Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

ГендельБах
Гендэль - А. Падабед

ГендельБах
Бах - С. Краўчанка

На здымках: сцэны са спектакля «ГендэльБах».
    Раўнапраўе «ГендэльБаха»
     Надзея Бунцэвіч

На Малой сцэне купалаўцы закрылі сезон прэм’ерай спектакля з дзіўнаватай для неспакушанага гледача назвай - «ГендэльБах». Спалучэнню прозвішчаў двух класікаў музыкі барока ў адну непарыўную повязь мы абавязаны не столькі самой п’есе Паўля Барца «Магчымая сустрэча», па якой ажыццёўлена пастаноўка, колькі рэжысёру Генадзю Мушперту. А яшчэ больш - кампазітару Уладзіміру Кур’яну, без якога ў гэтым спектаклі, на першы погляд, можна было б абысціся: маўляў, пра чыю музыку размова, тая няхай і гучыць. Але - пра што гэты спектакль увогуле? Ці пра вялікіх творцаў першай паловы ХVIII стагоддзя?

Дарэчы, а што ведаем пра Баха і Гендэля мы? Паводле некаторых савецкіх музыказнаўцаў, нікім не прызнаны Бах жыў і памёр у жабрацтве. Праўда, дзесьці па-за дужкамі застаецца разгадка таямніцы, як яму ўдавалася ўтрымліваць на свой заробак ажно 20 дзяцей: 7 ад першага шлюбу, 13 - ад другога, заключанага пасля смерці першай жонкі. І не проста ўтрымліваць, а даць усім добрую адукацыю і вывесці ў людзі, прадоўжыўшы музычную дынастыю. Гендэль пры такіх «умовах гульні» - таксама ахвяра: спадзяваўся, бядак, знайсці шчасце ў англійскім замежжы, а дарма. Бо ні феадальны лад жыцця Германіі, ні капіталістычны тагачаснай Англіі не маглі гарантаваць мастакам свабоду творчасці. У п’есе нямецкага драматурга - усё яшчэ больш проста. Бах - увасабленне таленту і духоўнасці, Гендэль - прадпрымальнасці і «прадажнай» камерцыі. Вядома, «духоўнасць» перамагае. А «камерсанту» (па цяперашніх мерках - шоумену) застаецца хіба зайздросціць непрызнанаму таленту свайго калегі (маўляў, калі б я быў Бах...) і піць за яго здароўе. Чым не варыяцыі на тэму Моцарта і Сальеры, што таксама, дарэчы, не стасуюцца з гістарычнай праўдай? Толькі без фіналу з атручваннем і красамоўнага слогана пра генія і ліхадзейства (прыкладаў іх «сумяшчальніцтва», на жаль, ва ўсе стагоддзі было дастаткова).
У спектаклі - усё іначай. Але каб зразумець гэта, трэба даседзець да канца. Мне ж, прызнацца, так і хацелася збегчы, асабліва спачатку: сэрца і розум музыказнаўцы не прымалі таго, што я бачыла і чула. Калі што мяне і ўтрымала, дык гэта цікавасць да чарговай работы Г.Мушперта, рэжысёрскія знаходкі якога прызнаны не толькі ў «родным» Гродзенскім абласным драмтэатры, але і ў Латвіі, дзе працаваў раней, Расіі, дзе вучыўся і пазней ставіў спектаклі, у Польшчы.
