Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна
Фота Юрыя Іванова
 Мархель Татьяна Григорьевна 
    Матывацыя каралевы
     Настасся Панкратава

Да значнага юбілею артыста звычайна рыхтуецца бенефіс альбо ўрачысты творчы вечар. Аднак у адзін вечар зала Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі наўрад ці змясціла б усіх прыхільнікаў актрысы, чый шматгранны талент паходзіць, падаецца, ад самой беларускай зямлі, - пранізліва шчырай Таццяны МАРХЕЛЬ. Таму віншаванні і шчырыя словы на адрас заслужанай артысткі краіны будуць гучаць у тэатры цягам дзесяці дзён, за час якіх пакажуць пяць спектакляў з удзелам Таццяны Рыгораўны, а таксама адбудзецца вялікі юбілейны вечар актрысы.

Мне так - хораша!
- Таццяна Рыгораўна, юбілейныя сустрэчы распачынае прэм’ерны спектакль «Хто пакахае мадам?». У новай рабоце вы паўстаяце перад публікай і ў новым іміджы: замест амплуа спрадвечнай маці, зямной жанчыны, на сцэне з’явілася імпазантная дама, якая імкнецца адшукаць сваё каханне. Для вас гэтая роля сталася дзёрзкім эксперыментам?
- Не, я лічу гэты крок абсалютна натуральным. Мадам - гэта адно са шматлікіх увасабленняў майго ўнутранага стану. Пасля класічных вобразаў «Адвечнай песні», псіхалагічнага паглыблення ў «Жанчынах Бергмана» я сутыкнулася з нечым абсалютна іншым, на мой погляд, вельмі жаноцкім. Разумееце, у народзе існуе думка, нібы ў сталым веку ў сэрцы не застаецца месца для кахання. Спектакль «Хто пакахае мадам?» гаворыць пра адваротнае: жанчына паважнага ўзросту гэтак жа шчыра шукае каханне, і гэтак жа падманваецца ў сваіх пачуццях, бо час не можа змяніць самае трапяткое ў чалавечай натуры. Наадварот: мудрасць сталага веку надае незвычайную каштоўнасць кожнаму адчуванню.
На рэпетыцыях я прасіла рэжысёра не чапаць маю трактоўку ролі, з якой вынікае, што гераіня сваё каханне прыдумвае. Па-мойму, сапраўднае каханне - заўсёды прыдумка, толькі з папраўкай на тое, ці ёсць партнёр. Чалавек даходзіць да такога стану душэўнай напоўненасці, калі ён можа пакахаць, і тады адпраўляецца на пошукі прадмета сваёй любові. І нават пачуццё без узаемнасці само па сабе вельмі цікавае. У ім можна даць волю сваёй фантазіі, надаць каханаму рысы, якія вельмі хочацца пабачыць у блізкім чалавеку, зрабіць яго цэлым сусветам. І часам нават лёгкі дотык рукі дае столькі, што жанчына можа не ўмясціць гэтае адчуванне ў сваёй душы. Вось і Мадам - хоць кахае цень, аднак праз пачуцці да сваёй выдумкі яна адмаўляецца бачыць шэрасць у будзённым жыцці. Ці ж гэта не шчасце, калі чалавек ва ўзросце не хоча проста існаваць, а адпраўляецца на пошукі нечага паэтычна-летуценнага?!
- Вам імпануюць тыя памкненні вашай гераіні?
- Я згодная з ёй: хачу бачыць у свеце тыя рысы, якія прыносяць мне асалоду. Мне так - хораша. Я магу паказацца смешнай, але няхай, бо я гэта таксама адчуваю. Сваім каханнем Мадам надае апошняй частцы свайго жыцця новыя, сакавітыя фарбы. І гэтае пачуццё - стваральнае.
- Заўважыла, што вы з задавальненнем прымаеце ўдзел у новых пачынаннях: удзельнічаеце ў дыпломных работах кінарэжысёраў, з’яўляецеся ў серыялах, нават у рэкламе зняліся...
- Мяне прываблівае любая прапанова, за якой я бачу цікавую працу. Вось раз-пораз можна пачуць, што здымацца ў рэкламе для вядомага акцёра сорамна, аднак, пакідаючы ўбаку матэрыяльнае пытанне, гэта быў вельмі цікавы вопыт з акцёрскага пункта гледжання. Там была добрая, прафесійная каманда, якая змагла надаць відэароліку гарэзлівасць і гумар. Уявіце сабе: тыя некалькі дзесяткаў секунд на экране мы здымалі ўсю ноч! Скончыць давялося толькі а 10 гадзіне, калі ў краму прыйшлі прадаўшчыцы. Гэтыя вясёлыя, завадныя кавалкі роліка былі зняты а 3-4-ай гадзіне ночы ў халодным памяшканні. Трэба яшчэ павучыцца ў такіх умовах яскрава і эмацыйна іграць! Дарэчы, падобны вопыт вельмі дапамагае пры здымках у кіно.

