Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Маэстро»
Р. Падаляка (Дырыжор).


«Маэстро»
А. Малчанаў (Дырыжор).


«Маэстро»
Сцэна са спектакля.
    Палёт над гняздом вар'ятаў
     Таццяна Арлова

П'есу Марыі Ладо «Маэстра» на купалаўскіх падмостках увасобіў Аляксандр Гарцуеў. Мастак - Барыс Герлаван. Галоўную ролю Дырыжора па чарзе выконваюць Аляксандр Малчанаў і Раман Падаляка.

Ёсць у гэтага спектакля адна дзіўная асаблівасць: у ім дзейнічаюць нашы сённяшнія людзі з традыцыйнымі айчыннымі імёнамі, а здаецца, нібыта ўсё адбываецца ў замежнай п'есе. Сярожа, Іра, Аня, Наталля... Асоба «каўказскай нацыянальнасці» - Мелікян... Ёсць персанаж з сатырычным прозвішчам - Кастаправаў. Ёсць з польскім - Збандут. Ёсць Шахнудзінаў і Мануільскі. Заўсёды падцягнутаму рафінаванаму інтэлігенту акцёру А.Падабеду даводзіцца іграць персанажа з прозвішчам Кірпіч. А сталы і няшчасны, губляючы слых скрыпач - чамусьці Іваноў. Скандальны герой-палюбоўнік з красамоўным прозвішчам Валуеў. Мяккі, ветлівы, сабе наўме, цікаўны хлопец - проста Мося (А.Гарбуз).
Спектакль «Маэстра» жанрава вызначаны як «рэпетыцыя аркестра». Хоць такога жанру няма і быць не можа, але рамкі дзеяння п'есы М.Ладо ў мастацтве акрэслены. Была «Рэпетыцыя аркестра» ў Федэрыка Феліні. Была падобная п'еса ў Жана Ануя. Ідэя сабраць разам маленькі творчы калектыў, выявіць ягоныя ўнутраныя канфлікты, прымусіць раскрыць замкнёныя чалавечыя характары - ідэя не новая. На тэатральнай сцэне любяць расказваць пра лёс акцёраў тэатра. У кіно - пра лёс акцёраў кіно. У літаратуры шмат разоў узнаўлялі складаныя ўзаемаадносіны літаратараў. Вузкацэхавыя праблемы цікавыя, калі яны агульначалавечыя.
Так вось і шматнацыянальны і шматаспектны аркестр спектакля Купалаўскага тэатра «Маэстра» абрынуўся на глядзельную залу шматлікімі маленькімі гісторыямі - нешчаслівым, схаваным ад старонніх вачэй і выказаным у музыцы чалавечым лёсам. Яркая эфектная тэатральная форма часта выключае болевы змест. Але тут не так. Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў разам з акцёрамі не проста выбудоўвае музыкальнае відовішча, але выяўляе паэтычна абагульненую канкрэтыку. Мантажная драматургія ўпрыгожана гратэскавай вастрынёй сітуацыі і гумарам, які тэатр з задавальненнем адшуквае ў самых розных паваротах сюжэта. Тэатp не быў бы Купалаўскім, асаблівым, унікальным, калі б у кожны расповед не дадаваў трагічных нот і яркіх побытавых падрабязнасцей. Трагікамедыя, якая вынікае са штодзённага побыту, - стылявая прыкмета нашага нацыянальнага тэатра.
Чаму ж ствараецца адчуванне «нетутэйшасці» персанажаў спектакля? Прычына не толькі ў лёгкіх постмадэрнісцкіх запазычаннях п'есы. He толькі ў новай для рэжысуры А.Гарцуева аркестроўцы выканання. Музыканты аркестра быццам бы тут, з намі, аднак - і ў тым, іншым віртуальным свеце далёкіх стагоддзяў і чужой прасторы. Добра, калі штучна прыдуманая гісторыя правакуе на тое, каб распавесці пра нашы духоўныя каштоўнасці. Музыка В.А.Моцарта, сама ягоная асоба, якая ўгадваецца ў выкананні ролі Дырыжора Р.Падалякам і А.Малчанавым, насычаны новай актуальнай для нас рэальнасцю - космасам любові, нянавісці, эротыкі, шлюбу.
Каханне, крыўда, саперніцтва прасякаюць усе сюжэтныя лініі. Ад сямейных разборак дзвюх валторн - Юры і Ілоны - да барабаннага бою, які іншасказальна наладжвае Валуеў.
