Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна
Фото Юрия Иванова
 Мархель Татьяна Григорьевна 
    Неспадзяваная Мархель
     Крысціна Смольская

Ёсць людзі, падобныя на люстэрка. Не крытыкуюць, не зайздросцяць, не выстаўляюць рэзкіх ацэнак, не стараюцца спадабацца, не імкнуцца адпавядаць чужым меркаванням пра сабе. І гэта зусім не абыякавасць да жыцця, а пэўная мера дасканаласці, спроба існавання без унутранага і знешняга канфлікту. Адлюстраванне свету без супрацьстаяння, поўнае прыняцце ўсяго, што табе наканавана. Такія адносіны да рэчаіснасці звычайна выпрацоўваюцца пасля шматлікіх выпрабаванняў. Калі прайсці праз іх з годнасцю, у душы з’яўляецца гармонія і асоба ўзнімаецца на іншую чалавечую і жыццёвую прыступку. Здаецца, Таццяна Мархель менавіта з такіх «людзей-люстэрак», у творчасці якіх можна пабачыць цэлы свет.

Як уплываюць на лёс актрысы яе ролі? Узаемадачыненні рэальнага чалавека і выдуманага персанажа сапраўды існуюць, і калі гэта зразумець, то, напэўна, можна разгадаць феномен прафесійнага поспеху Таццяны Мархель - спачатку на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа, цяпер - у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Актрыса ўсё такая ж няўрымслівая і энергічная, а створаныя ёю за апошні час вобразы ўсё такія ж цікавыя.
Сусветна вядомая спявачка Інгрыд страціла голас і апынулася ў шпіталі. Такая праверка на трываласць, калі яе вытрымаць мужна, - яшчэ адна прыступка да самаўдасканалення. Але дзе ўзяць сілы, каб жыць далей? Інгрыд выклікае суперажыванне, але яе не шкадуеш. Роля Інгрыд у «Жанчынах Бергмана» Мікалая Рудкоўскага - яшчэ адно дасягненне Таццяны Мархель. Унутраная напружанасць і абсалютная вера актрысы ў тое, што яна робіць, нараджаюць бачны драматызм. Роля без слоў - тут не схаваешся за міміку. Але рэжысёр папрасіў Таццяну Мархель напісаць свой тэкст і мысленна прамаўляць яго падчас дзеі. Увесь сэнс, усю гісторыю актрыса здолела данесці бязгучна. Прыродная арганічнасць Таццяны Мархель праявілася ў «Жанчынах Бергмана» моцна і разнастайна. Аповед пра спявачку, якая страціла голас, - аповед пра тое, што хаваецца за размовамі. Калі мы замаўкаем, сутнасць таго, што адбываецца, становіцца больш зразумелай.
Мера запатрабаванасці, як і мера таленту акцёра, вызначаецца яго здольнасцю ўзаемадзейнічаць з драматургічным тэкстам. Сучаснае тэатральнае мастацтва здатны ўспрыняць толькі гнуткі і адкрыты насустрач новаму розум. Узаемаадносіны актрысы з актуальнай беларускай п’есай - свайго кшталту «любоўны раман». Пры гэтым Таццяна Мархель вельмі добра адчувае эпоху, таму яе гераіні заўсёды атрымліваюцца надзвычай натуральнымі.
Персанаж Таццяны Мархель з п’есы Дзіяны Балыкі «Белы анёл з чорнымі крыламі» ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава зусім не адпавядае звычайным уяўленням пра сталы ўзрост. Бабуля галоўнай гераіні Ніны - аматарка гараскопаў і заўзятарка ўсходніх адзінаборстваў. Калі Вольга (Ганна Арыніч-Анісенка) прыходзіць да старой з просьбай дазволіць, каб у яе пажыла Ніна, становіцца зразумелай уся горыч існавання самотнай гераіні Таццяны Мархель. «Вы пра мяне ўспамінаеце толькі тады, калі вам нешта патрэбна», - кажа Бабуля, але гэтыя словы застаюцца непачутымі. Не звяртае ўвагі і ўнучка на бабуліны спробы нагадаць пра сябе: «Ніна, чаму ты нават не запытаешся, як маё здароўе?» Зрэшты, гэта не папрок, а сумная канстатацыя, рэфлексія на грамадскія норавы. Вось так гераіня Таццяны Мархель праходзіць праз выпрабаванне ўсеагульнай абыякавасцю.
