Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Кадет»
Кадр з фільма «Кадэт».

Фота Юрыя Іванова.
    Пра вайну на сучаснай кінамове
     Таццяна Команава

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» працягвае выконваць свае абяцанні і радаваць аматараў айчыннага кіно прэм’ерамі. Днямі ў сталічным кінатэатры «Кастрычнік» адбылася прэзентацыя новай поўнаметражнай стужкі «Кадэт», знятай рэжысёрам Віталём Дудзіным.

Кінагісторыя распавядае пра курсанта Сувораўскага вучылішча Дзяніса Мяшко, які трапіў у Заходнюю Беларусь першым пасляваенным летам. Там адбываецца забойства першага старшыні сельсавета - яго дзядзькі Сцяпана. Суворавец спрабуе высачыць забойцу (вяскоўцы падазраюць у гэтым Мечыслава Хабенку) і адпомсціць за смерць блізкага чалавека, але на гэтым шляху паўстае шэраг пытанняў і неспадзяванак... У якасці кампліменту карціне варта зазначыць, што ў яе аснову лёг адзін з тых нямногіх сцэнарыяў апошніх гадоў, які не ставіцца да сваіх будучых гледачоў з пэўнай доляй паблажлівасці. Нягледзячы на наяўнасць у ім і любоўнага трохкутніка, і дэтэктыўнай лініі, і тэмы вясковага беларускага побыту, удалая аўтарская работа калектыву сцэнарыстаў дала нам узор якаснага «базісу» для будучага фільма, пазбаўленага серыяльнага спрашчэння сюжэтных ліній і характараў герояў.
Дарэчы, заяўка Анатоля Жука (у аснову сцэнарыя лягла яго аповесць «Помста матылькоў») з’явілася на кінастудыі дзякуючы аб’яўленаму конкурсу кінасцэнарыяў, у якім яна была заўважана і адзначана членамі журы.
Тэма выбару галоўнага героя, а разам з тым - і маральна-этычных прыярытэтаў, якія дэкларуе ў сваёй стужцы рэжысёр, адлюстравалася ўжо ў эвалюцыі назвы фільма.
У час здымачнага перыяду ён называўся «Метык» - вытворная мянушка ад імя Мечыслаў адной з дзейных асоб, - якога сыграў акцёр Руслан Чарнецкі. Пераадолеўшы патэтычны шлейф уласных роляў у Рускім тэатры, у фільме Чарнецкі здолеў прадэманстраваць нам свой глыбокі акцёрскі тэмперамент, стварыўшы вобраз «добрага дрэннага» хлопца, чый унутраны надлом адбываецца ў час яго дзяцінства і сталення ў ваенныя гады. Для гэтага персанажа свет трымаецца на ўласнай гаспадарцы і доме, і толькі дабрабыт яго сям’і вызначае лад і парадак, і вобраз гэты атрымаўся, з аднаго боку, эмацыянальным у сваёй шчырасці, але, у той самы час, не пафасным і праўдзівым паводле ўнутраных адчуванняў самога героя.
Аднак да гледачоў стужка дайшла ўжо пад назвай «Кадэт», выводзячы на першы план персанажа станоўчага - Дзяніса Мяшко ў выкананні Андрэя Сенькіна. І гэта ў выніку надало фільму моцны рамантычны дух: адно на дваіх каханне да Ганны (Паліна Сыркіна), па-дзіцячаму наіўнае імкненне адшукаць і пакараць злачынцу... Адметнай рысай гэтага яркага і моцнага ансамбля, дзе, акрамя названых вышэй галоўных герояў, стварылі запамінальныя вобразы Генадзь Гарбук, Аляксандр Суцкавер, Галіна Кухальская, Святлана Кажамякіна і шэраг іншых акцёраў, з’яўляецца той факт, што ў фільме заняты толькі айчынныя «кадры». Гэткая рэжысёрская пазіцыя - прынцыповая. Тым не менш, сам Віталь Дудзін пад час прэзентацыі заклікаў не акцэнтаваць увагу выключна на гэтым факце. І гэта цалкам