Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫМВЛАДИМИР МИЩАНЧУК

Мищанчук Владимир Андреевич


Мищанчук Владимир Андреевич
«Паўлінка» Янкі Купалы.
Л.Кучарэнка (Паўлінка),
У.Мішчанчук (пан Быкоўскі).
Гродзенскі абласны
драматычны тэатр.

Мищанчук Владимир Андреевич
«Мілы чалавек» К.Крапівы.
Жлукта. Гродзенскі абласны
драматычны тэатр.

Мищанчук Владимир Андреевич
«Пігмаліён» Б.Шоу.
Альфрэд Дулітл.
Тэатр-студыя кінаакцёра.

Мищанчук Владимир Андреевич
«Чаравікі на тоўстай падэшве»
П.Гладзіліна.
Дзмітрый Міхайлавіч.
Нікола-тэатр.

Мищанчук Владимир Андреевич
Пасля перамогі на Міжнародным
фестывалі тэатральных школ
у Анталіі (Турцыя). 2002.
 Мищанчук Владимир Андреевич 
    Уладзімір Мішчанчук.
    Вучыць хадзіць і ... лятаць

     Людміла Грамыка

Сярод шматлікай акцёрскай браціі відавочна існуюць асобы, да якіх прафесія нібы прырастае. Быццам у прынцыпе яны неадлучныя ад тэатра. Гэта выразна выяўляецца ў ледзь перабольшаных рухах і жэстах, якія падкрэсліваюць кожнае слова; ва ўзбуйненай міміцы, што адмыслова афарбоўвае кожную фразу. Здаецца, такія акцёры няздатныя да інтымнай гаворкі твар у твар - ім абавязкова патрэбны аўдыторыя і адлегласць ад суразмоўцы. Калі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук ляціць па калідорах акадэміі, мімаходам вітаючы ўсіх усмешкамі і шырокімі жэстамі, робіцца зразумела, што ролі, якіх ён за сваё жыццё перайграў вялікую колькасць на розных сцэнічных пляцоўках, ягоную прыродную патрэбу ў відачынстве не задаволілі. Дый на сцэне ён неўтаймоўны ў выразных акцёрскіх праявах, усе прапанаваныя ім нюансы ніколі не паспяваеш адсочваць. Затое атрымліваеш асалоду. Заўсёды цікава, калі акцёрства б’е цераз край. Уладзімір Мішчанчук не проста выдатны акцёр, на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў ён - дэкан тэатральнага факультэта. Пасада адказная і паважная. Міжволі думаеш: што ў ім пераважае - творца ці адміністратар? Як свабодная і палётная натура спалучаецца з ментарствам і адміністраваннем? Зрэшты, не толькі пра гэта была наша гаворка.

