнацкія ўспаміны як нешта ідэалынае, калі людзі спявалі і ў свята, і за работай, як птушкі. Нават падчас жніва, калі жалі ўручную, у спякоце. Цяжка было, але жылі дружна, радасна, дапамагалі адзін аднаму. Такое ў мяне засталося ўражанне. Я люблю вёску, вясковых людзей, гаворка якіх ліецца лёгка, нязмушана, люблю нашы песні, таму, безумоўна, ролі беларускіх жанчын мне асабліва дарагія.
- Калі вы вырашылі паступаць у тэатральны?
- Не, стаць актрысай я і не думала. Скончыла школу - трэба ж некуды ісці вучыцца. Мама дужа хацела, каб я вучылася на доктара. Я кажу: «Хто ж мяне возьме з вёскі, я ж не паступлю. Пайду ў медвучылішча». Закончыла я вучылішча на «выдатна» і пайшла працаваць медсястрой. Два гады працавала, потым паступіла ў медінстытут, але кінула і вярнулася на працу, стала рыхтавацца ў тэатральны, бо зразумела, што гэта маё прызванне. Я тады хадзіла ў драмгурток пры Доме культуры трактарнага завода, які вёў Аляксей Бяляеў, а артыст Эдуард Гарачы - сцэнічную мову. Даволі позна, але паступіла ў тэатральны. Так цікава было займацца, столькі прадметаў незвычайных! Спачатку было вельмі цяжка, я ніяк не магла раскрыцца, саромелася. Прыйшла да нас Вольга Галіна з Беларускага тэатра ставіць «Жаніцьбу Бальзамінава», і, дзякуючы ёй, я змагла пераадолець свае комплексы. Гаварыла я па-беларуску, а па-руску дрэнна, выдзялялася гэтым сярод гарадскіх дзяўчат і яшчэ тым, што не ўмела трымацца смела, не ўмела падаць сябе. Але потым гэта прайшло.
- Калі вучыліся ў сталіцы, пэўна ж, хадзілі ў тэатр імя Янкі Купалы. Ці марылі іграць там?
- Ну, для мяне гэта было недасягальна. Я захаплялася Ржэцкай і Пола, бачыла сябе ў «Паўлінцы», мне так хацелася сыграць у гэтым спектаклі. Я нават двойчы спрабавалася ў гэты тэатр пасля інстытута, але не трапіла.
- Вы ўжо трыццаць шосты год на сцэне. Які з калектываў, дзе працаеалі, паўплываў на вашу творчасць больш за ўсё?
- Безумоўна, Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Нацыянальны тэатр, вельмі моцны. Я хацела туды трапіць і была шчаслівая, калі стала там працаваць. Цудоўны калектыў, прынялі мяне добра. Там было столькі выдатных артыстаў: Іосіф Матусевіч, Мікалай Звездачотаў, Марыя Маркоўская, Анатоль Трус... Карыфеі тэатра. Мы сачылі за іх творчасцю, вучыліся. А мова якая, рэпертуар! Потым прыехаў Валерый Мазынскі (яшчэ студэнтам быў) і паставіў «Званы Віцебска» па Караткевічу ў 1974 годзе, пазней - «Кастусь Каліноўскі» (1978). А першы раз я заспявала ў спектаклі «Сымон-музыка» (1976). Коласаўскія вершы і гэтыя песні - усё нечакана і арганічна спалучылася. Такі нацыянальны рэпертуар і сфарміраваў мяне.
- У гэтыя ж гады вы паспрабавалі сябе ў кіно?
- Так, прыехаў рэжысёр Ігар Дабралюбаў, праглядаў усіх артыстаў і запрасіў мяне на ролю ў фільме «Трэцяга не дадзена». Гэта была галоўная жаночая роля, вялікая - пляменніцы Каржа, палескай жанчыны. Фільм з'явіўся на экране ў 1981 годзе. Так я стала здымацца і спяваць і ў кіно. I зараз здымаюся час ад часу. Нават у эпізадычных ролях у расійскіх серыялах, але гэта проста неабходна, бо акцёр павінен заўсёды быць у форме, іграць...
