Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫОГЕННАДИЙ ОВСЯННИКОВ

Овсянников Геннадий Степанович  Овсянников Геннадий Степанович 
    Праўдзівы генерал!
     Людміла Грамыка

Да юбілею Генадзя Аўсяннікава

Неяк пашчасціла: на службовым уваходзе ў Купалаўскі тэатр, па-за шклянымі дзвярмі - Генадзь Аўсяннікаў... Дзверы насуперак маёй волі нечакана рэзка адчыняюцца, і - Бог ты мой! - сам народны СССР прыціскае руку да ілба! Дык гэта я?! Перапрашаю. Не. Проста невялічкі спектакль для асобна ўзятага гледача, але ж - паверыла! Зрэшты, бачыць яго, вітацца з ім, абавязкова пачуць штосьці жартаўлівае заўсёды прыемна. Дарэчы, раней звыкла казалі «купалавец», а цяпер на сучасны манер часам гучыць: «Аўсяннікаў - брэнд». Некаму здаецца, што адэкватна, ды на мой погляд - цяжка прыдумаць штосьці больш недарэчнае. Нішто сабе «брэнд»: памятаю, як пры канцы 1970-х на гастролях у Гомелі вытанцоўваў на казырку гарадской гасцініцы. Цяпер, бадай, можна згадаць. Але ў той час - жах і скандал для адміністрацыі тэатра. Між іншым, забранзавець гэтаму артысту не ўдалося і да сённяшняга дня.

Овсянников Геннадий Степанович, Макарова Галина Климентьевна
«Трыбунал» Андрэя Макаёнка.
Генадзь Аўсяннікаў (Цярэшка Калабок), Галіна Макарава (Паліна).
Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.