Абраная ў «ГендэльБаху» абвострана-плакатная эстэтыка вядзе ледзь не да традыцый дэль артэ, імкнення ўсімі сіламі рассмяшыць гледача. Героі ўспрымаюцца грубымі «маскамі», іх кожны жэст «прапісаны» кідкім, пазбаўленым паўтонаў гуашам, а то і ўвогуле падкрэслены тлустым маркерам. І гэта - у камерным спектаклі «на траіх»? Ды не на кірмашовай плошчы, а на Малой Купалаўскай сцэне, дзе акцёрам можна зазірнуць у вочы, бы ў размове тэт-а-тэт, нават седзячы ў апошнім радзе. Можа, да такога прачытання прывяло відавочнае жаданне адысці ад стэрэатыпу колішняга «псіхалагічнага» фільма Міхаіла Казакова «Вячэра ў чатыры рукі» па той жа п’есе? Бах у нашым спектаклі становіцца не «разгубленым інтэлігентам», якому няёмка побач са свецкім ільвом, а гэткім «простым чалавекам», пазбаўленым замарочак «прыдворнага этыкету». Шміт (першая роля маладога Сяргея Кавальскага) - «верны служка» Гендэля і, адначасова, яго «апазіцыя», што не баіцца адкрыта выказваць нязгоду з музычнымі густамі гаспадара і дэманстрацыйна грукаць дзвярыма, - ператварыўся ў гэткі «глас народа» і ўдзячных нашчадкаў (праўда, нашчадкаў праз некалькі пакаленняў, бо злом эпох сярэдзіны ХVIII ст. зрабіў творчасць Баха «старамоднай», маральна «састарэлай»). У выніку Гендэль атрымаўся самай, бадай, трагічнай фігурай, у адрозненне ад Баха, які, пры ўсіх скаргах на жыццё, застаецца абсалютна гарманічным у душы чалавекам, Гендэль жа ніколі не зведае спакою, бо ў яго нічога, акрамя творчасці, няма - ні сям’і, ні радзімы: у чужой Англіі яго лічаць за свайго, а ў роднай Германіі - прымаюць за чужынца.
Фінальнае яднанне двух тыпаў творцаў - экстравертнага (паводле навукі, а не фантазій) Гендэля і, адпаведна, інтравертнага Баха - суправаджаецца ў спектаклі прызнаннем роўнавялікасці іх талентаў. Дарэчы, у рэальнай недаацэненасці намі творчасці Гендэля маглі пераканаць некалькі апошніх філарманічных прэм’ер, падрыхтаваных па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага Дзяржаўным камерным аркестрам. А ў спектаклі «творчае раўнапраўе» двух розных па светаўспрыняцці мастакоў падкрэслена цудоўнай прыдумкай У.Кур’яна, якая вартая многіх рэжысёрскіх канцэпцый. Фрагменты музыкі кампазітараў-аднагодкаў, што на справе так і не сустрэліся ў жыцці, працягваюць адзін аднаго і ўтвараюць цэласную меладычную лінію, быццам яе і папраўдзе напісаў хтосьці трэці - па прозвішчы Гендэльбах.
Чым не «Трыумф Часу і Праўды»? А менавіта так называлася апошняя араторыя Гендэля, якая стала своеасаблівым «дайджэстам» яго творчасці, бо была складзена з аўтацытат. Дый Бах адную і тую ж музыку прыстасоўваў то да царкоўных жанраў, то да свецкіх, змяняючы хіба словы. І пісаў не тое, што хацелася, а што замаўлялі. Іншая справа - як. У п’есе фігурыруюць усяго два азначэнні: для Баха музыка Гендэля - надта гучная, для Гендэля музыка Баха - надта складаная. Для нас жа - яны папросту розныя. І, адначасова, - роўнавялікія. Толькі спектакль - не пра гэта. І нават не пра Гендэля і Баха, бо толькі музыка (арыгінальная, без далейшых рэдакцый) - лепшы і папраўдзе найбольш дакладны «партрэт» любога кампазітара, прыжыццёвая «гіпсавая маска» яго думак. Так што, за «інтымна-біяграфічнымі» звесткамі - калі ласка, у глядзельную залу. А за роздумам пра творчую свабоду, адносную пры любых умовах абсалютна ва ўсе эпохі, - да купалаўцаў.

ГендельБах

«Культура», № 32 (900) от 8 августа 2009 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.