Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫСИГОРЬ СИГОВ

Сигов Игорь Алексеевич
Фота Юрыя Іванова.
 Сигов Игорь Алексеевич 
    Ігар Сігоў:
    «Я не збіраюся спыняцца!»

     Дар’я Амяльковіч

Напэўна, ніводны з айчынных артыстаў не мае столькі інфармацыйных нагод для сустрэчы з журналістамі, як акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Ігар СІГОЎ. Сёння Ігар Аляксеевіч у тэатры працуе над новай роляй у п’есе Алены Паповай «Сонечка»; літаральна на мінулым тыдні на Першым канале адбылася прэм’ера серыяла «Замах» Аляксандра Яфрэмава з удзелам акцёра... Нельга абысці ўвагай і дакументальнамастацкі праект «Гарады... Героі...» на АНТ, дзе Ігар Сігоў задзейнічаны як вядучы. А яшчэ немагчыма забыцца на славутую паездку беларускага акцёра на цырымонію «Оскар», куды ён быў запрошаны як выканаўца галоўнай ролі ў стужцы ірландскага рэжысёра Хуаніты Уілсан «Дзверы». Між іншым, на гэтым тыдні стужка кінапрэміі была прадстаўлена беларускай публіцы на сцэне роднага тэатра Сігова.

Гэты праект не забуду!
- Ігар Аляксеевіч, журналісты маюць рацыю, патрабуючы сёння вашай увагі: вы цяпер - адна з самых медыйных персон. Прыемна, што вашу працу можна ўбачыць і ў тэатры, і ў кіно, і на тэлебачанні...

- Так. Сёння я нават займеў магчымасць адпачываць, змяняючы розныя накірункі працы. Да прыкладу, вельмі цікавы і напружаны працэс здымак у мяне цяпер на праекце «Гарады... Героі» тэлеканала АНТ. Я пабываў у такіх славутых подзвігам сваіх жыхароў месцах, як Санкт-Пецярбург, Керч, Адэса, Севастопаль, Мурманск, Валгаград, Тула... - усяго ў трынаццаці гарадах-героях. У кожнага - свая гісторыя мужнасці, подзвіг абаронцаў, які не можа не ўразіць, пакінуць абыякавым. Здымкі, падкрэслю, адбываюцца на месцах! Ды прыкладу, прыязджаем у Мурманск, а там - мінус 12. Здымаем на ўзбярэжжы: страшэнны вецер, холад! І, адпаведна сваёй ролі, я мушу адчуць на сабе ўсе цяжкасці, якія выпалі на долю абаронцаў горада... На наступны дзень вяртаюся ў Мінск. І - на рэпетыцыю ў тэатр. А тут ужо зусім іншы клімат. Затым - рушу на поўдзень, пасля - зноў дадому. Так і атрымлівалася адпачываць: ад тэатра - на здымках праграмы, і наадварот.
- Калі меркаваць па першых фільмах праекта, «Гарады... Героі» мусіць стаць адным з самых рэйтынгавых дакументальных цыклаў...
- Спадзяюся. Але тое, што стваральнікі праекта зрабілі своеасаблівае вынаходніцтва ў канструкцыі фільмаў, - гэта сапраўды так. Мяркуйце самі. У праекце спалучаюцца розныя стылі: дакументалістыка, тэлевізійная пастаноўка, мастацкае кіно, тэлевізійная графіка. Ды і мне дасталася няпростая роля - гэткага выпрабавальніка-экстрэмала. Даводзіцца і знаходзіцца ў акопах, і будаваць снежныя сховішчы, і плаваць у вадзе, і падпальваць розныя прадметы, і лазіць па катакомбах... Усё гэта хоць і складана часам, але вельмі захапляльна. Ды і галоўнае: у аснове цыкла - неверагодныя гісторыі абароны гарадоў, якія застаюцца ў душы і сэрцы. Калі даведваешся, як людзі змагаліся, трымалі бой, як выжывалі ў тых жа катакомбах, шахтах, што дзеля гэтага выкарыстоўвалі, - гэтыя факты кранаюць неверагодна.
- Вы адразу пагадзіліся на ўдзел у праекце?
- Так. Але рэжысёру праекта Іллі Баранаву і здымачнай групе ў цэлым прыходзіцца нялёгка, бо ім даводзіцца весці шмат перамоў, спалучаць графікі мой і Уладзіміра Гасцюхіна, які ў праекце выступае ў якасці вядучага-апавядальніка, атрымліваць дазволы на здымкі на шэрагу ваенных аб'ектаў... Здавалася б, усё проста, але скаардынаваць намаганні ўсіх удзельнікаў праекта разам, пазбегнуць недарэчнасцей - гэта вельмі складаная і адказная праца. Я з вялікай цікавасцю прымаю ўдзел у праекце і мяркую, што гэтыя здымкі дакладна не забуду!

Адчуваў, што мы - аднадумцы
- Ігар, літаральна ўчора ў вашым тэатры адбыўся грамадскі паказ стужкі «Дзверы» ірландскага рэжысёра Хуаніты Уілсан, дзе вы сыгралі адну з галоўных роляў. Карціна прынесла вам заслужаную славу і паездку на цырымонію «Оскар». Разумею, што вы бачылі фільм неаднойчы, але ці памятаеце вашы ўражанні ад першага прагляду?