Маецца на ўвазе, што Валуеў іграе на альце. Гэты інструмент вельмі эгаістычны. Можна сказаць: няпэўны. Дзіцячы голас на кароткі час. Сапернік тэнараў і скрыпак. Мне здаецца, што Валуеўзадуманы як галоўны антаганіст Дырыжора. Валуеў напоўнены дэструктыўнай разбуральнай сілай. Дырыжор - стваральнік. Ён гарманізуе не толькі музычны твор, a і чалавечую супольнасць - аркестрантаў. Наўпрост Валуеў і Дырыжор амаль не сутыкаюцца. Адбываецца прыхаванае змаганне за душы. У сучасным разуменні іэта можна назваць лідэрствам. Зрэшты, Дырыжору ўлада над канкрэтнымі людзьмі нецікавая і непатрэбная. Валуеву яна неабходна для самасцвярджэння. Адбываецца своеасаблівая эратычная гульня. Моцарт у ёй быў вялікім знаўцам. Валуеў не пазбегнуў спакусы і ў выніку - пераможаны. Дырыжор пераадолеў амбіцыі, не звярнуў увагі на крыўды і ў выніку перамог.
У гэтым псіхалагічным змаганні Р.Падаляка і А.Малчанаў нарошчваюць сімпатыі гледачоў. Дырыжор напачатку ўсіх раздражняе сваімі недарэчнымі заўвагамі. Але мастацтва толькі тады становіцца мастацтвам, калі яно непрадказальнае. З сумнення і адмаўлення дзеля прарыву да новага пачынаюцца талент і геніяльнасць. Дырыжор заваёўвае аркестр сваімі мастацкімі намерамі і ўласным тлумачэннем музыкі. Магчыма, суцэльна гогалеўская сітуацыя з Хлестаковым, якога прынялі за важную персону, тут абярнулася зусім не прыкрай памылкай. У «Маэстра» чакалі тытулаваную асобу, а з'явіўся геніяльны вар'ят. Чаму б не ўявіць, што вар'яцтва Дырыжора - не сапраўднае? Яно - толькі пошлае вызначэнне таго, што з'яўляецца выключэннем з правілаў. У выкананні абодвух акцёраў - шматзначнае шматкроп'е.
На гэтым фоне сакрушальна прайграе І.Дзянісаў. Ягоны лямант, ягоны адкрыты тэмперамент - бездапаможныя і непераканальныя. Хочацца бачыцьухарактары Валуева адчай і адзіноту. Па сутнасці, у многіх персанажаў спектакля (у Валуева ў тым ліку) закрытасць - спосаб самаабароны, жах перад асмяяннем самага асабістага і патаемнага.
Гэтая тэма саліруе ў акцёрскім выкананні Г.Гарбука (Іваноў) і М.Кірычэнкі (Шахнудзінаў). Напэўна, гэта маленькія монаспектаклі з выяўленымі біяграфіямі. Калі б такія скрыпач і кларнетыст апынуліся ў аркестры дырыжора В.Гергіева, маэстра быў бы незадаволены і несправядлівы. Звольніў бы палову складу. Але ў тым і парадокс. Геніяльных музыкантаў у спектаклі купалаўцаў няма. Усе моцныя рамеснікі. I вось надыходзіць момант, калі Дырыжору ўдаецца вывесці іх за рысу звыклай прафесійнасці ў іншае мастацкае і чалавечае вымярэнне.
Часам здаецца, што самае небяспечнае ў сучасным тэатры - гэта калі знешняе зразумелае, а ўнутранага няма. Ёсць і ў гэтым спектаклі такія героі. Напрыклад, Эмануэль Шыканедэр у выкананні А.Кавальчука. Без яго, пэўна, можна было б абысціся. А ці можна было б абысціся Купалаўскаму тэатру без спектакля «Маэстра»?
Сёння бывае цяжка зразумець, як фарміруецца тэатральны рэпертуар. Відаць, у кіраўніцтва і мастацкага савета маецца свой алгарытм. Але гледачам многія сучасныя расфарбаваныя сцэнічныя гісторыі ўяўляюцца выпадковымі. Шматстайнасць новых магчымасцей зрабіла афішу рэпертуарнага тэатра пярэстай коўдрай, дзе сацінчык поруч з парчой. Адно ведаю: даўно чакаем сучасную п'есу пра сучаснасць. Набіраючы рэжысёрскую сілу, А.Гарцуеў не працуе ў духу забаўляльных шоу. Хтосьці скажа, што маленькія трагедыі артыстаў аркестра не патрэбны сённяшнім гледачам. He думаю, што п'еса абрана дзеля папаўнення тэатральнай касы. Як рэжысёр-пастаноўшчык А.Гарцуеў адсякаў забаўляльнасць, абмяжоўваў свае музыкальныя густы. У фінале спектакля гучыць «Рэквіем». Напісаны Моцартам як жалобны сімфанічны твор, у спектаклі ён набывае іншы сэнс. Нарэшце спакой, няхай і ненадоўга. Нарэшце сцішыліся страсці і набыта сапраўдная моцартаўская лёгкасць.
Тэатр прысвяціў свой спектакль 250-годдзю Моцарта. Ён жыве адначасова ў прошласці і прышласці, не адчуваючы мяжы, што іх раздзяляе.

«Мастацтва», № 1, январь 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.