Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна


Мархель Татьяна Григорьевна
Інгрыд у спектаклі «Жанчыны Бергмана».

Мархель Татьяна Григорьевна
Мадам дэ Лату
(«Хто пакахае мадам?»).

Мархель Татьяна Григорьевна
Маці («Адвечная песня»).
 Мархель Татьяна Григорьевна 
    Таццяна Мархель:
    «Я пражываю на сцэне чужыя жыцці»

     Рэгіна Гамзовіч

Люблю Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі: маладая таленавітая трупа, разнастайны рэпертуар, сакавітая беларуская мова. Але спектаклі з удзелам Таццяны Мархель для мяне асаблівыя - кожны жаночы вобраз, які яна стварае на сцэне, непаўторны, глыбокі і праўдзівы. Адзіная ў Беларусі актрыса, якая спявае народныя песні. I такая пластычная, прывабная. А ў жыцці - простая і шчырая. Адчуваецца, што гадавалася ў вёсцы і шануе свае карані. Заслужаная артыстка Беларусі, узнагароджаная медалём Францыска Скарыны, яна ўжо 45 гадоў на сцэне. Здымалася ў тэлеспектаклях, працягвае здымацца ў кіно, але тэатр лічыць асноўным у жыцці. Напярэдадні свайго юбілею, які адзначае у студзені, парадавала гледачоў новай цікавай роляй. Пражыта яшчэ адно жаночае жыццё ва ўсіх яго складаных гранях характару і лёсу, пачуццяў і чалавечых узаемаадносін.

Таццяна Мархель нарадзілася 19 студзеня 1939 года ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, у 1963 годзе скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працавала ў Гродзенскім і Магілёўскім абласных драматычных тэатрах, а затым 16 гадоў - у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1993 года - у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Характарная актрыса стварае праўдзівыя вобразы жанчын, глыбока пранікаючы ў іх псіхалогію, сацыяльную сутнасць. Здымалася ў кінафільмах «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Радаўніца», «Барвовая трава» і іншых, а ў апошнія гады - у фільме японскага рэжысёра Акіесі Імадзэкі «Яе звалі Каліна», «Настасся Слуцкая», у расійскіх серыялах.
Актрыса двойчы была замужам, выгадавала трох дачок, дагледзела разам з імі сваю маму, якая дажыла да 96 гадоў. Сумяшчаць прафесійнае творчае жыццё з сямейнымі клопатамі было нялёгка.
Пра творчае жыццё на сцэне і ў кіно, жаночы лёс з Таццянай Мархель гутарыць Рэгіна Гамзовіч.