Магчыма, крыху здзівіцеся такому пытанню, і ўсё ж, Уладзімір Андрэевіч: у чым ваша прызванне?
- Магу адразу адказаць адназначна: акцёрская прафесія маё прызванне. Відаць, так было прадвызначана лёсам і тым галоўным рэжысёрам, якім з’яўляецца Гасподзь Бог. Усё пачалося з дзяцінства. Колькі сябе памятаю - абавязкова нешта пераймаю, разыгрываю і паказваю. Да мяне нават мянушка прыстала: артыст пагарэлага тэатра. Гадаваўся я на Палессі, сям’я была вялікая і пявучая. (Дарэчы, старэйшая сястра Вольга дагэтуль у царкве на клірасе спявае.) У дзяцінстве ў нашым доме спевы і музыка гучалі бесперапынна. У хаце, ці каля хаты, збіралася моладзь, а мы, дзеці, да яе прыладжваліся і таксама адчувалі сябе саўдзельнікамі працэсу. Да таго ж, у мяне быў... уласны тэатр. У хаце каля акна стаяў мамін куфар з пасагам. Гэты куфар зрабіўся маёй першай сцэнай, а фіранкі на вокнах былі тэатральнай заслонай. Гледачы знаходзіліся звонку, за акном. Пасярэдзіне хаты стаяла печка, і паколькі нічога падобнага да грыму ў мяне не было, карыстаўся сажай і вуглямі. Мазаў твар, пераварочваў бацькаў кажух, апранаў матуліны ўборы і ладзіў прадстаўленні. На вуліцы стаялі хлопцы і ўважліва сачылі за маімі метамарфозамі. Калі ім падабалася - свісталі, калі паказваў жудасных пачвар - кідалі ў акно каменьчыкі. Аднойчы разбілі шыбіну, і тата моцна сварыўся.
Што гэта ўвогуле было, каго вы ўвасаблялі - казачных герояў, сваякоў?
- Сюжэты разыгрываў казачныя - быў то Кашчэем Бессмяротным, то Бабай-Ягой, то Цыганом, то Панам. У той час на мой светапогляд моцна паўплываў дзядзька Сямён, які жыў побач і выкладаў у школе матэматыку. Дарэчы, матэматыку я не надта любіў, а ён пра мае двойкі і тройкі даводзіў да ведама бацькоў своечасова. Ды галоўнае не гэта. У дзяцькі захоўвалася калекцыя музычных інструментаў розных гадоў і стагоддзяў. Акардэоны, гармонікі, піяніна, была нават скрыпка Страдывары з расколатай дэкай. Вось гэта былі мае першыя універсітэты. І цяпер яны для мяне нібы адкрыццё.
Як лічыце, двойка па матэматыцы - сапраўды перашкода для акцёрскай прафесіі?
- Для мяне была перашкода, бо я меў алергію на матэматыку. І столькі з-за яе ад бацькі выцерпеў! Хоць ён не біў нас сістэматычна, ды, здаралася, напамінаў, хто ў доме гаспадар. Так бы мовіць, унушаў, што мусім добра скончыць школу, атрымаць адукацыю. Але я ўжо тады дакладна ведаў, што матэматыкам не буду ніколі. Дарэчы, у школу пайшоў па тым часе вельмі рана, у 6 гадоў. Памятаю, маці пашыла мне торбачку з ільну, да якой прымацавала гузік з бацькавага ваеннага шыняля. Гэтымі гузікам і торбачкай я вельмі ганарыўся, нават выхваляўся. Жылі мы цяжка. Зразумела, шасцёра дзяцей... Двое памерлі. Астатнія ўсе вучыліся, хацелі стаць людзьмі.
У дзяцінстве былі моманты, калі праз далучэнне да прыроды, да музыкі вас агортвала асаблівая стыхія і вы нібыта апыналіся ў іншай прасторы?
- Былі такія моманты - праз музыку ў нашай хаце. Я нават не памятаю зараз, пра што спявалі: пра каханне, пра зямлю, пра чалавечыя ўзаемаадносіны? Але, слухаючы песні, я нібы трапляў у нейкае іншае вымярэнне. Тое ж самае адчуваў, калі ў дом правялі радыё. Праз яго спазнаваў свет, дагэтуль мне невядомы. Бацькі гэтае радыё павесілі на покуці, побач з абразамі. Алоўкам у сшытак я за дыктарам запісваў праграму радыёперадач. Памятаю казкі Соф’і Гурыч, радыёспектаклі. Мы, дзеці, ніяк не маглі ўцяміць: адкуль з’яўляецца гук? І калі на радыё быў перапынак, крычалі ў прыёмнік. А суседка са сваёй хаты адказвала: «Чу-ю!» Думаю, што гэта асаблівая старонка ў маім творчым фарміраванні.