Запаведны куток Мельпамены
- З чаго вы пачынаеце працу над роляй?
- Калі чытаеш п’есу, перад табой паўстае шэраг учынкаў героя. Мне ж цікава знайсці матывацыю, тое што прымушае яго паступіць так, а не інакш. Заглыбляючыся ў характар, думкі, пачуцці персанажа, пачынаеш адчуваць падтэкст самай кароткай і, можа, незразумелай першапачаткова фразы. Прыкладам, пад час рэпетыцый «Рычарда ІІІ», дзе я іграла маці Рычарда, пэўны час не магла зразумець, навошта Шэкспір укладвае ў вусны сваёй гераіні пад час размовы з крывавым забойцам, які сваімі рукамі знішчае родных, словы: «Ты мой сын...». Хіба ж жанчына гэтага не ведала? Насамрэч, са звыклых слоў пачынаецца для жанчыны цяжкае прызнанне самой сабе, што яна нарадзіла пачвару, і ад жаху такога ўсведамлення яна на сцэне як быццам нараджае пракляцце. Тая карціна стала неверагодным зрэзам чалавечай свядомасці ад вялікага трагізму аж да фізіялагічнага адчування.
- Пад час падрыхтоўкі да чарговай прэм’еры вы шмат звяртаецеся да крыніц, з якіх збіраеце інфармацыю пра пэўную асобу...
- Інакш і не можа быць, бо без гэтага не зразумееш глыбінную псіхалогію героя. У час працы над «Жанчынамі Бергмана» я заглыбілася ў дзённікі Інгмара Бергмана, пераглядала яго фільмы, чытала Юнга, на якога шведскі кінарэжысёр шмат спасылаўся. У яго адмысловае светаадчуванне, таму на першы план у яго карцінах выходзіць падсвядомае жыццё чалавека. Дзякуючы стужкам і літаратуры, я здолела так пабудаваць ролю, не вымаўляючы ніводнага слоўца, каб перажыванні і боль гераіні сталі відавочнымі гледачу.
Калі спасцігаеш глыбіню ўнутранага стану чалавека, лёгка адысці ад пераказу сюжэта да іншага ўзроўню шматгранных чалавечых адносін.
Не трэба забывацца і на тое, што ў драматурга, рэжысёра, мастака - свой светапогляд. Акцёр становіцца «пунктам праламлення» адчуванняў усіх гэтых творцаў, апошняй інстанцыяй, бо менавіта ён выходзіць да гледача. Каб артыст нёс «жывое», каб змог узбагаціць ролю і не «згубіцца» за тэкстам і выбудаванымі рэжысёрам мізансцэнамі, ён павінен сам быць асобай.
- Ці ўспрымаюць, на ваш погляд, гэтыя тонкасці новыя пакаленні, якія ўсё часцей абвінавачваюць у павярхоўным успрыняцці мастацтва?
- Упэўнена, што людзі, якія цягнуцца да тэатра, не змяняюцца. Так, моладзь выхоўваецца ў іншых умовах, аднак ёсць рэчы агульначалавечыя: каханне, здрада, душэўны боль, сэнс жыцця. Пра іх некалі пісаў Шэкспір, да іх звяртаюцца маладыя беларускія драматургі, і ўсё названае гэтак жа кранае душу. Усе праявы натуры чалавека ад нараджэння да смерці застануцца вечнымі.
- Але ў свеце ўсё настойлівей ідзе гаворка аб зменах ва ўспрыняцці людзей, аб фарміраванні ў сучаснага чалавека «кліпавага» мыслення. Кінаіндустрыя перайшла на карціны з хуткай зменай кадраў. Можа, і тэатру, каб заставацца папулярным, трэба пайсці па гэтым шляху?
- Мне здаецца, паняцце «кліпавага» мыслення і ўспрыняцця створана сродкамі мас-медыя, навязана грамадству тэлебачаннем. Карцінкі, што паказваюць там, глядач не патрабуе - гэта яму навязваюць. Я разумею, рытм жыцця змяніўся, аднак гэткі ўплыў замбіруе чалавека.
Хай тэатр застаецца павольным, глыбокім, працягвае шукаць псіхалагічнае апраўданне кожнаму ўчынку. У нейкай ступені ён стрымлівае гэтую навалу, дазваляе чалавеку выявіць у сабе лепшае.

