Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• БИОГРАФИЯ

• ТЕАТР

• ПРЕССА

• КОММЕНТАРИИ


Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите
администрации
или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо.
  РЕЖИССЕРЫАЛЕКСАНДР КОЗАК

Козак Александр Александрович
Фото Дмитрия Романова


«Белая Вежа»
Сёлета Брэст трынаццаты раз
будзе вітаць удзельнікаў Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа».

«Мост»
«Мост» паводле Васіля Быкава.
 Козак Александр Александрович 
    Аляксандр Козак.
    Тэатральны рамантык з Брэста

     Людміла Грамыка

Брэсцкі тэатр драмы i музыкі імя Ленінскага камсамола Беларусі цяжка ўявіць у агульным шэрагу з іншымі беларускімі тэатрамі. Прычын шмат, але ж галоўная з ix - самадастатковасць. Адбітак зацікаўленасці бачны на ўсім, што робіцца. Жывы мастацкі працэс - відавочны i непрыхаваны. Спектаклі, якія проста немагчыма не заўважыць. Акцёры, якімі варта захапляцца i якіх нельга не паважаць. А яшчэ - стратэгічнае тэатральнае мысленне, імкненне засцерагчыся ад уплыву паўсядзённай руціны ды прыкметнае прафесійнае развіццё. Поспех сёлетніх гастроляў у Мінску ўсё гэта найлепшым чынам пацвярджае. Вядома, што цікавасць да тэатра шмат гадоў падтрымлівае i Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа». Зрэшты, i фестывалем, i сцэнічным калектывам не першае дзесяцігоддзе кіруе вядомы тэатральны дзеяч Аляксандр Козак.

