Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Макбет»
Сцэна са спектакля.

«Макбет»
І.Дзянісаў (Макдуф).

«Макбет»
С.Зелянкоўская (Лэдзі Макбет).

«Макбет»
А.Гарбуз (Макбет).

«Макбет»
Сцэна са спектакля.
    Крывавае танга
     Людміла Грамыка

У Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм'ера «Макбета» У.Шэкспіра. Пастаноўку ажыццявіў знакаміты літоўскі рэжысёр А. Латэнас. Мастак - Г.Макарэвічус. Мастак па касцюмах - С.Страўкайтэ. Музыка Ф.Латэнаса.

Высадка літоўскага дэсанта на купалаўскія падмосткі была абумоўлена праграмай творчых пераўтварэнняў, згодна з якой усё лепшае на свеце варта скарыстоўваць на знакамітай сцэне ў якасці культурнай прышчэпкі. Самай рэальнай кандыдатурай для гэтага аказаўся А.Латэнас. Ягоныя спектаклі амаль штогод удзельнічаюць у міжнароднай «Белай Вежы» і абавязкова робяць на ёй пагоду. Пастаноўка А.Латэнасам «Дзядзькі Вані» ў брэсцкім драмтэатры мела гучны рэзананс у мінскай публікі, выклікала стойкае захапленне ў прафесіяналаў. Відавочна, што рызыка для кіраўніцтва Купалаўскага тэатра тут была найменшая. Трэба ж некалі пачынаць...
...Да чацвёртай з геніяльных Шэкспіравых трагедый Купалаўскі тэатр звярнуўся ўпершыню. Зрэшты, пасля гучнага поспеху «Макбета» з Р.Янкоўскім і А.Клімавай у Рускім тэатры (1974) рабіць гэта цягам дзесяцігоддзяў уяўлялася неабачлівым. Жанр трагедыі да многага абавязвае і зусім не кожнаму, нават вельмі добраму сцэнічнаму калектыву падуладны. Купалаўскі тэатр ужо шмат гадоў цісне пераважна на лірычныя інтанацыі. Тут упадабалі творы з меладраматычнымі адценнямі.
І тым не менш... Літоўцыразгарнулі перад гледачамі якасна іншае відовішча.
He надта кантрастуючы з тутэйшай сцэнаграфіяй, выкарысталі знаёмыя прыёмы, але ж дамагліся новых эфектаў. Разлінеілі свет на гарызанталі і вертыкалі, у адзінай сцэнічнай канструкцыі адкрылі множнасць сэнсавых знакаў. Зноўку модныя на сцэне экраны і праекцыі мастаком Г.Макарэвічусам былі падпарадкаваны неабмежаваным гульням уяўлення. Атрымалася ярка і аб'ёмна. Чорны куб сцэнічнай прасторы рассечаны блакітным люстрам экрана. Ён рыфмуецца і паўтараецца ў проставугольных плоскасцях да самых каласнікоў. Гульня зіхатлівых адбіткаў цягам дзеі будзе, як жывая істота, існаваць паводле ўласных законаў. Пакуль урэшце не адкрыецца выйсце ў іншы свет. На гэтую чорную шчыліну будуць зважаць усе персанажы. Будуць яе адчуваць. Праз яе будуць праціскацца, да яе звяртацца. Калі прастора нечакана закрыецца і павернецца да гледачоў суцэльнай мутнай паверхняй, праз яе цьмянае шкло маўкліва зірне на Макбета прывід забітага Банко... Але гэта пасля...
Спектакль А.Латэнаса можна ўзнавіць па эпізодах, ён нібы адціснуты ў мізансцэнах, пластычных па, рухах, дзеяннях і запячатаны ў словы персанажаў. Цікава, што звыклую для купалаўскіх акцёраў манеру сцэнічнага існавання, сам спосаб пражывання рэжысёр не парушыў. Хоць, магчыма, менавіта праца з акцёрамі найбольш паўплывала на жанр спектакля і ягоныя мастацкія вынікі. Спектакль зроблены дыхтоўна, шэкспіраўскі тэкст «убіты» ў мізансцэны з упэўненасцю і моцай адбойнага малатка. На трактоўку і на змест пастаноўкі проста немагчыма паўплываць добрым або кепскім выкананнем. Яна абавязкова застанецца нязменнай. Будзе адпавядаць усім класічным і традыцыйным тлумачэнням, нягледзячы на тое, што цэлыя эпізоды ў тэксце трагедыі перайначаны.
