Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Хам»
Павэл - Ігар Дзянісаў і Яўдоха -
Тамара Міронава.

Фота Андрэя Спрынчана.
    Гарадзскія прыязджалі
     Аляксей Стрэльнікаў

Працягваем наш юбілейны тур. На гэтым тыдні 50 год адзначыў Аляксандр Гарцуеў, адзін з найбольш знакавых рэжысёраў нулявых гадоў. Юбілей свой ён адзначыў прэм'ерай новага спектакля.

50-цігоддзе гэтае наступіла раптоўна. Гарцуеў доўга прахадзіў у «маладых рэжысёрах», і вось ён ужо адразу прадстаўнік старэйшага пакалення. Хаця - маню. Трэба аддаць юбіляру належнае, ён прайшоў увесь пакручасты рэжысёрскі шлях. Пачаў з сучаснай беларускай драматургіі, дабіўшыся на гэтай глебе неверагоднага поспеху: спектакль «Чорны квадрат» дагэтуль у рэпертуары Тэатра беларускай драматургіі, за «Крывавую Мэры» на малой сцэне Купалаўскага атрымаў хрустальнае штосьці за лепшы рэжысёрскі дэбют. Пяць год Гарцуеў ставіў выключна для малай сцэны. Цераз яго спектаклі ў тэатральнае жыццё ўвайшло цэлае пакаленне маладых акцёраў, без якіх сёння той жа Купалаўскі тэатр не ўявіш. Выйшаўшы з рэзервацыі малой сцэны ён дабіўся поспеху на вялікай сцэне, цяпер ужо сярод шырокага гледача, такімі спектаклямі, як «КІМ» і «Дзіўная місіс Сэвідж».
Прэм'ера спектакля «Хам» паводле аповесці Элізы Ажэшка, пра які мы пагаворым зараз падрабязней, частка ўмоўнага новага этапу творчага шляху Аляксандра Гарцуева, які пачаўся спектаклем «Івона, прынцэса Бургундская». Апошнія спектаклі рэжысёра - гэта творы, у якіх уздымаецца важная і грувасткая праблематыка гэтак званых «малых сацыяльных груп». Так ці інакш, сям'я, талака, узаемаадносіны мужчыны і жанчыны заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Яшчэ, што кідаецца ў вочы і што выкрэслівае гэтыя спектаклі з жанру меладрамы, дык гэта адсутнасць хэпі эндаў, больш таго, трагічнасць канцовак. Менавіта гэтая асаблівасць вылучае тэатр Гарцуева з сённяшняга рэпертуару, які па-ранейшаму збольшага забаўляльны. Відавочна, што рэжысёр не ставіць сабе мэту «як бы папрыгажэй паставіць Ажэшку», і ўжо таму варты эпітэтаў «філасофскі» і «паглыблены», наколькі б зацёртымі сучаснай тэатральнай журналістыкай яны ні былі.
І перш чым пакапацца ў гэтай самай філасофіі, трэба паразважаць над самой формай спектакля, якая захаплення сярод значнай часткі гледачоў і крытыкаў не выклікала. Пануе думка, што ў Беларусі пераважае акцёрская рэжысура, г.зн., тая, што сыходзіць з магчымасцяў канкрэтных артыстаў і мае на мэце максімальнае выяўленне іх моцных бакоў у канкрэтных ролях. Нічога кепскага ў гэтым няма, пакуль агульная паэтыка спектакля не пачынае падпарадкоўвацца асаблівасцям канкрэтных артыстаў. Як ні парадаксальна, але менш за ўсё беларуская акцёрская рэжысура паказвае сваё ўменне працаваць менавіта з акцёрамі. Рэжысёр Гарцуеў бярэцца за іншы канец палкі. Ён адразу выбудоўвае атмасферу, сцэнічную вобразнасць, а ўжо ў яе памяшчае артыстаў. Праблема аднак застаецца той самай: атмасфера ў асноўным ствараецца музычна-сцэнаграфічнымі сродкамі, за якімі саміх артыстаў бачна вельмі кепска. Часам гэта апраўдана, як падчас «шэрага карнавалу» ў «Івоне»... Само па сабе гэта відовішча магутнае і нават прыгняльнае, і раструшчвае яно ў першую чаргу постаці персанажаў. Вельмі цяжка зразумець логіку, сэнс развіцця характараў у гэтай п'есе (таму і называецца гэта ўсё «драмай абсурду»), яны нібы падпарадкоўваюцца гэтай шэрасці і рытму. І ў гэтым праглядаецца аналогія з сучаснасцю, з нашай залежнасцю ад рытмаў індустрыяльнай цывілізацыі. А вось у «Хаме» лагічнасці развіцця адчувальна вобразаў не хапае.
