Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Вечер»
Тамара Ляўчук (Ганна).

«Вечер»
Мікалай Маршын (Мульцік).

Фото Анрэя Спрынчана.
    Філасофія вечаровага жыцця
     Таццяна Команава

«Вечар» Аляксея Дударава.
Рэжысёр Аляксандр Козак.
Мастак Віктар Лесін.
Брэсцкі тэатр драмы і музыкі імя Ленінскага камсамола Беларусі.


Стасункі тэатраў з нацыянальнай драма-тургіяй - рэч надзвычай цікавая. Найперш таму, што ўжо самі па сабе яны складваюцца ў адмысловую «драматургію», выяўляючы то палкае жаданне падабацца адно аднаму, то гарачае непрыманне і непрымірымасць у адносінах да «замшэласці», то імкненне наноў адкрыць адно аднаго...
Бадай, асноўнае пытанне, якое задаюць крытыкі рэжысёрам, што звяртаюць сваю прафесійную ўвагу на творы нацыянальнага рэпертуару, - аб прычынах, якія абумовілі зварот да той ці іншай п'есы. Але пытанне гэтае шмат у чым рытарычнае - чалавек спрактыкаваны ўжо праз пятнаццаць-дваццаць хвілін ад пачатку спектакля можа дакладна назваць галоўныя прычыны, па якіх рэжысёр звярнуўся да пэўнага драматургічнага матэрыялу. I нават прафесійна зробленая работа пакідае магчымасць беспамылкова вызначыць, у які момант рэжысёр спрацаваў «дзеля птушачкі». Іншая справа, калі пакаштаваць рэжысёрскага хлеба бяруцца не рэжысёры (няхай сабе і таксама прадстаўнікі тэатральных прафесій) - тут ужо адной фармальнасцю, як правіла, не абыходзіцца.
Як, якім чынам паспяховы тэатральны дырэктар і арганізатар на сённяшні дзень самага буйнога ў краіне міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа», сам у мінулым акцёр, прыйшоў у рэжысуру? Магчыма, з-за жадання паспаборнічаць на гэтай дзялянцы з тымі, хто штогод прыязджае ў восеньскі Брэст? Наўрад ці, бо спектаклі Аляксандра Козака менш за ўсё разлічаны на фестывальную «гучнасць» і ніколі не ўключаліся ў афішу «Белай Вежы». Больш за тое, яны відавочна пазбаўлены таго сцэнічнага лоску, якім работы прэзентацыйныя мусяць прыцягваць да сябе любоў гледачоў і крытыкаў. Так было і з яго папярэдняй па-станоўкай - спектаклем «Мост» паводле аповесці Васіля Быкава «Круглянскі мост», калі рэжысёр у пэўныя моманты сцэнічнай дзеі прымушаў гледачоў не проста сачыць за падзеямі, а - пільна ўглядацца ў іх. Выбудоўваючы адпаведным чынам светлавую партытуру спектакля, ён наўмысна «сціраў» твары сцэнічных персанажаў - каб людзі, што сядзяць у зале, абстрагаваліся ад персаніфікацыі падзей і ўспрымалі іх надасабовы, метафізічны сэнс. Тое ж адбылося і з яго апошняй пастаноўкай - спектаклем «Вечар» па п'есе Аляксея Дударава.
Для беларускага тэатра XX стагоддзя «Вечар» Дударава - п'еса знакавая з многіх пунктаў гледжання. I не толькі таму, што большасць літаратуразнаўцаў называюць яе лепшым творам драматурга. У свой час «Вечар» даў беларускаму тэатру шэраг яркіх, незабыўных акцёрскіх работ, сярод якіх, бадай, самы знакаміты акцёрскі ансамбль коласаўцаў - Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла і Тадэвуш Кокштыс.
Адметна, што новае сваё дыханне «Вечар» у беларускім тэатры набыў у апошнія два-тры гады: «Вечары» з'явіліся на сцэнах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі. Гэтыя пастаноўкі непадобныя між сабой, але ў кожнай, хоць і ў рознай ступені, адбываецца асэнсаванне «базавых», асноватворных жыццёвых ісцін. Пошукі таго маральнага стрыжня, які дасць права не баяцца смерці, не саромецца сябе - быць годным імя Чалавека.
На фоне модных сёння хвацка закручаных камедый і лагодных касцюмаваных казак-прыпавесцей «Вечар» падаецца занадта простым і няяркім. Але з першых жа хвілін сцэнічнай дзеі гэтая вонкавая някідкасць бярэ гледачоў у палон і дае магчымасць заглыбіцца ў свет простых людзей, якія не намагаюцца ані спадабацца нам, маладым, ані павучыць нас са сваёй «званіцы» нечаму прынцыпова важнаму. Яны проста жывуць сваім жыццём. Часам - вельмі дзіўным і, на першы погляд, зусім нелагічным.
Следам за драматургам, рэжысёр выбудоўвае спектакль як свайго кшталту рытуал, што паўтараецца кожны дзень і распачынаецца свежай, «гаючай» вадой з вясковага калодзежа - своеасаблівай крыніцы жыцця. Сцэнограф спектакля Віктар Лесін візуальна падмацоўвае такую рытуальнасць тым, што калодзеж гэты не ў зямлю заглыбляецца, як гэта робіцца традыцыйна, а - узнімаецца ўверх, да сонца, з якім увесь час размаўляе галоўны герой. Яна, гэтая крыніца жыцця, складзена з грубаватых бярвенцаў, паўстае перад намі своеасаблівым ахвярным алтаром, надзвычай падобным да пірамід старажытных майя. Калодзеж з'яўляецца для герояў тым галоўным лякарствам, якое здымае любы боль, а пры канцы спектакля ўспрымаецца і як своеасаблівае надмагілле для іх.
Пры ўсёй кранальнай трапятлівасці ўзаемаадносін персанажаў, сцэнічная дзея пазбаўлена і намёку на сентыментальнасць. Дамінантнай робіцца так званая «проза жыцця». I афарызм пра чалавека, які сам з'яўляецца «кавалём» свайго лёсу, яскрава пацвярджае Мульцік (Мікалай Маршын), які ўласнымі рукамі майструе сабе... дамавіну. У спектаклі гэта адбываецца без усялякага надрыву альбо пачуцця «наканаванасці», так што мы нават не адразу разумеем прызначэнне гэтай дошкі, «падобнай на карабельчык». Зрэшты, не толькі ён, але і Ганна (Тамара Ляўчук), і Гастрыт (Міхаіл Мятліцкі) ставяцца да гэтага занятку спакойна і з разуменнем.
Акцёрскія работы ў спектаклі вызначаюцца сваёй мяккасцю і нягучнасцю ігры. Для саміх выканаўцаў гэткі спосаб існавання - пэўная праца «на пераадоленне». Прывыклы да сацыяльных роляў Мікалай Маршын у вобразе Мульціка імкнецца адшукаць не вонкавую правільнасць, а прыгажосць душэўнай раўнавагі і ціхую радасць ад разумення метафізікі Сусвету. Ён своеасаблівы сузіральнік але, разам з тым, жрэц, які складае ахвяру - сваё жыццё - на алтар Вечнасці. Міхаіл Мятліцкі, у адрозненне ад Маршына, сыграў на брэсцкай сцэне цэлую галерэю характарных персанажаў, і роля Гастрыта, здавалася б, мусіць падоўжыць гэтую чараду. Але яго персанаж - своеасаблівая «копія» Мульціка, адзінае, што іх розніць, - Гастрыт увесь час намагаецца падпарадкаваць сабе жыццё і ніяк не можа змірыцца з тым, што яно цячэ і мінае незалежна ад нашага, чалавечага меркавання пра яго.