- Таццяна Рыгораўна, калі простая сялянская дзяўчына, дзяцінства якой было апалена вайной, стала марыць пра тэатр?
- Мама хацела, каб вучылася на доктара, а я баялася, што не паступлю, і пайшла ў медвучылішча. Скончыла на выдатна, 2 гады працавала медсястрой у Мінску, паступіла ў медінстытут, але кінула яго, бо зразумела, што гэта не маё прызванне, і стала рыхтавацца ў тэатральны. Я тады хадзіла ў тэатральны гурток пры Доме культуры трактарнага завода. Паступіўшы ў інстытут, доўгі час не магла раскрыцца, саромелася. А вучыцца было вельмі цікава. Па-руску гаварыла дрэнна, чым выдзялялася сярод гарадскіх дзяўчат, а яшчэ тым, што трымалася нясмела, не ўмела падаць сябе. Потым гэта прайшло.
- Які з тэатральных калектываў, дзе вы працавалі, паўплываў на вашу творчасць больш за ўсё?
- Безумоўна, Беларускі тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Двойчы спрабавала пасля інстытута трапіць у Купалаўскі тэатр, дзе ігралі Ржэцкая і Пола, якімі я захаплялася (бачыла сябе ў ролі Паўлінкі, так хацелася сыграць у гэтым спектаклі!), але для мяне тады гэта было недасягальна. Пасля Гродна і Магілёва марыла трапіць у Коласаўскі тэатр і была шчаслівая, што стала там працаваць. Прынялі мяне добра. Цудоўны калектыў, выдатныя артысты, столькі карыфеяў - Матусевіч, Звездачотаў, Маркоўская, Трус, Канапелька... А якая мова, які рэпертуар! Потым прыехаў у Віцебск Валерый Мазынскі (яшчэ студэнтам быў) і паставіў «Званы Віцебска» па Караткевічу (у 1974 годзе), праз год - «Кастусь Каліноўскі». У 1976 годзе я ўпершыню заспявала ў спектаклі «Сымон-музыка». Коласаўскія вершы і гэтыя песні - усё нечакана і арганічна спалучылася. Такі нацыянальны рэпертуар і моцны склад трупы і сфарміравалі мяне як актрысу.
- І ў гэтыя ж гады пачалі здымацца ў кіно?
- Так. Рэжысёр Ігар Дабралюбаў праглядаў усіх артыстаў і запрасіў мяне на галоўную жаночую ролю ў фільме «Трэцяга не дадзена» - палеская жанчына, пляменніца партызанскага камандзіра Каржа. Фільм з'явіўся на экране ў 1981 годзе. Так я стала здымацца ў кіно і спяваць. Здымаюся і цяпер час ад часу, нават у расійскіх серыялах, але гэта проста неабходна, бо акцёр заўсёды павінен быць у форме.
- Трэба заўважыць, што вам удаецца быць не толькі ў добрай творчай форме, вы добра выглядаеце. Артысту прыходзіцца падтрымліваць і фізічную форму - пластыка на сцэне, нават танцы ў некаторых спектаклях... Магчыма, вам усё ўдаецца таму, што мама была доўгажыхаркай і дзяцінства прайшло ў вёсцы?
- Для артыста захварэць - проста немагчыма. Добра, калі ёсць два артысты на адну ролю, а калі не, дык ты павінен і хворы выходзіць на сцэну, а гэта так цяжка! Таму, перш за ўсё, мы сочым за сваім здароўем. У вайну, мама казала, я так хварэла, ледзь не памерла. Але вясковыя дзеці вынослівыя. Падымуць цябе ў 5 гадзін раніцы - холадна, росна, ідзеш пасвіць каровы. Мама была працавітая і заўсёды нас карміла добра. Хоць адна засталася пасля вайны з дзецьмі, але першая ў вёсцы збудавала хату. Нас палілі двойчы. Як толькі немцы - мы бяжым у балота і там сядзім. Прыходзім аднойчы, а наша зямлянка разбураная, спаленая, толькі стаіць печ, а ў печы чыгун, у якім гарохавы суп, што мама паставіла варыцца зранку. Паелі мы гэтага супу на сваім папялішчы і сталі жыць далей, збудаваўшы новую зямлянку. Дзякуй Богу і маме, выжылі. Моцнае ўзрушэнне з-за свайго здароўя я атрымала, калі вучылася ў тэатральным інстытуце: раптам знік голас, думала нават, што прыйдзецца кінуць вучобу. Але выдалілі адэноіды - іграю, спяваю, усё добра з тае пары. Увесь час баішся раптоўна захварэць.