- Першы раз я ўбачыў карціну два гады таму. Хуаніта зманціравала стужку і прывезла яе ў Беларусь, каб паказаць невялікаму колу сяброў. Вядома, усе хваляваліся, і я ў тым ліку. А як жа - убачыць сваю працу на экране! Гэты момант для акцёра заўжды асаблівы. Што да працы Хуаніты, дык зразумеў яшчэ на здымачнай пляцоўцы: яна - прафесійны і адметны мастак. Узровень стужкі толькі запэўніў мяне ў маіх адчуваннях.
- Гэта прытым, што «Дзверы» былі дэбютам рэжысёра?
- Тое, што гэта быў яе першы фільм, абсалютна не адчувалася. Уілсан ведала, што хацела сказаць, якую гісторыю распавесці людзям - на эмацыйным узроўні, на духоўным, на падсвядомым, - і таму, мабыць, усё ў яе і атрымалася. Нават у працы з акцёрамі яна была гранічна канкрэтнай у сваіх патрабаваннях. У маім выпадку, мы спачатку доўга размаўлялі, каб адчуць адно аднаго, знайсці творчае паразуменне. А потым ужо разумеліся без слоў. Да прыкладу, яна глядзіць у пэўны момант у манітор, і я бачу: нешта яе засмучае. «Што не так?» - пытаюся. Яна ў адказ паціскае плячыма. «Добра, давай паспрабуем па-іншаму», - кажу. І спрабую сыграць інакш. Вось так, на нейкай «птушынай мове», на невербальным узроўні і дамагаліся вынікаў. І гэта было абсалютна натуральна: бо я адчуваў - што мы аднадумцы. Трэба адзначыць, што ўся каманда Хуаніты была вельмі прафесійнай. Асабліва адзначу аператара, які прымаў удзел у здымках фільма Мэла Гібсана «Храбрае сэрца». Ягоны ўнёсак у стужку быў вельмі істотны.
- Як, дадам, і праца акцёраў...
- Так. Добра сыгралі і Джульета Казакевіч-Герынг, выпускніца нашай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якая цяпер працуе ў маскоўскім тэатры «Школа сучаснай п'есы», і Ліля - маленькая кіяўлянка, што праяўляла пад час здымак проста цуды гераізму. Самае цікавае, што ў Галівудзе фільм дэманстраваўся на рускай мове з англійскімі субцітрамі. Хуаніта сказала, што тыя эмоцыі, якія нараджаюцца ў нас, тое, як мы гаворым, наша маўленне - усё складаецца ў адзінае цэлае. І калі змяніць штосьці ў створаным - гэта ўжо не будзе праўдай.

«Оскар» паказаў мне, што ўсё магчыма
- Якія асноўныя ўрокі вы атрымалі пад час здымак карціны?

- Нягледзячы на тое, што «Оскар» стужка не атрымала, лічу: той вынік, якога каманда дасягнула сваёй працай, - цудоўны. Трапіць з 500 прэтэндэнтаў у пяцёрку лепшых - гэта сапраўды пачэсна. Акрамя намінацыі на згаданую прэмію, «Дзверы» заваявалі ўзнагароды і прыцягнулі ўвагу публікі на шматлікіх еўрапейскіх кінафестывалях: у Ірландыі, Шатландыі, Італіі, Польшчы... Хуаніта, па сутнасці, зрабіла вельмі простую, але геніяльную рэч: яна - ірландскі рэжысёр, мы - беларускія, расійскія і ўкраінскія акцёры, а ў выніку нарадзілася гісторыя, якая кранае кожнага жыхара планеты. Галоўны ўрок, які я вынес, - гэта годнае стаўленне да сваёй працы. Калі мы працавалі над фільмам - усё і ўсе знаходзіліся на сваіх месцах, і кожны ведаў, чым ён мусіць займацца. Здымкі карціны адбываліся толькі шэсць дзён, але гэта былі тыя шэсць дзён, калі ніводная хвіліна не была згублена. Ішлі здымкі адной сцэны - у гэты ж час дэкаратары ціхенька рыхтавалі іншую пляцоўку...
- Ёсць такая прыкмета, якую распавёў аніматар Аляксандр Пятроў, оскараўскі лаўрэат: кажуць, што калі дакрануцца да «Оскара» - то прыйдзе поспех. Вам пакуль дакрануцца да яго не ўдалося, але, магчыма, ён вам штосьці «паабяцаў»?
- Галоўнае, што ён мне паведаміў: усе галівудскія акцёры - такія ж людзі, як і мы. Толькі размаўляюць па-англійску. Мне ўдалося сустрэцца ў неафіцыйнай абстаноўцы з Сандрай Балак, Мэрыл Стрып, Квенцінам Таранціна, Кіану Рыўзам... І зблізку адкрываецца простая ісціна: яны маюць тыя ж самыя паўсядзённыя праблемы, што і мы. Яшчэ «Оскар» зрабіў для мяне вельмі важную рэч: ён паказаў, што ўсё магчыма. Здаецца, працуеш днямі і начамі, год за годам, а тут раптам штосьці адбываецца - і здзяйсняецца твая запаветная мара. Гэта вельмі важна. Пасля цырымоніі я вярнуўся дадому з жаданнем працаваць больш аддана, з верай, што ўсё можна зрабіць яшчэ лепш, толькі трэба быць больш патрабавальным да сябе. «Оскар» стаў для мяне той прызмай, што дазволіла ўбачыць свет па-іншаму.
- Таму цяпер у вас столькі праектаў?
- І я не збіраюся спыняцца. Сёння ў тэатры ідуць рэпетыцыі п'есы «Сонечка» Алены Паповай, якую яна напісала па матывах твора Фёдара Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне». У спектаклі я іграю Свідрыгайлава. Прэм'ера пастаноўкі чакаецца ў ліпені. Спрабуюся таксама ў шматлікіх кінапраектах. У цэлым, у мяне з'явіўся імпэт да працы, і я жадаю, каб гэты настрой не пакідаў мяне. Бо ёсць яшчэ куды расці!

«Культура», № 20 (940) от 15 мая 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.