Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Месяц в деревне»     Трыумф Рыда Таліпава
     Тамара Гаробчанка

Адноўлены пасля доўгага рамонту будынак Брэсцкага тэатра драмы і музыкі сустрэў некранутай часам чысцінёй, святочным зіхаценнем люстраў, прыгожым, сучасным інтэр'ерам. Але больш за ўсё мяне ўразіла тое, што ў фае тэатра жанчына прадавала цудоўныя свежыя ружы. Міжволі падумалася: няўжо ў наш нялёгкі час нехта з гледачоў дазволіць сабе раскошу купіць зусім не танныя кветкі? Якім жа было маё здзіўленне, калі у антракце ў выпадковай суседкі па зале я заўважыла тыя самыя ружы, якія і былі падараваны актрысе Тамары Ляўчук. Дый наогул без кветак ў фінале не застаўся ніводзін выканаўца.

У той вечар на берасцейскай сцэне ішоў спектакль «Месяц у вёсцы» I. Тургенева, пастаўлены рэжысёрам Рыдам Таліпавым. Сам па сабе факт з'яўлення на тэатральнай афішы «Месяца ў вёсцы» - з'ява даволі незвычайная. Нечаканага тут шмат. Па-першае, руская класічная п'еса выглядае своеасаблівай «белай варонай» сярод авангарднай драматургіі і сучасных зарубежных твораў забаўляльнага кшталту, якія пакуль што яшчэ пераважаюць у рэпертуары тэатраў Беларусі. Па-другое, тургенеўская «аповесць у драматургічнай форме» вымагае не толькі рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства, прафесіяналізму, але і карпатлівай «працы душы» гледача, які, што і казаць, апошнім часам прывучаны нашымі тэатрамі да ўспрыняцця мастацтва больш лёгкага, сенсацыйна-эпатажнага. Па-трэцяе, «Месяц ў вёсцы» ніколі на Беларусі не ставіўся і не мае ніякай сцэнічнай традыцыі. Усё гэта і дае падставы сцвярджаць, што Р. Таліпаў не толькі таленавіты рэжысёр, аб чым сведчаць усе яго ранейшыя пастаноўкі, але і чалавек адчайны, здольны на рызыкоўны творчы эксперымент. Скажу адразу, што эксперымент гэты не проста здзейсніўся. На маю думку, ён стаў сапраўдным трыумфам Р. Таліпава і ўсяго беларускага сцэнічнага мастацтва.
Спектакль зачароўвае літаральна з самага пачатку. Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца з героямі, як адразу ж адчуваем магічнае прыцягненне хараства, створанага рэжысёрам, мастаком В. Лесіным, кампазітарам В. Кандрасюком. Канкрэтныя рэаліі сцэнаграфіі - веранда з вузенькімі крацістымі вокнамі, якія выходзяць у яблыневы сад, белая драўляная альтанка і чорная канструкцыя з лесвіцай, накшталт гарышча ці галубятні, адразу ж выклікаюць уяўленне аб заможнай, добра ўладкаванай дваранскай сядзібе. На краі авансцэны ўтульна размясцілася невялікае азярко. Бела-чорная каляровая гама змяняецца чырванню спелых яблык, чырвонай стужкай папяровага змея, зачэпленага за галінку, пунсовым морсам у графіне і бакалах, якія кантрастна выдзяляюцца на стале, пакрытым беласнежным абрусам. Залівістыя трэлі і птушыны шчэбет паступова заглушаюцца раскатамі грому, пакуль не запаўняе ўсё навокал абвальны шум шчодрага летняга дажджу. Разнастайныя гукавыя эфекты, першыя музычныя акорды ствараюць фізічна адчувальную атмасферу спякотнага лета, калі нават навальніца не выратоўвае ад прыпарнай гарачыні. Вільгаць, здаецца, вісіць у паветры. Да таго ж слугі, Мацвей і Каця, бавячыся, пырскаюцца вадой з азярка, і празрыстыя кроплі пераліваюцца, запаўняючы сцэнічную прастору казачнымі брыльянтавымі іскрынкамі. Сярод гэтай натуральнай прыгажосці мерна і аднастайна жывуць гаспадары сядзібы Іслаевы, пакуль не з'яўляецца сярод іх парушальнік спакою студэнт Аляксей Бяляеў, запрошаны настаўнікам на летнія месяцы да маленькага сына Колі.