I гэта ж трэба - падчас апошняй прэм'еры спектакля «Хто пакахае мадам?» прастудзілася, душыў кашаль, але трэба было прымаць усе меры, каб гледачы гэтага не заўважылі.
- І сапраўды не заўважылі. Вы так лёгка, вытанчана іграеце ў гэтым спектаклі ролю мадам дэ Лату - адзінокай пажылой жанчыны, якая прагне кахання і без яго не ўяўляе сабе жыцця...
- П'есу Анатоль Шурпін напісаў даўно, затым на беларускую мову пераклаў Анатоль Бутэвіч. Вельмі арганічнаяна гучыць па-беларуску, пераклад добры. Я прачытала п'есу і зразумела: тут ёсць што іграць. Калі мы пачалі працаваць над ёй, рэжысёр Венядзікт Расстрыжэнкаў шмат што мяняў, трактаваў па-свойму, бо трэба было скараціць. На маё ўспрыманне, п'еса пра тое, што чалавек не можа жыць толькі штодзённым побытам, асабліва жанчына. Сутыкаючыся з сумнай, манатоннай рэальнасцю або нейкімі негатыўнымі праявамі жыцця, чалавечай асобы, жанчына хуценька стварае свет уласнай фантазіі, якім жыве і цешыцца. Памятаю, калі я аказалася ў складанай жыццёвай сітуацыі (пачаліся праблемы з мужам, які закахаўся ў маладую жанчыну), я проста не магла ўсвядоміць, як гэта можа быць. Мне здавалася, што ў нас усё добра: сялянскі хлопец з Асвейскага раёна (туды мы ездзілі з дзецьмі, там ён будаваў усё і касіў) - мы былі роўныя па паходжанню, любілі сваю радзіму і сваю работу, калегі па працы ўтэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, абмяркоўвалі ўсе ролі, усе спектаклі, усё ў нас было агульнае. Я радавалася, што ён цікавы, таленавіты чалавек, уважліва сачыла за яго поспехамі, бо вельмі хацела, каб ён творча рос. Ён атрымаў званне заслужанага артыста (я яшчэ не атрымала на той час), затым народнага, а я адначасова з ім - званне заслужанай артысткі. Калі даведалася пра яго здраду, дык свет для мяне перавярнуўся. Не люблю пра гэта ўспамінаць. Але, калі працавала над вобразам мадам дэ Лату, уласны горкі жаночы вопыт мне дапамагаў, я прымярала яе жыццёвую сітуацыю на сябе. Ды, напэўна, многім вядомая горкая ягада кахання. I я пражываю на сцэне чужыя жыцці, мне гэта цікава, можа, таму, што ва ўласным жыцці не хапае паўнаты пачуццяў, так неабходных жанчыне.
- Як вам здаецца, роля мадам дэ Лату вам удалася?
- Я чалавек не вельмі самаўпэўнены, мне заўсёды патрэбна нейкая падтрымка. Лепш за ўсё - сустрэча з гледачамі, яны ацэньваюць тваю працу. I калі яны прымаюць добра, як было на гэтай прэм'еры, з'яўляецца ўпэўненасць. Роля для мяне цікавая: другі характар, і цікавы характар, жанчыны, якая падобна на прыгожага матылька, узнёслая ў сваіх фантазіях.
- Побач з вамі на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ваша дачка Вера. Вялікае шчасце, калі ў сям'і ёсць аднадумца, такі ж творчы чалавек, як і ты.
- Мы жывём з Верачкай, яна дапамагала мне дагледзець маму, такая малайчына. Нават калі мама адыходзіла, а я ляжала ў бальніцы, яна была з ёй і закрыла ёй вочы. Мама памерла ў 96 гадоў. А ўвогуле ў мяне трое дзяцей - старэйшая дачка ад першага мужа, потым нарадзілася двойня. Як і ўсе акторскія дзеці, яны выраслі ў тэатры. У рэквізітарскім цэху цэлы дзіцячы сад збіраўся. Толькі слухаеш са сцэны, ці не крычаць, каб не было чуваць у зале. Двойня мая была вельмі шустрая, шумная. Але і абыдзеная бацькоўскай увагай, бо абое мы з мужам ігралі, часта адначасова ў адным спектаклі. Здавалася б, яны маглі б зненавідзець гэты тэатр. У школе не было ніякай гаворкі пра тое, што нехта хоча стаць артысткай. I раптам