Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна

Мархель Татьяна Григорьевна
На здымках: такая розная Таццяна Мархель - на сцэне і ў жыцці.
Фота Уладзіміра Сіза і з архіва тэатра.
 Мархель Татьяна Григорьевна 
    Таццяна Мархель:
    «Адзінота - гэта шыкоўная рэч,
    калі не надоўга...»

     Арына Сандовіч

Журналісту трэба моцна пастарацца, каб зрабіць дрэннае інтэрв'ю з Таццянай Мархель, настолькі яна харызматычны і цікавы субяседнік. На яе ліку шмат творчых дасягненняў - яскравыя ролі ў вядомых спектаклях і кінастужках, званне заслужанай артысткі Беларусі і прымы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Я многа разоў бачыла яе на сцэне, але калі ўпершыню гутарыла з Таццянай Рыгораўнай сам-насам, была здзіўлена і зачаравана яе вачыма - празрыста-блакітнымі і па-дзіцячы чыстымі. Здаецца, і не прайшло столькі гадоў... Перада мною сядзела быццам бы не вядомая актрыса, а гарэзлівая вясковая дзяўчынка з вачыма колеру неба.


- Таццяна Рыгораўна, якую ролю для вас адыгрывае знешнасць?
- Знешнасць? Яна мне ў першую чаргу патрэбна для працы. Акцёр павінен выглядаць так, каб на яго было прыемна глядзець. Бо прыходзіць чалавек у тэатр, плаціць грошы, спадзяецца на нейкае свята - і тут з'яўляешся ты са змрочным тварам. Маўляў, адчапіцеся ад мяне, хутчэй бы адыграць спектакль - і дадому... Не, тэатр, што б на яго сцэне ні ставілі, павінен заўсёды несці радасць. Апошнім часам я пачала сабе падабацца - у мяне ўсмешка добрая, вось такая, сціплая (жартоўна)...
- А ў чым сакрэт вашай прыгажосці?
- У мяне сухая скура, таму люблю розныя маслы. Вось, калі была на гастролях ў Іркуцку, прывезла адтуль шыкоўнае кедравае масла. А цяпер нават навучылася рабіць нядрэннае сама: бярэш касметычнае масла і закідваеш туды што хочаш: напрыклад, пялёсткі руж. Ставіш на сонцы і праз два тыдні атрымоўваеш ружавае масла. Для мяне гэты працэс вельмі цікавы!
- Ці мяняецеся вы ўнутрана пасля таго, як налажылі на сябе грым?
- Так, мяняюся. Настрой адразу становіцца добрым, калі нешта балела - перастае. Я станаўлюся вясёлай і гуллівай, як конік, добра запрэжаны.
- Які са шматлікіх створаных вобразаў найбольш да вас падобны?
- Любая роля, напісаная драматургам і пастаўленая рэжысёрам, усё роўна прапускаецца акцёрам праз сябе. Ты, твая душа - інструмент для ролі!
- У вас ёсць вельмі нетыповая для вашага амплуа роля Інгрыд у спектаклі «Жанчыны Бергмана», дзе вы амаль увесь час маўчыце. Вось што галоўнае для чалавека: умець маўчаць ці ўмець гаварыць?
- Менавіта першае. І песні, і размовы - усё вынік... маўчання, бо калі ўвесь час будзеш растрачваць сябе на размовы, пры гэтым заўсёды аддаецца шмат унутранай энергіі, - не будзеш зачыняцца, каб пабыць сам-насам з сабою, то нічога не атрымаецца. У маёй гераіні гэта не маўчанне, а асэнсаванне ўсяго жыцця.
Я лічу гэту ролю вяршыняй свайго акцёрскага майтэрства. Паспрабуй без словаў, адным позіркам выказаць свой настрой і каб гледачы напружана сачылі за табою на працягу амаль дзвюх гадзін!
Інгрыд - гэта ўнутраная ледзі, а я ж звычайна выконваю ролі вясковых жанчын у хустачцы, таму спачатку была не ўпэўнена ў сабе... У тэатры гаварылі, што ў нас няма актрысы на такую складаную ролю, а наш мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка сказаў: «Ёсць!». Калі ў мяне верыць рэжысёр, я зраблю ўсё! Але калі я адчую нейкі недавер, нават не ў словах, а ў паводзінах - усё, нічога не атрымаецца. Я ніколі нічога нікому не даказваю.
- Таццяна Рыгораўна, вы яшчэ вельмі вядомая і як фальклорная спявачка. Амаль у кожным вашым спектаклі ці фільме спяваеце. Ёсць любімая народная песня?
- Усе маміны! Вельмі люблю жніўную песню, якую спяваю ў фінале спектакля французскага рэжысёра «Чарнобыльская малітва». Сама яму яе прапанавала. Гэта вельмі сімвалічная песня аб фінале зямнога жыцця. Я спяваю на могілках пра жніво, а сама рассыпаю зерне. Жыццё ніколі не заканчваецца, заканчваецца адна форма жыцця і пачынаецца іншая. Гэта бясконца...
Ой, у полі вечарэе, а мая мамка вячэрае.
Ой, вячэрай, мая мамка, а я ўжо вячэра.
Сухама хлеб я кусала, злую долю праклінала...