У свой час крытыка параўноўвала «Месяц у вёсцы» Тургенева з меладрамай «Мачаха» Бальзака, акцэнтуючы ўвагу на блізкасці сюжэтнай калізіі - мачаха і падчарка (у Тургенева - апякунка і выхаванка) кахаюць аднаго чалавека. Аднак матыў саперніцтва дзвюх жанчын не стаў галоўным для Р. Таліпава. У пастаноўцы заўважаецца хутчэй чэхаўскі настрой, цікавасць да найтанчэйшых душэўных зрухаў тургенеўскіх герояў. Сам рэжысёр так вызначае сваё разуменне п'есы: «Мы ніякім чынам не ставілі гістарычны спектакль. Жыццё «дваранскага гнязда» мяне не цікавіць - я лічу, што гэта гарызантальная гісторыя. Мяне ж цікавіць вертыкальная гісторыя. I гэта перш за ўсё чалавек і яго пачуцці. У гэтым сэнсе я бы назваў сябе не рэжысёрам, а псіхааналітыкам. Я хачу раскрываць душу чалавека з тонкасцю нейрахірурга. «Месяц у вёсцы» для мяне - гэта гісторыя маладосці, якая прайшла, і беззваротна страчаных магчымасцей. Калі чалавек раптам разумее: не так пражыў, нешта прапусціў, не зразумеў, не адчуў, і імкнецца дагнаць, вярнуцца ў мінулае, але гэта немагчыма. Пакуль мы хочам дагнаць мінулае - трацім магчымасці сённяшняга. Пытанне ў тым, як жа зразумець, што своечасова, што важна рабіць сёння, каб не пакутаваць ад шкадавання заўтра».
Рэжысёр вызначае жанр сцэнічнага твора як «роздум аб каханні» і рэалізуе сваю ідэю дакладна і паслядоўна. З першай сцэны спектакля адчуваецца, што каханне нібыта акутвае герояў, працінае іх думкі, абумоўлівае паводзіны і ўчынкі. Пры гэтым адкрыта прызнаецца ў каханні да Наталлі Пятроўны толькі Ракіцін. Астатнія ж жывуць быццам у прадчуванні кахання. Яны не проста хаваюць свае пачуцці, а нават не ўсведамляюць таго, што існуе на ўзроўні падсвядомасці. У адпаведнасці з рэжысёрскім бачаннем твора сэнсавым цэнтрам спектакля становіцца Наталля Пятроўна Іслаева ў выкананні Т. Ляўчук. Менавіта гэты вобраз у розныя часы стаў адной з вяршынь творчасці выдатных рускіх актрыс М. Савінай, М. Ярмолавай, В. Кніпер, С. Гіяцынтавай. Разумеючы недарэчнасць якіх бы то ні было параўнанняў, асмелюся сцвярджаць, што для актрысы Т. Ляўчук гэтая роля таксама стала вяршыняй, раскрыўшы невядомыя раней глыбіні яе драматычнага таленту.
Наталля Пятроўна - Ляўчук упершыню з'яўляецца на сцэне ў касцюме для верхавой язды з нагайкай у руцэ. Узбуджана-нервовыя інтанацыі, рэзкія ўзмахі
нагайкай - гэта знешняя абалонка, за якой хавае жанчына ўнутраную сумятню пачуццяў, душэўны разлад. Яна нават сабе баіцца прызнацца ў тым, што з ёю адбываецца, але адчувае непераадольную патрэбу гаварыць пра Аляксея Бяляева, фізічна быць побач з ім. Ён жа, сціплы, сарамлівы, наадварот, імкнецца захоўваць адпаведную дыстанцыю паміж сабой і гаспадыняй дома. Выяўленню ўнутранага стану герояў, найдрабнейшых нюансаў іх узаемаадносін дапамагае багаты рэчавы свет спектакля. Знакам-сімвалам выглядаюць спелыя чырвоныя яблыкі, што вісяць на дрэвах, раскіданыя па падлозе, запаўняюць плецены кошык. Вось Бяляеў надкусвае яблык, але ўваходзіць Наталля Пятроўна, і юнак хавае яблык за спіну, шукаючы, як ад яго пазбавіцца. Нарэшце з палёгкай, употайкі Аляксей кладзе на лаўку.
