Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Чайка»
Т.Кабяк (Аркадзіна).

«Чайка»
В.Дашкевіч (Сорын).

«Чайка»
С.Астрамовіч (Трэплеў).

«Чайка»
Т.Кабяк, В.Грушоў (Аркадзіна, Дорн).

«Чайка»
Сцэна са спектакля.
    Каханне жорсткае і спусташальнае
     Юрась Іваноўскі

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм'ера спектакля паводле камедыі А.Чэхава «Чайка». Паставіў знакамітую п'есу рэжысёр-коласавец Юрый Лізянгевіч. Гэта ўжо трэці яго зварот да спадчыны знакамітлга драматурга, што сведчыць пра блізкасць маральна-этычных прынцыпаў чэхаўскай творчасці да ідэйных i жанрава-стылявых, эстэтычных пошукаў рэжысёра. I часцей за ўсё яму ўдаецца ўбачыць пільным вокам, што ж хаваеідца сёння за спрадвечнымі маральнымі пытаннямі, бо кожная наступная гістарычная эпоха адкрывае ў «Чайцы» штосьці новае, яшчэ неразгаданае.

Багатая сцэнічная гісторыя п'есы да многага абавязвае. I тут зусім не варта перакульваць усё з ног на галаву, можна проста ўважліва і таленавіта «прачытаць» аўтара.
На гэты раз п'еса Чэхава ўвасоблена на малой, ці, як апошнім часам яе называюць, эксперыментальнай сцэне. Рэжысёр тлумачыць, што хацеў стварыць інтымную, камерную атмасферу спектакля, дасягнуць шчырых, адкрытых зносін між акцёрамі і гледачамі.
Але ж усё гэта - толькі «ўмовы гульні». Сама ж «гульня» - гэта і дыскусіі пра становішча тэатра (несастарэлыя і па сённяшні дзень), і рашучыя выпады супраць руціны, што пануе на падмостках, і спрэчкі пра сэнс мастацкай творчасці, пра новыя яе формы. Але ж героі «Чайкі» яшчэ і кахаюць. Дзве тэмы - творчасць і каханне - непарыўна звязаны. Для тых, хто не мае ў жыцці пэўнай мэты і справы, каханне - жорсткае і спусташальнае. Такім яно аказваецца і для Трэплева, і для Машы. У адрозненне ад іх Ніна перажыла сапраўдную драму кахання, вытрывала яе, змагла стаць адметнай актрысай, знайшла мэту ў жыцці.
Але гэта ўсё п'еса. Мы ж маем справу з творам сцэнічным і па гэтай прычыне дастаткова самастойным.
He сціхаюць спрэчкі наконт таго, хто з'яўляецца галоўным героем. Ніна (яна ж і называе сябе чайкай), Трэплеў (вобраз падстрэленай птушкі звязваюць і з гэтым персанажам), а можа Аркадзіна ці Трыгорын? На прэм'ерным паказе я ўбачыў «буйным планам», здавалася б, другарадную гераіню - Машу. Актрысе Ніне Абухавай з першых хвілін спектакля ўдалося перадаць перадгісторыю свайго персанажа, так бы мовіць, яе дасцэнічную біяграфію, цнатлівасць дзявочых перажыванняў. Скажу больш: выканаўца (асабліва гэта бачыш у 2-й дзеі спектакля) спрабуе спалучыць драматызм з пэўнай іроніяй у адносінах да свайго персанажа, а гэта ўжо адзнака набліжэння да Чэхава. На жаль, на другім спектаклі актрыса (магчыма, па ўказанні рэжысёра) пачала іграць больш стрымана, у выніку згубіўся «нерв» сцэны, знікла асаблівае дзейнаснае напружанне, якое задавала спачатку Маша, а потым і Трэплеў (Святаслаў Астрамовіч). Як быццам на прэм'еры акцёр і знайшоў цікавую рысу свайго персанажа - яго неўрастэнічную, эмацыйную ўзрушанасць у 1-й і 2-й дзеях. A потым