- 20 гадоў вы працавалі з Валерыем Мазынскім, а апошнія гады - з Валерыем Анісенкам. I тут нельга не адзначыць, што зараз іграеце незвычайную для вас ролю - знакамітай опернай спявачкі Інгрыд, якая страціла голас, трапляе ў шпіталь для псіхічнахворых, пакутуе і... маўчыць увесь спектакль. Менавіта гэты вобраз у спектаклі «Жанчыны Бергмана» высока ацэнены. Спачатку быў паспяховы ўдзел у Фестывалі нацыянальнаім драматургп ў 2001 годзе ў Бабруйску, затым у Бранску на фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў 2002 годзе, дзе вы атрымалі Гран-пры за лепшае ўвасабленне жаночай ролі. Гэты спектакль у тым жа годзе меў поспех на ІХ Міжнародным тэатральным фестывалі ў Румыніі ў г.Сібіў, а сёлета ў верасні вы паказвалі яго (і таксама паспяхова) у Каіры (Егіпет) на Міжнародным фестывалі эксперыментальных тэатраў. Нарэшце, зусім нядаўна на І Міжнародным тэатральным форуме «Залаты віцязь», што прайшоў у Маскве з 6 па 16 лістапада, вы зноў адзначаны за лепшае ўвасабленне жаночай ролі. Гэта сумесная работа з Валерыем Анісенкам...
- Ён быў упэўнены, што я сыграю гэту ролю, і яго ўпэўненасць дапамагала мне. У той жа час ён даў мне поўную творчую свабоду. Я лічу, што, працуючы, трэба імкнуцца зрабіць разам агульную справу, гэта галоўнае. У спектаклі «Жанчыны Бергмана» побач са мной іграе маладая прыгожая актрыса. У яе вялікія маналогі, а я маўчу. Я думала: ну хто ж будзе на мяне глядзець? Валерый Данілавіч увесь час гаварыў мне: ты павінна быць шчырай сама з сабой, увесь час усведамляць, пра што ты думаеш. Гэта сапраўды так. Я пабудавала свой унутраны маналог, заўсёды сачу за гэтым, і спектакль атрымліваецца. Маўчаць можна пра многае. Некаторыя нават кажуць, што я маўчу па-беларуску, што і ў гэтым вобразе ёсць рысы беларускай жанчыны. Але, мне здаецца, тут увасоблены агульначалавечыя каштоўнасці і праблемы, паказаны выхад для вырашэння гэтых праблем - вера і любоў, надзея, якая дапамагла Інгрыд і зможа дапамагчы іншым самотным.
- У гэтым тэатральным сезоне вы іграеце ў спектаклях «Адвечная песня» (фолк-опера паводле Янкі Купалы, дзе спяваеце песні на вершы песняра), «Жанчыны Бергмана» М.Рудкоўскага (псіхалагічная драма), «Чарнобыльская малітва» паводле С.Алексіевіч, дзе выконваеце ролю Жанчыны. Апошні спектакль моцна ўздзейнічае сваёй тэмай і тым, як рэжысёр увасобіў чарнобыльскую трагедыю. Пагутарым пра гэты спектакль.