Апошнім часам шмат размоў ідзе пра новую мадэль сучаснага тэатра, для якога нават вызначэнне знайшлося спецыяльнае - дырэктарскі. Гэта значыць, што вытворчым і мастацкім працэсам у сцэнічным калектыве кіруе адна асоба. Між тым, наколькі ведаю, толькі ты адначасова акцёр, рэжысёр, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» і Брэсцкага драматычнага тэатра драмы і музыкі.
- Дырэктар і мастацкі кіраўнік. Спрэчкі пра тое, якім чынам лепш арганізаваць творчы працэс, былі, ёсць і, пакуль існуе тэатр, не скончацца. Хоць на самай справе пытанне надзвычай простае: у сцэнічным калектыве літаральна ўсё залежыць ад асобы, якая яго ўзначальвае. Прынамсі, я перакананы: творчасці шкодзіць двоеўладдзе, якое менавіта ў тэатры першапачаткова закладзена. Пры гэтым дырэктар заўсёды адказваў за ўсё, а галоўны рэжысёр - нібы ні за што. Але кіраваў творчым працэсам і часта ўмешваўся ва ўсю сферу дзейнасці. Пачыналіся канфлікты, якія, асабліва ў савецкі час, проста раздзіралі трупу. Так бы мовіць, хто за каго? Відавочна, што само жыццё падказала вырашэнне: тэатр павінен узначальваць адзін чалавек. Але яму дапамагаюць, супрацоўнічаюць, разам займаюцца творчасцю галоўны рэжысёр, галоўны мастак, кампазітар, акцёры. Тэатральнае мастацтва - калектыўнае. У спектаклі павінны арганічна спалучацца ўсе ягоныя складнікі, якія не могуць быць завязанымі на адным чалавеку. Бо не будзе прыкметных вынікаў.
Ад сацыялістычнай эканомікі мы адыходзім у... нармальную. Натуральна, што на чале тэатра цяпер павінен стаяць менеджэр. Адукаваны, які разумее, чым кіруе. Адчувае і ведае спецыфіку справы. Значыць, і кадры знойдзе, якія дапамогуць увасабляць у жыццё цікавыя ідэі. I ўрэшце зробяць прадукцыю канкурэнтаздольнай.
На жаль, канкурэнтаздольнасць беларускага тэатра знаходзіцца на апошнім рубяжы абароны. I чым мацней мы будзем трымацца за старыя асновы - як у самім калектыве, так і ва ўзаемаадносінах з дзяржавай, - тым больш складана будзе нашым наступнікам знаходзіць сваё месца ў грамадстве і ў сусветнай культурнай прасторы.
Калі я размаўляю з дырэктарам тэатра, звычайна чую: кадры, прадукцыя, кіраваць, установа і г.д... Калі размаўляю з рэжысёрам, пераважаюць словы: творчасць, задума, мастацкі працэс... Дык што, на тваю думку, галоўнае ў тэатры?
- Самае галоўнае - мастацтва. А спектакль абавязкова павінен быць цікавым, спрэчным, захапляльным. Стаць для гледачоў - адкрыццём. Усё пачынаецца з выбару п'есы, з выбару рэжысёра і ягонага ўсведамлення, з кім ён будзе працаваць і дзеля чаго. Ведаеш, што мне ў нашым тэатры падабаецца найбольш? У нас няма прахадных, сярэдніх спектакляў. Ёсць пастаноўкі, якія мы закрываем, нават не выпускаем да гледачоў, і ёсць пастаноўкі, пра якія варта думаць і гаварыць. Жывыя! Няхай нават акцёр Ікс нешта недайграў, а рэжысёр Ігрэк - недаўвасобіў. Галоўнае, што яны не сумныя.
Колькі гадоў ты ўзначальваеш тэатр?
- З 1979 года, потым быў перапынак. Вярнуўся ў 1988-м. Такім чынам, дваццаць гадоў - дырэктар, а цяпер: дырэктар-мастацкі кіраўнік. Зрэшты, я сумленна імкнуўся давесці, што дырэктар і галоўны рэжысёр могуць працаваць разам. Але, на жаль... Прынамсі, зніклі яны не па маёй віне.
На працягу апошніх дваццаці гадоў як змяняўся Брэсцкі тэатр?
- Мне здаецца, пры канцы сямідзесятых тут была моцная акцёрская трупа і абсалютна ніякая рэжысура. Потым пачаўся рамонт. Многія спалохаліся, калі ён надта задоўжыўся. Некалькі гадоў панавала імкненне абавязкова захаваць тэатр. Мы працавалі на розных пляцоўках, для кожнай прыдумвалі адмысловыя спектаклі... Як толькі вярнуліся на родныя падмосткі, усё змянілася. Для Брэсцкага тэатра пачаўся новы адлік часу. Адкрыліся выбуховым спектаклем «Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» ў пастаноўцы знакамітага рэжысёра Цемура Чхеідзе. Зрабілі моцнае ўражанне і ўсталявалі новыя правілы. Усё проста: каб акцёры працавалі і мыслілі адметна, патрэбны цікавая драматургія і таленавіты рэжысёр. Рэжысёраў запрашаем толькі на канкрэтны матэрыял,які неабходны менавіта нашым акцёрам, нашаму гораду. Напрыклад, я прапанаваў спадару Альгірдасу Латэнасу паставіць «Дзядзьку Ваню» і сказаў, што хачу, каб Вайніцкага іграў Міхаіл Мятліцкі, а Алену Андрэеўну - Людміла Рабая.