Як зразумелі, што тэатр - ваш лёс, што - толькі сцэна і нічога іншага?
- Не адразу. Пасля выступлення ў школьным спектаклі настаўніца неяк сказала, што мне трэба вучыцца на артыста. Я вельмі здзівіўся: «Як, хіба на артыстаў вучацца?» Потым думаў, што калі вучацца, дык гэта людзі незвычайныя. А я, з вёскі, які артыст? Акцёрская прафесія здавалася нездзяйсняльнай марай. Да нас у клуб прывозілі кіно, вось там я бачыў сапраўдных артыстаў! Кіно - нібы акно ў іншы свет. Але грошай не хапала, і нам не заўсёды выпадала трапіць на сеанс. Неяк з братам вельмі хацелі паглядзець фільм пра разведчыкаў. Маці кажа: «Дачакайцеся, пакуль курыца яйка знясе, занясіце ў магазін, памяняйце на пяць капеек, хопіць на кіно». Мы - у куратнік. Чакаем, чакаем, каб курыца закудахтала, а яйка ўсё няма і няма. Вельмі баяліся спазніцца, дык я залез у катух і пачаў з курыцы гэтае яйка выціскаць...
А калі надышоў час вучыцца далей, разам з хлопцамі паехаў у Гродна паступаць у медінстытут. Тады ж упершыню ўбачыў горад. У медінстытут не паступіў, вярнуўся дадому. І неўзабаве маці з драўляным чамаданчыкам выправіла мяне ў Мінск. Не ведаю, як знайшоў тэатральны інстытут, бо трамвай ад тралейбуса адрозніць не мог. Ды толькі знайшоў! Будынак з калонамі і незвычайныя прыгожыя людзі, якія з гэтага будынка выходзілі, уразілі мяне надзвычайна. Здавалася, што іх ужо ведаю па кіно. І мая самая вялікая мара здзейснілася ўжо таму, што я тут, побач, наяве! Нават не ўяўляю, як перадаць адчуванне велічы, што мяне ахапіла, калі ўбачыў Д.Арлова, В.Рэдліх, Б.Вішкарова, У.Маланкіна... Назіраў, як яны ходзяць, вітаюцца, як іх шануюць... І быў нібы зачараваны вандроўнік у стане эйфарыі. Такое незабыўнае ўражанне атрымаў! Вядома, да экзаменаў я быў непадрыхтаваны. Як спяваў, танцаваў, чытаў вершы - не памятаю. Памятаю толькі рэакцыю камісіі. Як яны ўсе рагаталі! Хаваючы ад мяне смех, амаль што залазілі пад крэслы. Відаць, так гэта было кепска, так недарэчна! Потым мяне паклікаў Арлоў і ў гэтай самай зале побач з крэсламі сказаў: «Дзетачка! Вы вельмі здольны. Але вам няма яшчэ 16 гадоў, і мы не можам вас прыняць». Што са мной было! Ногі падкасіліся, галава закружылася, кроў прыліла да твару, слёзы пацяклі ручаём... Болей не памятаю ніводнага ягонага слова. Толькі зразумеў, што ён мяне суцяшаў. Калі праз два гады прыехаў зноў - мяне пазналі. І я паступіў на курс да Веры Паўлаўны Рэдліх.
Вядома, дэка - аснова скрыпкі. А што складае аснову акцёрскай прафесіі?
- Выдатны рускі рэжысёр і педагог Марыя Восіпаўна Кнэбель некалі вызначыла яе адзіным словам - дзяціннасць. Я з ёй цалкам згодны. Непасрэднасць светаўспрымання і безаглядная вера ў прапанаваныя абставіны, у тое, што зараз, у гэты момант адбываецца на сцэнічнай пляцоўцы, - аснова акцёрскай прафесіі. Астатняму - пластыцы, руху, прыгожай мове - можна навучыць. Калі акцёр пацалаваны Богам, ён адчувае жыццё больш тонка і трапятліва, чым іншыя людзі. Здатны суперажываць і спачуваць, абаяльны, у яго нястрымная фантазія. Усё гэта - уласцівасці творчай асобы.
Галоўнае, чаму вас навучыла Вера Паўлаўна, што прыдалося на ўсё жыццё?
