Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Кадет»
Юлия Кадушкевич

«Кадет»
Виктор Манаев
    У межах фармату
     Антон Сідарэнка

«Пакуль мы жывыя...». Аўтар сцэнарыя Фёдар Конеў. Рэжысёр Сяргей Сычоў. Аператар Сяргей Мялешкін.

Да гэтай прэм’еры шмат хто ставіўся з пэўным скепсісам. Сенсацыі не чакалі, яна і не адбылася. Фільм Сяргея Сычова - не шэдэўр, гэта вельмі простая, бездакорна выкананая з тэхнічнага пункту гледжання карціна. Дзве серыі па пяцьдзесят хвілін, сучасны стандарт тэлевізійнай вытворчасці, разлічаны на паказ у суботу - нядзелю. Такая форма досыць запатрабаваная тэлеканаламі і рынкам відэадыскаў.
Беларусь некалі славілася фільмамі для малога экрана. Жанр тэлевізійнай навелы ў Савецкім Саюзе быў невядомы, здымалі тое, што цяпер завуць міні-серыяламі. Звычайна на экран пераносілі буйныя літаратурныя творы. Меладраматычны сюжэт Фёдара Конева можна лёгка ўявіць у аснове так званага жаночага рамана. Галоўная гераіня Вольга ўсё жыццё кахае Карнея, аднак неспрыяльныя абставіны і моцныя процілеглыя характары не дазваляюць ім быць разам.
Спецыфіка тэлевізійнага кіно вельмі добра суаднеслася з рэжысёрскім стылем Сяргея Сычова - няяркім, ціхім, хутчэй скупым на эмоцыі. Творчая дзейнасць кінематаграфіста пачыналася ў часы росквіту аўтарскага мыслення ў кінамастацтве. Трыццаць гадоў таму ад рэжысёраў чакалі палёту фантазіі, новых прыёмаў і форм. Цяпер да кіно, асабліва на тэлебачанні, іншыя патрабаванні. Фільмы абавязкова павінны быць даступнымі як мага большай колькасці гледачоў. Таму - ніякіх гульняў з формай! Ідэальнае кіно - прадзюсерскае, без заўважнай прысутнасці рукі рэжысёра. Гэта не значыць, што рэжысёру ў сучасным тэлевізійным кіно зусім няма чаго рабіць. Але ў першую чаргу ён мусіць быць моцным рамеснікам, а потым ужо - мастаком.
Добры прафесіянал Сяргей Сычоў аказаўся запатрабаваным менавіта ў нашы часы. Яго папярэдняя стужка «Я памятаю» зрабіла станоўчае ўражанне на журы і гледачоў міжнародных фестываляў «Залаты віцязь» і «Лістапад». Можна не сумнявацца, што фільму «Пакуль мы жывыя...» наканаваны не толькі фестывальны лёс. У параўнанні з «Я памятаю» новая карціна Сяргея Сычова лепш прадуманая з камерцыйнага гледзішча, што вельмі актуальна для сучаснага «Беларусьфільма».
Галоўная дзейная асоба фільма - жанчына, што адпавядае чаканням большай (жаночай) часткі аўдыторыі. Тэма - каханне, прычым каханне ахвярнае, у нечым трагічнае. Падзеі адбываюцца ў часы распаду Савецкага Саюза, на фоне эканамічнага хаосу першых цяжкіх гадоў станаўлення беларускай дзяржавы. Зразумелыя кожнаму гістарычныя калізіі прыўносяць у фільм дадатковыя адценні, надаюць спецыфічныя рысы каханню галоўных герояў. Безумоўна, маштаб здымак - не галівудскі, «Пакуль мы жывыя...» - далёка не «Знесеныя ветрам». Але тэлевізійны фармат і не прадугледжвае значнай відовішчнасці. Тэлевізар, як вядома, «радыё з малюнкамі», асноўныя выразныя сродкі тут - буйныя планы і галасы акцёраў.
Аб выканаўцы ролі Вольгі Юліі Кадушкевіч ужо можна казаць як аб прафесійнай кінаактрысе. Дужа падобная на галівудскую зорку Кірстэн Данст, Юлія Кадушкевіч надзвычай кінагенічная і натуральна паводзіць сябе ў кадры. Тое, што яе гераіня цягам гадоў амаль не змяняецца вонкава, можна спісаць на ўмоўнасць тэлевізійнага жанру. Юліі Кадушкевіч удалося добра паказаць галоўную псіхалагічную адметнасць Вольгі - моцны маральны стрыжань. З усіх выпрабаванняў Вольга выходзіць годна, з высока паднятай галавой - у адрозненне ад свайго каханага. Карней у выкананні расійскага акцёра Дзмітрыя Арлова атрымаўся натурай супярэчлівай. Удачлівы камсамольскі лідэр, потым - бізнесмен, напрыканцы ён ва ўсіх адносінах церпіць крах, у тым ліку духоўны. З псіхалагічнага пункту гледжання гэтая схема вытрымана аўтарамі бездакорна - вядома, што жанчыны лягчэй пераносяць сацыяльныя крызісы.
Паасобку акцёры іграюць дастаткова выразна, але дуэта закаханых у Юліі Кадушкевіч і Дзмітрыя Арлова не атрымалася. І справа, відаць, не ў акцёрах. Крыху тэатральная рэжысёрская манера Сяргея Сычова не пакідае прасторы для глядацкай фантазіі. Каханне на экране перадаецца не праз дыялогі (яны, дарэчы, наогул не самае моцнае месца беларускага кіно), а праз эмацыйнае запаўненне паўзаў, пэўнае інтанацыйнае напружанне. З гэтым у выканаўцаў галоўных роляў вялікія праблемы.
Самыя цікавыя вобразы ў стужцы стварылі Віктар Манаеў і Таццяна Мархель. Віктар Манаеў іграе невялікую ролю бацькі Вольгі - сумленнага ідэаліста, які не вытрымлівае цяжару перамен. Безумоўна, гэта лепшая сёлетняя акцёрская праца ў кіно Беларусі. Застаецца пашкадаваць, што галоўныя ролі ў кіно Манаеву чамусьці не дастаюцца.
Персанаж Таццяны Мархель прысутнічае на экране ўвогуле некалькі секунд. Старая бабулька, нягледзячы на крызісы і перабудовы, упарта крочыць па вуліцы тыповага беларускага райцэнтра - сімвал, які выразна стасуецца з назвай стужкі і які можна лічыць асноўным пасланнем аўтараў да ўсёй аўдыторыі.

«Мастацтва», № 12, декабрь 2008 г.

 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.