слушна, бо няўжо толькі тым адметны фільм, што рэжысёр абышоўся ўласнымі сіламі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»? Так, мы прызвычаіліся чуць, што, маўляў, нібыта без расійскай ці якой-небудзь іншай заезджай «зоркі» наша стужка страціць пэўную долю сваёй таварнай прывабнасці, і спадзяёмся на запрошанага «варага» ў якасці кампенсацыі недахопаў сцэнарыя ці рэжысуры. Аргументуем жа тым, што на «Беларусьфільме» так павялося здаўна, і сёння ўжо, бадай, стала своеасаблівай традыцыяй. А між іншым, падобная рэжысёрская пазіцыя, акрамя грамадзянскага пафасу і сцвярджэння таго, што нашы акцёры не горшыя за іншых, мае ў сабе і яшчэ адзін непрыхаваны нюанс. Такім чынам - даючы нашым акцёрам працу ў беларускіх фільмах - адбываецца прамая падтрымка айчыннага кінематографа. І, хочацца спадзявацца, - стварэнне сітуацыі, альтэрнатыўнай беззваротнаму адтоку акцёрскіх кадраў у расійскія серыялы. (Хаця выканаўца галоўнай ролі Ганны Паліна Сыркіна ўжо атрымала некалькі такіх прапаноў.)
Зрэшты, у справе пошукаў крытэрыяў для вызначэння «нацыянальнай прыналежнасці» той ці іншай стужкі вельмі шмат падводных камянёў. Дастаткова адно толькі адпаведнай краіны вытворчасці, альбо павінны быць выкананы яшчэ нейкія своеасаблівыя патрабаванні? Аднак справа зусім не ў крытэрыях.
Да сённяшняга часу айчынныя кінакрытыкі і кінадзеячы не могуць адказаць на пытанне: чым жа з’яўляецца праславутае «беларускае кіно»? Аддаючы перавагу тэрміну «брэнд», яны спрабуюць прыпісаць сабе манаполію на ваенную тэматыку. А між тым, дастаткова адной дробязі: не забывацца, што прафесіяналізм не залежыць ад статусаў і брэндаў, а пацвярджаецца кожны раз у канкрэтнай рабоце - тых стужках, якія выходзяць на экраны нашых кінатэатраў. І, акрамя апелявання да мінулага, неабходна вельмі тонка адчуваць і дзень сучасны - тую сацыяльна-інфармацыйную прастору, у якой жывуць людзі пачатку ХХІ стагоддзя. Не, я не заклікаю да сляпога капіравання амерыканскіх ці расійскіх узораў «кінавайнушак», - гэты шлях наўрад ці выведзе наша кіно ў канструктыўнае рэчышча. Але ж прынцыпы найноўшага мыслення і ўспрыняцця інфармацыі, адрозныя ад таго, што панавалі ў 70-я гады мінулага стагоддзя, сучасную кінамову ігнараваць не толькі нельга, але і шкодна: кансервуючыся ў прыёмах, эфектных і дзейсных у мінулым, мы самі сабе зачыняем дарогу ў кінабудучае.
Разважаючы пасля заканчэння фільма пра ўбачанае, злавіла сябе на думцы, што на працягу прагляду ў мяне ніводнага разу не ўзнікла жаданне «развеяцца», пераключыць сваю ўвагу з кінематаграфічнай дзеі на штосьці іншае, - і гэтае ўменне трымаць глядацкую ўвагу для стужкі з’яўляецца вялікім і важным «плюсам». Але ж, мушу канстатаваць, што ніводная хвіліна экраннага часу не дала мне падстаў «западозрыць» фільм Віталя Дудзіна ў тым, што гэта - сёлетняя прэм’ера і менавіта «новае беларускае кіно»: з падобным поспехам «Кадэт» мог бы «нарадзіцца» і некалькімі дзесяткамі гадоў раней. Што гэта - працяг кінематаграфічных традыцый ці закансерваваная непаваротлівасць айчыннага кінамыслення?..

«Культура», № 18 (886) от 2 мая 2009 г.

 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.