- Сваю першую лекцыю вучаніца К.Станіслаўскага В.Рэдліх пачала так: «Акцёрская прафесія, дзеткі мае, - гэта праца, праца і яшчэ раз праца». Гэтую фразу я, узорны вучань, і запісаў у сшытак па майстэрстве акцёра. Болей у ім я не пісаў нічога. Але менавіта такая мудрая парада зрабілася падмуркам для майго творчага жыцця.
Працуючы над вобразамі, як скарыстоўваеце жыццёвы досвед і назіранні?
- Акцёр - свайго роду скарбніца эмацыйнай памяці, у якой захоўваюцца цікавыя індывідуумы, яркія характары; усё самае радаснае, самотнае, смешнае, трагічнае. На сцэне ўсё пачынаецца з жыцця. А творца павінен бачыць, разумець, адчуваць, назіраць і быць здатным зрабіць адбор. Напрыклад, у Гродзенскім тэатры ў спектаклі «Таблетку пад язык» А.Макаёнка я зусім маладым іграў ролю дзеда Цыбулькі. Для мяне Цыбулька быў той самы дзед з вёскі, дзе я вырас. Здаецца, я і сёння бачу рукі гэтага дзеда, гляджу, як ён робіць самакрутку з газеты, як крышыць нажом махорку. А я адчуваю яе пах. Вельмі падрабязна працаваў над грымам, над абліччам, імкнучыся ўзнавіць ягоны вобраз. Постаць, рухі, усё мела значэнне... Потым на гастролях на Украіне пасля спектакля гледачы прынеслі мне столькі кветак, што не хапіла рук іх утрымаць. Здавалася, у гэтай хвіліне - усё маё жыццё.
З гродзенскага перыяду засталіся дарагія вам успаміны?
- Незабыўныя дні... Маладосць, нараджэнне сям’і і дзяцей, станаўленне прафесіі, мая дырэктарская дзейнасць. Дарэчы, я быў самым маладым дырэктарам тэатра ў Савецкім Саюзе. Хоць і не любіў дакладныя навукі, але давялося будаваць новы тэатр. Трэба было быць эканамістам, стратэгам, тактыкам, архітэктарам, артыстам адначасова. Увогуле ж, Гродна - светлы, яркі, знакавы перыяд майго жыцця.
Можна сказаць, што пераезд у Мінск раскалоў ваш лёс на дзве часткі?
- Адназначна. Тут усё давялося пачынаць спачатку. Жыццё ў інтэрнаце, творчы конкурс у Маладзёжным тэатры для жонкі - актрысы Людмілы Кучарэнка... А я, новы загадчык кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры, для многіх быў гэткім Несцеркам з правінцыі. Толькі дзякуючы маёй настойлівасці і ўтрапёнасці нейкім чынам удалося ўтрымацца на плыву.
Чым у выніку зрабілася для вас акадэмія?
- Маім другім домам. Зараз на факультэце вучыцца 571 чалавек. Працуюць чатыры кафедры з цудоўнымі кіраўнікамі, маімі паплечнікамі - Лідзіяй Манаковай, Рыгорам Баравіком, Уладзімірам Забэлам, Ірынай Кабанавай.
Для любой ВНУ пасада дэкана - знакавая. Дэкан - гэта чалавек, які заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей і з’яўляецца аб’ектам агульнай увагі, часам жартаў. На ваш погляд, дэкан - пасада або дыягназ?
- Асабіста для мяне - дыягназ. Невыпадкова рэктар акадэміі Рычард Смольскі называе мяне бацькам факультэта, гуляючым трэнерам. Толькі з гэтай роллю мне пашанцавала. Прынамсі, пастаянна знаходжуся ў творчым тонусе, маладыя не даюць састарыцца, заспакоіцца. Таму і не веру, што мне пераваліла за шэсцьдзесят. Здаецца, гэта няпраўда. Са студэнтамі не магу трымацца гэткім патрыярхам тэатральнай школы: нетаропка хадзіць, паважна адказваць на прывітанні, зрэдку выстаўляць адзнакі... Пра кожнага ведаю калі не ўсё, дык амаль усё: як завуць, як вучыцца, якія праблемы, хто маці, хто бацька. І адчуваю адказнасць за кожнага не толькі цягам чатырох-пяці гадоў. Хачу, каб ва ўсіх засталася добрая памяць пра вучобу ў гэтых намоленых сценах. Бо тут насамрэч існуе асаблівая аўра, якая дазваляе разняволіцца артыстычнай душы. Здаецца, сюды нават маланка не можа ўдарыць. А над будынкам анёлы лунаюць, каб дапамагаць нараджэнню творчых асоб. Тут нібы стартавая пляцоўка для будучых акцёраў і рэжысёраў, на якой спачатку вучацца хадзіць, а потым лятаць. На гэтай стартавай пляцоўцы мы - як рэактары, рухавікі, што зараджаюць энергіяй юнакоў, якія пасля робяць першыя крокі ў мастацтве. Далей - дапамагай Бог!
