Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫПАЛЕКСАНДР ПАРФЕНОВИЧ

Парфенович Александр Александрович


Парфенович Александр Александрович
«Дарагая Памела» Д.Патрыка.
Сол Боза.

Парфенович Александр Александрович
 Парфенович Александр Александрович 
    Аляксандр Парфяновіч.
    Беларускі Дон-Кіхот

     Людміла Грамыка

Шчыра i без перабольшання: на Беларусі не існуе акцёраў з такой нешараговой індывідуальнасцю, як у Аляксандра Парфяновіча. Пры двухметровым росце, здаецца, амаль поўная адсутнасць вагі. Вялікія з павалокай вочы, нос адмысловага профілю. I такія выразныя тонкія запясці, такія доўгія пальцы, што можа пазайздросціць прафесійны музыкант. Увогуле, немагчыма вызначыць, што ў Сан Санычы самае цудоўнае, незвычайнае, прывабнае. Рэжысёры, якія ўпершыню бачаць яго, толькі рукамі ўсплёскваюць, маўляў,
на Парфяновіча варта ставіць спектаклі, такога б акцёра - ды на сталічныя падмосткі! А ён усё жыццё працуе ў Бабруйску, у Абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сыграў больш за сто роляў. Гэта паводле грубага прыкіду, калі па тры ролі ў сезон за трыццаць гадоў працы.
Але ж бывала i болей. Публіка яго любіць, увогуле для Бабруйска Аляксандр Парфяновіч - культавы акцёр.


Зрэшты, i афіцыйнай увагай ён не абыдзены, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўную доблесць», мае «Крышталёвую зорку» ад беларускага СТД, як кажуць, па заслугах i гонар. Ды толькі ў адносінах да гэтага акцёра - вышэйшая справядлівасць, абумоўленая душэўнымі якасцямі. Асаблівае святло, якое зыходзіць ад акцёра, абяззбройвае нават нядобразычліўцаў. Нешта накшталт духоўнай меткі прысутнічае ў кожнай рабоце. Сам Аляксандр Парфяновіч (заўважце, без усялякай храналогіі) вылучае Пратасавіцкага і Суддзю ў «Пінскай шляхце» В.Дуніна-Марцінкевіча, Райнера ў «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка, ХХ з «Эмігрантаў» С.Мрожака, Дзеда з «Чорта ў рабрыну» М.Манохіна, Яўрэя з «Таленту кахання» паводле Н.Думбадзе, Панкраса з «Мешчаніна ў шляхецтве» Ж.Б.Мальера, Рыспаложанскага у «Сваі людзі - паладзім» А.Астроўскага, Сервантэса і Дон-Кіхота ў «Страсцях па Сервантэсу» М.Дзінава і А.Русакова.

- Таленавіты акцёр і наш агульны сябар неяк заўважыў: «Жыццё праходзіць, а мне вельмі надакучыла крыўляцца на сцэне. Часам думаю: навошта я крыўляюся? Мог бы стаць урачом і прынасіць людзям карысць. Як было б добра». Прызнацца, мяне ягоныя словы моцна уразілі. Выбачай, ці ўзнікаюць у цябе падобныя думкі?
- Ніколі, бо ўсё абсалютна не так... У мяне падобныя думкі ніколі не ўзнікаюць. Не ведаю, як бы жыў без сваёй прафесіі. Яна займае мяне цалкам. Усё астатняе ні ў якое параўнанне не ідзе. Мне падабаецца займацца акцёрскай справай, і я бязмежна люблю Тэатр. Магчыма, у наш час - гэта выглядае... дзіўна. Але не магу жыць без тэатра і не ведаю, чым бы яшчэ мог займацца. Паўсюль і заўсёды галоўным для мяне застаецца тэатр. Толькі тэатр. Хоць я вельмі люблю сваю сям'ю, але ж сцэна для мяне - самае важнае. Неяк у адным з інтэрв'ю ў мяне спыталі - у чым я азартны? Адказаў, што не азартны ні ў чым, апрача служэння тэатру.