- Часта бываеце ў роднай вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна?
- Амаль не бываю. Мы «кансервуем» у сваёй памяці пэўныя ўспаміны аб нейкім дарагім куточку, чалавеку. Але праходзіць час і, не дай Бог, зноў вярнуцца туды... Прайшлі гады і я ўбачыла сваю родную, дарагую вёску з іншага боку. Шмат людзей, якіх я ведала, з якімі расла і сябравала, пайшлі з жыцця... Я вырашыла забыць пра гэта і пакінуць у сваёй памяці толькі светлае.
- А вы б змаглі, як сусветна вядомы рэжысёр Інгмар Бергман, наўмысна закончыць сваё жыццё ў вёсцы, у поўнай адзіноце?
- З задавальненнем. Я цяпер невялічкую дачку ў Ратамцы купіла і проста не вылажу адтуль. Але вы ж ведаеце, што такое дача: стаў там, стаў тут, а кругом - дамы з суседзямі. Гэта ж «абшчага»! А каб дзе зарыцца... Адзінота - гэта шыкоўная рэч, калі не надоўга...
- Калі б вы нарадзіліся ў горадзе...
- Ой, не дай Бог!
- ... якіх бы якасцяў ў вас не было?
- Нічога б не было. Я б хадзіла ў дзіцячы садок па зямельцы, закаванай у асфальтны «панцыр». І што б было? Прыйшла, паела, паспала і зноў дамоў - і так кожны дзень?! А дзяцінства ў мяне хоць і галоднае было (нам, вясковым, не даставалася ўдоваль хлеба, не выдавалі нават пашпарты), але - шчаслівае. Калі б сучасны чалавек, нават вясковец, пажыў бы ў тых умовах, у якіх жылі мы, - абавязкова б збег. А нас тады ўтрымліваў спрадвечны сялянскі ўклад. Традыцыі былі шыкоўныя: калі Дзяды - значыць Дзяды, пасты - уся вёска посціцца. А Вялікдзень - большага свята ў маім жыцці ніколі не было! Чалавек меў духоўную апору, а калі гэта ўсё пачалі выбіваць, яна хутка страцілася, а ўзамен чалавек нічога не прыдбаў і не знайшоў...
- А якая з сялянскіх прац найбольш падабалася?
- Полеш звычайна бульбу, горача і, дагэтуль памятна, - пахне малачай, і так смачна пахне! А як я радавалася, калі пасаджаныя мною зярняткі ўзыходзілі! Гэта для мяне заўсёды застанецца вялікім цудам і таямніцай жыцця. Часам, калі я гляджу на зямлю, не пакідае думка: «А вось раптам зямлі надакучыць, што дзяруць і выкачваюць з яе «вантробаў» бясконца карысныя выкапні, страляюць, забіваюць - льецца кроў жывел, людзей. Зямля ляжыць, ляжыць, а потым як грукне: «Ды пайшлі вы ўсе да д'ябла, надакучылі!». І, як блох, «страсе» нас з сябе. Або - не захоча зямля нічога радзіць? Пасеем мы тады зерне, а яно не ўзыдзе...»
- Не так даўно вы адзначылі свой юбілей. Праз столькі год і падзей ці можаце вы пра сябе сказаць: «Я - шчаслівы чалавек»?
- Думаю, што так. Асабліва, як у дзяцей усё добра пачало складвацца, бо калі азірнуцца назад, дык вельмі складана спачатку было. Засталася адна з дачушкамі, грошай не хапала катастрафічна. Спантана пераехала ў Мінск, каб не бачыць каханага чалавека. Карацей, мой муж зышоў ад мяне да маладой дзяўчыны, якая разам з намі працавала ў Віцебскім драматычным тэатры імя Я. Коласа. Было невыносна цяжка і балюча...