Чаму іх неабходна навучыць абавязкова?
- Найперш - быць людзьмі. Чалавекамі. Потым - любіць сваю тэатральную школу, сам мастацкі працэс. Вядома, кожны - гаспадар свайго лёсу, а я не магу прадбачыць будучыню. Ды толькі імкнуся навучыць студэнтаў самаму патрэбнаму: разумнаму стаўленню да быцця, спачуванню, любові да людзей. Галоўнае - верыць у святое, нечаму служыць, каб не страціць прагу самадасканалення. Самае страшнае - застацца без роду, без племені, без перспектывы. Таму трэба ўмець чакаць і працаваць над сабой. Не кожнаму ўдаецца дасягнуць значных поспехаў, стаць зоркай. Але чалавекамі яны быць абавязаны, і я гэта ведаю дакладна. Чалавечая дабрыня пакуль яшчэ нікога не сапсавала.
Ці існуюць у сценах акадэміі ўласныя легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?
- Існуюць. Яны тычацца педагогаў, іх адносін са студэнтамі. Напрыклад, пра аднаго з пачынальнікаў акадэміі, гісторыка тэатра Уладзіміра Іванавіча Няфёда казалі, што ён усё жыццё чытаў лекцыі па канспектах, напісаных у 1945 годзе. Студэнты дзесяцігоддзямі пераказвалі пытанні на экзаменах ад Аркадзя Якаўлевіча Скіра, выкладчыка замежнай літаратуры і аднаго з самых адукаваных людзей свайго часу. Напрыклад: на якую нагу кульгала кабыла Дон Кіхота? Або: што з’еў на сняданак Гарганцюа? Ды толькі гэта не легенды - жыццё. Памятаю, як у Скіра атрымаў тройку і мне не далі стыпендыі. Час быў цяжкі, грошы ў маці я не прасіў. Мае аднакурснікі паўгода штомесяц скідваліся па рублю, і я на гэтыя грошы жыў. Ніколі не забуду, як пасля абеду ў сталовай, дзе на 15 капеек купіў сабе салату з капусты і боршч без мяса, мяне на вуліцы дагнаў сусед па століку. Узяў маю руку, сунуў сабе ў кішэню, потым выцягнуў пакамечаныя рублі, капейкі і высыпаў мне ў далонь. «А цяпер, - кажа, - ідзі і паеш». Калі б не гэты выпадак, я, магчыма, да студэнтаў ставіўся б крыху інакш.
Што змянілася ў гэтых сценах, і чым хочацца штодня дзяліцца са сваімі вучнямі?
- Цяжка параўноўваць успрыманне свету людзьмі пасляваеннага часу і людзьмі новага тысячагоддзя. Яны цяпер зусім іншыя, жывуць іншым жыццём, у нечым - кліпавым. Для іх важная музыка. У аснове адукацыі - тэлебачанне. На жаль, нашы студэнты мала чытаюць, ім даспадобы экстрым. А мне здаецца, варта затармазіць, спакойна паглядзець на неба, на зоркі. Задумацца над будучыняй і не спяшацца, не гнаць коней... Нарэшце, знайсці сваё месца на зямлі, каб пасля можна было сказаць, што недарма таптаўся па ёй. Хочацца ўваскрасіць у іх душах цікавасць да мінулага, да гісторыі. І не таму, што мы такімі рэтраградамі зрабіліся... Перакананы, наша вера правераная часам і прайшла сотні выпрабаванняў цягам чалавечых жыццяў. Гэтым і хочацца падзяліцца са сваімі вучнямі. Галоўнае, каб яны памяталі, што кожны пражыты дзень пакідае пэўны след у творчай біяграфіі. Кожны дзень надае рух іх творчым задаткам і магчымасцям.

«Мастацтва», № 8, 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.