- Гэта значыць, што менавіта тэатр і толькі тэатр займае твае думкі і табе пастаянна хочацца на сцэну?
- Так, так, так...
- I ты не расчараваны, што ўсё жыццё працуеш у Бабруйскім тэатры, што так склаўся твой лёс?
- Гэта трошкі іншае пытанне... Галоўнае, што я займаюся любімай справай. Не мае значэння дзе. Вядома, я мог бы працаваць у іншым месцы, іграць у іншых спектаклях, і, магчыма, у мяне былі б іншыя дасягненні. Не ведаю. Ды толькі тут, на гэтых падмостках, я адчуваю поўную спагаду, на мяне няма ніякага творчага ўціску. I я імкнуся працаваць са сваім унутраным светам і марамі.
- Існуе запаветная тэма, тое, пра што ты абавязкова мусіш распавесці ў кожнай ролі?
- Многія лічаць: добры чалавек - гэта не прафесія. А для мяне чалавечая дабрыня і прафесійнасць - тыя два кіты, на якіх трымаецца ўсё. Валоданне прафесіяй у тых межах, якія вызначыў для мяне Бог. П’есы і спектаклі, пазбаўленыя глыбокіх чалавечых перажыванняў, не такія важныя і каштоўныя, як тыя, дзе прысутнічае энергія дабрыні і міласэрнасці.
- Лагічна ўявіць, што ты імкнешся давесці гледачам, быццам усе твае героі - добрыя людзі. Памятаеш, у Булгакава Іешуа звяртаўся да Понція Пілата, называючы яго «добрым чалавекам», даводзячы, што злых людзей на свеце не існуе? Толькі патлумач мне гэта на прыкладзе любой канкрэтнай ролі.
- Калі Мікалай Манохін прапанаваў мне ролю Дзеда ў спектаклі «Чорт у рабрыну», я аднекваўся, бо не ўспрымаў маральны бок гісторыі. Хоць сюжэт яе просты - пра шлюб вельмі маладой дзяўчыны і вельмі немаладога мужчыны. Урэшце я пачаў працаваць і спакваля адкрываў у сваім героі глыбокія чалавечыя якасці. У выніку атрымаўся спектакль, дзе галоўнае дабрыня і любоў. Любоў у шырокім разуменні гэтага слова - да чалавека, да маці. Любоў, на якой кожны з нас вырас.
- Сюжэт сапраўды просты: стары і маладая дзяўчына ажаніліся, у іх нарадзілася шмат дзяцей. Але, працуючы над вобразам, ты нешта ў сабе пераадольваў. Як насамрэч апраўдваў шлюб, не ўсім гледачам зразумелы?
- Як ні дзіўна, гледачы спектакль прынялі. А для сябе я гэтую сітуацыю патлумачыў наступным чынам. Мой герой моцна пакахаў дзяўчыну. Яна вельмі падобная да нябожчыцы жонкі, з якой ён ніяк не мог развітацца назаўсёды. Даходзіла нават да самагубства: хацелася услед за ёю пайсці з жыцця. І раптам - маладая дзяўчынка. Ён адчуў нешта такое, што перакрыла іншыя перажыванні. Хоць сам я гэткай сітуацыі не разумеў, але паступова знаходзіў звёны, якія дапамагалі паглыбляцца ў душу персанажа. Мяне вельмі прываблівалі ягоныя адносіны да людзей.
- Я ўсе разумею. Ды толькі... ёсць канкрэтны свет, у якім усе мы жывем. Ён непрадказальны і не надта просты. З людзьмі, якія існуюць побач, узнікае мноства праблем. I асабіста мне здаецца, што людзі цягам часу не становяцца лепшымі - больш добрымі, чыстымі. Наўкол шмат зла. Некуды знікае культура, не толькі духоўная, але і побытавая. Лёгка можна натыкнуцца на хамства, пачуць лаянку. Ты імкнешся ў кожнай ролі адкрываць дабро, толькі свет ад гэтага не паляпшаецца. Табе не падаецца гэта дзіўным: так упарта шукаць дабро, калі гэта мала каму патрэбна?