Застаўшыся адна, Наталля Пятроўна падымае менавіта гэты яблык і смачна надкусвае яго. Канкрэтнае фізічнае дзеянне траціць свае бытавыя прыкметы. Яблык ператвараецца ў сімвал кахання, спакусы, таму і дакрананне да яго вуснамі азначае пачуццёвую асалоду забароненага пацалунка. Альбо, калі Наталля Пятроўна прапануе яблык Бяляеву, а ён тут жа перадае яго Верачцы. У жанчыны адразу ж псуецца настрой, яна бачыць у гэтым жэсце здрадлівы патаемны сэнс і падазрона глядзіць на выхаванку, як на магчымую саперніцу. Двухсэнсоўныя, амаль што фрэйдаўскія асацыяцыі ўзнікаюць у сцэне, дзе Наталля Пятроўна пяшчотна гладзіць ствол стрэльбы, якую трымае Бяляеў. I так на працягу ўсяго спектакля. Рэчавая гульня, закадзіраваныя жэсты, быццам знешнія праявы руху думак, тонка і ненавязліва раскрываюць глыбока прыхаваныя адценні ўнутраных адчуванняў.
Кульмінацыяй развіцця вобраза Наталлі Пятроўны і ўсяго спектакля становіцца сцэна яе размовы з выхаванкай. Чыстая, адкрытая Верачка (Т. Юрык) не здольная зразумець хітрую гульню сваёй апякункі. Яна шчыра прызнаецца ў каханні да Бяляева і тым самым нечакана наносіць ёй страшэнны ўдар. Страціўшы над сабой кантроль, Наталля Пятроўна - Ляўчук груба крычыць: «Пакіньце мяне!», і раптам без прытомнасці падае на падлогу, як параненая птушка. У момант знікае пачуццё годнасці, адчуванне ўласнай значнасці. Перад намі звычайная жанчына, якая перажывае пякельныя пакуты. Калі ж Ракіцін выносіць канчатковы прысуд: «...ён павінен паехаць», Наталля Пятроўна ў роспачы вымаўляе: «Дзеля чаго жыць...» У яе вачах - жах, у голасе - непадробны адчай. Т. Ляўчук іграе з выключнай самааддачай, на мяжы фізічных сіл. Градус пачуццяў яе гераіні надзвычай высокі. Пры гэтым характэрна, што душэўны стан Наталлі Пятроўны паступова расквечваецца новымі, непаўторнымі адценнямі. Кожная сцэна для яе - быццам апошняя, за якой - бездань. Трывога і ўнутраны дыскамфорт... усведамленне сваёй закаханасці... боль расчаравання... святло надзеі... разуменне немагчымасці шчасця... адзінота... Усе гэтыя пачуцці Т. Ляўчук перадае пранізліва абвострана, трагічна. I за ўсімі зменамі яе стану, настрою паўстае глыбока кранальная «драма жаночай душы», якой не дадзена спазнаць святло ўзаемнага кахання.
Дзякуючы рэжысёрскай інтуіцыі Р. Таліпава, яго тонкаму адчуванню прыроды акцёрскай творчасці, многія выканаўцы выявіліся ў зусім новай для сябе якасці. Побач з вобразам Наталлі Пятроўны, які стаў мастацкім адкрыццём спектакля, нечаканымі гранямі раскрыўся талент М. Мятліцкага. Пластычны, тэхнічна аснашчаны, акцёр заўсёды вабіў віртуознай распрацоўкай знешняга малюнка ролі, каскадам знаходак у галіне формы. I раптам - поўнае адмаўленне ад звыклых сродкаў сцэнічнай выразнасці. Ракіцін - Мятліцкі ўражвае тонкім розумам, іранічнасцю, самаадданай закаханасцю, якія акцёр перадае стрымана і высакародна. Сябра Іслаевых, безнадзейна закаханы ў Наталлю Пятроўну, Ракіцін першы зразумеў, што з ёю адбываецца. Ён пільна сочыць за Бяляевым, які гарэзнічае з Верачкай, служанкай Кацяй, маленькім Колем, не заўважаючы напалу эмоцый, што нарастае вакол яго асобы. Моўчкі назірае Ракіцін - Мятліцкі, як Бяляеў з аголеным торсам робіць гімнастычныя практыкаванні на лесвіцы, бесклапотна гуляе мускуламі, жыццярадасна абліваецца вадой з азярка. Маладое, прывабнае, фізічна здаровае цела саперніка раздражняе Ракіціна, выклікае яго рэўнасць. Паўза доўжыцца, атмасфера напальваецца - здаецца, вось-вось выбухне злавесны разрад. Але нічога не адбываецца. Ракіцін звыкла хавае свае пачуцці за маскай спакою і абыякавасці.
