Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТРИСЫПВЕРОНИКА ПЛЯШКЕВИЧ

Пляшкевич Вероника Николаевна
«Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра. Катарына.

Пляшкевич Вероника Николаевна
«Валянцінаў дзень» І.Вырыпаева.
Каця.

Пляшкевич Вероника Николаевна
«Трохграшовая опера»
Б.Брэхта і К.Вайля. Полі Пічэм.

Фото Андрея Спринчана.
 Пляшкевич Вероника Николаевна 
    Гульня без межаў амплуа
     Настасся Шырай

Яна ўмее здзіўляць, выконваючы не толькі маштабныя, поўныя адценняў і паўтонаў ролі гераінь, але і ствараючы характары эпізадычных, другасных персанажаў. Нават там, дзе ад яе патрабуецца зусім няшмат, актрыса напоўніцу адорвае гледачоў сваім шчодрым, адкрытым драматычным тэмпераментам. Насычанасць і шматколернасць сцэнічных фарбаў - вынік адметнай прафесійнай агранкі і штодзённай упартай працы. Вакальныя здольнасці, запаволеная пластыка, дзёрзкасць і ўнутраная сіла вобразаў захапляюць гледачоў.

Імя маладой актрысы - Вераніка Пляшкевіч.
У Нацыянальным драматычным тэатры імя М.Горкага яна працуе толькі два гады. Але за гэты час стварыла шэраг яркіх, запамінальных вобразаў.
Першым сур’ёзным прафесійным выпрабаваннем для яе стала роля Катарыны ў спектаклі «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра (рэжысёр В.Еранькова). Агніста-рудая капа валасоў, хуткі ўчэпісты позірк, кплівая ўсмешка, ганарыстая самадастатковасць, хлапечая рэзкасць у рухах і ўчынках, спрытнасць і капрызлівы тон, незабыўны выбуховы смех - такой напачатку спектакля паўстае перад гледачамі Катарына. Ды толькі непрыступная ўладальніца крутога нораву неўзабаве змяняецца, спыненая на хаду мяккім поглядам-дотыкам і рашучасцю прыгожага юнака Пятручыо (С.Чакерэс). Ахопленая салодкім хваляваннем ад нечаканага кантакту з настойлівым прэтэндэнтам у мужы, яна ўжо не выглядае надта недасягальнай і непахіснай. У вобразе перапоўненай пяшчотай, асалодай, трапяткім пачуццём гераіні ўпартасць і няскоранасць саступаюць месца жаноцкасці і кранальнасці. Уражальны вобраз Свавольніцы найбольшай сілы дасягае ў сцэнах, дзе прысутнічае пэўная мера эксцэнтрычнасці, разбаўленая іроніяй і камедыйнасцю. Захапляюць баявыя практыкаванні Катарыны, актрыса цудоўна валодае сваім целам, танцавальна-вакальныя элементы спектакля падкрэсліваюць яе рознабаковую адоранасць.
Нягледзячы на відочныя перамены ў характары Катарыны, актрысе, што цікава і каштоўна, напрыканцы спектакля ўдаецца паказаць па-ранейшаму моцную і амбіцыйную асобу. Яна ахоплена каханнем і з прыемнасцю пакараецца мужу, ды толькі ні ў якім разе гэта не ўтаймаваная, ціхая жоначка. У фінальным маналогу з вуснаў Катарыны гучаць дзёрзкія, рэзкія, вострыя слоўцы, «прыпраўленыя» каханнем...
У спектаклі «Легенда аб бедным д’ябле» паводле У.Караткевіча (рэжысёр Б.Луцэнка) Вераніка Пляшкевіч увасабляе зусім іншы характар. Трапяткая, безабаронная Дуброўка, несправядліва абвінавачаная ў чарадзействе і асуджаная на пагібель, выратавана маладым д’яблам Рогачам (Р.Чарнецкі). Рогач меўся разбурыць дамы, вырубіць лясы, але, сустрэўшы на зямлі пяшчотную дзяўчыну, забыўся на свае злачынныя намеры. Ён хоча кахаць, плакаць ад шчасця, спазнаваць сілу дабрыні...
