Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• ПРЕССА

• ПУБЛИКАЦИИ

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  РЕЖИССЕРЫТИМОФЕЙ ИЛЬЕВСКИЙ

Ильевский Тимофей Зиновьевич
Фота Анрэя Спрынчана.
 Ильевский Тимофей Зиновьевич 
    Выйсце з «кунсткамеры пустых
    персанажаў»

     Таццяна Команава

Не сакрэт, што вартасць драматургічнага твора можна ацаніць толькі адзіным, правераным стагоддзямі спосабам: паставіць яго на сцэне тэатра. Пры гэтым асоба рэжысёра, які бярэцца за пастаноўку, аказваецца надзвычай важнай: ён можа «не зразумець» аўтара, а можа выцягнуць з яго такія ноты і інтанацыі, якія і сам драматург не меў на ўвазе. І той факт, што п’еса як першапачатковы матэрыял і спектакль, што ў выніку выходзіць да гледачоў, могуць уяўляць з сябе «дзве вялікія розніцы», дае падставы для размовы аб глыбінных прычынах гэткіх «метамарфоз».
Cёння нагода для размовы ў рамках дыскусіі на старонках «К», якая, нагадаем, прысвечана праблемам і тэндэнцыям развіцця сучаснай драматургіі, - спектакль «Чорны анёл з белымі крыламі» па п’есе сучаснага беларускага драматурга Дзіяны Балыка на сцэне Брэсцкага акадэмічнага абласнога тэатра драмы. Рэжысёрам пастаноўкі з’яўляецца наш суразмоўца Цімафей ІЛЬЕЎСКІ.