У Мінску, перш за ўсё пайшла на кінастудыю. Раней прыедзеш, бывала, з Віцебска, усе да цябе кідаюцца са словамі: «Ой, Таня! Калі да нас на здымкі кінастужкі якой завітаеш?». А тут я адзін дзень прыходжу, другі. З кожным днём вітаюцца з усё меншым імпэтам і - аніякіх прапаноў! Я так пахадзіла і падумала: ўсё, больш хадзіць не буду. І перастала, вырашыла чакаць, пакуль патэлефануюць самі. І тады да мяне на выручку прыйшла расійскі рэжысёр Алена Цыплакова, з якой мы пазнаёміліся на адным з кінафестываляў. Селі за столік у рэстаране, паспявалі. Яна мне і кажа: «Таня, я абавязкова прыеду цябе здымаць у Мінск!». На такіх сустрэчах, праўда, заўсёды нешта прапаноўваюць, а раніцай, ды на свежую галаву, ужо не могуць узгадаць, аб чым ішла гутарка. На гэты раз усё было інакш. Званок ад Алены: «Таня, прачытай, калі ласка, сцэнарый майго новага фільма!..» Так я і трапіла ў стужку «На тебя уповаю» разам з вядомымі расійскімі акцёрамі - Ільіным, Разанавай, Дабравольскай. Вядома, сярод іх трохі разгубілася, але наш творчы саюз атрымаўся ўдалым.
- Кажуць, на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш. А як склаўся лёс вашага мужа і той жанчыны?
- Сапраўды. Ніякага шчасця там не было. Мой муж памёр амаль праз год, але перад гэтым яна яго кінула. Зрэшты, яна не была вінаватая ў тым, што наш шлюб распаўся. Прыгожая маладая дзяўчына, хто ж адмовіцца? І мой муж закахаўся. Нядаўна, праз двадцацць гадоў, я выпадкова знайшла яе нумар і патэлефанавала. І першыя ж яе словы былі: «Прабач...». А я ж тады саперніцу... нават пабіла. Вясковая ж дзеўка, прывыклая, а яна - гарадской, тактоўнай была і не ведала, што так можна высвятляць адносіны, заявіла ў міліцыю... З мяне і майго мужа за гэты ўчынак знялі Дзяржаўную прэмію БССР за спектакль «Вечар»... (Таццяна Рыгораўна гучна смяецца. - Аўт.). Мне нават яе трошкі шкада - ёй таксама давялося шмат гора перажыць.
- Ці не авантурная вы асоба? Мяркую вось па чым: паступілі ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт і праз год кінулі, каб пайсці ў тэатральны... А што зараз ад вас можна чакаць?
- Яшчэ не прыдумала, але заўсёды можна нешта «выкінуць».
- Дзякуючы сваёй працы, шмат дзе вандравалі па свеце. Што і дзе вас больш за ўсё ўразіла?
- Венецыя. Не горад, а казка. Я ўбачыла яе яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
- А шопінг за мяжой быў?
- Яшчэ які! Тады ж у СССР панаваў яго вялікасць дэфіцыт. Адна нага была ў музеях, другая ў крамах. Памятаю, вельмі танную «джынсу» прывезла з-за мяжы.
Шмат краін было. На гастролях у ЗША не магла дачакацца заканчэння візы. Краіна вялікая, але ўсе ў іх неяк няжыва, без душы. Прыходжу я ў амбасаду і прашу перагледзець тэрмін майго знаходжання. Там адразу: «Хочаце пабыць даўжэй?». «Не, я хачу вярнуцца хутчэй на радзіму», - адказваю. Трэба вандраваць па свеце, каб было з чым параўноўваць, але жыць лепей - дома.
Я падзякавала Таццяне Рыгораўне за цікавую размову і ўжо паспела выключыць дыктафон, як субяседніца раптам сказала:
- Неяк мы мала з вамі пагутарылі пра вёску? Ведаеце, калі ў мяне бывае цяжкі настрой, то я заўсёды яе ўзгадваю. Узгадваю гэты пыл, што ўецца паміж пальцаў ног, калі я, маленькая, бягу па дарозе... Гэтае гарачае сонца і жыта, якое «ходзіць» жоўта-зялёнымі хвалямі... Калі ў наступны раз паедзеце ў камандзіроўку на вёску, ці не возьмеце мяне з сабою?

«Белорусская нива» от 17 апреля 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.