Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫМБЕЛЛА МАСУМЯН

Масумян Белла Амовна


Масумян Белла Амовна
Сцэна са спектакля «На залатым возеры».
 Масумян Белла Амовна 
    Здзіўляцца, радавацца, вучыцца
     Алекс Стрэл

Размова з Бэлай Амікаўнай МАСУМЯН адбылася ў грымёрцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага паміж рэпетыцыямі новага спектакля з яе ўдзелам - Валянціна Еранькова спецыяльна да юбілею артысткі ставіць спектакль «Валянцінаў дзень» Івана Вырыпаева. Мы адразу дамовіліся, што гэта будзе менавіта «размова», а не «інтэрв’ю». Не гаварылі пра біяграфію - для гэтага існуюць энцыклапедыі, не было пытанняў пра асабістае жыццё і пра сімпатыі і антыпатыі ў беларускім тэатры - пра што, напэўна, распавядаюць газеты «належнага» колеру. Мэтай было - пачуць выдатнага майстра сцэны, які заслужыў нашу павагу сваім бескарыслівым служэннем беларускаму мастацтву. Бэла Амікаўна - сціплы і не публічны чалавек, аднак гэта зусім не значыць, што ёй няма чаго сказаць.

- Сёння, калі, мусім канстатаваць, наш тэатр перажывае змену пакаленняў, асабліва важным падаецца пытанне захавання тэатральнай традыцыі...
- Тэатр - гэта жывы арганізм, і ён мусіць быць дакладным паводле сваіх выяўленчых сродкаў, паводле эмацыянальнасці. Тэатр існуе ўжо не адно тысячагоддзе - некалі, у старадаўнія часы, ігралі «на катурнах», і гэта добра ўспрымалася. Была пэўная манера падачы рэплік, яна засталася ў сучасных японскім і еўрапейскім тэатры, дзе кожны жэст мае сэнс, дзе кожная маска выяўляе сваю ідэю.Наш жа тэатр - псіхалагічны, ён і раней гэтым славіўся, ды і мы ім заўсёды ганарыліся.
- Якім чынам можа ўвасабляцца развіццё тэатральнай традыцыі?
- Да прыкладу, праз сцэнаграфію сучаснасць дыктуе новыя формы... Я аднойчы бачыла спектакль французскага тэатра, і мяне здзівіла, што п’еса, якая ў нас ішла тры с паловай гадзіны, там ідзе дзве. Гэта адбывалася не толькі дзякуючы маўленню французаў - рухомаму, эмацыянальнаму (нашаму маўленню, нават побытаваму, уласціва нейкая шматзначнасць і шматпаўзнасць), але і таму, што яны адмыслова арганізавалі ўсё ў спектаклі ў гэтым імклівым, хуткім рэчышчы.
Усе мы сталі хутчэй мысліць, сталі больш кемлівыя, нягледзячы нават на тое, што не заўсёды можам два на тры памножыць без калькулятара. Гэтая акалічнасць, канешне, змяняе воблік спектакля, змяняе рытмы, не дае заседжвацца на сцэне. Але сам па сабе рытм не гарантуе мастацкага выніку.
Я чамусьці параўноўваю добры спектакль з ртуццю. У адной з карцінных галерэй Барселоны я трапіла на выстаўку аднаго мастака: пад шкляным экранам кацілася зверху ртуць, з рознымі інтэрваламі, на прыгожа падсвечаную пляцовачку. Адзін шарык даганяў іншы, усё гэта злівалася, змянялася, але заставалася адзінствам. Я злавіла сябе на думцы, што гэта і ёсць вобраз спектакля для мяне. Мусіць быць нейкая цякучасць, пераліўнасць адно ў адно, і нават калі яна перарвецца, гэта варта грунтоўна патлумачыць. На сцэне павінна заставацца нейкая неперарыўнасць.
- Якім чынам сёння ажыццяўляецца сувязь сцэны з глядацкай залай? Ці так гэта адбываецца, як некалі?
