Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• КИНО

• ПРЕССА

• ФОТОГРАФИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  АКТЕРЫЯРОСТИСЛАВ ЯНКОВСКИЙ

Янковский Ростислав Иванович  Янковский Ростислав Иванович 
    Расціслаў Янкоўскі:
    «Добра там, дзе ёсць наша кіно»

     Ларыса Цiмошык

Яшчэ гадоў дзесяць назад здавалася, што перамога Галiвуда на адной шостай частцы сушы адбылася канчаткова i беспаваротна. Калi б не чалавечая душа, якой, акрамя хлеба надзённага, усё ж хацелася часам «разгарнуцца i згарнуцца», хацелася плакаць i смяяцца - менавiта са свайго жыцця, са сваёй гiсторыi. Але калi майстры кiно зразумелi, што трэба вяртацца да гледача, аказалася, што цiкавасць да свайго роднага кiно страчана. Залы ў кiнатэатрах пуставалi. Здавалася, нешта змянiць практычна немагчыма. I ў гэты час, насуперак усякай логiцы, у розных гарадах Расii i СНД з’яўляюцца кiнафестывалi, якiя даказваюць: добра там, дзе мы ёсць i дзе ёсць наша кiно. У гэтым перакананы Расцiслаў Янкоўскi, народны артыст СССР, Старшыня Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад», якi адкрыецца ў сталiцы Беларусi 20 лiстапада.