- Што сталася штуршком для вашага рэжысёрскага звароту да п’есы Дзіяны Балыка «Белы анёл з чорнымі крыламі»?
- У першую чаргу - аналіз бягучага рэпертуару нашага тэатра. Хацелася паставіць сучасную беларускую п’есу, такую, якая б сваёй праблематыкай звярталася да моладзі, падлеткаў. Некалькі месяцаў я блукаў у «нетрах» Інтэрнета. Пачаў, прызнаюся, з расійскай драматургіі: падавалася, што там я змагу знайсці цікавую сучасную п’есу.
Аднак пры сур’ёзным аналізе стала відавочна, што нашы рэаліі вельмі адрозніваюцца ад расійскіх і проста «не кладуцца» на беларускую глебу. Так я звярнуўся да беларускіх аўтараў і выбраў п’есу Дзіяны Балыка. Як вядома, у яе ёсць некалькі варыянтаў «Белага анёла...», але зрабіць кампіляцыю з іх так, каб атрымаць «патрэбны» матэрыял, не атрымалася: разбуралася цэласнасць аповеду. Таму мы ўзялі першы яе варыянт: мне падаецца, што ён, напісаны на адным дыханні, якраз і з’яўляецца самым праўдзівым.
- У якой ступені рэжысёр мусіць працаваць з п’есамі сучасных драматургаў і «перапрацоўваць» іх? Можа, гэтую працу лепей даручыць самім аўтарам?
- Гэта ідэальны варыянт, калі драматург працуе непасрэдна з тэатрам. Прыкладам, так склаліся нашы ўзаемаадносіны з Сяргеем Кавалёвым: у яго ёсць п’еса «Братка Асёл» для лялечнага тэатра, якую ён перарабіў адмыслова для драматычнага тэатра, улічваючы нашу пастановачную задуму. Цяпер яна чакае свайго часу. Было б зусім цудоўна, калі б драматург прыходзіў на рэпетыцыі, назіраў за пастановачным працэсам і сам, бачачы, што яго «геніяльны» дыялог зацягнуты, прапаноўваў яго перапісаць, зрабіць вастрэйшым. Той жа Чэхаў не ленаваўся хадзіць на рэпетыцыі ў МХТ.
- Чаму літаральна ўсе рэжысёры, з якімі размаўляю на гэтую тэму, у якасці прыкладу прыводзяць Чэхава? Няўжо нельга адарвацца ад гэтага стэрэатыпу і паглядзець на сучасных драматургаў па-іншаму?
- Можна ў якасці прыкладу прывесці таго ж Аляксандра Астроўскага, які таксама пісаў спецыяльна для Малога тэатра. Можна нават і Шэкспіра прыгадаць, які таксама працаваў для канкрэтнага тэатра і канкрэтных выканаўцаў...
- Добра, прыходзіць сучасны беларускі драматург у тэатр і кажа: я хачу напісаць для вас п’есу, але іграць у ёй мусяць канкрэтныя акцёры, - і называе прозвішчы. Яго адразу ж папракнуць у кан’юнктурнасці!
- А дзе вы такое бачылі? Прывядзіце мне хаця б адзін прыклад.
- У гісторыі беларускага тэатра была такая асоба - Андрэй Макаёнак. Ён прынёс у Купалаўскі тэатр свой «Трыбунал», але паставіў умову, што іграць у ім будзе Галіна Макарава, хаця ў рэжысёра на гэтую ролю былі іншыя кандыдатуры...
- Вось таму ён і класік! Але я зараз кажу пра тое, што кожны чалавек, які піша п’есы, мусіць вырашыць для сябе такую формулу: драматургія - гэта складнік літаратуры або выключна тэкст для тэатра? Года паўтара таму трапіў на літаратурны семінар у Цэнтры беларускай драматургіі і рэжысуры: хацеў даведацца, як яе, сучасную п’есу, ставіць. Але ўбачыў, што яна проста адарвана ад рэальнага тэатра, ад пэўных, складзеных стагоддзямі, традыцый, метадалогіі.
- А можа, не варта чапляцца за гэтыя традыцыі, а паспрабаваць адшукаць для новай драматургіі адпаведную ёй, новую, метадалогію?
- Я не супраць. Ды толькі ведаю, што акцёр, атрымаўшы ролю ў той ці іншай п’есе, першым чынам у мяне, рэжысёра, запытаецца: «А пра што я тут іграю?» І яны, узяўшыся працаваць з сучаснымі тэкстамі, не бачаць у іх звышзадачы, скразнога дзеяння, зерня ролі...
- Няўжо з-за акцёрскай «аморфнасці» драматург не мае права на творчы эксперымент?
- Эксперыменты - гэта цудоўна, асабліва калі збіраецца група аднадумцаў і ўвасабляе свае творчыя ідэі. Але калі мы гаворым пра рэпертуарны тэатр, то мусім разумець, што «на эксперымент» збярэцца максімум адна-дзве залы. А што далей рабіць з гэтым спектаклем? Звычайны глядач, выбіраючы спектакль, глядзіць на прозвішча аўтара, назву, на жанр, у рэшце рэшт. А калі ён убачыць у афішы «тэкст для тэатра» - што яму думаць?
- Зрэшты, і вы на афішы вызначылі жанр свайго спектакля як «26 эпізодаў у прасторы сцёб-дызайну». Гэта таксама эксперымент?
- Сцёб-дызайн - гэта абазначэнне сцэнаграфічнай прасторы з вечным еўрарамонтам, а таксама - форма ўзаемаадносін паміж персанажамі, якая намагаецца выглядаць прыгожай і моднай, а на самой справе з’яўляецца безаблічна-дыстыляванай. Гэтаксама, дарэчы, «дыстылююць» свае п’есы і многія сучасныя драматургі: яны не падаюць ні разгорнутых характарыстык сваім персанажам, так што часам не заўсёды нават можна здагадацца, колькі іх героям гадоў, адмаўляюцца ад рэмарак... Хаця, узгадваючы таго ж Чэхава, кожны скажа, што для яго гук абарванай струны ці стук сякеры часта нашмат важнейшыя, чым старонка тэксту. У выніку, разбураючы драматургічную структуру і выдаючы з-пад сваіх пёраў «тэксты», драматургі перад рэжысёрамі ставяць праблему адсутнасці асновы для сцэнічнага дзеяння - мяне нават не спрабуюць увесці ў атмасферу гісторыі, аддаючы «на водкуп» літаральна ўсе аспекты будучага ўвасаблення. Але глядач у тэатр прыходзіць пасуперажываць персанажам, і калі яму замест паўнавартаснага спектакля падсунуць «высушаны» тэкст, які часта нават не заключае ў сабе аніякай інфармацыі, а проста «выхоплівае кавалак жыцця», ён не зразумее нас. І потым, хто выкінуў з тэатра момант чалавечага і мастацкага выхавання?
