Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫОГЕННАДИЙ ОВСЯННИКОВ

Овсянников Геннадий Степанович
Фото Олега Сильвановича.
 Овсянников Геннадий Степанович 
    Генадзь АЎСЯННІКАЎ,
    народны артыст СССР,
    народны артыст Беларусі:
    «Карацей кажучы, - па-сапраўднаму»

     Таццяна Команава

19 лютага свой 75-ы дзень нараджэння адзначыў народны артыст СССР Г енадзь АЎСЯННІКАЎ. А ў нядзелю, на сцэне роднага Купалаўскага тэатра, якому ён аддаў паўстагоддзя творчай дзейнасці і ў якім сыграў каля сотні роляў, ён не толькі прымае віншаванні ад калег і ўсіх прыхільнікаў яго творчасці, але і выходзіць на сцэну ў спектаклі «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава. Ды размову нашу з юбілярам мы пачалі ўсё ж «ад досвіткаў» яго творчай дзейнасці.

Ключы да амплуа
- Генадзь Сцяпанавіч, які быў дыпломны рэпертуар у вас на курсе і як сталася так, што вы, выпускнік тэатральнага інстытута, адразу атрымалі запрашэнне на працу ў Купалаўскі тэатр? Чым «бралі» экзаменацыйную камісію?
- У якасці дыпломных спектакляў ігралі «Апошніх» Максіма Горкага, «Слугу двух гаспадароў» Карла Гальдоні, два акты «Лесу» Мікалая Астроўскага, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы... І паўсюльу мяне былі заўважныя ролі: у «Апошніх» - Якараў, у Гальдоні - Труфальдзіна, у «Лесе» я быў Шчасліўцавым (а Віктар Тарасаў - Нешчасліўцавым), у «Раскіданым гняздзе» - Стары. З «Раскіданым гняздом», дарэчы, была цікавая гісторыя, калі потым, у тэатры, зноў давялося выконваць гэтую ролю. Мяне, маладога, назначылі «ў прыдачу» да Леаніда Рахленкі. Усе забыліся, а можа, і не ведалі пра мой дыпломны спектакль, але калі я прыйшоў на першую рэпетыцыю і адразу выдаў увесь тэкст, Барыс Луцэнка быў вельмі здзіўлены: вось, маўляў, глядзіце, як чалавек адразу ж пачынае працаваць над роляй!.. Але ж я не адзін з курса прыйшоў у Купалаўскі: усяго нас было шасцёра, у тым ліку Віктар Тарасаў, Галіна Талкачова, Марыя Захарэвіч...
- А потым - доўгі перыяд роляў другога плана... Ажно пакуль праз пэўны час не з’явіўся «Трыбунал» Андрэя Макаёнка. Як жа сталася так, што вам прапанавалі ў гэтым спектаклі галоўную ролю?
- Гэта не зусім правільнае вызначэнне і падзел роляў на першы, другі, трэці план. Ну, як, да прыкладу, вызначыць, хто ў спектаклі «больш галоўны» персанаж: Кароль Лір ці Блазан? Фармальна, канешне,- Лір, але ж і Блазан не менш важны персанаж, без якога проста не будзе гісторыі і самога спектакля. Калі Ірына Фларыянаўна Ждановіч аднаўляла, а, дакладней, ставіла наноў, па прынцыпе сённяшняй «Паўлінкі», «Позняе каханне» Астроўскага, я іграў у гэтым спектаклі Дармідонта. Дык вось, па складзе свайго характару Дармідонт у многім блізкі да таго, чым я потым займаўся ўсё сваё акцёрскае жыццё. Ён атрымаўся... камедыйна-драматычны. Я свядома не кажу пра трагікамедыю, бо мне важна выявіць менавіта драматычную інтанацыю гучання ролі. Такога ж плана была і «Першая старонка» Ніны Івантэр, дзе я ўвасабляў Кольку Сярогіна. У аснове гісторыі таксама ляжыць лірыка-драматычн-акамедыйная сітуацыя, але ў нас быў большы ўхіл у драматычны бок. Вось з таго часу я амаль у кожнай сваёй ролі спрабую вышукаць, выцягнуць з матэрыялу штосьці такое, каб дадаць сваім героям крышачку драмы.
- І ніколі не ўзнікала жадання вырвацца за межы вызначанага амплуа?
- А я не лічу сябе заціснутым у нейкія вузкія рамкі. Ну што ж тут аднолькавага, калі ўзяць такіх маіх персанажаў, як Ванюшын у «Дзецях Ванюшына» і Дзядок-веселунок у «Прыгодах Заранкі і Янкі»?
- Значыць, адчуванне ўласнай скаванасці ў амплуа залежыць, у першую чаргу, ад унутранага стаўлення акцёра да сваёй работы?
- Не, у большай ступені гэта залежыць ад рэжысуры. Магчыма, нейкаму рэжысёру проста не хочацца працаваць з акцёрам, займацца тым, каб раскрыць яго, і ён бярэ таго, хто, загадзя вядома, выканае патрэбную яму задачу ў патрэбным ключы.

