Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Женихи»     Вернісаж... жаніхоў
     Таццяна Команава

Як вядома, у сусветнай культурнай прасторы адной са знакавых дат надыходзячага 2009 года станецца 200-годдзе з дня нараджэння Мікалая Гогаля. Чым не нагода для таго, каб у чарговы раз звярнуцца да яго бессмяротнай класікі? Зрэшты, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Валянціна Еранькова напярэдадні сваёй гогалеўскай прэм’еры зазначыла, што кіравалася ў выбары «Жаніцьбы» зусім не круглай датай - Гогаль даўно «чакаў» свайго часу ў яе рэжысёрскім «партфелі».

На сцэне Рускага тэатра спектакль атрымаў назву «Жаніхі» - згодна з тым, што першы варыянт сваёй п’есы, які сам жа Гогаль потым доўга і карпатліва перапрацоўваў, ён назваў менавіта так. Але, думаецца, не толькі фармальны бок звароту да аўтарскага чарнавіка падштурхнуў рэжысёра да падобнай змены, бо і сам спектакль натуральным чынам стаўся закцэнтаваны не на жаніцьбе, а акурат на саміх яе фігурантах, што дало рэжысёру, а ўслед за ім і акцёрам - выканаўцам мужчынскіх роляў падысці да гогалеўскай гісторыі шляхам распрацоўкі характарнасці сваіх персанажаў.
На сцэне - бліскучая галерэя яркіх мужчынскіх вобразаў. Горкаўскія акцёры ў чарговы раз прадэманстравалі нам, што персанажа стварае не толькі аўтарскі тэкст, але і адна-дзве тонкія рысачкі, якія дакладна скіроўваюць глядацкую ўвагу і нашы ацэнкі ў патрэбнае рэчышча. У выніку чаго вядомыя кожнаму з нас персанажы, такія як Яечніца ў выкананні Аляксандра Суцкавера, Анучкін Аляксандра Ждановіча, Жавакін Андрэя Захарэвіча і нават негаваркі Панцялееў Васіля Грачухіна пры ўсёй сваёй «нерэфармаванасці» паўстаюць перад намі не акадэмічнымі «змалёўкамі» з кніжных старонак, а жывымі, мілымі людзьмі са сваімі прыхільнасцямі і слабасцямі (так не хочацца гаварыць - «недахопамі», бо кожны ж лічыць іх уласнай годнасцю і здабыткам!). Тут дарэчы сказаць пра мастака па касцюмах Таццяну Лісавенка, якая даўно і плённа працуе з Валянцінай Ераньковай. І ў «Жаніхах» іхняе супрацоўніцтва выявілася не толькі ў знешняй, надзвычай дакладнай характарнасці касцюмаў герояў. Здаецца, гэта мастак «вядзе» нас ад сцэны да сцэны па ўсім спектаклі, і блякла-шэрыя персанажы паступова расквечваюцца такой стракатасцю, што ад «соннага царства» Падкалёсінскага жытла не застаецца і напамінку. І вось ужо літаральна ўсе жаніхі, нават «выцягнуты» з першага варыянта п’есы купец Старыкаў (Руслан Чарнецкі), прагна бегаюць і мітусяцца вакол Агаф’і Ціханаўны, якая са сваім пасагам уяўляецца ім вялізным і ласым вясельным тортам (сцэнаграфія - Аляксандра Касцючэнкі).
Даволі нечакана вырашаны ў спектаклі вобраз Агаф’і Ціханаўны, якую сыграла маладая актрыса тэатра Іна Савянкова. Перад намі не крохкая «зефірная» істота, што марыць пра ўзнёслае каханне, а - прагматычная і часам надзвычай далёкая ад усялякіх «этыкетаў» купецкая дзяўчына, якая прагна жадае аднаго: выйсці замуж за двараніна, і «ўжо закаханая», яшчэ нават не вызначыўшыся з самім кандыдатам у мужы. Яе прасцецкая пажадлівасць, смешная ў сваёй прэтэнцыёзнасці, робіць гераіню Савянковай... адной з шэрагу тых самых гогалеўскіх жаніхоў: Агаф’я Ціханаўна, як і яны, імкнецца прадаць сябе падаражэй, каб потым «купіць» сабе таксама найлепшы экзэмпляр...
А што ж традыцыйна галоўны герой гогалеўскай «Жаніцьбы» - Падкалёсін? Яго ролю выконвае малады акцёр тэатра Аляксей Сянчыла, які з-за непрадбачаных абставін увайшоў у спектакль літаральна за пару тыдняў да прэм’еры (першапачаткова Падкалёсіна мусіў іграць Аляксей Шацько). Аднак гэтая акалічнасць не пазбавіла спектакль цэласнасці: Падкалёсін Сянчылы арганічна ўліўся у жаніхоўскі ансамбль, не перацягваючы на сябе коўдру. Ды і не магло гэтага быць, бо герой Сянчылы, здаецца, не здатны на «жыццёвую актыўнасць». Але не з прычын уласнай баязлівасці ці закамплексаванасці: гэты Падкалёсін не лянівец і не цяжкі на пад’ём абібок, ён - летуценнік, які жыве ва ўласных марах і фантазіях, дзе можа здарыцца літаральна ўсё, нават сустрэча з прывабнай маладой дзяўчынай, якая пажадае стаць ягонай нявестай. І нягледзячы на рэжысёрскае пераакцэнтаванне нашай увагі на жаніхоў, асабіста мне было цікавей за ўсё назіраць менавіта за развіццём вобраза Падкалёсіна, бо гэта - адна з мноства тых «загадак», якія класічная драматургія ставіць перад кожным рэжысёрам і вымагае ад яго знайсці сваю «адгадку», незалежна ад таго, як гэта рабілі яго папярэднікі. Адной з такіх вечных загадак у гогалеўскім творы з’яўляецца пытанне: чаму ж Падкалёсін у фінале выскоквае ў акно? Няўжо яму такім брыдкім і страшным бачыцца будучае сямейнае жыццё? Прынцыповай і ці не галоўнай удачай спектакля з’яўляецца тое, што рэжысёр дае нам на яго адказ просты і, здавалася б, такі відавочны: не са страху перад невядомым будучым скача Падкалёсін у акно, а... з прычыны ўласнай жа летуценнасці і - амаль дзіцячага фантазёрска-эксперыментатарскага складу! Яго фантазія малюе яму неверагодныя гісторыі, і герой Аляксея Сянчылы проста вырашае паспрабаваць, а ці можна зрабіць тое, што, як лічыцца, зрабіць нельга? І што ў рэшце рэшт атрымаецца?..

«Культура», № 44-45 (862-863) от 8 ноября 2008 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.