Абставіны ўскладняюцца тым, што Іслаеў, стаўшы сведкам нервовага зрыву Наталлі Пятроўны, бачыць прычыну менавіта ў Ракіціне. Сцэна размовы паміж сябрамі па сваёй тонкасці, прыхаваных падтэкстах - адна з лепшых у спектаклі. Шмат нюансаў, адценняў знаходзіць М. Перапечка для выяўлення душэўных перажыванняў Іслаева. Яго герой узбуджана ходзіць па пакоі, хаваючы трывогу за ледзь чутным мармытаннем раманса. Прыроджаная інтэлігентнасць Іслаева надае такой пакутлівай для абодвух размове вельмі мяккую афарбоўку. I вось адносіны высветлены - сябра кахае яго жонку. «Ты мне небяспечны, брат», - са слязьмі ў голасе вымаўляе Іслаеў - Перапечка і раптам нечакана абдымае Ракіціна, расчулена туліць яго да сябе. У яго роспачы - і недаўменне, і спачуванне, і шчырае дараванне. Высакародна паводзіць сябе і Ракіцін - Мятліцкі. Каб жа мог сказаць ён сябру, што не яго, а студэнта кахае Наталля Пятроўна! Але тут закрануты гонар жанчыны. Таму праз пакуты і горыч ён захоўвае чужую таямніцу і прымае адзіна магчымае рашэнне - пакінуць дом разам з Бяляевым.
Надзвычайны каларыт сямейным сцэнам надае прысутнасць маці Іслаева Ганны Сямёнаўны (Т. Багрэева) і немца-гувернёра Шаафа (В. Міхайлаў). Калі Іслаеў бачыць толькі напаўпраўду, то яго маці наогул нічога не разумее. Т. Багрэева знайшла вельмі трапную манеру паводзін сваёй гераіні, галоўнае для якой - знешняя рэспектабельнасць. Імпэтная дваранка, яна нібыта закансервавалася ў сваім традыцыйным уяўленні аб прыстойнасці, таму і выглядае неяк карцінна адчужанай сярод кіпення чужых пачуццяў. Як гэта ні дзіўна, але яе невідушчасць і няўцямнасць самі па сабе часам нараджаюць камічны эфект. Камедыйныя моманты яшчэ больш узмацняюцца ў выкананні В. Міхайлава. Спосаб узаемаадносін Шаафа з людзьмі вызначаецца нямецкай прадпрымальнасцю, педантычнасцю і адначасова сентыментальнай вынаходлівасцю, асабліва калі гэты невысокі, даволі тлусты чалавек з зайздроснай спрытнасцю вучыць служанку Кацю мудрасці еўрапейскай любові. Камедыйны струмень падхоплівае і працягвае К. Перапяліца ў ролі багатага памешчыка Бальшынцова. Нязграбны тугадум, ён то ледзь не звальваецца ў ваду, то расчароўвае доктара Шпігельскага, калі замест грошай дастае з кішэні звычайную насоўку. Невыпадкова, што кожнае з'яўленне Бальшынцова выклікае ажыўленне і смех гледача.
Наогул усе выканаўцы знаходзяць для сваіх герояў надзвычай дакладныя, непаўторныя рысы. Вабяць гранічнай шчырасцю, непасрэднасцю, адкрытасцю пачуццяў маладыя акцёры С. Пяткевіч і Т. Юрык. Іх героі кожны па-свойму праходзяць нялёгкі шлях чалавечага пасталення: Бяляеў - ад юнацкай бесклапотнасці да ўсведамлення сябе мужчынам, адказным за чужы лёс, Верачка - ад дзіцячай гарэзлівасці да першага ў жыцці балючага расчаравання. Красамоўна выглядае і Шпігельскі (С. Церайкоўскі) са сваёй выбранніцай Лізаветай Багданаўнай (Т. Кірына). Іх дуэтная сцэна, калі доктар прапаноўвае немаладой жанчыне руку і сэрца, ператвараецца ў сапраўдны канцэртны нумар. Тут ёсць і пэўны лірызм, і практычная разважлівасць дваіх адзінокіх людзей, і своеасаблівы, даволі змрочны гумар. Нават другарадныя вобразы слуг Каці, Мацвея і хлопчыка Колі ў выкананні А. Ягоравай, I. Горына, С. Савосціна так арганічна ўліваюцца ў агульную партытуру, што без іх удзелу спектакль аказаўся б шмат у чым збеднены.