Зачэпка для рэжысёра
- А калі ў вас узнікае ўнутраная нязгода з рэжысёрам, з тым, якую трактоўку ролі ён прапаноўвае, што робіце?

- У такіх выпадках трэба адразу ж разбірацца. Бо пакуль не разбяромся, будзем таптацца на месцы. Шукаем?.. Не, не люблю гэтае слова... Як сказаў Мікалай Рэрых: «Спачатку знайдзіце, а шукаць будзеце потым».
- Гэта цалкам стасуецца да тэатра?
- Безумоўна! Кажа рэжысёр: «Мы пашукаем...» А што пашукаем і дзе? Не, перш за ўсё трэба разабрацца, што хацеў сказаць аўтар, «пакапаць» сябе з пазіцый «я ў прапанаваных абставінах», адшукаць хаця б маленечкі кручок па Станіслаўскаму: «Калі я быў бы на месцы гэтага персанажа, як паступіў бы ў дадзены момант?». І вось калі знойдзеш, за што зачапіцца, толькі тады можна «танцаваць» далей.
- Ці даводзілася вам быць ахвярай рэжысёрскага дэспатызму або ўдавалася выкручвацца і знаходзіць магчымасць іграць персанажа па-свойму?
- Не, асаблівага дэспатызму я на сабе не адчуваў. Было, праўда, што хоць ты трэсні, а роля ніяк не атрымлівалася...
- Значыцца, вы не давалі рэжысёру зламаць сябе ў ролі?
- Наадварот, я заўсёды пакідаў рэжысёру прастору для работы і сам прапаноўваў спрабаваць і так, і гэтак. У час работы над роляй я адключаюся ад уласных амбіцый і магу спрабаваць працаваць цалкам па-новаму. Іншая справа, што ў акцёра заўсёды павінен прысутнічаць элемент пэўнага недаверу, сумнення: «Чорт яго ведае, ці тое і ці так я раблю?» Зрэшты, тут пошук мусіць быць узаемны з рэжысёрам: ён павінен «зачапіцца» за мяне і зразумець, чаго я хачу, тады і я зразумею, што ён мне прапануе і наколькі гэта будзе арганічна для ролі.
- А ці ўзнікала ў вас на «хвалі сумненняў» і з пазіцый жыццёвага вопыту думка, што тую ці іншую сваю ролю на сённяшні дзень вы сыгралі б іначай?
- Напэўна, не. Гадоў дзесяць таму мы спрабавалі ўзнавіць «Трыбунал». Маёй партнёркай была Тамара Міронава. Тады яшчэ Аляксей Дудараў зрабіў нешта накшталт кампазіцыі, выкінуў чамусьці з п’есы ролю Галі, магчыма, таму, што ўбачыў у ёй шмат камсамольскага запалу... Асноўныя рэпетыцыі з трупай, пакуль акцёры вучылі тэкст, праводзіў я, потым, калі асноўная работа была праведзена, прыйшоў Валерый Раеўскі і ўжо ён выпускаў спектакль. І, канешне ж, элемент «натасквання» на тое, што было ў нашым ранейшым спектаклі, прысутнічаў. Карацей, на прэм’еры было ўсё «па-нашаму». Не ведаю, можа, пасля таго, як сыграў Цярэшку Калабка 650 разоў, па-іншаму я яго ўжо проста не ўспрымаю?..