Вера пасля заканчэння школы заявіла, што будзе паступаць у тэатральны. Паступалі абедзве, але Маша моцна шапялявіла, яе не ўзялі, і яна пайшла на журфак. Вера паступіла, скончыла Тэатральна-мастацкі інстытут. На трэцім курсе я неяк прыйшла да яе на заняткі па сцэнічнай мове, якія вёў Ілья Курган, і пачула, як Вера чытае «Премудрый пескарь» Чэхава. I так удала яна перадавала гэты гумар (пэўна, якасць, якая перайшла ёй ад бацькі, якому добра ўдаваліся гумарыстычныя ролі), што я тады паверыла ў тое, што з яе будзе толк. Назапашвае, назапашвае нешта ў сабе... I ў нашым тэатры іграла ціха, непрыкметна. Раптам у спектаклі «Белы анёл з чорнымі крыламі» так ярка сыграла! Я адчувала, што ў яе ёсць унутраны патэнцыял, і ён праявіўся. Дарэчы, калі я працавала ў Віцебску ў Коласаўскім тэатры, іграла ролю медсястры Галі ў спектаклі «Трыбунал», цяпер яе іграе Вера, а я - Галіну маці, Паліну.
- А ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, у якім вы цяпер працуеце - самая старэйшая сярод маладых актораў, - як сябе адчуваеце?
- Наш мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар - стварыў трупу з цэлага курса сваіх студэнтаў, цяпер яны набіраюць сілы, растуць. Да гэтага на пляцоўцы нашага тэатра была «Вольная сцэна», дзе я працавала, пасля роспуску трупы многія артысты пайшлі, а мы ўтраіх засталіся - Людміла Сідаркевіч, Ігар Сігоў і я. Так і атрымалася, што самая старэйшая. Паступова калектыў акрэп творча, усе мы як дружная сям'я, таму адчуваю я сябе тут добра. Усё маё жыццё тут. I для моладзі ў гэтым тэатры вельмі добрыя ўмовы для творчага росту: шмат драматургаў прапануюць свае п'есы, шмат розных рэжысёраў іх ставіць, рэпертуар часта абнаўляецца, ёсць што іграць, бо тэатр эксперыментальны.
Вялікае значэнне для нас маюць гастрольныя паездкі, удзел у тэатральных фестывалях. Мы паказваем сябе, глядзім спектаклі іншых тэатраў, нават завязваецца сяброўства і наладжваюцца ўзаемныя гастролі. Гэта вельмі важна. Некалькі апошніх гадоў ездзім у Херсон, куды вазілі «Адвечную песню» і «Жанчын Бергмана». У Еўпаторыі паказвалі «Псіхею» на міжнародным фестывалі, у Белгарадзе - «Неба ў дыяментах», у Кіеве - «Палёты з анёлам». Колькі паездак толькі за апошні год! Іх арганізуе Валерый Данілавіч, неяк яму гэта ўдаецца. I такія паездкі даюць яшчэ пэўны адпачынак, змену ўражанняў, мы нават больш пазнаём адно аднаго.
- Здаецца, менавіта Валерый Анісенка дапамог вам як актрысе раскрыцца рознабакова?
- Безумоўна. Першай такой роляй быў вобраз опернай спявачкі Інгрыд у спектаклі «Жанчыны Бергмана». Яна страціла голас, трапляе ў шпіталь для псіхічна хворых, пакутуе і... маўчыць увесь спектакль. Гэтая роля высока ацэнена, я ўзнагароджана за лепшае ўвасабленне жаночай ролі на многіх прэстыжных міжнародных фестывалях. Валерый Данілавіч быў упэўнены, што я сыграю гэтую ролю, і яго ўпэўненасць дапамагала мне. Ён даў поўную творчую свабоду, падказаўшы толькі, што я павінна ўвесь час сачыць за сваімі думкамі. Побач са мной іграе маладая актрыса, у якой вялікія маналогі, а я маўчу ўвесь час. Пабудаваўшы свой унутраны маналог, справілася з гэтай роляй, і спектакль удаўся. Шмат чытала, каб унікнуць у вобраз шведскай жанчыны, спявачкі. У спектаклі паказаны агульначалавечыя каштоўнасці і праблемы, паказаны выхад з гэтых праблем - вера і любоў, надзея, якая дапамагла Інгрыд і зможа дапамагчы іншым самотным.
- Вельмі ўражвае вобраз Жанчыны, які вы стварылі ў спектаклі «Чарнобыльская малітва» паводле Святланы Алексіевіч.