- Гэта складанае пытанне, таму што паміж сцэнай і залай адбываецца вельмі няпростая сувязь. Як толькі мы пачынаем дагаджаць гледачу, каб быў аншлаг, тэатр адразу страчвае, напрыклад, у выбары п’есы. Вось мы былі на гастролях: Рэй Куні запаланіў усю Расію. Добры драматург, але з гэтага вынікае, што гледачу блізкая пэўная, адна, асаблівая форма камедыі. Але добры тэатр мусіць, тым не менш, трымаць якасць - тады і публіка падцягнецца да нашага ўзроўню. Падзенне адбудзецца, як толькі мы саступім гледачу, альбо глядач саступіць нам - гэта ўсё ўзаемазвязана.Трэба, як у школе: спачатку палачкі, потым - кручочкі, потым - кружочкі, потым - літаркі. Напэўна, да добрага тэатра на ўзроўні маладзёжнага тэатра, ТЮГа, чалавек прылучаецца, як у сям’і прылучаюць да добрых паводзін за сталом, у грамадстве, як прывучаюць да звычкі чытаць кніжкі адразу да канца, слухаць музыку, якую ты яшчэ не разумееш.
Са мной аднойчы быў такі выпадак. Мы з Расціславам Іванавічам Янкоўскім доўгія гады ігралі «Двое на арэлях» Гібсана. Шмат ездзілі на гастролі, і аднойчы трапілі ў невялічкую вёску на татарска-рускім памежжы, дзе жылі людзі самых розных нацыянальнасцей. Гэты люд сабраўся ў сельскім клубе. «Двое на арэлях» - гэта па нашым часе меладрама даволі прыстойная і цнатлівая. Але на той час, калі актрыса нават казала нешта пра ложак, было шокам. І вось гэтая п’еса трапляе на падмосткі вясковага клуба, дзе ў людзей традыцыі ўспрыняцця мастацтва зусім іншыя. Для іх гэта было шокам - яны пачалі шумець, размаўляць. Мы не разумеем, што адбываецца: спачатку спрабуем «ціснуць» на ўсю моц, потым робім паўзу... Я была ў такой разгубленасці, што карцела ўжо закрыць заслону і сысці са сцэны. Мы трапілі ў такую атмасферу, дзе гэткая форма мастацтва, гэты спектакль быў непатрэбны.
- І мне, і маім раўналеткам, маладым акцёрам і рэжысёрам было б карысна пачуць, што было вашым творчым рухавіком усе гэтыя гады, вашым творчым крэда?
- Жыццё - гэта дзіўная рэч. Вось яно ўжо хіліцца да завяршэння, а бачыш і разумееш усё больш. Напэўна, у гэтым ёсць нейкі звышсэнс, што я да гэтага часу працягваю здзіўляцца, радавацца, вучыцца. Тэатру, пастаноўкам, сустрэчам з гледачамі - усё роўна чамусьці вучышся, чамусьці радуешся, здзіўляешся. Я маю на ўвазе радасць як пачуццё, якое ўзнікае ад судакранання з жыццём. Яна робіць багатым у любым выпадку, добра нам ці дрэнна, не трэба ад яе адмахвацца. Трэба быць больш цярплівым, спрабаваць знаходзіць у сабе здольнасць зразумець. Вось гэтая здольнасць зразумець увасабляецца, як мне падаецца, у тэатры, дзе збіраюцца ўсе гэтыя казачныя каштоўнасці жыцця, рассыпаныя па нашай будзённасці. Важна, каб праз сіта душы не адсейваліся нават маленькія дробязі. Зараз добра рэпеціруе з намі Валянціна Еранькова - яна працуе, мажліва, вялікім мазком, але з вялікай увагай да дробязей. Я вельмі цаню гэта ў рэжысуры, і, дзякуй Богу, у нас такая рэжысура ёсць. У нас увогуле вельмі добры тэатр, надзвычай моцная трупа, добрая моладзь - без цынізму.