На адной прамой
- Якія са сцэнічных партнёраў вам самыя дарагія?
- Усе. Але самая дарагая, канешне, Галіна Кліменцьеўна Макарава. Цяпер узнікае нешта падобнае з Тамарай Міронавай - я яе часам у прыватнай гутарцы і называю Макаравай. Мы ж з ёю, як і з Кліменцьеўнай, чацвёрты раз муж і жонка на сцэне. А Макарава была бліскучая актрыса; нездарма ж нехта назваў яе Жанам Габэнам у спадніцы. Варта было ёй трапіць у ролю і дакладна зразумець, пра што іграе, - ніхто не мог яе «збіць». Асобная размова- партнёрства ў «Паўлінцы»: там усё трымаецца ў старых рамках, і выйграе той, хто больш удала абрастае сваімі асабістымі прыдумкамі і дэталямі, часта выключна знешнімі «штучкамі».
- Дарэчы, у любой ролі, абрастаючы з часам дэталямі, ці складана потым вяртацца назад да стрыжня? Ці здаралася, што спектаклі на сотым, ды прыкладу, вы разумелі, што іграеце зусім па-іншаму, чым на прэм’еры?
- А гэта вельмі адчувальна, прымаюць гледачы тыя або іншыя твае «прыдумкі» ці не. Не рэагуе зала - і перастаеш гэта рабіць: навошта? А вось «Трыбунал», дарэчы, трэба было трымаць пад пільным кантролем: гэтага патрабавала вострая форма... І можна было б вельмі проста пусціць спектакль на самацёк, асабліва пад час гастролей на сяле, калі за 10 дзён даводзілася іграць па 12 спектакляў. Але Кліменцьеўна не вельмі давала «разняволіцца» на сцэне - за гэта я ёй і ўдзячны, што «не распусціўся». І ўсе нашы парныя сцэны ішлі... Хацеў сказаць: «як у тэатры»... Карацей кажучы, - па-сапраўднаму.
- Калі б вам прапанавалі даць званне народнага артыста самому сабе, якія з тэатральных работ вы адзначылі б?
- Я ўвогуле не ведаю, за што даюць «народнага артыста», ды і няёмка неяк... Калі толькі жартам і не я, а - «я з залы», то, пэўна, адзначыў бы дзве ролі: Цярэшку Калабка ў «Трыбунале» Андрэя Макаёнка і Аўдзея ў «Страсцяхпа Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева.
- Яны, гэтыя ролі, для вас - «на адной прамой»?
- Калі «Трыбунал» сышоў і застаўся толькі ва ўспамінах, «Страсці па Аўдзею» сталі для мяне нават важнейшыя. Вось дзе сапраўдны драматызм: жыве сабе мужык і не верыць, што будзе раскулачванне і высяленне... І простая, на першы погляд, побытавая гісторыя ўзнімаецца да сапраўднай трагедыі, прычым не толькі канкрэтнага чалавека і ягонай сям’і, але і ўсёй нацыі.
- А што з несыгранага не дае вам спакою?
- Пэўна, ужо не сыграю, але вельмі хацеў, - Швейка. Надта ж вабіць мяне гэтая роля, ды ўжо не тыя гады: калі выконваць на сцэне Швейка па-сапраўднаму, давядзецца і паскакаць крыху... Яшчэ хацеў бы наноў вярнуцца да Чабутыкіна... Ды і ўвогуле добра было б пайграць Чэхава, не важна нават, што канкрэтна.
- Няўжо вам не хапіла «Вяселля»?
- Найграцца - не хапіла. Хаця цяпер у Маскве, пад час Дзён Чэхава, нас так цёпла прымалі, расхвальвалі і так шмат пісалі, што няёмка нават у Інтэрнет зазіраць. А што зачапіла: якраз гэты пералом ад фантасмагорыі пастаноўкі і ўласнага артыстычнага сюррэалізму - да простай чалавечай трагедыі.

