Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫММИХАИЛ МЕТЛИЦКИЙ

Метлицкий Михаил Васильевич
Міхаіл Мятліцкі

Метлицкий Михаил Васильевич
Міхаіл Мятліцкі - Ракіцін
 Метлицкий Михаил Васильевич 
    Пра шчырасць, «спружыну» i акцёра
     Таццяна Команава

... Вялізная, на ўсю сцэну клетка, дзе замест кратаў - непралазныя спляценні павуціны. Тут, у гэтай клетцы, жыве цыганскі кароль з усімі сваімі падданымі, сюды малады шляхціц, пляменнік караля, прыходзіць шукаць паратунак. Над усім пануе атмасфера ачмурэння. Цыганскі кароль Якуб I называе сваіх падданых быдлам, свіннямі, поскуддзю. I не дзіўна: магічнае «Піць!» - і ўсе механічна ўзнімаюць чаркі, ператвараючыся ў бязвольных абыякавых істот, у чалавечыя абалонкі.
Медыкус, бадай, адзіны, хто адасоблены ад гэтага п'янага натоўпу. Больш таго, яму не ўдаецца зліцца з натоўпам, як бы ён гэтага ні жадаў. Увесь у чорным, нібыта апрануты ў футарал, ён, здаецца, нічога не бачыць. не чуе, не адчувае. Здаецца! Бо пад гэтым футаралам - зраненая да крыві душа і сэрца, што баліць не за сябе - за ўсіх, хто страціў жыццёвыя каштоўнасці...
Гэтая карціна заўсёды ўзнікае перад вачамі, калі ўзгадваю спектакль «Цыганскі кароль» рэжысёра Юрыя Лізянгевіча паводле прозы Уладзіміра Караткевіча ў Брэсцкім абласным тэатры драмы і музыкі. Скарыў мяне тады Медыкус у выкананні Міхаіла Мятліцкага. Здзівіў і заваражыў. А найбольш уразіла ўнутраная моц персанажа. Знешняя скаванасць героя ў рухах, жэстах, відавочная адмежаванасць ад усяго, што адбываецца навокал, і разам з тым - адчуванне сціснутай спружыны ўнутры, якая вось-вось выслізне...
Гэтая «спружына» выдавала сябе і пазней, у іншых ролях Міхаіла Мятліцкага. Ягоныя героі маглі быць абсалютна рознымі, кожны са сваім лёсам, характарам. Аднак усім ім уласцівая душэўная сканцэнтраванасць, багацце ўнутранага свету.
Мятліцкі не іграе тыпажоў. Для яго гэта занадта проста. Нават у спектаклях, дзе тыпажнасць напрошваецца сама сабою, яму ўдаецца «разбавіць» яе рысамі індывідуальнасці, прыўнесці ў вобраз глыбіню. Гаральд у «Беспрасветнай камедыі», граф Альмавіва ў «Жаніцьбе Фігаро» і шэраг іншых. Перажыўшы, як і большасць акцёраў яго пакалення, эпоху пецек, васек і колек у тэатры, ён бярэ рэванш, пазбаўляючы сваіх сённяшніх герояў прыкметаў «канвеернасці».
Міхаіл Мятліцкі - акцёр, не скаваны паняццем амплуа. Яму аднолькава добра ўдаюцца ролі драматычныя і камічныя, фарсавыя і меладраматычныя. Ён можа зрабіць цікавым самага нявыйгрышнага персанажа. У спектаклі «Сям'я злачынцы» рэжысёра Юрыя Лізянгевіча Мятліцкі іграе высакароднага Арыга Пальм'еры, які кахае Разалію (Таццяна Юрык), жанчыну, якую ён прытуліў пад сваім дахам. Яны не могуць злучыцца разам, бо Разалія замужам, няхай сабе і муж яе прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Шчыры сэрцам, Пальм'еры згаджаецца выдаць дачку Разаліі за сваю і выхаваць яе як спадкаемцу слыннага роду. П'еса гэтая мела ў свой час пэўны поспех. Найперш таму, што ў ёй нібыта няма «дрэнных» персанажаў. Высакародны злачынца Карада (Міхаіл Далгаполаў) супрацьпастаўляецца яшчэ больш высакароднаму Арыга Пальм'еры. Сумна? Ні кроплі. Дзякуючы таму, што бескампраміснасці Карада Мятліцкі ў характары свайго героя супрацьпастаўляе такую Дон-Кіхотаўскую лірычнасць і безабароннасць, якая абуджае ў гледачоў пачуццё шчымлівага шкадавання да гэтага героя, што жыве ў жорсткім і бязжаласным свеце.
Цудоўная пластыка, віртуознае валоданне голасам, выдатныя вакальныя дадзеныя праяўляюцца, бадай, у кожнай ролі акцёра. Не застаецца незаўважанай тая лёгкасць (знешняя, канешне), з якой ён вырабляе складаныя трукі, выконвае вакальныя нумары. Граф Альмавіва з «Жаніцьбы Фігаро» ў выкананні Міхаіла Мятліцкага зусім не злодзей і тыран, які жадае нявесту свайго падданага. Ён - ігрок і ігрок віртуозны, здольны супрацьпаставіць напорыстасці маладога Фігаро вопытнасць і хітрасць спрактыкаванага лавеласа. I ў фінале спектакля Альмавіва Мятліцкага не церпіць паразу, ён лёгка і проста прайграе гэтую гульню. Але толькі гэтую...
Героям Міхаіла Мятліцкага не пагражае старамоднасць. Ён з тых акцёраў, што тонка адчуваюць час і ўмеюць паставіць яго сабе на «службу». У тургенеўскім «Месяцы на вёсцы» ў пастаноўцы Рыда Таліпава Мятліцкі іграе Ракіціна. Тургенеўскі Ракіцін - вясковы філосаф, мастак і паводле занятку, і па складзе душы, сябра сям'і, прысутнасць якога немінуча прыводзіць да ператварэння яе ў любоўны трохкутнік. Мятліцкаму ўдаецца адштурхнуцца ад філасофстваванняў свайго героя і ўбачыць за словамі трапяткую і закаханую душу, не падуладную часу. Ён кахае Наталлю Пятроўну (Тамара Ляўчук) па-дзіцячаму шчыра і бяскрыўдна, нягледзячы на тое, што ў яе ёсць муж, што шанцаў у Ракіціна практычна няма. Зрэшты, ён ці не адзіны з герояў спектакля, чые пачуцці, словы, учынкі па-сапраўднаму шчырыя. Аднак і гэта доўжыцца да пары да часу, пакуль у маладым Бяляеве (Сяргей Пяткевіч) Ракіцін не пачынае бачыць свайго суперніка і сябе ў маладосці. I пачынаючы сваю «гульню» з ім, знішчаючы юнца, крок за крокам ён забівае і ў Ракіціне яго самую вялікую годнасць - адкрытасць і шчырасць.
Ды і сам акцёр - чалавек адкрыты, шчыры. Чалавек, гутарыць з якім лёгка і прыемна. Ён успрымае тэатр, у першую чаргу, як асяродак, у якім павінна стварацца сапраўднае мастацва, а не спектаклі-аднадзёнкі. Ягоны асабісты ўклад у гэтую справу пераацаніць цяжка - створаныя ім ролі гавораць самі за сябе...

«Культура», № 15, 15-21 апреля 2000 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.