чамусьці стаў іграць больш лёгка, раскавана, але згубіў неабходную адметнасць вобраза. У фінальнай сцэне з Нінай герой ужо набывае пэўны жыццёвы досвед, і хацелася б, каб акцёр больш тонка і дакладна паказваў эвалюцыю персанажа. Тут трэба зразумець, што пры сцэнічным увасабленні чэхаўскіх п'ес найболыпую ўвагу гледача прыцягвае не тэкст, а падтэкст, так бы мовіць, «падводная плынь». Найперш у гэтым і палягала рэформа вялікага рускага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў «новай драмы». Вядомым стаў выраз пра тое, што героі Чэхава гавораць адно, думаюць другое, а робяць трэцяе. Дык вось, да гэтага другога і трэцяга і трэба рэжысёру ў супольніцтве з акцёрамі падвесці гледача. Чэхаўскі тэкст на сцэне набывае другую якасць дзякуючы адмыслова збудаваным адносінам персанажаў, іх інтанацыям, паўзам, унутраным маналогам.
Найбольш дакладнымі па выкананні і «пражыванні» здаліся сцэны Аркадзінай з Трэплевым і Трыгорыным (Алег Качан) у 2-й дзеі. Актрыса Тамара Кабяк, як заўсёды, чароўная і абаяльная. Вядзе сваю ролю стрымана, лёгка, нязмушана, паказвае, як за гэтай уяўнай мяккасцю гераіні ўзнікае даволі моцны і супярэчлівы характар. Аркадзіна па-сапраўднаму любіць сына, па-мацярынску шкадуе яго, але не можа пераступіць цераз сябе. Як творчая асоба яна досыць эгацэнтрычная і самаўлюбёная, a таму і не шукае з Трэплевым духоўных стасункаў. Зрэшты, актрыса (як, пэўна, і сам аўтар) не асуджае сваю гераіню, a імкнецца па-жаночы зразумець і абараніць яе.
Галоўнае пытанне, на якое мусіў адказаць рэжысёр, - чаму застрэліўся Трэплеў. Менавіта гэты адказ і прадвызначае тую ці іншую канцэпцыю твора. He ведаю, якую мэту ставіў рэжысёр, але спектакль атрымаўся пра духоўную адчужанасць людзей, пра няздольнасць зразумець пачуцці і пакуты іншых. У і-й дзеі ёсць маналог Трэплева, а ў 2-й - рэпліка Дорна (Вячаслаў Грушоў) пра ўсеагульную душу. Гэта тая гармонія, той ідэал чалавечай супольнасці, да якога мы набліжаемся на працягу, мабыць, вечнасці. У кантэксце такіх разваг робяцца зразумелымі вобразы дзівакаватага Сорына (Віктар Дашкевіч) з яго запозненым шкадаваннем пра змарнаванае жыццё, сентыментальнай Паліны Андрэеўны (Валянціна Багданава) і нават хамаватага (а ў спектаклі хутчэй недарэчнага) Шамраева (Валянцін Цвяткоў). Адны канчаюць самагубствам, другія співаюцца, трэція спусташаюць сябе марным самакапаннем. I ніхто не мае асабістага шчасця. Праўда, адзінкі здольныя супрацьстаяць неміласэрнаму лёсу і абыякавым людзям. Такі персанаж - Ніна Зарэчная (Алена Ганум).
Спачатку гэта наіўная дзяўчынка, апантаная рамантычнымі мроямі. Яна кідаеццаў вір свайго першага сапраўднага пачуцця. У другой палове спектакля - гэта больш сталы і стрыманы чалавек, які быццам збоку ацэньвае сябе ў мінулым ды ніяк не можа пазбавіцца недарэчнага зараз кахання - да Трыгорына. I менавіта ў складанай фінальнай сцэне актрыса ўздымае свой вобраз да пранікнёнага драматызму.

«Мастацтва», № 9, сентябрь 2006 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.