Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Преступление и наказание»
Мармеладаў (Віктар Міхайлаў), Раскольнікаў (Віктар Піскун).

«Преступление и наказание»
Раскольнікаў (Віктар Піскун).

«Преступление и наказание»
Яўген Тарасаў (Парфірый).

«Преступление и наказание»
Міхаіл Мятліцкі (Свідрыгайлаў).

Фото Анрэя Спрынчана.
    Кола душы
     Людміла Грамыка

«Злачынства і пакаранне»
паводле рамана Фёдара Дастаеўскага.
Інсцэніроўка і пастаноўка Цімафея Ільеўскага.
Мастак-пастаноўшчык Віктар Лесін.
Брэсцкі тэатр драмы і музыкі імя Ленінскага камсамола Беларусі.


Гісторыя сцэнічнай інтэрпрэтацыі твораў Дастаеўскага налічвае амаль сто дваццаць пяць гадоў. «Злачынства і пакаранне» ўпершыню трапіла на падмосткі парыжскага Тэатра «Адэон» у 1888 годзе. Пасля Францыі гэты твор паставілі ў Германіі, Італіі, Іспаніі, ЗША, Польшчы, Англіі. I толькі потым да яго звярнуліся тэатры Расіі. Варта зазначыць, што сярод інсцэніровак паводле Дастаеўскага лідзіруе менавіта «Злачынства і пакаранне». Відаць, дзякуючы дэтэктыўнай фабуле і напружанай інтрызе. Хоць інсцэнізацыя твораў геніяльнага пісьменніка ніколі не ўяўлялася тэатрам лёгкай спажывай. Да іх звярталіся, даследуючы самыя цёмныя куткі чалавечай душы. Пэўная жанравая і зместавая эвалюцыя пастановак штораз выразна акрэслівала духоўныя супярэчлівасці часу, сягаючы ад дэтэктыўнай меладрамы да натуралістычнай трагедыі, ад рэлігійнай прыпавесці да экзістэнцыяльнага расповеду.
Беларускія тэатры да твораў Дастаеўскага таксама звярталіся. Але след у гісторыі ўдалося пакінуць толькі коласаўцам са спектаклем «Прыніжаныя і зняважаныя».
У наш час драматургічныя прыхільнасці тэатраў змяняюцца, як капрызлівае надвор'е. Стратэгічнай рэпертуарнай лініі ад іх больш ніхто не патрабуе. Цікава, што, сягаючы ад камедыі да класікі і наадварот - ад класікі да камедыі, пераасэнсоўваючы і спрабуючы інтэрпрэтаваць Гогаля і Чэхава, Булгакава і Горкага, Шэкспіра і Мальера, тэатры чамусьці абмінаюць Дастаеўскага. Дакладней, цяпер ужо - абміналі.
У Брэсцкім тэатры драмы і музыкі рэпетыцыі «Злачынства і пакарання» суправаджаліся пэўным містычным настроем. Прынамсі, калі за два дні да прэм'еры невядомыя разбілі шкло на афішы перад тэатрам, прэм'ера ў прызначаны час не адбылася. I ўсё ж некалькі месяцаў працы над адным з самых знакамітых і глыбокіх твораў рускай літаратуры прынеслі цікавыя вынікі. У магічнае поле рамана ўдзельнікі спектакля траплялі добраахвотна, пры гэтым асабліва не зацыкліваліся на імкненні - адпавядаць. Думаю, правільна. Новы час - новыя хуткасці. Іншыя звычкі і кропкі адліку. Так, сотні кніг напісаны пра творчасць Дастаеўскага. Сотні пастановак здзейснены з жаданнем таямнічую і магутную сілу рамана сцэнічна пераасэнсаваць. Мажліва, зноў - містыка, але сам пісьменнік некалі проста зазначыў, што ўзяў сабе за правіла ніколі не перашкаджаць спробам «здабыць з ягонага рамана драму». Дадаўшы між іншым, што «для розных форм мастацтва існуюць і сугучныя ім шэрагі паэтычных думак, так што адна думка не можа быць выказана ў іншай, не адпаведнай ёй форме».