«Вечер»
Сцэна са спектакля.


Але, бадай, самай яркай у спектаклі сталася гераіня Тамары Ляўчук. Нягледзячы на ўзроставыя характарыстыкі гераіні (актрыса дакладна іграе немалады век, зморанасць няпростым вясковым побытам і пастаянным чаканнем), Ганна Тамары Ляўчук дзіўным чынам не страчвае сваёй жаноцкасці. Яна яшчэ не адмаўляе сабе ў асалодзе міла і какетліва павесці вокам, памятаючы сваю прыроду. Так, яна стомленая побытам, але не стомленая жыццём! Цалкам натуральна, што абодва мужчыны, і Мульцік і Гастрыт, заглядваюцца на яе. А таму і сцэна іх «сватання» выглядае не старэчым маразмам, а яшчэ адным доказам таго, што жыццё можа быць поўным, насычаным эмоцыямі і пачуццямі ў любым узросце.
Тэма чалавечай адзіноты, якую часта вызначаюць у якасці галоўнага лейтматыву дудараўскага «Вечара», у пастаноўцы брэстаўчан адыходзіць на другі план. Так, гэтыя старыя, пакінутыя людзьмі і светам, безумоўна, робяць шчымлівае ўражанне. Але галоўнае, чаго ім удалося шчасліва пазбегнуць, - гэта жалю да сябе, «бедных і гаротных». Наадварот, з кожнай хвілінай іх сцэнічнага жыцця мы, гледачы, усё мацней адчуваем, што вельмі часта трацім свой час на рэчы і эмоцыі, якія не маюць нічога агульнага з гэтым самым жыццём. I - праходзім міма, не заўважаючы, што побач з намі - жывыя людзі са сваімі эмоцыямі і пакутамі. I менавіта ім, а не нейкай там абстрактнай Вечнасці, больш за ўсё патрэбны наша шчырая дапамога ці проста добрае слова.

«Мастацтва», № 6 (303), июнь 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.