У сцэне расправы над бязвінна асуджанай, прывязанай да ганебнага слупа Дуброўкі актрыса падкрэслівае сілу духу гераіні перад тварам смерці. З усмешкай - ценем чысціні - на дрыжачых вуснах, з бліскучымі ад слёз вачыма, басанож, з адкрытай да жыцця душой гераіня выбірае замест апошняга слова песню - насуперак немінучай несправядлівасці. Сцэна моцнага псіхалагічнага адчужэння дакладна пражываецца актрысай. Унутраны свет, характар Дуброўкі В.Пляшкевіч раскрывае падчас сустрэч з Рогачам. Дуброўка спагадлівая, таму што была галодная, але не пагадзілася злавіць цяцерку, якая выседжвала птушанят; яна жыццярадасная, нібы дзіця, бо радуецца праросламу зярнятку; яна заўзятая - і будаўніцтва дома выклікае ў яе душы буру станоўчых эмоцый. Яна клапатлівая і пяшчотная: закахаўшыся ў маладога д’ябла, Дуброўка абвяргае думку пра бессэнсоўнасць чалавечага існавання. Неўзабаве і Рогач таксама ўпэўнена заявіць, што сэнс жыцця - у каханні. Менавіта гэтае светлае пачуццё ўвасабляе актрыса ў вобразе чыстай, бескарыслівай дзяўчыны, якая, нягледзячы на смерць, што крочыла за ёю след у след, засталася жывой.
У спектаклі «Валянцінаў дзень» І.Вырыпаева (рэжысёр В.Еранькова) В.Пляшкевіч выконвае ўзроставую (для зусім яшчэ юнай актрысы) ролю Каці 35-40 гадоў і выдатна з ёю спраўляецца. Уражвае ўменне актрысы схапіць і перадаць кожную дробязь у міміцы, у гаворцы, жэстах, манеры паводзін гераіні. Менавіта так ствараецца адметны і моцны характар Кацярыны. Яна здатная пастаяць за сябе; яна бачыць сімвалічныя, нават прароцкія сны, піша Валянціну цудоўныя лісты і сама іх дэкламуе пад немудрагелістае суправаджэнне акардэона. Яна ў нечым вульгарная, патэтычная, але самазабыўна і ахвярна кахае мужа. І гэтым слабая.
Ёй не хапае сілы сысці і такім чынам прадухіліць драму трох скалечаных жыццяў. Каця ведае пра патаемныя сустрэчы Валянціна з Валянцінай, ды гатовая ўспрымаць гэта яе належнае, толькі б захаваць хісткае і ненадзейнае сямейнае шчасце. Але яе чакае цяжкое жыццё правадніцы ў цягніку «Масква - Уладзівасток», горкі, безвыходны жаночы лёс. Вобраз «распуснага жыцця» - танец-лямант з маладымі людзьмі, якія закручваюць яе ў залатым вар’яцкім віхуры, быў абраны як элемент іншасказання, па-майстэрску распрацаваны рэжысёрам і пранізліва выкананы актрысай.
Сярод іншых роляў В.Пляшкевіч: Полі Пічэм у «Трохграшовай оперы» Б.Брэхта, К.Вайля; мадыстка ў спектаклі «Ніначка» М.Ланж’еля, Джульета ў рок-оперы А.Еранькова «Анджэла і іншыя...» паводле А.Пушкіна, Заказчыца ў «Каштанцы» паводле А.Чэхава. Усе яны эфектныя, эмацыйна ярка афарбаваныя. Актрыса захапляе жаноцкасцю створаных вобразаў, шырокім характарным дыяпазонам, здатнасцю пранікаць у самыя розныя характары персанажаў. І ў яе ўсё толькі пачынаецца.

«Мастацтва», № 2, февраль 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.