Брэсцкі тэатр драмы і музыкі пазірае на раман нібыта скрозь прызму сённяшняга часу і спакваля падводзіць да разваг сур'ёзных і глыбокіх. У прыкметах і рэаліях сучаснай эпохі шукае «адпаведныя шэрагу паэтычных думак Дастаеўскага формы». Што атрымліваецца?
«Кантрапункт рамана» - пазначана на праграмцы. Рэжысёр і аўтар інсцэніроўкі Цімафей Ільеўскі паслядоўна спраўджвае заяўлены жанр. Экспрэсіўная напружанасць дзеі спалучаецца з экзістэнцыяльнай наканаванасцю агульных разваг пра свет і быццё.
Наўкол змрочная мітуслівасць. На шалях лёсу не звыклыя, традыцыйныя ўяўленні - Дабро і Зло: маральны імператыў у герояў Дастаеўскага куды больш канкрэтны і катэгарычны. Прысуд іх сумлення падаецца жорсткім і бязлітасным.
Спектакль Брэсцкага тэатра драмы і музыкі прасякнуты сённяшнім светаўяўленнем. Але выклікае нейкі псіхалагічны ступар. Ён уваходзіць у свядомасць разам з раманам Дастаеўскага, ад якога немагчыма адхінуцца або проста выкрасліць са свядомасці. Назіраючы за героямі Фёдара Міхайлавіча ўжо з іншага тысячагоддзя, мы не толькі бачым, як здзяйсняецца забойства, - разам з персанажамі спектакля мусім злачынства перажываць. Прыкметы сённяшняга дня - у эфектным вылучэнні дэтэктыўнай лініі. Ды толькі там, дзе сыходзяцца мінулае і сучаснае - пульсуе жывы чалавечы боль. Пакаянне - мяжа, да якой тэатр падводзіць герояў на шляху маральнага выпрабавання. Даведацца, ці прыйдзе вызваленне ад душэўных пакут, нікому не дадзена.
Змрочны і шчыльна населены куток свету, які ўзнікае перад намі на сцэне, нагадвае гіганцкі чорны мурашнік. А можа, постапакаліпсічны бункер? Вокны, дзверы, доўгія крутыя лесвіцы - уверх, уніз, у сутарэнне... Вялізны, на колах, стол пасярэдзіне. За ім ядуць, п'юць, вядуць разумныя размовы, гуляюць у більярд. Толькі чамусьці ўзнікае адчуванне, што гэты стол прызначаны для жудасных спраў. Зрэшты, на ім і сапраўды ўрэшце будзе распасцёрта мёртвае цела. Стол імкліва рухаецца па крузе, калі ў яго ўпрагаюцца персанажы. Такім чынам робіцца моцны эмацыйны акцэнт. Увогуле, на кожным квадратным сантыметры сцэнічнай прасторы нешта варушыцца, мітусіцца, лямантуе. Пэўны час мы не заўважаем ні твараў, ні асоб. Вось на самы верх сцэнічнай канструкцыі па самай доўгай лесвіцы - туды - сюды - зноў і зноў узлятае чалавек. Доўга ўзіраецца ў акенца на дзвярах кватэры, потым размаўляе са старой жанчынай. П'е гарбату, настойліва і гучна пастуквае лыжачкай аб шклянку. Адчуванне масавага псіхозу... I раптам у неспакойным і раз'юшаным натоўпе пачынаюць вылучацца людзі. Чалавекі. Запамінаюцца твары, словы. Ідзе ідэнтыфікацыя персанажаў: вось... Раскольнікаў бразгае і бразгае лыжачкай аб гдклянку, потым гэтак жа апантана ганяе ў цынкавым вядры більярдны шар. Нечакана з'яўляецца ўсведамленне, што бяда, грэх да Раскольнікава прыходзяць звонку. Ен яшчэ раз імкліва ўзлятае па лесвіцы да праклятай кватэры, рэзка торгае званок...
Сякера, увагнаная ў калоду тут жа, на сцэне, ставіць кропку ў доўгай дэтэктыўнай экспазіцыі. Перад намі прылада забойства. Далей - пачынаецца зусім іншы спектакль.