Адна з каштоўнейшых якасцей рэжысёрскай работы Р. Таліпава - яго здольнасць стварыць на сцэне сапраўдны ансамбль, дзе ўзаемаадносіны паміж героямі выяўляюцца на вельмі складаным, шматмерным падтэкставым узроўні. Дапамагае гэтаму і здольнасць рэжысёра ствараць стылістычна багатыя, вобразна і сэнсава значныя мізансцэны. Ён то пашырае сцэнічную прастору да неабсяжнай далягляднасці (прыгадаем масавы праход герояў у глыбіні сцэны пры запуску паветранага змея), то гранічна звужае яе, кандэнсуючы нашу ўвагу на самым важным, галоўным. Чаго варты па сваёй нечаканай вынаходлівасці эпізод на гарышчы! Менавіта тут, на маленькім пятачку, адбываецца драматычны паядынак паміж Наталляй Пятроўнай і Верачкай, калі тая пераконваецца, што не яе кахае Бяляеў. Тут жа, укленчыўшы, Наталля Пятроўна і Аляксей фактычна прызнаюцца адно аднаму ў каханні. Пакутлівая ўрачыстасць моманту дасягае эпагею і, здаецца, вось-вось пяройдзе мяжу. Але рэжысёр прадбачліва мікшыруе высокі стыль і пераводзіць дзеянне ў трагікамедыйную, а то і ў адкрыта камедыйную плынь. Лёгкі смех шамаціць па зале, калі Наталля Пятроўна, як звычайная вясковая жанчына, рашуча задзірае спадніцу, каб зручней узняцца па лесвіцы. Калі ж услед за астатнімі на гарышча лезуць Ракіцін і Іслаеў, глядзельная зала весела рагоча.
Як заўсёды ў работах Р. Таліпава, значная роля ў спектаклі аддаецца каляровай гаме. У першай дзеі, калі ўзаемаадносіны паміж героямі толькі высвятляюцца, у касцюмах пераважае чорна-белы колер. Мужчынскія строі вабяць строгасцю, элегантнасцю, жаночыя - вытанчанасцю, ажурнай прыгажосцю. У другой дзеі, калі пачуцці выплёскваюцца і эмацыянальны градус дасягае вышыні, правіць баль чырвоны колер. Пры гэтым наяўнасць у касцюмах чырвані бадай што вызначае розныя ступені пачуццёвасці герояў. У доктара Шпігельскага - гэта насоўка, у Лізаветы Багданаўны - каўнер і манжэты, у Каці - блузка, у Бяляева - кветка ў пятліцы, у Ракіціна - доўгі шалік, у Верачкі - аздабленне белай сукенкі, празрыстая чырвоная спадніца, пунсовая кветка ў валасах і г. д. Нарэшце касцюм Наталлі Пятроўны свеціцца быццам факел - шыкоўная чырвоная сукенка, такія ж пальчаткі, капялюш, парасонік. Каляровая метафара надзіва дакладная: чорна-белы колер - знак вечнасці, святла, чысціні, чырвоны - сімвал жыцця, кахання, страсці.
У фінале спектакля павольна круціцца сцэнічнае кола, і перад намі ў туманнай смузе праплываюць адзінокі Ракіцін, Іслаеў з маці і сынам, Наталля Пятроўна, якая рве і летуценна падкідвае ўверх кавалачкі развітальнага ліста Бяляева, каб потым далучыцца да сваёй сям'і, Верачка побач з будучым мужам Бальшынцовым, доктар Шпігельскі з нявестай Лізаветай Багданаўнай, Шааф, Каця, Мацвей. Па меры таго, як туман засцілаў прастору і тургенеўскія персанажы трацілі рэальныя абрысы і знікалі са сцэны, мяне ахоплівала светлае і разам з тым шчымлівае пачуццё непазбежнага расстання...
«Месяц у вёсцы» I. Тургенева на берасцейскай сцэне дае ўрок маральнасці і чалавечага высакародства. Гэта асабліва важна ў наш час, калі ўсе мы адчуваем на сабе згубны ўплыў эрзац-мастацтва, дзе каханне зведзена да сексу, а найвялікшае таінства паміж жанчынай і мужчынам зніжана да будзённа пашлаватага клішэ «заняцца каханнем». Спектакль Р. Таліпава вызначаецца пастановачнай культурай, густам, ён разлічаны на розныя ўзроўні глядацкага ўспрымання. Хтосьці будзе сачыць за драматычнымі сюжэтнымі калізіямі, некага ён зачаруе сучаснай вытанчанай эстэтыкай, нехта захопіцца эмацыянальнымі выбухамі пачуццяў і тонкім перапляценнем чалавечых лёсаў. У адным я ўпэўнена - сцэнічны твор нікога не пакіне абыякавым, таму што ён вяртае нас да адвечных праблем быцця, расказвае пра чалавека, пра яго недасканаласць і адначасова - надзвычайнае хараство і высокую духоўнасць.

«Вечерний Брест» от 24 мая 1996 г.
(Материал с сайта Рида Талипова.)
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.