Найперш - галоўная ключавая сцэна з Макбетам і вядзьмаркамі, перададзеная лэдзі Макбет. Гэта яна распачынае свае чорныя гульні, варожачы, падштурхоўвае мужа да злачынства. Ва ўсіх знакамітых трактоўках яе роля ў паслядоўным вадаспадзе забойстваў гэтым і абмяжоўваецца. Але Макбет апантана кідаецца ў бездань злачынстваў, бясконца рэпрадуктуючы клоны зла. I ніхто не затрымлівае яго на дарозе ў пекла. С.Зелянкоўская ў ролі лэдзі Макбет і А.Гарбуз у ролі Макбета - партнёры нераўназначныя. Ды толькі ніхто з іх не пераходзіць межы трагічнага. С.Зелянкоўская ўнутрана больш рухомая і гнуткая, імпульсіўная і выбуховая. Яе праца ў гэтым спектаклі вылучаецца сярод іншых.
I ўсё ж канфлікт у «Макбеце» купалаўцаў пераведзены ў больш знаёмае і зразумелае сучасным гледачам рэчышча, ён пэўным чынам заземлены. Занадта засяроджаны на зацікаўленасці жонкі героя ў ягоным узвышэнні. У першай дзеі спектакля лэдзі Макбет эмацыйна адкрытая і агрэсіўная. Яе рухі часам нагадваюць танцавальныя па. Здаецца, яна зашмат танчыць, нібы паўтараючы некалі завучаныя жэсты, і таму вобраз страчвае драматычны напал.
А.Гарбуз, для якога роля Макбета не з'яўляецца падарункам лёсу (Рычард, Макбет, Гамлет і Эрык XIV - для яго шараговы рэпертуар), унутрана засяроджаны на адчуванні маштабаў і бездані зла. Здаецца, што зло асэнсоўваецца ім глабальна. Зразуметае як непазбежны вынік. I таму жах, выскал на твары акцёра - накшталт застылай маскі. Ён нядоўга вагаецца і амаль не выказвае пякельных душэўных пакут. I, здаецца, не дадае вобразу магчымых нюансаў і адценняў, якія мусілі б разгарнуцца і пражывацца на працягу дзеі.
У лэдзі Макбет і ў Макбета ёсць выбуховыя эпізоды з гранічна адкрытымі пачуццямі. I ўсё ж акцёрская сфера ў спектаклі аказваецца гранічна завужанай.
Няшмат дзейнічаюць - існуюць - успрымаюцца як другасныя ўсе астатнія персанажы. Уражвае рэдкімі велічнымі з'яўленнямі кароль Дункан (В.Манаеў). Эфектна робіць два галоўныя сэнсавыя акцэнты Малькольм (М.Прылуцкі). Пасля забойства караля ён завяжа насоўку на памяць, а потым кіне яе, акрываўленую, на вызвалены каралеўскі трон. Нечакана вылучыцца сярод астатніх герояў Макдуф. У выкананні І.Дзянісава мы бачым найбольш эмацыйна разгорнутыя і сэнсава напоўненыя эпізоды.
«Зло ёсць дабро...»; «Макбет зарэзаў сон»; тэма бясплоднасці; тэма звера, які авалодвае сутнасцю Макбета; кансалідацыя сіл дабра супраць уяўнай усемагутнасці зла - усё гэта ў спектаклі прысутнічае і гледачам зразумела. Але значэнне катарсіса - вянца трагедыі - тут відавочна прыніжана.
Найперш таму, што зло, фізічна рэпрадуктаванае ў спектаклі, набывае прыкметы звыродлівага хараства.
Крывавыя рукі Макбета яркімі чырвонымі плямамі адбіваюцца ў люстраной паверхні дэкарацый.
Эфектнае крывавае танга акрэслівае жудасную рысу, пасля якой для Макбета не існуе дарогі назад.
Акрываўленыя рукі, шмат рук падхопяць знямоглую лэдзі Макбет - «Ой, дрэнна мне!» - і яе белая сукенка пакрыецца жудаснымі плямамі. Пазней яна будзе хадзіць па палацу ў святочным белым адзенні і гумавых ботах.
Пінжак з чырвонай падшэўкай намякне на чарговае злачынства Макбета.
За кулісамі празвініць вясёлы смех неіснуючых дзяцей.
У пэўны момант люстраныя стаўкі дэкарацыі павернуцца так, што мы ў іх убачым глядзельную залу і гледачоў.
Каранацыя лэдзі Макбет і Макбета мае матэрыяльна выяўленыя крывавыя сляды.
Адна з самых вонкава прыгожых сцэн спектакля - смерць лэдзі Макбет. Белая дарога смерці разгорнецца для яе на белай сукенцы з неверагодна доўгім шлейфам, па якой пракоціць яе цела Макбет, потым паставіць жонку на ногі і запляце касу. У руках каралевы дымчата-бялёсая елка...
Зло - гэта не тое, што прыгожа... Думка, якая не дае спакою пасля гэтага надзвычай эфектнага спектакля.

«Мастацтва», № 1, январь 2007 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.