- Я не думаю, што ты маеш рацыю, хоць часткова з табою згодны. Свет мяняецца. Але тыя самыя дзесяць запаведзяў прысутнічаюць у кожным з нас. I кожны ў душы іх шануе. Больш за тое, апошнім часам адбываецца паварот у бок духоўнасці. Не думаю, што людзі, якіх мы бачым у царкве, на рэлігійных святах, схільныя да зла. У нашым тэатры штогод праходзяць Калядныя вечары, святы, прысвечаныя Кірылу і Мяфодзію. Глядзельная зала заўсёды запоўненая цалкам. Чалавек, думаю, што шукае ў жыцці, тое і атрымлівае.
- А што шукае той небарака, які нікога не крыўдзіць, верыць у дабро... А потым выйдзе вечарам на вуліцу, а яго злодзей нажом у спіну або жалязякай па галаве? Чалавек, які робіць зло іншаму, таксама носіць запаведзі ў душы?
- Не ведаю... Справа ў тым, што злачынцы былі заўсёды. Возьмем гісторыю: спрэс здрады. распуста, забойствы... Тым не менш, свет не загінуў. Калі б не было рунту ў свядомасці любога чалавека, на якім усё трымаецца, даўно б адбылася духоўная катастрофа.
- Ты верыш, што ў нашым свеце першаснае дабро? Або свет трымаецца на змаганні дабра са злом? Ці абавязкова перамагае дабро?
- Для мяне ў глабальным сэнсе заўсёды перамагае дабро.
- На чым грунтуецца твой светапогляд, інакш і назваць складана, - на выхаванні, на адукацыі, на ўласным жыццёвым досведзе? Хто навучыў цябе быць добрым?
- I на выхаванні, і на адукацыі, і на досведзе. У значнай меры - гэта мая прырода. Маці была настаўніцай, і паняцце дабра для яе не было пустым гукам. Я нічога не ўспрымаў і нічога не рабіў па-за гуманнымі чалавечымі законамі. Яны для мяне - накшталт жыццёвай прызмы. Заўсёды стаўлю сябе на месца іншага чалавека. Ніколі не раблю яму таго, чаго не пажадаю сабе. Лепш сцярплю, дарую, каб чалавек нешта ўсвядоміў. Зло ў адказ на зло - гэта страшна. Чапляе наступныя звёны, ідзе комам. Спараджае магутны негатыўны выбух. I тады яго немагчыма спыніць.
- У такім разе, як ты ставішся да пакарання смерцю?
- Я думаю, што смяротнае пакаранне трэба адмяніць. Страшна, калі чалавек гіне бязвінным. Нас навучыла жыццё, і мы ведаем такія выпадкі. Здавалася б, віна даказана, а пасля высвятляецца, што чалавек невінаваты. Каб не адбываліся такія памылкі, смяротную кару варта адмяніць.
- Ты верыш у вышэйшую справядлівасць?
- Так. Чалавек, які зрабіў вялікае зло, не можа супакоіцца, адчувае, што надыдзе час пакарання. Я веру, што назапашванне зла ў падсвядомасці чалавека абавязкова прыводзіць да расплаты.
- Як ты працуеш над вобразамі? Хто з персанажаў найбольш цікавы і чаму?
- Я іграю не толькі станоўчых персанажаў, але і адмоўных. Спалучаць розныя амплуа даволі складана. Таму што чалавек добры і чалавек злы - гэта зусім не адно і тое ж. Хоць заўсёды памятаю наказ Станіслаўскага: іграеш злога - шукай, у чым ён добры. І наадварот. У такім разе вобраз становіцца адметным, узнікае дадатковы аб’ём. Стварыць вобраз адмоўнага персанажа заўсёды лягчэй., існуе вялізны набор эмоцый, больш разнастайных фарбаў. Але ж знайсці ў злым добрае бывае складана. Ствараючы адмоўныя вобразы, гэтым трэба займацца спецыяльна. А вось палітра станоўчых герояў, як правіла, скупая. І таму варта выкарыстаць крышачку нечаканых фарбаў, знайсці пэўны негатыў. Так, каб адмоўнае датычылася канкрэтных звычак, учынкаў героя. Калі персанаж занадта станоўчы, гледачы яму не вераць.