Зрэшты, ягоная экзістэнцыя яшчэ выявіцца ў з'яўленні Тапельніцы (Вольга Жук) і Юродзівага (Алег Кіргінцаў), а таксама ў змрочным шэрагу смерцяў, праз які нас правядуць цягам доўгіх сцэнічных гадзін. Боль і душэўная пакута кожнага персанажа акрэсляцца гранічна. Вось так і ходзіць, блукае Радзівон Раскольнікаў: ад чалавека - да чалавека, ад бяды - да бяды. Гожы і разважлівы Мармеладаў у выкананні Віктара Міхайлава неяк неабачліва жыве. I смерць ягоная недарэчная і жудасная, як загана, што прывяла да труны. Вылучаная акцёрам мяккасць характару героя, нібы генетычная безабароннасць, рэзка кантрастуе з абліччам ягонай жонкі. Кацярына Іванаўна ў выкананні Тамары Ляўчук падаецца неўраўнаважанай і безнадзейна зласлівай - зразумела, што змардаванай жорсткай сілай абставін. У яе то выбуховым, то знясіленым пратэсце - усё жыццё, так бяздарна і безнадзейна зглумленае. Актрыса не іграе цяперашняе - боль па страчаным мінулым прасочваецца праз кожны яе рух. Калі магутную плынь памяці ўжо немагчыма спыніць, надыходзяць адчай і смерць. Тонкае, шматпланавае існаванне Ляўчук у гэтым вобразе падаецца ўразлівым, запамінаецца. Яркая фарба ў насычанай колеравымі нюансамі палітры пастаноўкі.
Работы маладых актрыс Таццяны Строк (Соня) і Ірыны Пашэчка (Дуня) кранальныя і пераканальныя. Хоць зразумела, што наяўнасць у трупе выканаўцы, здатнага сыграць менавіта Раскольнікава, абумовіла прысутнасць у рэпертуары гэтага спектакля. Акцёр Віктар Піскун выяўляе імпульсіўнасць думкі ў напружаных пошуках сэнсу жыцця, пакутлівыя душэўныя ваганні героя, апантанасць як наканаванне, раптоўную зласлівую саманадзейнасць і антычалавечы пафас ягоных разваг. Раскольнікаў шчыры ў тым, што кажа, і не ўпэўнены ў тым, што робіць. Ды толькі на няшчасці і забойстве людзей філасофію не пабудуеш.
Сама асоба Радзівона Раскольнікава, ягоная ідэя-фікс хвалююць рэжысёра найменш. Акцэнты пераносяцца на маральныя аспекты трагічнай гісторыі. Рэжысёр шукае адказ на пытанне, ці можна жыць з нячыстым сумленнем і, паводле хрысціянскіх перакананняў, - са смяротным грэхам? У поўнай меры давесці змест спектакля гледачам дапамагаюць акцёры Яўген Тарасаў (Парфірый) і Міхаіл Мятліцкі (Свідрыгайлаў). Парфірый паўстае перад намі ў абліччы руплівага даследчыка жыцця. Свідрыгайлаў уяўляецца ахвярай уласных страсцей. Разбуральную моц нястрымных пачуццяў акцёр раскрывае паступова. Цягам дзеі захоўвае элегантны выгляд, вытанчана рэпрадуцыруе подласць, гуляе з ахвярай перад тым, як яе знішчыць... Мятліцкі разгортвае перад гледачамі дакладнае псіхалагічнае дзеянне і адкрывае ў вобразе нечаканыя нюансы. Мы разумеем: жыць са злачынствам за душой ягоны герой не можа, але акцёр даруе яму і нечакана раскрывае ў грудзе чалавечага бруду парасткі сумленнасці.
Магчыма, гэта адбываецца насуперак рэжысёрскай задуме. Высветліць, каму цяжэй і каму горш у гэтым жыцці, нам так і не ўдасца. Затое ў канцы цёмнага тунэля з шэрагу змрочных піцерскіх дамоў нечакана засвеціцца твар Казанскай Божай Маці. I нам, сучасным гледачам, тэатр такім чынам падорыць надзею.


