Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМТАТЬЯНА МАРХЕЛЬ

Мархель Татьяна Григорьевна  Мархель Татьяна Григорьевна 
    Таццяна Мархель:
    «У сталым узросце творчы шлях
    толькі пачынаецца...»

     Аляксандра Анцэлевіч

Імя тэатральнай актрысы Таццяны Мархель добра вядома нават тым нашым суайчыннікам, каго нельга назваць аматарамі тэатра. Яна - старэйшая актрыса беларускай сцэны, і яна ж - удзельнік аднаго з самых маладых тэатральных калектываў у краіне. Да таго ж Таццяна Рыгораўна - жанчына, над якой - і гэта відавочна кожнаму, хто сустрэўся з ёй хаця б аднойчы - гады не ўладарны. Сёння заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Мархель у гасцях у чытачоў «Народнай газеты».

- У Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў грамадстве рэпутацыя тэатра смелага творчага пошуку. I невыпадкова: сярэдні ўзрост трупы - 25 год. Як сябе адчувае ў такім тэатры сталая актрыса? I ў чым вы бачыце сваю асноўную функцыю ў трупе - навучыць, перадаць вопыт?
- Так, я працую ў маладым тэатры. Але лічу, што не павінна павучаць моладзь. Насупраць, мне трэба паспяваць за маладымі, жыць іх рытмам, разумець іх светапогляд. I пры гэтым працаваць так, каб яны самі ўбачылі нешта цікавае для сябе ў маёй рабоце. Я бачу, як літаральна на вачах растуць маладыя акцёры трупы, і гэта заўсёды радасна. Росту прафесійнага майстэрства маладых вельмі спрыяе тое, што яны шчыльна занятыя ў рэпертуары. Я бачу, як напружана працуюць мае маладыя капегі, але ніколі не лезу да іх са сваімі павучаннямі. Папытаюцца - з задавальненнем пагутару, заўсёды пастараюся даць добрую параду...
- Адметна жанравая разнастайнасць РТБД: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэтычная драма, прытча, драматычна-пластычная элегія, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя, асветніцкі спектакль... Галоўнай ідэяй, лічаць крытыкі, стала арыентацыя на пошук новых формаў існавання тэатра і яго развіцця. Між тым званне заслужанай артысткі мае на ўвазе некаторую ступень кансерватызму...
- Наадварот! Званне заслужанай артысткі не дае падстаў для кансерватызму і закасцянеласці. Менавіта ў стапым узросце, калі ўжо ёсць, ужо напрацаваны вопыт, калі ты многае зразумеў, з'яўляецца адчуванне, што вось цяпер ты па-сапраўднаму пачынаеш свой творчы шлях. Так што пошукі з формай я ўспрымаю з цікавасцю. Больш таго,менавіта ў маім узросце, лічу, для эксперыментаў на сцэне, у творчасці - самы лепшы час.
- А ўвогуле акцёр - гэтаперш за ўсё нешта дадзенае ад нараджэння або прафесія, якой можна навучыцца? Што, на ваш погляд, прыярытэтна - талент або працаздольнасць?
- Не магу гаварыць за ўсіх, але сябе я лічу перш за ўсё працаўніком. Усё, чаго я дасягнула, дасягнута праз гады работы. Праўда, работа гэтая заўсёды дастаўляе мне радасць, працую я з задавальненнем. Я пачынаю «хварэць» роллю, думаю пра яе днём, уначы, нават бачу пра яе сны. Працуючы над спектаклем, я заўсёды імкнуся даведацца як мага больш пра аўтара п'есы, тую гістарычную эпоху, у якой адбываецца дзеянне, тых асоб, якія будуць дзейнічаць на сцэне, іх гістарычных прататыпаў... Калі мы рэпеціравапі з рэжысёрам Валерыем Анісенкам «Жанчыны Бергмана» (там я выканала ролю спявачкі Інгрыд, страціўшай голас), я многа чытала пра вялікага шведскага кінарэжысёра Бергмана. Я стала ведаць яго, як блізкага чалавека, разумець яго светапогляд. I ў выніку лепш зразумела, што хацеў сказаць аўтар п'есы... Тэатр, гледачы дапамаглі мне некалі перажыць самыя складаныя моманты майго жыцця. Не ведаю, колькі мне адпушчана Богам, але ні дня свайго жыцця я не ўяўляю без сцэны.
- А ці адкладваюць ролі адбітак на асобу, жыццё акцёра, ці змяняюць ваш характар?
