Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Зима»     «Зіма»: знаёмая інтанацыя
     Алена Мальчэўская

«Новая драма» ў Купалаўскім

На малой сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля Кацярыны Аверкавай па п’есе Яўгена Грышкаўца «Зіма». Гэта яшчэ адна спроба ўвасобіць «новую драму» на беларускай сцэнічнай прасторы.
«Зіма» - інтэрпрэтацыя аднаго з улюбёных сюжэтаў драматурга пра тое, як гінуць сапраўдныя мужчыны (напрыклад, у больш вядомых «Дрэдноутах» ён распавядаў, як апускаюцца пад ваду караблі разам з усёй камандай). Вось толькі гэтым разам акрамя рамантычна-гераічнага разглядаецца і марна-бессэнсоўны бок смерці. Ды яшчэ Грышкавец, адданы свайму сентыментальна-шчыраму стылю, надае ёй крыху казачнасці і нястрашнасці - сімвалам смерці ў «Зіме» ён робіць Снягурку. У астатнім усё тое ж: мужчыны-героі, кранальныя вобразы жанчын, якія чакаюць, і шмат настраёвых дэталяў - кнігі, цыгарэты, святы, каханне... Два салдаты, выконваючы заданне, замярзаюць у лесе і перад смерцю прыгадваюць значныя ды нязначныя падзеі са свайго жыцця. Пакуль іх свет канчаткова не перасякаецца з першапачаткова паралельным светам Снягуркі, якая і зводзіць іх у небыццё...
Рэжысёр уважліва паставілася да такіх асаблівасцей новай драмы, як адсутнасць у ёй маралі і прэтэнзіі на сур’ёзныя развагі. Кацярына Аверкава не шукае адказу на спрадвечныя пытанні «навошта?» і «чаму?». Увасобленай плынню ўспамінаў імкнецца прымусіць гледачоў узгадаць і яшчэ раз перажыць пэўныя моманты з іх уласнага жыцця. Не столькі зразумець, колькі адчуць.
Плынь успамінаў у спектаклі ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: успаміны-расповеды і ўспаміны-замалёўкі. Глядацкая ўвага канцэнтруецца на замалёўках (дзе галоўныя героі штораз змяняюць абліччы і становяцца бацькамі, піянерамі, маладымі закаханымі), таму што гэтыя эпізоды маюць больш хуткі, чым у асноўным дзеянні, рытм і акрэслены, зразумелы канфлікт паміж персанажамі. Успаміны-расповеды, здаецца, часам праходзяць па-за глядацкай увагай, бо дзеянне трансфармуецца ў надасабовае сутыкненне, якое паказана гледачам вельмі невыразна: супрацьстаянне чалавека і смерці перакрываецца матывамі казачнасці і навагодніх святаў, рэжысёрскімі эцюдамі-»ўпрыгожаннямі».
Бачна, што акцёрам няпроста даецца засваенне мовы новай драмы, якая грунтуецца на паўсядзённых выказваннях, побытавай гаворцы, дакументалізацыі рэчаіснасці. Каб абжыцца ў незвычайна простых сінтаксічных канструкцыях, Першы салдат у выкананні Сяргея Кавальскага часта дадае да тэксту свае ўласныя фразы, рэплікі, і гэтай слоўнай драбязой засмечвае яго, аддаляе гледача ад сэнсу.
Самы адметны персанаж «Зімы» - Снягурка Вольгі Скварцовай. Ёй адзінай удаецца ўтрымаць раўнавагу паміж сваёй асноўнай гераіняй і яе шматлікімі пераўвасабленнямі, стварыўшы своеасаблівы калаж з вобразаў. Першы салдат (Сяргей Кавальскі і Павел Яскевіч) і Другі салдат (Аляксандр Паўлаў) выглядаюць вельмі кантрасна - гратэск у асобных эпізодах не спалучаецца з аднастайнай безаблічнасцю вайскоўцаў.
Цягам некалькіх пасляпрэм’ерных паказаў спектакль «Зіма» моцна змяніўся: акрэсліўся тэмпарытм, Дзед Мароз ператварыўся ў містычнага Гадо, якога ўсе чакаюць, а ён так і не прыходзіць. Але патрэбны баланс паміж казачнымі, святочнымі матывамі і тэмай развітання чалавека з жыццём так і не знайшоўся. «Зіма» ў сваёй аснове занадта змрочная і сумная, каб цалкам адпавядаць вызначанаму ў афішы жанру: «навагодняя казка для дарослых». Адначасова спектакль так насычаны жыццесцвярджальнымі ўспамінамі ды святочнымі ўпрыгожаннямі, што не здольны стаць і жахлівым калядным апавяданнем кшталту апошняй стужкі Кіры Муратавай «Мелодыя для катрынкі».
Вядомы расійскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў, які ўвасобіў на сцэне і на экране не адзін сучасны тэкст, зазначыў, што «новая драма не нарадзіла новага тэатра, яна нарадзіла новую інтанацыю». Падчас прагляду «Зімы» новых інтанацый не чуеш і не бачыш - усе знаёмыя.

«Мастацтва», № 2, февраль 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.