ГУТАРКА Ў АНТРАКЦЕ

Цімафей Ільеўскі:
«Светам правіць любоў»


Тимофей Зиновьевич Ильевский

Адбылася або не адбылася тэатральная падзея ў сувязі з прэм'ерай «Злачынства і пакарання» - не ведаю. Ды толькі ў калектыве дакладна нешта змянілася. Я працую ў Брэсцкім тэатры драмы і музыкі'сем гадоў, і вось толькі цяпер узнікла адчуванне, быццам падведзена нейкая рыса. Прынамсі, каб адважыцца на пастаноўку такога манументальнага палатна, трэба было шмат працаваць, больш-менш упэўнена стаць на ногі. Нарэшце з'явілася перакананасць: можна паспрабаваць.
Пачынаючы менавіта са «Злачынства і пакарання» Дастаеўскі заяўляе тэму прысутнасці Хрыста ў сучасным свеце. Рэлігійна-містычны складнік у рамане вельмі моцны. Калі чалавек не прыходзіць да Бога, значыць, ён - грэшны, смертны, нікчэмны і ўвогуле не чалавек. У душы Раскольнікава на працягу рамана ідзе змаганне, і толькі ў эпілозе ён прызнаецца сабе, што грэшны. Надыходзіць прасвятленне, у душу пранікае любоў. Тэма пакаяння, прызнання ўласных грахоў - цэнтральная ў рамане. Дастаеўскі называе рэчы сваімі імёнамі, у яго д'ябал - гэта д'ябал, Хрыстос - гэта Хрыстос. I не проста абстрактныя, маральныя катэгорыі, усё - канкрэтна. Тэатр, сучасныя гледачы не заўсёды разумеюць такога роду канкрэтнасць. Напрыклад, у мяне пытаюцца: «Навошта ў фінале так яўна ўзнікае ікона Казанскай Божай Маці?» Толькі для мяне гэта прынцыпова, бо не разумею, навошта праваслаўныя рэлігійныя сімвалы трэба нейкім чынам вуаліраваць? Прынамсі, д'ябла з душы мы часам выпускаем вельмі адкрыта і нічога не баімся.Таму вельмі важна думаць і гаварыць пра тое, дзе выйсце, дзе шлях. Хоць, вядома ж, наш спектакль - для свецкіх людзей, здатных адчуваць і разважаць.
У паўсядзённым жыцці людзі не вельмі часта задумваюцца над сваімі ўчынкамі. Можна патаптаць нагамі прыяцеляў на дыскатэцы і ўвогуле не надаць гэтаму ніякага значэння. У спектаклі аддаецца пэўная даніна, так бы мовіць, тынэйджэрскаму ўспрыманню, сучаснаму кліпаваму спосабу мыслення. Рваны мантаж сцэн, сны, здані, прывіды... Фрагментарнасць, недагаворанасць... Ва ўсім ёсць рэжысёрскі разлік. Спачатку трэба паказаць гледачам штосьці знаёмае, потым - сур'ёзнае, і няхай разбіраюцца. У тэатрах зараз пераважае камедыйны рэпертуар. Але часам проста неабходна браць завоблачныя вышыні. Дастаеўскі - геній літаратуры. Нам вельмі важна было адчуць, зразумець: ці здатныя мы да яго наблізіцца? Ці здатныя хоць пэўную частку рамана высвеціць? Потым і нейкі прасвет на тэатральным небасхіле з'яўляецца. Урэшце ўзнікае самапавага, разумееш, што да нечага здатны.
На маю думку, неабходна нагадваць гледачам, сучаснаму чалавеку пра высокія маральныя нормы. I наш спектакль утрымлівае зусім канкрэтны маральны пасыл. Раскольнікаў нікога не любіць апрача сябе, ягоная душа адмаўляе любоў - да Бога, да маці, да жанчыны. Яго захапляюць вар'яцкія ідэі пра ўласную веліч і магутнасць. А нам было важна падкрэсліць думку, што чалавек - гэта частка свету. Цаглінка ў вялізным сусветным будынку. Калі пачынаеш адну цагліну выцягваць, атрымліваецца, што цагліна - ужо не цагліна, і будынак - ужо не будынак.
Наш спектакль - пра шлях чалавека да пакаяння, да ўсведамлення любові як вышэйшай маральнай катэгорыі. У кожнага свой шлях. Свідрыгайлаў не ўмее жыць з уласным грэхам і сыходзіць у нябыт. Раскольнікаў пранясе крыж смяротнага грэху праз усё жыццё. У Соні іншы шлях да пакаяння - праз любоў да блізкіх людзей.
Мы спрабавалі гранічна наблізіцца да аўтара, уважліва чытаць тое, што напісана ў рамане. У спектаклі спалучаюцца псіхалагічны тэатр і сімвалічныя эпізоды. Пэўныя супадзенні, сімвалы, знакі, нашэптванні ў рамане акцэнтуюцца, а ў спектаклі робяцца візуальнымі. Акцёры шмат гадоў іграюць пераважна патэтыку, а тут неабходна нязвыклая для іх форма працы з прадметам. Калі прадмет - нібы працяг твайго быцця, існавання і мусіць дайграваць за цябе.
Галоўнае, нам хацелася давесці, што светам правіць любоў. Менавіта таму ў фінале ікона Казанскай Божай Маці, а не выява Хрыста.

«Мастацтва», № 6 (303), июнь 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.