- Французскі рэжысёр Бруно Бусаголь з горада Клемон-Феран паставіў спачатку ў сябе гэты спектакль, а затым прывёз да нас гатовыя маналогі, сваё бачанне тэмы. Я прапанавала песні паміж маналогамі. У фінале ў мяне маналог жанчыны, яна 7 гадоў жыве адна ў вёсцы, з якой усе жыхары былі адселены, а некаторыя памерлі. Але я іграю гэты вобраз светла, без надрыву, мая гераіня радуецца і таму жыццю, якое ёсць, ёй радасна на роднай зямлі. Усё навокал цвіце, птушкі пяюць, зязюлька кувае. Песню «Ляцела зязюлька каля маёй хаты», якую я спяваю, упершыню пачула ад жанчын з Лельчыцкага раёна, калі вяла тэлеперадачу «Запрашаем на вячоркі». I разам з ёю гучаць галасы тых, хто ляжыць на вясковых могілках, як голас зямлі... Увесь час думаю: а ці так мы паказваем тое, што адбылося пасля чарнобыльскай аварыі? Хацелася б пачуць водгукі тых, хто пацярпеў і выжыў. Людзі не павінны забыцца на гэтую трагедыю. Чарнобыльскую тэму адлюстраваў і японскі рэжысёр Акіесі Імадзэкі ў фільме «Яе звалі Каліна», дзе я іграю бабулю з Хойніцкага раёна. Да яе ўвесь час з горада прыязджае ўнучка, бабуля ходзіць з ёю па лесе, размаўляе.
- А якая роля ў кіно вам больш дарагая? Нядаўна прайшоў кінафестываль «Лістапад», у якім вы ўдзельнічаеце штогод.
- У гэтым годзе я мала прысутнічала на фестывалі, бо выпускаўся спектакль «Хто пакахае мадам?». Але ездзіла ў Брэст, дзе прадстаўляўся фільм «Пакуль мы жывыя» Сяргея Сычова, мы выступілі перад маладой аўдыторыяй і ўбачылі, што моладзь цікавіцца кіно, аналізуе ў ім сучасную тэматыку. Езджу на міжнафодныя фестывалі. Кантакты з акторамі і рэжысёрамі вельмі карысныя, цікавыя. А самая дарагая для мяне роля ў кіно - Дамеціха ў «Людзях на балоце». Рэжысёр Тураў увёў там мае песні замест сімфанічнай музыкі, ужо запісанай для фільма. Увогуле я спяваю песні маёй вёскі, маміны песні. Яна была прыроджанай акторкай.
- Вядома таксама, што вы першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» Алега Янчанкі, а таксама народных песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», тэлефільме «Вячэра». А ў якіх спектаклях вы цяпер іграеце ў тэатры?
- «Адвечная песня», «Каласы пад сярпом тваім», «Белы анёл з чорнымі крыламі», «Шлях у Царград», «Дзіця з Батлеема», «Жанчыны Бергмана»... Не ўяўляю свайго жыцця без тэатра. Што тады рабіць, як не буду іграць? Хіба на агародзе што пасееш...
- Маеце садовы ўчастак?
- Так, купіла вельмі танна ў той час, калі ніхто не хацеў іхб раць. Цяпер бы не змагла купіць. А там так хораша на прыродзе, так цікава! Корпаешся ў градах - я не магу без зямлі. Часта ўспамінаю з «Сымона-музыкі» Якуба Коласа: «і яна такі жыва, бо адкуль усё бярэцца - дзерава, трава. Усё з зямелькі...» Птушкі пяюць, усё расце і цвіце. Тут сонца ўстае, дождж ідзе, тут ужо вечар і такі прыгожы захад сонца - і ты ўсё гэта бачыш, назіраеш, удыхаеш паветра, настоенае травамі і водарам кветак. Божа, як хораша! Пад старасць неяк усё ў прыродзе адкрываецца, чаго раней не заўважаў. Але не будзем філасофстваваць. Пакуль што ёсць праца ў тэатры, не адмаўляюся ад прапаноў здымацца ў кіно. Побач столькі моладзі, якая творча расце. Жыццё працягваецца!
- Дзякую за інтэрв'ю і віншую вас з юбілеем. Добрага вам здароўя і далейшых творчых поспехаў, удзячных гледачоў, цікавых паездак і новых роляўу тэатры і кіно!

Мархель Татьяна Григорьевна
«Калыхала, гадавала, як магла, а цяпер - што дачакала, што знайшла?» («Адвечная песня»).

«Алеся», № 1, январь 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.