Зразумела, не кожнаму рэжысёру такое даспадобы, звычайна яны п'есу і акцёраў выбіраюць самі. Але я ўмею дамовіцца, пераканаць, што трэба зрабіць менавіта так... Потым мы заснавалі Міжнародны фестываль «Белая Вежа», які ў сваю чаргу цяпер моцна ўплывае на мастацкі ўзровень тэатра. Акцёрскія прафесійныя ўражанні не могуць абмяжоўвацца толькі спектаклямі ўласнага тэатра. Але... з гастролямі апошнім часам складана, акцёрскай зарплаты на паездкі ў Маскву па ўражанні таксама не хапае. Я ўспомніў прымаўку: «Калі гара не ідзе да Магамета, Магамет ідзе да гары». Вырашылі: усё будзе ў горадзе Брэсце. Урэшце, варта паказаць творчым людзям, што такое сусветны тэатр...
I што гэта такое? Які ён?
- Цікавы. Розныя школы, розныя рэжысёрскія накірункі. Раней, за савецкім часам, мы выхоўваліся па сістэме Станіслаўскага. Па ідэі ездзілі пераважна ў Маскву. Бачылі выдатныя спектаклі, і амаль усе яны былі вытрыманы ў межах псіхалагічнага рэалістычнага тэатра. Калі ў Брэст паехалі тэатры з усяго свету, адкрыліся незнаёмыя далягляды, новыя магчымасці. Аказалася, што ёсць зусім іншыя драматычныя тэатры, вельмі ўражальныя, хоць яны і не адпавядаюць нашым уяўленням пра сцэнічнае мастацтва. На падмостках мы бачылі не проста дыялогі акцёраў, якія вывучылі тэкст і цяпер яго прагаворваюць, а розныя формы жыцця, незвычайны візуальны шэраг. Менавіта фестываль істотна паўплываў і на рэпертуар нашага тэатра, і на манеру акцёрскай ігры,якая зрабілася выразнай і зразумелай. Усё гэта надзвычай узбагаціла горад. Дарэчы, Брэст ніколі не быў горадам тэатральным. Ён хутчэй гандлёвы горад, прахадны. Нават гастрольныя маршруты праз яго не часта пралягалі. А цяпер гледачы да нас пацягнуліся. Гледачы палюбілі нас, мы - гледачоў. Вось такім чынам, то падтрымліваючы, то падштурхоўваючы адзін аднаго, мы існуем. I, думаю, ёсць нагода для сур'ёзнай размовы пра мастацкі ўзровень нашага тэатра. Свой глядач, свой горад нас любіць і разумее. Хоць не менш прыязна нас прымала публіка ў Маскве, у Санкт-Пецярбургу, у Мінску, на міжнародных фестывалях у розных краінах.
Што ў тэатры лічыш найбольш цікавым?
- Толькі тое, што мяне здзіўляе.
А што можа здзівіць - акцёрскі працэс, пастановачныя вынаходствы?
- Умоўна кажучы, акцёр паводле Станіслаўскага ў рэжысуры паводле Меерхольда. Або такі варыянт: акцёр разумее, што робіць, за ім цікава сачыць, але захапляе яшчэ і жыццё, якое адбываецца на сцэне. Я таксама спрабую гэта рабіць. Не ведаю, што атрымліваецца, ды толькі люблю працаваць менавіта так. Увогуле, тэатр - гэта бачыць і адчуваць, а толькі потым - думаць. Натуральны працэс: глядач спачатку бачыць, потым пачынае перажываць і ўрэшце ўсведамляе, што адбываецца. Хоць існуюць тэатры, у якіх чалавек, глядач, найперш атрымлівае незвычайную інфармацыю,якая прымушае разважаць. Ды толькі не думаю, што такі стыль у нас прыжывецца.
Якія спектаклі ў Брэсцкім тэатры ты лічыш узорнымі, дзе ўдалося многага дасягнуць?
- Усе спектаклі, якія трапляюць у рэпертуар, у той або іншай меры выніковыя. А сярод лепшых - «Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро», «Месяц у вёсцы», «Дзядзька Ваня», думаю, што «Дон Жуан» і «Злачынства і пакаранне»...
З чым абавязкова трэба выходзіць да сучаснага гледача?
- З любоўю і праўдай. Крыўдна і непрыемна бачыць, калі акцёр на сцэне хлусіць, фальшывіць, калі спавядае непрымальныя для маралі нармальнага чалавека рэчы. Няхай я гавару пафасна, але - са сцэны хочацца прапаведаваць дабро, добрыя адносіны да жанчыны, да каханай, да бацькоў, да радзімы, да роднай зямлі.
Думаю, поспех сёлетніх гастроляў у Мінску - вынік вашых агульных намаганняў. «Дзядзька Ваня» некалькі гадоў таму надзвычай усхваляваў мінскую публіку. Для многіх стаў мастацкім адкрыццём.