З калыханкай па свеце
- Вы часта паўтараеце, што не шкадуеце аб нясыграных ролях. А ці ёсць у вас якая-небудзь творчая мара?
- Я не люблю загадваць наперад, бо пакуль чакаеш, прапускаеш тое, што адбываецца побач з табою. Магу сказаць толькі, што даўно думала аб тым, каб запісаць кампакт-дыск з калыханкамі свету.
Мая маці шмат спявала, дзякуючы ёй я ведаю нямала чароўных беларускіх калыханак. У кожнай - адметныя словы, арыгінальная мелодыя. З часам назбіралася «скарбонка» з песенек, занатаваных пад час замежных гастролей і фестывальных паездак.
З’яўленне падобнага кампакт-дыска магло б стаць добрай нагодай, каб задумацца. Сёння далёка не ўсе маладыя маці ведаюць, што спець над калыскай дзіцяці. Да таго ж, у калыханцы закладзена нешта сакральнае, чаго не хапае некаторым сучасным музычным творам.
Слухаючы няхітрую мелодыю, дзеці паступова спазнаюць свет. Аднойчы я спявала ў Нью-Йорку, у ААН, дзе прымалі беларускую дэлегацыю. Вы б бачылі, як уздзейнічала простая калыханка на дарослых людзей! Упэўнена: гэтая песня нясе ў сабе мудрасць, якая вякамі збіралася народам.
Я наогул вельмі люблю выконваць, слухаць народныя песні, бо яны дораць шчырыя эмоцыі, настройваюць на філасофскія разважанні. У іх ёсць нешта зямное, але ва ўзнёслым сэнсе гэтага слова. Ведаеце, калі ў мяне адбываецца ў жыцці нешта страшнае, я іду да матухны-зямлі - ёй выгаворваю свой боль. Памятаю, як калісьці, у студэнцкую пару, з-за праблем з голасам мяне маглі выключыць з тэатральнага інстытута. Тады я доўгі час праплакала ў парку ля тэатра, і, сапраўды, стала лягчэй. Менавіта зямля з’яўляецца ключом чалавечага жыцця. Толькі задумайцеся: які будзе жах, калі зямля аднойчы пакрыўдзіцца на чалавецтва і перастане радзіць, калі аднойчы не прыйдзе вясна! Чалавек адразу загіне. Мне здаецца, што народная песня дапамагае нам жыць у гармоніі з зямлёй, якая нас трымае.

«Культура», № 3 (871) от 17 января 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.