Ягоная слава пачалася з «Трыбунала». Калі драматург Андрэй Макаёнак і рэжысёр Валерый Раеўскі адкрылі ў акцёру здатнасць да кантрасна-тэматычнай поліфаніі. Рэдкі на драматычных падмостках дар. У Генадзя Аўсяннікава ён абсалютны. Невыпадкова роля Цярэшкі Калабка ў ягоным выкананні сталася сцэнічнай класікай. Ды толькі такога кшталту майстэрству ніхто не здатны навучыць спецыяльна. У аднахвілінным выяўленні ў ягоных рухах, паставе, інтанацыях раўнапраўна і ярка акрэслены іронія і моцнае драматычнае перажыванне, смех і слёзы, надзея і адчай. Шчаслівымі былі тыя гледачы, што зрабіліся сведкамі падобных акцёрскіх імгненняў.
Зрэшты, у «Паўлінцы» ён дагэтуль у няспынным акцёрскім палёце, з чарадой віртуозных вынаходніцтваў, імгненных адыгрышаў-рэакцый. Зноў і зноў ягоны Пустарэвіч распачынае на сцэне свой пазітыўны «гармідар». Уласнымі намаганнямі пераварочвае ўсё з ног на галаву... Ляцяць і ляцяць угару лыжкі са стала ў знакамітай сцэне, наследаванай ад знакамітага папярэдніка Глеба Глебава. Толькі і засталося ад колішняй «Паўлінкі» тое, што свята захоўваюць старэйшыя купалаўцы.
Здаецца, у гэтага акцёра цягам паўстагоддзя не акрэсліліся сцэнічныя стэрэатыпы і не напрацаваліся ўласныя штампы. Вось яны - ягоныя рукі, ногі, пастава, знаёмыя па многіх ролях інтанацыі і хада. Ды толькі ці знаёмыя? У тэатры ўвогуле немагчыма заштампавацца, калі скрозь аблічча кожнага персанажа прабіваецца трымценне жывога жыцця. Нельга сказаць, што ў больш сталым узросце Генадзь Аўсяннікаў адышоў ад свайго ўнікальнага амплуа. Сцэнічныя вобразы прамалёўваюцца і падаюцца акцёрам з парадаксальнай неаднастайнасцю, але іх нюансіроўка цяпер іншая. Асноўнымі, ударнымі зрабіліся драматычныя інтанацыі. І нават трагедыйныя ўсплёскі. Думаю, Аўдзей у спектаклі «Страсці па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева стаўся паваротным у творчай біяграфіі Аўсяннікава якраз з гэтай нагоды. Акцёр, які аднойчы ўзняўся да трагедыйных вышыняў, набывае зусім іншую прафесійную якасць. Гэта як чорны пояс у каратыста.
У гэтым надзвычай гарманічным і глыбокім спектаклі сышлося многае. Але ж паперадзе ўсяго была неўласцівая нашаму часу павага да простых людзей. Магчыма, гэта акрэсліла меру годнасці і ступень пранікнёнага самапаглыблення, з якімі акцёр выконваў сваю ролю. Вакол Аўдзея, як планеты каля Сонца, існавалі астатнія члены сям’і. Старыя і малыя. Дзеці і жанчыны. Сядалі па месцах за вялікім сталом. Разыходзіліся па справах. Кожны рух акцёра быў напоўнены паэзіяй існуючай рэчаіснасці. Аўдзей Генадзя Аўсяннікава мусіў сваім лёсам адказваць на спрадвечнае пытанне: дзеля чаго жыць? Выбух пачуццяў, абурэння і - задраны моцнымі рукамі ўгару край стола. Гэты эпізод назаўсёды ўбіты ў памяць. І потым трагедыйны фінал, дзе Аўдзей - як падстрэленая нягеглая птушка...
Пасля Аўдзея ў Аўсяннікава распачаўся іншы акцёрскі адлік. Сярод роляў, якія ўразілі моцнымі драматычнымі інтанацыямі, - Мілер у «Каварстве і каханні» Шылера, Фама Апіскін у спектаклі «Сяло Сцяпанчыкава і ягоныя жыхары» паводле Дастаеўскага, Ванюшын у «Дзецях Ванюшына» Найдзёнава. Прысутнасць акцёра ў рэпертуары важкая і абавязковая. На Аўсяннікава ходзяць, ягоных роляў чакаюць, з імі звязваюць надзеі на акцёрскія здзяйсненні. І ён ніколі не падманвае глядацкіх спадзяванняў. Мабыць таму публіка пакорліва вытрымлівае цяжкія душэўныя споведзі ягоных персанажаў, да якіх сучасны чалавек увогуле не вельмі схільны. Тое, што на энергетычным узроўні ідзе ад ягоных герояў, тое, што акцёр пасылае ў залу, інакш чым фантомам абсалютнага даверу не назавеш. Ніхто не ў стане растлумачыць, якім чынам ягоны Ванюшын робіцца такім дарагім і блізкім абсалютна чужым і выпадковым людзям (усяго толькі публіцы), што яны ловяць кожнае яго слова, рэагуюць на паварот тулава, узмах рукі. Падобныя сігналы прымаюцца толькі роднымі душамі.
Для таго, хто вывучае акцёрскае мастацтва, лепшага майстар-класа, чым спектакль «Беларусь у фантастычных апавяданнях» з Генадзем Аўсяннікавым у ролі Завальні, пэўна не знайсці. Гранічна абмежаваныя сродкі выразнасці - і дэкарацыі, і рэквізіт, і сама сцэнічная прастора. Аўсяннікаў сам-насам з гледачамі. Выплятае псіхалагічныя ўзоры. Тут ён проста апавядальнік, а таксама - усе персанажы, увасобленыя па чарзе, нейкім чынам устаўленыя ў само глядацкае ўяўленне. Да таго ж - беларуская ментальнасць, выяўленая праз гэты спектакль як адкрыццё, як павольнае спляценне гумару і мудрых разваг...
У дудараўскім «Вечары» ягоны Мульцік - нібы апалае лісце, якім занесена ўся сцэна. Глянеш на яго, і сэрца зойдзецца - які там пазітыў... Стары чалавек ледзь перасоўвае ногі ў старых валёнках. Топча зямлю каля хаты, а здаецца, што ягонае жыццё не абмежаванае ўласным дваром. Запамінаецца, як Мульцік углядаецца ўдалячынь, як пасміхаецца па-добраму. Зноў - асаблівы давер, што ўзнікае між акцёрам і гледачамі на неўсвядомленым узроўні. Нейкім чынам акцёр перадае душэўную інфармацыю, якая нашмат большая за словы, дзеянне, п’есу...
Апошняя работа Генадзя Аўсяннікава - у спектаклі «Вяселле» Антона Чэхава. Пра свой віртуозны пятнаццаціхвілінны выхад у ролі Равунова-Каравулава сам акцёр сказаў: «Найграцца - не хапіла». Але менавіта гэты па сцэнічных мерках невялікі эпізод нечакана прымірыў усіх прыхільнікаў і праціўнікаў маскоўскага рэжысёра Уладзіміра Панкова. З бурлівага, магутна збітага сцэнічнага дзеяння яго персанаж выплываў, як вялікі параход. З усведамленнем сваёй значнасці сядзеў у цэнтры шматлюднага стала. Па-чалавечы проста спрабаваў выгаварыцца, адкрыць душу. І адыходзіў агаломшаны, растаптаны, безнадзейна пакрыўджаны. Вось, уласна, і ўся гісторыя, якая надала спектаклю значэнне мастацкай з’явы.

«Мастацтва», № 3, март 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.