- Для таго, каб вярнуць гледача ў кiнатэатры, трэба было многае перагледзець. У тым лiку мяняць умовы ў самiх залах: гледачу павiнна быць камфортна. Зараз нашы кiнатэатры абсталяваны магутнымi экранамi, з сучасным гукам. Але галоўнае - трэба было яшчэ i здымаць добрае кiно. А для гэтага патрэбны былi грошы. У Расii, напрыклад, прадпрымальнiкi зразумелi, што ў кiно можна ўкладваць сродкi. I сiтуацыя змянiлася: у людзей зноў з’явiлася цiкавасць да айчыннага кiно. Канешне, адыгралi сваю ролю ў гэтым i кiнафестывалi: «Кiнатаўр», «Кiнашок», Маскоўскi кiнафестываль i наш «Лiстапад».
- Як у Мiнскага кiнафестывалю складваюцца адносiны з расiйскiмi кiнафорумамi?
- Асноўная iдэя нашага фестывалю - прапаганда кiно ўвогуле i нашага кiно - у прыватнасцi. Канешне, у многiм дапамагала тое, што ў нас быў прыклад «Кiнатаўра», якi рабiлi мой брат Алег Янкоўскi i Марк Рудзінштэйн. Мы пастаянна кантактавалi i маглi адсочваць сiтуацыю ў расiйскiм кiно. Зараз нам будзе больш складана: арганiзатары «Кiнатаўра» заявiлi аб яго спыненнi. Я меў магчымасць на «Кiнатаўры» глядзець усе карцiны, мы маглi дамаўляцца аб тым, што паказаць у Мiнску. У нас таксама была задача: азнаёмiць мiнскага гледача з тым, што адбываецца ў кiно. I не толькi ў нашым. Мы старалiся браць карцiны, якiя ўжо мелi прызы кiнафестываляў, якасныя, апрабаваныя работы. I Мiнск не падвёў: за сем дзён фестывалю ў кiнатэатр прыходзiла да 30-35 тысяч гледачоў. Я малiўся Богу: кожны год залы былi перапоўненыя!
Адыграла сваю ролю i зацiкаўленасць прэзiдэнта Беларусi ў гэтым фестывалi. У нас з’явiлiся два спецыяльныя прызы: «За захаванне i развiццё тэндэнцый духоўнасцi ў кiнамастацтве» i «За гуманiзм i духоўнасць у кiно». У мiнулым годзе лёс менавiта гэтага прыза вырашаўся вельмi складана. Старшынёй журы тады быў Iгар Масленнiкаў, вельмi добры расiйскi кiнарэжысёр. Ён лiчыў, што фiльм Андрэя Звягiнцава «Вяртанне» даволi жорсткi, каб атрымаць прыз за «духоўнасць». Прадстаўнiкi нашага Мiнiстэрства культуры i я, у прыватнасцi, нястрымна пярэчылi i зрабiлi так, як палiчылi патрэбным. Гэта, на мой погляд, наскрозь духоўны фiльм. Так, ён жорсткi, але не бязлiтасны. I мы выйгралi!
- Цi ёсць у гэтым годзе на «Лiстападзе» тэма, якая аб’ядноўвае кiнематаграфiстаў нашых краiн?
- Адзiнаццаты фестываль асаблiвы. Па-першае, 80 гадоў беларускаму кiно. Па-другое, ён праходзiць напярэдаднi святкавання 60-годдзя Перамогi. Мы абавязкова закранём i гэту тэму. Будзе рэтраспектыўны паказ фiльмаў. Бо калiсьцi з добрай iронiяй беларускую кiнастудыю называлi «Партызанфiльмам». Так, мы шануем сваю гiсторыю i абавязкова ўспомнiм яе на «Лiстападзе».
Але адкрываць «Лiстапад» будзе расiйскi фiльм «72 метры» Уладзiмiра Хацiненкi. Ён расказвае пра пасляваенныя падзеi. У мiрны час трагедыя здараецца там, дзе яе не чакалi: падводная лодка натыкаецца на нямецкую мiну. У гэтай карцiне ёсць наша гiсторыя. Мяне ўразiлi вельмi добра зробленыя падводныя здымкi. Я апладзiрую стваральнiкам: гераiчная карцiна.
- У гэтым годзе за галоўны прыз у Мiнску будуць змагацца некалькi расiйскiх фiльмаў. Вы ўжо бачылi тыя работы, якiя адабраны на фестываль?
- Так, расiйскiя фiльмы я бачыў. Цудоўныя работы! «Вадзiцель для Веры» Паўла Чухрая, «Мой зводны брат Франкенштэйн» Валерыя Тадароўскага павiнны выклiкаць вялiкую цiкавасць. Вельмi моцная карцiна «Свае» Дзмiтрыя Мясхiева. Добры фiльм «Доўгае развiтанне» Сяргея Урсуляка, зняты паводле аповесці Трыфанава «Дом на набярэжнай». Акрамя таго, у мяне выклiкала захапленне малады рэжысёр з Казахстана Гульшад Амарава, якая зняла цудоўную дэбютную карцiну «Шыза». Штосьцi адбылося ў казахскiм кiно, што прымушае з цiкавасцю i з павагай гаварыць пра iх. Я чуў, як Наталля Бандарчук са здзiўленнем гаварыла пра казахскi фiльм: «Калi б мне сказалi, што гэта iтальянская карцiна, я б паверыла. Французская, бразiльская...». Самае галоўнае, што фiльм, вельмi просты па сутнасцi, але змяшчае ў сабе асноўныя чалавечыя пачаткi. Украiнскi рэжысёр Раман Балаян прадставiў свой новы фiльм «Цемра». Выдатны рэжысёр: памятаю ўдалыя работы Алега ў яго фiльмах. Я рады, што прыедзе ў Мiнск польскi рэжысёр Ежы Гофман i мы ўбачым яго фiльм «Старажытная легенда» з цудоўным украiнскiм артыстам Багданам Ступкам у галоўнай ролi. Дарэчы, праграма фiльмаў з далёкага замежжа ў гэтым годзе вельмi цiкавая, будуць фiльмы з Японii i Швейцарыi. Усяго 24 краiны ўдзельнiчаюць у нашым фестывалi. Я рады, што ў конкурсе ўдзельнiчае i беларуская карцiна «Дунечка».
- Цiкава, як вядуцца перамовы наконт таго, хто будзе ўзначальваць журы?
