Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Правда - хорошо, а счастье лучше»
На здымку: сцэна са спектакля
«Праўда - добра, а шчасце - лепш».
Сіла Гразноў - Расціслаў Янкоўскі, Маўра Барабошава - Бэла Масумян.

Фота Віктара Зайкоўскага.
    Паміж праўдай і шчасцем
     Таццяна Команава

14 мая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Праўда - добра, а шчасце - лепш» Аляксандра Астроўскага. Ажыццявіў яе ў межах Года Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аркадзь Кац.

Зрэшты, для пастаянных наведвальнікаў Рускага тэатра імя заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Аркадзя Каца стала амаль што «хатнім»: у рэпертуары горкаўцаў літаральна штогод з’яўляюцца яго пастаноўкі, якія карыстаюцца нязменным поспехам. «Сунічная паляна» І.Бергмана, «Ідэальны муж» А.Уайльда і шэраг іншых трывала замацаваліся ў сучасным спісе пастановак. І таму на новую прэм’еру да горкаўцаў прыйшлі «падрыхтаваныя» гледачы, для каго імя гэтага рэжысёра ў афішы трывала асацыіруецца з класічнай тэатральнай школай, высокай сцэнічнай культурай і спакойнай, нетаропкай і неагрэсіўнай, манерай размовы з гледачом. «Праўда - добра, а шчасце - лепш» гэтыя спадзяванні спраўдзіла: прысутныя ў зале змаглі атрымаць асалоду і ад жывога і дасціпнага слова Астроўскага, і ад някідкай, але падрабязнай ігры акцёраў.
Дакладна «адшліфаваны» акцёрскі ансамбль - вось тое, што прыцягвае ўвагу ў новай пастаноўцы. Нетаропкасць сцэнічнага існавання дае магчымасць разгледзець кожнага з персанажаў: пранырлівую «прасцячку» Філіцату (Вольга Клебановіч), ганарлівую Маўру Тарасаўну (Бэла Масумян), нечакана лірычнага і мяккага Гразнова (Расціслаў Янкоўскі), тонкага ў сваёй характарнасці Мухаярава (Аляксандр Ждановіч), пафасна-трапяткую маладую пару - Паліксену і Платона (Вераніка Пляшкевіч і Васіль Грачухін). Дзякуючы іх ігры разумееш, што такое глядацкі спектакль, калі нічога на сцэне не замінае ўспрыняццю дзеі і тэатральнай камунікацыі: граматна данесены аўтарскі тэкст, спакойная плынь сцэнічнага дзейства, адсутнасць тэатральнага «экстрыму» ў выглядзе рэжысёрскіх выкрунтасаў, якія прэтэндуюць на глыбакадумнасць і высокамастацкасць, а на самой справе з’яўляюцца класічным «горам ад розуму».
Літаральна пару месяцаў таму пасля паказу Рускім тэатрам у Маскве ў межах «Залатой маскі» спектакля «Сунічная паляна» адзін сталічны крытык параўнаў Аркадзя Каца з «земскім урачом» у рэжысуры. Памятаецца, гэткая эскапада выклікала ў нашых тэатралаў бурную рэакцыю абурэння і пратэсту. Аднак па праглядзе «Праўды...» я ўсё больш схілялася да таго, што пэўная доля рацыяналізму ў тым выказванні ўсё-такі была. Не магла не згадаць іншага «земскага ўрача» ад тэатра - Антона Чэхава. Злавіла сябе на тым, што абодва яны ведаюць той самы «сакрэт», які ляжыць на паверхні, але так рэдка даецца ў рукі тым, хто на яго замахваецца. Абодва (Чэхаў - у літаратуры, Кац - у рэжысуры) цвёрда ўсвядомілі той факт, што людзей нельга падзяляць на добрых ці дрэнных, станоўчых ці адмоўных, вартых пераймання ці, наадварот, выпраўлення. Іх варта любіць і дараваць ім маленькія і вялікія слабасці, умець бачыць іх, але не намагацца перавыхоўваць, акцэнтаваць увагу на пэўных асаблівасцях характару і паводзін, ды не перакоўваць наноў. І быць спагадлівым да ўсіх без выключэння. Іншымі словамі - прымаць жыццё ў ягонай шматаблічнасці. Вось менавіта таму і атрымліваецца, што ў спектаклях Каца (і «Праўда - добра, а шчасце - лепш» - не выключэнне) проста немагчыма падзяліць персанажаў на станоўчых і адмоўных: у кожнага з іх ёсць свая ўнутраная абаяльнасць, свая праўда і сваё ўяўленне пра шчасце. Не дзіва, што яблыкі ў гэтым свеце саспяваюць у адну пару з цвіценнем бэзу...

«Культура», № 20 (888) от 16 мая 2009 г.

 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.