Такім чынам сплятаюцца два кірункі роляў. Іграючы Джэнара ў спектаклі «Суцяшальнік удоў», гэтым і займаюся. Напачатку ну ніяк не мог зразумець, чаму стары служка і разумны чалавек робіць тое, што робіць? Прыкладае вялікія намаганні, каб сапсаваць сваё жыццё. Падступіцца да вобраза было складана. Раптам успомніў выдатнага расійскага акцёра Зіновія Гердта, ягоныя паводзіны, ягоную кульгавасць. Ад гэтага адштурхнуўся, пачаў будаваць вобраз. Мой Джэнара таксама кульгавы, мудры, з любой нагоды робіць філасофскія высновы. Ён вымушаны выжываць, шукае, як пракарміцца, і таму трапляе ў сітуацыю не надта прыгожую. Я пачаў фантазіраваць і ўсё больш апраўдваў свайго героя, у адмоўным набіраючы станоўчае. Дарэчы, на чуллівасці і міласэрнасці можна пабудаваць шмат роляў.
Вельмі люблю працаваць у класічным рэпертуары. У мальераўскім «Мяшчаніне ў шляхецтве» іграю філосафа Панкраса. Калі трэба ствараць характар, працэс ідзе незаўважна, але бясконца. Іду дамоў, а ў галаве пастаянна круціцца тэкст. Думаю: дзе знайсці фарбы, каб роля не была плоскай? Мой Панкрас - у акулярах, патлаты, з доўгімі валасамі. Філосаф, які таксама падманвае.
- І як ты апраўдваеш яго з пазіцыі дабра?
- У гэтым спектаклі галоўны герой - невялікага розуму чалавек. Ён сам шукае сабе непрыемнасці і паспяхова іх знаходзіць. Таму мне нікога не прыйшлося апраўдваць. Я больш быў заняты формай, шукаў яркія фарбы. Дазваляю Панкрасу здзеквацца з чалавека, якога ні ў чым немагчыма пераканаць. Дарэчы, мой герой штораз вымаўляе надзвычай мудрыя фразы, напрыклад: «Вам ўсё здаецца. Найперш змяніце вашу манеру выказвацца. Вы павінны былі сказаць «Мне здаецца, што мяне пабілі». Вам можа здавацца, а факт на самой справе можа не існаваць». Пагадзіся, нам таксама часам здаецца, што мы ведаем ісціну, а гэта даўно ўжо не ісціна, і мы знаходзімся на парозе вялікіх страт. Чым далей, тым больш ісцін разбураецца.
- Якую ролю ты лічыш галоўнай у сваім жыцці?
- Дон-Кіхота. Хоць у нашым спектаклі «Страсці па Сервантэсу» я выконваў ролю Сервантэса і толькі ў фінале выходзіў як Дон-Кіхот. Для развіцця ягонага лёсу патрэбна была яшчэ адна серыя. Ігралі пра духоўнае рабства, з мараллю: ее рабі рабом таго, каго Гасподзь стварыў свабодным.
- Як ты ставішся да гледачоў, чаго ад іх чакаеш?