- Паставіў яго французскі рэжысёр Бруно Бусаголь з горада Клермон-Феран. Ён паставіў у сябе гэты спектакль і прывёз да нас гатовыя маналогі, сваё бачанне тэмы. Я прапанавала песні паміж маналогамі. У фінале ў мяне маналог жанчыны, якая сем гадоў жыве адна у адселенам вёсцы, з якой усе выехалі, іншыя памерлі. Гэта так страшна - лёс чарнобыльскай вёскі, яе жыхароў, лёс маёй гераіні. Але я іграю светла, без надрыву. Напрыклад, у заключнай сцэне расказваю, як тут хораша, як прыгожа ў гэтай вёсцы. Коцік памёр, а яна знайшла другога - усё ж жывая душа, разам весялей. Яна радуецца таму жыццю, якое ёсць. Каб яна адчувала трагедыю свайго становішча, то даўно памерла б. Жыве таму, што ёй тут хораша, радасна на роднай зямлі. I птушкі спяваюць, і ўсё навокал цвіце, ніякай жа радыяцыі не відаць. Яна прыходзіць на могілкі праведаць тых, хто там ляжыць пад карэньчыкамі, гаворыць з імі, а тут і зязюлька закукавала. Песню «Ляцела зязюля каля маёй хаты», якую я спяваю там, пачула ўпершыню ад жанчын з Лельчыцкага раёна, калі вяла тэлеперадачу «Запрашаем на вячоркі». I вось гучыць песня ў спектаклі, а разам з ёю і галасы тых, хто там ляжыць на могілках, як голас зямлі. Я трымаюся да апошняга, не плачу, вельмі светла ўвасабляю гэты вобраз, але мне так страшна... Часта думаю: а ці маем мы права і ці так паказваем тое, што адбылося пасля чарнобыльскай аварыі на нашай зямлі? Хацелася б пачуць водгукі тых, хто пацярпеў і выжыў.
- Мне здаецца, што гэты спектакль павінен паглядзець кожны жыхар Беларусі, яго трэба паказваць і ў раёнах, што наыбольш пацярпелі, а таксама за межамі Беларусі. Я бачыла, як успрымае яго моладзь, дзеці. Людзі не павінны забыць пра гэту трагедыю.
- Цяпер японскі рэжысёр Акіесі Імадзэкі па сцэнарыі Акіра Ісікава здымае на Беларусі мастацкі фільм «Яе звалі Каліна». Дзяўчынка жыве ў горадзе, але ўвесь час збягае да бабулі ў вёску ў Хойніцкі раён (я іграю ролю гэтай бабулі). I вось мы з унучкай жывём разам, ходзім па лесе, гаворым. Здымкі былі летам за Плешчаніцамі, дзе ёсць закінутая традыцыйная хатка з даўнейшай мэбляй, абразамі. Японцы перад тым як здымаць, ездзілі і на рэактар, і ў чарнобыльскія адселеныя вёскі, і ў тыя, дзе людзі жывуць. Ім вельмі падабаецца наша прырода, людзі, такія добразычлівыя, з адкрытай душой. Цяпер здымкі працягваюцца на зімовай натуры.
- Таццяна Рыгораўна, а вам самоаякая з вашых роляў у кіно больш дарагая?
- Роля Дамеціхі ў «Людзях на балоце» і мае песні, якія В.Тураў увёў замест сімфанічнай музыкі, ужо напісанай да фільма. Яшчэ Ганна ў тэлефільме «Новая зямля». Коласаўская мова, сельскае жыццё, побыт - я проста купалася ва ўсім гэтым, такая радасць, такое шчасце! У спектаклі «Алімпіяда» па І.Пташнікаву я іграла Алімпіяду (рэжысёр А.Гутковіч), па У.Караткевічу ў «Маці Урагану». Беларускага матэрыялу шмат назбіралася. Апошняя работа - у кінафільме «Настасся Слуцкая». Гэта беларуская гісторыя, фільм вельмі падабаецца гледачам. Я шмат ездзіла на сустрэчы і бачыла, як гэтую карціну прымаюць.
- Вы іграеце самыя розныя ролі. Над чым працуеце зараз?
- Гэта дух манастыра ў спектаклі па п'есе А.Курэйчыка «П'ямонцкі звер». Цяпер шмат чытаю, каб самой зразумець вобраз і знайсці правільную інтанацыю, каб данесці яе да гледачоў. Гэта складана, але цікава. А ўвогуле што можа быць лепш і цікавей за тэатр! Жыццё без творчасці для мяне немагчыма. Я шчаслівая, што маю такую прафесію, якая прымушае гледачоў думаць, радавацца і гараваць разам з маімі героямі, любіць жыццё і гэту зямлю, што дадзена нам лёсам.

«Голас Радзiмы», 2004 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.