«Дядя Ваня»
«Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. Фото Анрэя Спрынчана.

Выклікаў пачуцці несупастаўныя з уражаннямі ад сталічных спектакляў. Захапілі акцёры. Якім чынам дасягнулі такіх, без пераболыыання, мастацкіх вышыняў?
- Гэты спектакль насамрэч натуральна вырас з нетраў нашага тэатра. Рэдка гэтак бывае, але тут вельмі многае шчасліва сышлося. Чэхаўская п'еса на трупе выдатна разыходзілася. Мы ведалі, на што здатны Альгірдас Латэнас. На «Белай Вежы» бачылі ягоныя выдатныя спектаклі, чэхаўскага «Іванава» ў тым ліку. Дагэтуль у Беларусі рэжысёр нічога не ставіў. I яму вельмі хацелася ў новай краіне з новымі акцёрамі дамагчыся сапраўднага поспеху. Акцёры перад ім раскрываліся. Усё было шчырым, першасным, незамыленым. Працэс рэпетыцый проста захапляў. Жаданні акцёраў і рэжысёра сыходзіліся ў адной кропцы - на Чэхаве, на спектаклі. На гэты час мы прайшлі ўжо эйфарыю з адкрыццём адноўленага будынка, паставілі некалькі добрых спектакляў і трымалі творчую паўзу. У пэўным сэнсе падступала самазаспакаенне. А тут нечакана атрымалі магутны імпульс, перажылі ўсплеск. Кажуць,у каханні нараджаюцца прыгожыя дзеці. Так і наш «Дзядзька Ваня» нарадзіўся ў каханні.

«В объятьях Мельпомены»
«Здурнелы Журдэн» Жана Баціста Мальера. Фото Анрэя Спрынчана.

Чаму, як рэжысёр, вырашыў звярнуцца да «Вечара» Аляксея Дударава? П'еса перажывае выпрабаванне часам і сёння многім ужо ўяўляецца небездакорнай.
- Мной кіравала пачуццё сыноўскага абавязку.
Значыць, для цябе гэта - запаветная размова з асабістым падтэкстам?
- Бадай што так. У «Вечары» многія тэатры падкрэслівалі лубачна-вадэвільныя эпізоды. А я адчуваў у п'есе трагічнасць. Мой спектакль - пра адказнасць дзяцей перад бацькамі і пра адказнасць бацькоў перад дзецьмі. Калі чалавек забываецца пра свае карані, пра сваякоў, ён у рэшце рэшт становіцца нікому не патрэбным. Страчвае ўсё. Дарэчы, мне прыемна, калі гледачы кажуць добрыя словы пасля спектакля, калі яны расчуленыя. Таму што вельмі хочацца абудзіць у зале глыбокія, шчырыя пачуцці. Любоў, удзячнасць, абавязак. Складана ўсё патлумачыць словамі. Увогуле пра свой спектакль цяжка распавядаць падрабязна.
Тады пра іншае. Для таго, каб зарабляць болей грошай, апошнім часам многія тэатры ставяць пераважна камедыі невысокага мастацкага ўзроўню. 3 рэпертуару выціскаюцца сур'ёзныя спектаклі - такія, як вашы «Вечар», «Дзядзька Ваня», «Мост», «Злачынства і пакаранне». Урэшце, чым тэатру можна ахвяраваць, а чым нельга?
- Натуральна, што масавы глядач часцей выбірае камедыі. Хоць кажуць, што глядач - разумны, гэта публіка дурніца. Нам хацелася б, каб з публікі атрымалася паболей гледачоў. Але гэта зусім не значыць, што камедыі ставіць проста. Калі
яны з густам напісаны і з густам зроблены, чаму іх не трэба ставіць? Прынамсі, кожнаму абласному тэатру, які адзіны ў горадзе, даводзіцца ставіць і драмы, і камедыі, і трагедыі, і казкі для малодшых школьнікаў. Хоць у мяне ёсць мара: для маладых акцёраў і рэжысёраў адкрыць у горадзе філіял тэатра, які, у прыватнасці, будзе арыентавацца на маладзёжную аўдыторыю.

«Ромео и Джульетта»
«Рамэо і Джульета» Уільяма Шэкспіра. Фото Анрэя Спрынчана.

