Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Тряпичная кукла Реггеди Энн»
Ганна Казлова (Марсэла),
Вера Кавалерава (Рэгедзі Эн).
    Што робяць цацкі, калі дзеці спяць?
     Алена Мальчэўская

«Шытая лялька Рэгедзі Эн» на сцэне ТЮГа

П’есу вядомага амерыканскага драматурга Уільяма Гібсана рэжысёр Генадзь Мушперт ператварыў у асабістую, камерную, як гульня ў чаяпіцце, і па-дзіцячы непасрэдную гісторыю пра сцвярджэнне чалавека як найвялікшай каштоўнасці і бязмежнае спачуванне яму.
Падарунак таты - шытая лялька Рэгедзі Эн - ажывае, як толькі хворая дзяўчынка Марсэла кладзецца спаць. І пачынаецца сон-падарожжа, непрадказальны і чарадзейны, як раптоўна некім прыдуманая і ўвасобленая казка. Падчас сну, у якім ложак робіцца караблём, а Панда грае на грабеньчыку, высвятляецца, што сяброўства - гэта адказнасць за таго чалавека, з якім сябруеш, што трэба ўмець дараваць блізкім людзям нават самыя балючыя крыўды і што жыццё раптам можа запатрабаваць вялікіх ахвяраў, якія трэба ўмець прыносіць.
«Сонную» тэму казкі падкрэслівае сцэнаграфія Ларысы Рулёвай. Кулісы і заднік задрапіраваныя белым штучным футрам. Гэта стварае ілюзію ўтульнасці і бяспекі дзіцячага сну, а таксама абмяжоўвае прастору дзеяння: яно адбываецца на вялікім ложку, дзе заднік - прасціна, а заслоны - коўдры.
Больш за ўсё захапляешся кампаніяй цацак, гэта - Рэгедзі Эн (Вера Кавалерава), Эндзі (Міхаіл Есьман), Панда (Марына Клімовіч), Бэбі (Алеся Гераська), Вярблюд (Іван Ушакевіч). Іх ансамбль існуе на адмысловай ступені ўмоўнасці. У «Шытай ляльцы Рэгедзі Эн» акцёры нібыта іграюць дзяцей, якія іграюць цацак. За вонкавым каўбойскім абліччам Эндзі, брата Эн, хаваецца хлапчук, якому надакучыла вадзіцца з гэтымі дзяўчатамі і карціць знайсці прыгоды. Бэбі ў асноўным маўчыць, але па тым, як гэтае немаўля смокча соску, можна здагадацца пра многае і зразумець ягоныя думкі...
Галоўная ў кампаніі - Рэгедзі Эн. Яна ажывае без заштампаванага прыёму «лялечнай пластыкі». Актрыса стварае вобраз з дапамогай «шытай» няўклюднасці (напрыклад, прыжмурваецца і плюскае павекамі - у шытай лялькі няма магчымасці заплюшчыць вочы, а так хочацца...) і дзіцячай гарэзлівасці - тады Эн спрытна павісае на парэнчах ложка Марсэлы (Ганна Казлова) або цягне яе за нагу. Лялька Эн - як Пэпі Доўгаяпанчоха, толькі не з гульнявым, а са спачувальным пачаткам, скіраваным на маральныя каштоўнасці. Вера Кавалерава грунтоўна знаёміць дзяцей са сваёй гераіняй, паказвае яе з розных бакоў. І шасцігадовая глядачка, узрушаная рэзкасцю і хітрыкамі Рэгедзі Эн, гаворыць у антракце: «А мне не падабаецца лялька, таму што яна падманшчыца!» Зрэшты, у фінале Эн ахвяруе сваё сэрца Марсэле і пакорліва сыходзіць са сцэны ўслед за злым Генералам Зэд (Аляксандр Палазкоў).
Адзін з самых цікавых вобразаў па-за цацачным ансамблем - Маці-Ведзьма (Наталля Гарбаценка). У падранай вясельнай сукенцы яна стаіць на зэдліку і намагаецца завязаць пятлю на вяроўцы-шаліку, бо жыццё не мае сэнсу, калі ты аднойчы кінула дзіця і з’ехала з кімсьці на «ролс-ройсе». Але галівудскай «трэшавасці» ў гэтай сцэне не знойдзеш. Гісторыя выглядае бяскрыўдна і мудра. Дый заканчваецца ўсё добра - дачка даруе маці.
Размова пра спектакль атрымалася размовай пра акцёрскія працы, бо ў цэнтры рэжысёрскага тэатра Генадзя Мушперта знаходзіцца акцёр. Шматсэнсоўную, але не заблытаную гісторыю «Шытай лялькі Рэгедзі Эн» удала распавядаюць яе ўдзельнікі, кожны з якіх час ад часу становіцца галоўным героем.

«Мастацтва», № 2, февраль 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.