Мадам дэ Лату Таццяны Мархель з «Хто палюбіць мадам?» Анатоля Шурпіна ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава - персанаж рамантычны, летуценны і таксама адзінокі. Месца дзеяння ўмоўнае, гратэск дапамагае ўзаемадачыненням і існаванню персанажаў у сцэнічнай прасторы. Таццяна Мархель і Галіна Чарнабаева іграюць дзвюх сясцёр, удоў, якія жывуць разам так даўно, што абрыдлі адна адной. Акрамя іх у п’есе ёсць прагны да нажывы Абат (Сяргей Шымко) і служанка Ліза (Галіна Чарнабаева), якая марыць пра лепшую будучыню. Спектакль насычаны атмасферай недалюбові, недаспачування. Удовы прагнуць мужчынскай увагі з боку Абата, прастадушная мадам дэ Лату наіўна верыць, што ён шчыры менавіта з ёю, сястра ж, фрау Герц, выбірае больш «канкрэтныя сродкі» - падманвае саперніцу і спакушае святара. Гераіня Таццяны Мархель пакутуе ад агульнай ілжывасці. Спроба атрымаць тое, чаго ў яе не было ў маладосці, аказваецца няўдалай, кахання не адбываецца, ілюзіі паступова знікаюць. І тады мадам дэ Лату адпускае служанку Лізу: «Бяжы з гэтага склепа, мо хоць ты будзеш шчаслівая!» Пры вонкавай гратэскавасці характару актрыса тонка перадае датклівасць гераіні. Роля пабудавана на імправізацыі і вымагае той глыбіннай свабоды існавання на сцэне, якую, здаецца, Таццяна Мархель чэрпае са свайго ўласнага светаадчування, што дазваляе захапіць глядзельную залу без рэверансаў у бок публікі. З унутранай гармоніі вынікае свабода акцёрскай творчасці.
У «Каласах пад сярпом тваім» паводле Уладзіміра Караткевіча (пастаноўка Валерыя Анісенкі) няня Тэкля Таццяны Мархель - увасабленне беларускага характару з яго мяккасцю, спагадай, добразычлівасцю, наіўнасцю, шчырым імкненнем да лепшага. Тэкля спрабуе супакоіць збянтэжаную дзяўчынку Майку (Надзея Цвяткова). Сталая жанчына і юная максімалістка раптам пачынаюць разумець адна адну...
Праз вобразы сваіх гераінь Таццяна Мархель выяўляе болевыя кропкі нашага часу: самотнасць чалавека (асабліва ў старасці), камунікацыйную раз’яднанасць, крызіс самаідэнтыфікацыі. Актрысе ўласцівы натуральнасць і прыродная прастата, што асабліва ўражвае і прыцягвае ў эпоху «грамадства відовішчаў».
Насуперак усяму адчуваць сябе шчаслівай, быць гатовай да нечаканага, што прынясе новыя пачуцці, глядзець на свет без страху і крыўды - жыццёвая пазіцыя Таццяны Мархель. Такая простая, такая зразумелая.
Пра што мару? - смяецца актрыса. - Пра бераг мора! Ніколі нічога не планую, што Бог пашле, тое і радасць. І неяк так складваецца, што лёс мяне не крыўдзіць і ўвесь час дае нешта цікавае. А калі я атрымліваю нейкія магчымасці, дык імкнуся рэалізаваць іх на сто працэнтаў! Мяне захапляе менавіта нечаканасць. Тое ж датычыцца роляў: якія Бог дае, тыя і прымаю, над тымі і працую. Калі апошні раз была шчаслівая? Ды сёння! Была ў паліклініцы, там паведамілі, што аналізы добрыя. Іду і кажу сабе: «Цукар у норме, ціск у норме, што табе яшчэ трэба?»

«Мастацтва», № 1, январь 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.