Можна паграшыць на інсцэніроўку, хаця яна ўсяго толькі перадае блізка да тэксту тое, што напісала Ажэшка. У гэтым акурат і бяда: пісьменніца апісвае Франчыны рэфлексіі, а самога дзеяння ў тэксце мала. У выніку тэкст выглядае рваным, скачучым, што празаічнаму твору можна дараваць, а ў драматычным глядзіцца складана. Вось збеглая Франка вярнулася да мужа з дзіцём, вось яны з Паўлам прымірыліся, вось ужо Данілу б'юць за «Садом і Гамору». Адштурхоўвацца выканаўцам ролі Франкі Валянціне Гарцуевай і Святлане Зелянкоўскай мала ад чаго, яны, як у кіно, граюць эпізоды, а не працэс. У выніку на сцэне ўтвараецца гарэзлівасць, хваравітая змена настрояў, істэрычная крыклівасць - станы, а не дзеянні. Крыклівасць і гарэзлівасць у акторак атрымліваюцца на выдатна, таму збольшага яны перацягнулі на сябе коўдру ўвагі з іншых персанажаў, сярод якіх варта назваць выдатнае выкананне і Тамары Міронавай, і Ігара Дзянісава, і Андрэя Кавальчука. Якасць цэлага ансамбля была адменена адным выканаўцам, што б гэта значыла?
Між тым, пра «Хам» таксама можна сказаць, што гэта спектакль атмасферны. Яго стыхійнасць і міфалагічнасць, нават «панямоннасць», адчуваецца, з самога пачатку: павольная музыка, цьмяная сцэнаграфічная канструкцыя, дымка па-над сцэнай. І вось на гэтым фоне сялянская грамада таксама падаецца нечым з'яднаным. Не ўпэўнены, што менавіта да гэтага імкнуўся пастаноўшчык, але, на маю думку, у яго атрымалася перадаць на сцэне беларускую талаку, тую змазку, якая забяспечвае гэтым людзям бесканфліктнае пражыванне разам. За кошт чаго забяспечваецца гэтая бесканфліктнасць? Патрыярхальнае кіраванне (як малодшая сям'я падпарадкоўваецца рашэнням старэйшага брата, нават калі не ўхваляе іх) ці хрысціянская мараль, якая крыжом навісае над побытам сялян, ці нешта яшчэ, што мы звыкла называем «талерантнасцю» ды «памяркоўнасцю»?
Пастаноўшчык не цісне ні на адзін з варыянтаў адказаў, ад чаго існаванне гэтай самай грамады набывае большую арганічнасць. Менавіта гэту атмасферу і разбурае Франка сваім з'яўляннем. Па сутнасці, тут канфлікт не паміж Франкай і Паўлам, а паміж ёй і ўсёй сялянскай суполкай. Прычым канфлікт гэты настолькі абстрактны, настолькі існасны, што яго цяжка акрэслiць, цяжка сфармуляваць: несупадзенне маральных каштоўнасцяў, нацыянальна-сацыяльная розніца, альбо штосьцi яшчэ... Зразумела адно: нават каханне, нават узаемнае жаданне выправіць сітуацыю нічога не далі.
Тут і варта шукаць цікавосткі пастаноўкі. Дзіўна, што гэты падзел на вясковых і гарадскіх якім быў сто гадоў таму, такім зараз і застаўся: «Гарадзкія прыязджалі, мы на іх панаязджалі...» Плоскасць яго змянілася. Гэта зараз «дзяроўней» быць не модна, а гарады ад панаехаўшых раздзьмуліся ў мегаполісы. Твор Ажэшкi карысны тым, што гэта погляд на горад з вёскі. Погляд вачыма чалавека ад сахі, кроў якога цячэ ў 90% нашага сучаснага гарадскога насельніцтва. І што ў гэтым поглядзе галоўнае? Недавер, які нейкімі дзіўнымі шляхамі пераходзіць у пагарду. Непастаянства, нявернасць, неруплівасць, жарсць - усё гэта пярэчыць сялянскаму светапогляду, па сутнасці, адмяняе яго. У адказ прыходзіць адваротнае адмаўленне. Але разам з непастаянствам адмаўляецца свабода, з нявернасцю - гнуткасць, з жарсцямі - неабыякавасць. Ці не гэтая сумесь поглядаў выяўляе сёння нашу сапраўдную ідэалогію? Цяжка сказаць дакладна, але намацаць тое-сёе сапраўды атрымлiваецца хіба пастаноўкамі накшталт той, якой Аляксандр Гарцуеў адзначыў сваё 50-цігоддзе.
З нецярплівасцю буду чакаць восені, каб пераглядзець спектакль у яго постпрэм'ерным стане.
Мікалай Пінігін, віншуючы юбіляра, сказаў, што не кожны можа сабе дазволіць такі падарунак на дзень нараджэння. Дадам, што далёка не кожны падчас юбілею будзе гаварыць пра сур'ёзнае.

«Белорусские новости» от 11 июля 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.