- Калі казаць пра тэкст п’есы «Белы анёл з чорнымі крыламі», дзе для вас як для рэжысёра было найбольшае супраціўленне матэрыялу?
- Мы сутыкнуліся з тым, што ў ім заяўлена адразу мноства тэм, тысяча канфліктаў - і ніводзін не развіты, не вырашаны. Вельмі часта - тэкст дзеля тэксту, жарты, анекдоты, жарганізмы, мноства ўсяго таго, што можна пачуць у звычайным жыцці. Ды ўсё гэта не асэнсавана з філасофскага і мастацкага пункта гледжання. У рэшце рэшт мы і прыйшлі да ідэі паставіць такі ж адкрыты спектакль, які ўяўляе з сябе абстрактную карціну з мазкоў сучаснасці, але нічога ў гэтай рэчаіснасці не змяняе. З пазіцый структурнага аналізу заяўленыя ў п’есе персанажы не развіваюцца; яны - бы маскі, карнавальныя тыпажы вакол аднаго-адзінага «жывога персанажа» - галоўнай гераіні Ніны, якую мы, уласна кажучы, і «вывучаем».
- І ўсё-такі: як, якім чынам драматург можа пераканаць тэатр у тым, што ён для яго цікавы і патрэбны?
- Для гэтага ў тэатрах, між іншым, існуюць літчасткі, і акурат у іх абавязкі ўваходзіць аналіз драматургіі, якая магла б папоўніць рэпертуарную афішу тэатра. У тым ліку - і канкрэтная праца з аўтарамі.
- Неаднойчы ад заглітаў даводзілася чуць, што яны пачуваюць сябе ў тэатры непатрэбнымі: маўляў, рэжысёры ўсё роўна бяруць да пастаноўкі тыя п’есы, якія знаходзяць самі.
- Гэта сапраўды так. Але калі рэжысёр будзе адчуваць побач з сабой спецыяліста, які ведае і разумее драматургію, а не проста «займае месца» і піша рэкламныя матэрыялы пра тэатр, ён будзе цаніць яго меркаванне і прыслухоўвацца да парад. Ды і драматургу цікава і карысна працаваць з такім прафесіяналам.Не магу не сказаць пра яшчэ адну важную акалічнасць у адносінах да сучаснай беларускай драматургіі: нашы аўтары неймаверна звузілі кола ўласных інтарэсаў. І абсалютна перасталі пісаць п’есы на глабальныя тэмы, якія, сцвярджаю як рэжысёр, на самой справе хвалююць людзей.
- Напрыклад?
- У Тадэвуша Слабядзянэка ёсць п’еса «Ілля-прарок», у якой, праз напаўабсурдную сітуацыю, ён узнімае пытанне: хто мы, прыйшоўшыя ў гэты свет, чаму мы тут жывём і чаму жывём менавіта так? Дзе ў нас п’еса на гэтую тэму? Дзе ўзнімаецца праблема аб тым, хто мы - людзі, што называюць сябе беларусамі? Ды і ўвогуле аб сэнсе жыцця драматургі проста перасталі з намі гутарыць.
- Але ж пытанні «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?» - спрадвечныя...
- А куды ад іх падзецца, калі ў гэтым і заключаюцца пошукі сэнсу жыцця? Не будзе тэатр гаварыць пра гэта - ён адразу ж скоціцца ў забаўкі. У нашым спектаклі таксама шмат аўтарскіх жартаў, фрывольных фраз, якімі можна было б «пазабавіць» гледача. Але я заўсёды кажу, каб акцёры не забываліся, што спектакль, у першую чаргу, - пра боль дзяўчыны, якая страціла сябе і не разумее, не ведае, навошта і дзеля чаго яна ў свае 24 гады жыве. І чым далей яна думае пра тое, як ёй дрэнна, тым яшчэ горш ёй становіцца. Таму мы і кажам, што чалавек павінен сам сябе выцягваць з такіх сітуацый «за валасы», бы той барон Мюнхгаўзен.
- Дарэчы, чаму вы змянілі аўтарскую назву спектакля і «перафарбавалі» анёла з белага ў чорнага?
- У структуры нашага спектакля на эмацыянальным узроўні белы анёл з чорнымі крыламі ўспрымаўся б як сімвал смерці. У той час як чорны анёл - гэта бы той крумкач, што у пэўны момант накрыў гераіню сваім ценем, але белае пёрка, якое злятае з ягоных крылаў, дае ёй надзею. Па логіцы нашай гісторыі, Ніна не павінна загінуць, - нам было важна паставіць спектакль не пра смерць, а пра пошукі сэнсу жыцця. І Дзіяна Балыка з такой трактоўкай пагадзілася.
- Такім чынам, вы пераакцэнтавалі глядацкую ўвагу, і анёл - ужо не гераіня, а тое, што яна ўпусціць у сваю душу?
- А я з самага пачатку не бачыў Ніну ў якасці анёла. У п’есе, дарэчы, ён з’яўляўся да гераіні пасля таго, як тая выпівала, прымала таблеткі... Мы прыбралі ў спектаклі гэта, як пазбавіліся і фальшывага сімвалізму «пад Метэрлінка». Наша гісторыя - пра «кунсткамеру пустых персанажаў», якія нічога ў жыцці не змяняюць і не вырашаюць. І пра тое, што кожны чалавек, каб не стаць гэткай жа «абалонкай», мусіць сам браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё. Думаю, такі спектакль у рэпертуары тэатра быў патрэбны.