- Ролі ўзбагачаюць жыццё. Наогул жыццё ў тэатры цікавейшае, чым звычайнае, побытавае, па-руску кажучы, «ежедневное». На сцэне ёсць прастор для фантазіі, ёсць месца нечаканасці. Жыццё ў ролі - гэта спрэсаваны эмацыянальны пласт. Ведаеце, акцёр - апошняя інстанцыя ў спектаклі, праваднік думак аўтара, рэжысёра, мастака. Але спектакль усе ўдзельнікі будуюць разам, і мая роля - гэта ўсё роўна ў першую чаргу мае эмоцыі, думкі, маё жыццё, пражытае перад гледачом, які для мяне быў і застаецца найлепшым сябрам. Я жыву сваімі ролямі, але гэта мне не перашкаджае быць за дзвярамі тэатра звычайным чалавекам, жывіцца эмоцыямі зразумелых кожнаму чалавечых радасцей і смутку.
- Для якога гледача вы асабліва любіце іграць - маладога ці сталага, беларускага ці замежнага, сельскага ці гарадскога?
- Люблю гледача ўсякага. Удзячна заўсёды ўжо толькі за тое, што людзі прыйшлі ў тэатр, а не сядзяць дзе-небудзь з бутэлькай... Прыемна, што ў зале РТБД заўсёды многа моладзі. I, знаеце, я ўпэўнена, што сучасная моладзь, хоць нярэдка на яе наракаюць, на самай справе вельмі разумная, мэтанакіраваная, адухоўленая, умее тонка адчуваць прыгожае і разумець мастацтва. Для такога гледача іграеш заўсёды на нейкім творчым уздыме.
- Вядома мноства вашых таленавітых работ у кіно - запамінальныя ролі ў карцінах «На цябе спадзяюся», «Давай пажэнімся», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Трэцяга не дадзена», «Людзі на балоце»... Папулярнасцю карысталася тэлевізійная праграма «Запрашаем на вячоркі», дзе вы былі вядучай. Але ўсё ж вы вярнуліся на тэатральную сцэну. Чаму?..
- А я ніколі і не зыходзіла з тэатра. 3 1959 года ім займаюся без перапынку. А работа ў кіно і на тэлебачанні вялася паралельна з тэатрам. Нават калі ў мяне нарадзілася двойня, ужо праз два месяцы я рэпеціравала п'есу «Сымон-музыка» ў Віцебску. Разам з мужам, Яўгенам Шыпілам - ён таксама быў акцёрам. Дарэчы, кажуць, што ў творчай сям'і жыць, строіць адносіны складана. У маім выпадку гэта не так: значна больш складана мне было б жыць з мужам, чыя прафесія была б далёкай ад тэатра. Мае дочкі таксама абралі творчыя прафесіі: Вера сёння тэатральная актрыса, а Марыя вырашыла прысвяціць сябе кіно. Яна атрымлівае адукацыю кінапрадзюсера.
- Давайце пагаворым пра народныя песні, вывучэнню якіх вы прысвяцілі жыццё. За што вы іх любіце?
- Сказаць, што народныя песнія вывучала спецыяльна, будзе няпраўдай. Проста я нарадзілася ў маленькай беларускай вёсцы Шпакоўшчына, у Смалявіцкім раёне, там прайшло маё дзяцінства. Памятаю, мама, простая сялянская жанчына, працавала і спявала - голас мне дастаўся ў спадчыну ад яе. У дзяцінстве любіла спяваць разам з ёй. Песні, што спяваю на сцэне - гэта ўсё песні маёй матулі. Летась, ва ўзросце 96 гадоў, яна адышла ў лепшы свет - ціха і спакойна, як веруючы чалавек.
- На вуліцах беларускіх гарадоў вас пазнаюць? Прынята лічыць, што папулярнасць перашкаджае жыць. Вы з гэтым згодны?
- На вуліцах мяне пазнаюць даволі часта, вітаюцца незнаёмыя людзі. Мне гэта заўсёды вельмі прыемна. Людзі кажуць добрыя словы, узгадваюць народныя песні, што я спявала. I гэта адразу ўзнімае настрой, разумееш: нешта добрае зрабіў... Аднойчы купляла агуркі на Чэрвенскім рынку, і жанчына з Пінска не хацела браць з мяне грошы. Казала: «Я вас так люблю, ні за што не дазволю вам плаціць за агуркі, бярыце іх так!». Ну, я настойвала. Смяяліся. Наогул, я не пакутую ад сваёй вядомасці. Мабыць, таму, што мая папулярнасць - нескандальная. Гэта ціхія добрыя словы, гэта ўдзячнасць выпадкова сустрэтых людзей - хіба можа такая папулярнасць прынесці нейкія іншыя эмоцыі, акрамя радасці?!

«Народная газета» от 2 сентября 2006 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.