- Гэта складаныя перамовы. Трэба рэжысёра пераканаць, упрасiць: бо ўсе занятыя людзi, у якiх шмат запрашэнняў на фестывалi, свае абавязкi. Сюды трэба прыязджаць i таксама шмат працаваць: за пяць дзён паказаў трэба прагледзець 17 конкурсных карцiн. А ёсць жа яшчэ i пазаконкурсныя... Але я з павагай стаўлюся да рэжысёра Вадзiма Абдрашытава, народнага артыста Расii, якi згадзiўся ўзначалiць прафесiянальнае журы «Лiстапада» сёлета.
- Мiнскi кiнафестываль адрознiваецца ад iншых тым, што лёс галоўнага прыза вызначаюць гледачы...
- На фестывалi ўручаецца дваццаць узнагарод. Канешне, галоўная з iх - прыз глядацкiх сiмпатый. Старшынёй глядацкага журы ў гэтым годзе будзе Наталля Аўдзеева, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi. Потым ужо iдуць прафесiйныя прызы кiнематаграфiстаў: пры ўсёй павазе да гледача, патрэбны усё ж прафесiянальны погляд на творчасць.
- Ваш брат Алег Янкоўскi шмат разоў быў госцем «Лiстапада», узнагароджваўся прызамi за работу ў карцiнах, якiя былi паказаны на фестывалi. У гэтым годзе фiльма з яго ўдзелам на фестывалi не будзе, але Алег Iванавiч прыедзе як госць...
- Як ганаровы госць. Акрамя таго, ён прадстаўлены да ўзнагароджання спецыяльным прызам Прэзiдэнта Беларусi, якi ўручаецца за вялiкi ўклад у развiццё кiнамастацтва. Гэта, дарэчы, была не мая iдэя: пры ўсёй маёй любовi i павазе да творчасцi брата, я думаў, што вылучаць яго на ўзнагароджанне не зусiм сціпла. Але вырашаю тут усё ж не толькi я. Магу сказаць, што ён цалкам заслугоўвае такой узнагароды. Бо за свае шэсцьдзесят гадоў ён зрабiў каласальнейшы ўклад у кiнамастацтва. I ў беларускiм кiно ён працаваў: Алег Янкоўскi сыграў асветнiка i першадрукара Францыска Скарыну! I да гэтага часу яго работы цiкавыя. Я лiчыў эталонам работу Алега ў фiльме «Крэйцарава саната». Але зараз я разгубiўся: мне цяжка назваць яго лепшую ролю ў кiно. Ён прадстаўляе работу за работай, у якой матэрыял цудоўна накладваецца на яго выразны твар, на яго вочы, у якiх ёсць i розум, i iронiя. Як бы я нi хацеў быць сцiплым у дачыненнi да брата, не магу за яго не радавацца. Мы ўсе захапляемся галiвудскiмi зоркамi: Джэкам Нiкалсанам, Робертам дэ Нiра i iншымi. А аднойчы мне сказалi, што i Алег мог бы быць у лiку гэтых вялiкiх акцёраў. Але Галiвуд - гэта фабрыка зорак, якая, на жаль, закрытая для нас. Таму ў нас павiнны быць свае зоркi, свае героi, i яны ёсць. Мы iх адзначаем на «Лiстападзе». Нашы прызы «За захаванне i развiццё традыцый духоўнасцi ў кiнамастацтве» атрымлiвалi Георгiй Жжонаў, Клара Лучко i iншыя. I калi Алег вылучаны на такую ўзнагароду, то я думаю, што заслужана. Як i Пётр Тадароўскi ў гэтым годзе заслужана павiнен атрымаць спецыяльны прыз Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii.
- Чым, на ваш погляд, бярэ «Лiстапад»: у гасцей, якiя пабывалi тут аднойчы, заўсёды ёсць жаданне прыехаць яшчэ?
- А сапраўды ж, «бярэ»! Нават на дзiцячы «Лiстападзiк» ахвотна прыязджае кiраўнiк «Ералаша» Барыс Грачэўскi. Рады сустрэчам з мiнчанамi Мiкалай Бурляеў, арганiзатар «Залатога вiцязя». Прыязджае Марк Рудзінштэйн, ён згадзiўся сёлета ўдзельнiчаць у творчых сустрэчах... У нас будзе шмат мерапрыемстваў - у гэтым заслуга нашага дырэктара Валянцiны Сцяпанавай, якая правяла грандыёзную арганiзацыйную работу. Канешне, робяць сваю справу Мiнiстэрства культуры i Мiнскi гарвыканкам як заснавальнiкi Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад».
З’явiўся ў нас цудоўны партнёр - «Беларуска-швейцарскi банк». У нашай краiне ўвогуле рэдка хто з прадпрымальнiкаў гатовы ўдзельнiчаць у культурных праектах, таму нам сапраўды пашанцавала. «Беларуска-швейцарскi банк» сёлета дапамагае нам дастойна прыняць гасцей.
Канешне, мы марым, каб Мiнскi мiжнародны кiнафестываль калi-небудзь быў прылiчаны да класа «А». Ёсць прыклад перад вачамi - Маскоўскi кiнафестываль, якi ўжо мае аўтарытэт у свеце. Для гэтага былi прыцягнуты вялiзныя сiлы i рэсурсы. I ёсць вынiк: колькасць перарасла ў якасць. Мы разумеем, каб выйсцi на такi ўзровень, патрэбны вялiкiя сродкi. Трэба аддаць належнае расiйскiм калегам: яны нам вельмi дапамагаюць. Яны прадастаўляюць нам бясплатна карцiны, за якiя трэба было б плацiць прадзюсарам. Здабываць цiкавыя замежныя карцiны таксама дапамагаюць пасольствы Беларусi ў розных краiнах. Дзякуючы каласальным намаганням многiх людзей наш фестываль ужо ведаюць i паважаюць. Ён выклiкае цiкавасць, як выклiкае цiкавасць i наша краiна.

«Звязда», № 278-279 от 18 ноября 2004 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.