Рэзюме візаві
Апошнім часам нярэдка даводзіцца чуць павучальныя сентэнцыі аб тым, што адна з галоўных задач тэатра - «ствараць прыгажосць». Маўляў, сучаснаму чалавеку і ў жыцці хапае праблем, дык няхай хаця б тэатр не разумнічае і не «грузіць» гледачоў. Аднак рэжысёры, не адмаўляючы эстэтычнай функцыі мастацтва, усё ж сцвярджаюць, што людзі, якія прыходзяць у глядзельную залу, прагнуць убачыць зусім не шэраг прывабных «жывых карцінак». І колькі б мы ні казалі аб прагматызме сучаснага грамадства, людскі арганізм не перастае патрабаваць для сябе і «ежы духоўнай». Справа нават не ў пошуку дадатковых крыніц для ўласнага развіцця і самавыхавання (па гэта мы звяртаемся да кніжак ды, з некаторага часу, - да Інтэрнета), а ў тым, што, прыходзячы ў тэатр, глядач жадае суперажываць і спрычыняцца да жыцця такіх людзей, як ён сам: нармальных і пазнавальных - звычайных. І зусім не толькі таму, што свая кашуля бліжэй да цела... Яшчэ ў большай ступені гэта датычыць моладзі, якая ў масе сваёй загадзя настроена «нігілістычна» да ўсяго - узрост такі. А вывесці яе з гэтага стану можна толькі адным шляхам: прымусіць, справакаваць да ўласных разваг над сваім жыццём і той самай «работы мазгоў», якой так баяцца «нагружаць» іх «барацьбіты за прыгажосць» у тэатры.
Т.К.


«Культура», № 10 (930) от 6 марта 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.