- Я не з тых, хто віну за ўласныя няўдачы перакладае на гледачоў, але ж не лічу, што яны заўсёды маюць рацыю. Дарэчы, у нашым горадзе ніколі не было ВНУ, толькі апошнім часам чут з'явіліся студэнты. У асноўным працуем для гледачоў з блізкіх вёсак, і нам даводзіцца гэта ўлічваць. Як усе іншыя тэатры, зарабляем грошы, каб атрымліваць нейкія прыбыткі. Але мы ведаем, што тэатр, які ва ўсім цягнецца за гледачом, - гэта не тэатр. Ды толькі я стаўлюся да існуючай сітуацыі памяркоўна, разумею, што мы час ад часу мусім ставіць камедыі. Дарэчы, кіраўніцтва тэатра штораз праводзіць апытанні сярод гледачоў, высвятляючы, якія спектаклі яны б хацепі бачыць. Адказ адназначны: камедыі, музычныя камедыі. Уяўляеш, ніхто ніколі не пажадаў трагедыю. I ўсё ж, нягледзячы ні на што, тэатр павінен «сеяць разумнае, добрае, вечнае», адлюстроўваць час і выяўляць ягоныя болевыя кропкі, узнаўляць жыццё чалавечага духу.
- I дзеля гэтага ты штовечар выходзіш на сцэну?
- I толькі тады адчуваю сябе патрэбным публіцы. Толькі гэтым, мне здаецца, акцёр і можа суцешыцца. Калі ён знаходзіць тыя самыя кропелькі сэнсу, якія бударажаць залу. Нават у тых жа камедыях. Іначай адчуваеш сябе непатрэбным, інакш - навошта?
- Якое месца, у параўнанні з іншымі відамі мастацтва, тэатр мусіць займаць у жыцці чалавека?
- Мне б хацелася, каб першае. Але, назіраючы жыццё, так сказаць не магу. I думаю, што нават самыя знакамітыя тэатры цяпер ужо не займаюць у жыцці людзей такога значнага месца, як некалі. Пераважаюць відэа, Інтэрнэт, кіно... Нешта, пэўна, замарудзілася, хоць мне гэта не зусім зразумела. Для мяне тэатр застаецца тэатрам, магчыма таму, што я ў ім працую, яму належу.
- Што павінна адбыцца, каб тэатр зноў пачаў кіраваць розумам людзей, пэўным чынам уплываць на іх лёс? Раней у жыцці чалавека вялікае месца займала кніга. Цяпер і гэта ў значнай меры сышло. Але ж драматургія застаецца тым відам літаратуры, які з дапамогай тэатра здатны прабіцца да шырокай аўдыторыі. Тэатр усё яшчэ жывы від мастацтва, і людзі ідуць сюды абмяняцца энергіяй. Шанец застаецца. але што варта зрабіць, каб павышаная цікавасць да тэатра вярнулася?
- Калі тэатр зможа не ісці на кампрамісы, зробіцца фінансава незалежным, калі касцюмы, дэкарацыі, акцёры, пастаноўшчыкі - усё будзе вышэйшай якасці, гледачы да нас пацягнуцца. Калі знікнуць знакі ўяўнай якасці, а з'явіцца якасць сапраўдная, тэатр выйдзе на зусім іншы ўзровень. Для нас гэта зусім новая планка.
Зрэшты, я люблю тэатр, таму што толькі ў ім можна ўбачыць напоўненыя слязьмі суперажывання вочы, пачуць біццё жывога сэрца. Толькі ў ім і болей - нідзе. Магчыма, я рэтраград. Часам, пасля няўдалага спектакля, заходзіш у грымёрку і думаеш: а можа, усё гэта ўвогуле нікому не патрэбна? А потым прыйдзеш на рэпетыцыю, і зноў усё іначай. Акцёраў, якія працуюць у такіх невялікіх гарадах, як наш, трэба шанаваць. Бо гэта надзвычай напружаная праца, і часам здаецца, што трымацца няма за што. Тут застаюцца людзі, па-сапраўднаму адданыя сваёй справе. Бывае, яны наракаюць на свой лёс, а потым разумеюць, што гэта толькі хвілінная слабасць. А назаўтра прыходзяць і рэпеціруюць зноў. Усё пачынаецца спачатку - усё мае працяг.

«Мастацтва», № 6, июнь 2006 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.