«Эмацыянальны»? Гэта - прэсна
- Вы ўвогуле па жыцці эмацыянальны чалавек? Адкрыта выказваеце свае пачуцці?
- Так.
- Лічыце, што гэта дрэнна?
- Не дрэнна, але думаю, часам варта быць крыху больш стрыманым. З гадамі я, праўда, стаў больш спакойным і менш выбуховым, хаця і цяпер магу «выдаць». «Эмацыянальны» - вельмі ўжо літаратурна гучыць, а вось «псіх» - прыгожае слова. Вось скажуць: «Што з яго возьмеш - эмацыянальны», - і прэсна неяк. А пачуеш: «Што з яго возьмеш - псіх!» - і ўсе адразу разумеюць, пра што гаворка.
- А як вы ад тэатра адпачываеце?
- Не прыходжу. Хаця, бывае, і сярод ночы прачнешся, станеш пракручваць у галаве тыя ці іншыя моманты ролі. Разумею, што трэба ўмець адключацца ад работы,- я тады бяру томік Чэхава ці Пушкіна, чытаю. Альбо што-небудзь смешнае, Міхаіла Жванецкага, да прыкладу... Але ж сярод ночы ўсё роўна прачынаюся...
- Як наконт «народнага характару», які вам прыпісваюць з даўніх часін?
- А я яго заўсёды «пераадрасоўваю» майму калегу Генадзю Гарбуку, з якім сядзім у адной грымёрцы... Ну, а чаму, да прыкладу, Чабутыкін не адносіцца да гэтай плеяды?.. Так, пэўны нацыянальны каларыт таго ці іншага персанажа дасягаецца за кошт мовы, асаблівасцей гаворкі. Але ж у глыбіні сваёй, па сутнасці, усе мужыкі - аднолькавыя, ці то ў Васіля Бялова, ці то ў Барыса Мажаева. Я ў свой час столькі дзядоў пабачыў - будзь здароў! Вось ён скажа сваю фразу: «Ну, добра, пачакаем-пачакаем...» - і ў ёй перадасць такую надзвычайную глыбіню і народную філасофію, што болей і не трэба нічога казаць.
- Дарэчы, і вы пачалі іграць дзядоў з самых маладых гадоў.
- У тэатры - проста з ходу. А потым яшчэ і на радыё, дзе я шмат працаваў. А апрача дзядоў, перайграў там ці не ўсіх чарцей, лесуноў... У раёнах дык мяне па голасе і пазнавалі: «Гэта не вы казку чыталі?..»
- Чаго не скажаш пра кіно, бо здымаліся вы не вельмі шмат. Хацелася больш, ці вы не асабліва імкнуліся туды?
- Безумоўна, жаданне было, але ніколі не абіваў парогі і не прасіў сабе роляў. Не ведаю, трэба крыўдзіцца ці не? Ды і навошта, калі ўсё сталася так, як Бог наканаваў? Але, канешне, кінароляў магло быць і болей - я не адмовіўся б.
- Што б вы пажадалі самі сабе ў гэты дзень нараджэння?
- Праходзіць міма аптэкі. І - усё.

«Культура», № 8 (928) от 20 февраля 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.