Ты марыш зрабіць у Брэсце тое, што цягам многіх гадоў не ўдаецца зрабіць у Мінску. Думаеш справіцца?
- Мы шмат з чым спраўляемся. У прыватнасці, выхоўваем маладых акцёраў. Магчыма, не ад добрага жыцця. Але пры музычным каледжы існуе тэатральны клас. Збіраемся пры тэатры адкрыць дзіцячую студыю...
Колькі гадзін мусіць быць у сутках, каб здзяйсняць усё, за што бярэшся?
- Шмат! Дваццаці чатырох гадзін, канешне, не хапае. Здараецца, працуеш і ўначы. Праўда, я дакладна не лічу рабочы час.
На працягу трынаццаці гадоў у Брэсце існуе самы буйны міжнародны тэатральны фестываль у Беларусі - «Белая Вежа». Штогод у ім удзельнічае вялікая колькасць замежных краін, геаграфія ўвесь час пашыраецца, колькасць удзельнікаў і цікавасць да фэсту павялічваюцца. Больш за тое, нічога падобнага да «Белай Вежы» ў Беларусі ніколі не было. Той, хто хоць нейкім чынам спрычыніўся да міжнароднага фестывальнага руху, ведае, наколькі гэта складана і сур'ёзна - утрымліваць фестываль другое дзесяцігоддзе. Як удаецца?
- Не ведаю як. Працуем. Калі працуеш, калі ёсць жаданне, калі чалавек, як кажуць, у тэме, калі ён ляціць - усё можна зрабіць.
Памятаю тваю любімую фразу: «Мяне немагчыма спыніць...»
- Мяне можна толькі знішчыць...
Што канкрэтна маеш на ўвазе?
- Гэта значыць найперш, што ўсе цяжкасці я спрабую пераадольваць сам, нічога не перакладаю на чужыя плечы. Не разлічваю на тое, што мне нехта абавязаны дапамагаць. Перакананы, што любую справу можа рухаць адзін чалавек. Хтосьці яму перашкаджае, а хтосьці шчыра працуе разам.
Якія ўласцівасці характару неабходныя, каб рабіць тое, што робіш? Каб атрымлівалася.
- Быць «урэдным».
Наколькі яшчэ хопіць сіл з «Белай Вежай»?
- «Белая Вежа» надалей будзе развівацца. I дзякуй Богу, што Брэсцкі аблвыканкам яе падтрымлівае і нам дапамагае. Мяркую, што фестываль зменіць фармат.
У перспектыве «Белая Вежа» можа ахапіць практычна ўсе віды і жанры тэатральнага мастацтва. Пад яе крыламі будуць суіснаваць: драма, лялькі, пластычны тэатр, балет, опера, вулічныя прадстаўленні. Зараз мяне вельмі цікавіць вуліца. Нават ёсць жаданне паставіць што-небудзь самому.
Канцэптуальна «Белая Вежа» ўрэшце сцвердзіцца...
- Як эксперымент на шырокай тэатральнай прасторы. Мы імкнемся і надалей адкрываць нашым гледачам новыя імёны, новыя тэатральныя культуры. Хоць неахопленых нашым фестывалем краін не так і шмат засталося. Сёлета да нас далучаецца Афрыка. Нас вельмі цікавяць нацыянальныя асаблівасці сцэнічнай творчасці розных народаў свету.
Прынцыпова, каб «Белая Вежа» і надалей існавала на конкурснай аснове?
- Асабіста я супраць конкурсу, праўда, не ўсе са мной пагаджаюцца. Я за тое, каб было тэатральнае свята, а не конкурс. Конкурс будзе ў іншым фестывалі, які я зраблю.
Адсюль можна больш падрабязна?!
- Пакуль не. Скажу толькі, што ў горадзе рыхтуюцца яшчэ тры фестывалі. Адзін з іх будзе тэатральны.
Можна сцвярджаць, што тэатральныя рамантыкі жывуць у Брэсце?
- Хутчэй працаўнікі, чым рамантыкі.

«Мастацтва», № 6 (303), июнь 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.