Мне падабаецца стасункавацца з моладдзю. Таму што вы сталі выходзіць з таго банальнага кола пытанняў, на якія чалавек, калі не маніць, дае раз у жыцці вычарпальны адказ. Не быў, не судзіўся і гэтак далей. Важна, з чым прыходзіць чалавек, якое пытанне яго цікавіць, - гэта, ведаеце, як спектакль. Мяне часта пытаюць, ці ўздзейнічае тэатр на гледача? А мы, нават самы лепшы тэатр, самы жывы, з самымі жывымі традыцыямі, ніколі не даём ні на адно пытанне адказу. Толькі ставім яго такім чынам, як нас хвалюе гэтае пытанне, як яно хвалюе гледача, што прыходзіць у глядзельную залу. Спрабуем разабрацца ў крыніцах зла, дабра, любові, нянавісці.
- Вы сказалі вельмі важныя словы пра навучанне на тэатры. На што спачатку важна звяртаць увагу, чаму вучыцца найперш?
- Усё пачынаецца са слова, з драматургіі. Іншая справа, што навучанне не пачынаецца і не канчаецца з атрыманнем ролі і пасля гэтага. Вось у оперы і ў балеце не трэба тлумачыць артыстам, што неабходна распявацца, размінацца, каб выйсці на сцэну. Драматычныя артысты жывуць крыху больш вальяжна. А трымаць сябе ў тонусе трэба заўсёды. Важна зыходзіць ад драматурга, трэба ўважліва вывучаць не толькі пэўную п’есу, але і ўсю ягоную творчасць. Важна ўмець чуць рэжысёра, яго кола ідэй, яго канву спектакля. Але яшчэ больш важна не адыходзіць ад свайго. Трэба імкнуцца, адштурхоўваючыся ад аўтара і ад рэжысёра, «раскачваць» жыццё. Мне аднойчы Таццяна Арлова сказала, што зладзеек у маім выкананні пачынаеш шкадаваць. Але гэта правільна, бо я не суддзя, мая задача - якраз знайсці ўнутранае апраўданне ўчынкаў маіх герояў, калі гэта не супярэчыць задуме аўтара.
Вось Мэдэя, якая ад такой жарсці кахання здраджвае бацьку, брату, забівае таго, гэтага, урэшце забівае ўласных дзяцей... Як такое іграць?.. Можна іграць вар’ятку, тэрарыстку. Але ўсё ж тут ёсць і тая глыбіня ўзрушанасці, тое каханне, якое не спыніць нічым. Яна разумее, што гэтым дзецям наканавана цяжкае жыццё ў чужой дзяржаве. Я бачыла фотаздымкі Марыі Калас у ролі Мэдэі. У яе быў дзіўны грым: яна зрабіла сабе квадратны рот. І калі яна спявала, гэта быў такі ашчэраны, бы ў шаленстве, звер, які гэтым забойствам ахоўваў дзяцей. Вось гэтаму - не навучыцца, гэта дадзена Богам.
Але момант педагогікі вельмі важны. Мне падаецца, што выкладчык мусіць быць побач з вучнем, як доктар, што суправаджае па жыцці пацыента. А часам педагог, як толькі выпускае студэнта, адразу ж кідае яго. А што з гэтымі шчанюкамі адбываецца... А ім патрэбны нагляд, а ім патрэбна прысутнасць. У нас быў выдатны педагог Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, дык ад аднаго ягонага імя ў тэатры не толькі студэнты, сталыя, вопытныя акцёры адразу нібы падцягваліся. Такім мусіць быць выкладчык. Не абавязкова нават яго асабістая прысутнасць, але па ягоных колішніх заўвагах ты правяраеш сябе ўсё жыццё. У мяне былі ўзнагароды, але самай вялікай з іх быў артыкул Дзмітрыя Аляксеевіча ў «Савецкай культуры» - «Ганаруся вучаніцай».

«Культура», № 36 (802) от 8 сентября 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.