Белорусские актеры театра и кино Люди театра и кино Интервью, рецензии Ссылки Гостевая

   Карта сайта  Для писем  На главную
• НАШ БЛИЦ-ОПРОС

• ИНТЕРВЬЮ

• РЕЦЕНЗИИ

• СТАТЬИ, ОЧЕРКИ,
  ПОРТРЕТЫ
  РЕЦЕНЗИИ

«Театромания»
Зоя Белахвосцік (Лота),
Алена Сідарава (Лэціс).
    Сінхроннае плаванне на мелкаводдзі
     Алена Мальчэўская

Чарговая камедыя на купалаўскай сцэне

Рэжысёр Кацярына Агароднікава паставіла спектакль «Тэатраманія» па п’есе брытанскага драматурга Пітэра Шэфера «Летыцыя і дурман» у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.

Дзівацтва як кампраміс
Вобраз дзівака на беларускай сцэне сёння папулярны і запатрабаваны так, як у савецкія часы была запатрабаваная, да прыкладу, вытворчая тэматыка. Наўрад ці вы здолееце прыгадаць тэатр, у рэпертуары якога адсутнічае камедыя або трагікамедыя з дзіўнаватым галоўным героем. Дзівакі выйшлі і на акадэмічныя сцэны, дзе такая камедыя ў нейкім сэнсе паратунак: на коласаўскія падмосткі вярнулася Памэла Кронкі, у Купалаўскім зноў шукаюць прыдурка для вячэры, у Рускім Пане Каханку пасыпае дарогі соллю і спрабуе дастукацца да нацыянальнай свядомасці.
Папулярнасць у СССР спектакляў пра бюракратаў і вытворчыя праблемы была абумоўлена ідэалагічнымі прычынамі; папулярнасць дзівакоў сёння - эканамічнымі. Перад прэм’ерай «Вячэры з прыдуркам» рэжысёр спектакля і мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін зазначыў на прэс-канферэнцыі, што антрэпрызная камедыя на акадэмічнай сцэне, можа, і не тая пастаноўка, з якой мусіць пачынаць нядаўна прызначаны мастацкі кіраўнік, але тэатру патрэбна рабіць касу...
Беларускі глядач любіць павесяліцца. І камедыі заходнееўрапейскіх драматургаў на двух - чатырох акцёраў з дзіўнаватым галоўным героем, якія ўсё часцей з’яўляюцца на акадэмічных сцэнах, аказваюцца своеасаблівым кампрамісам паміж гледачамі і стваральнікамі пастаноўкі. Першыя смяюцца і атрымліваюць менавіта тыя эмоцыі, па якія прыйшлі ў тэатр, а другія пазбягаюць залішніх творчых пакутаў - вобраз дзівака дазваляе акцёрам і рэжысёру не проста лёгка рассмяшыць гледача з дапамогай «торта ў твар», але і даследаваць прыроду ірацыянальнага, гульневага пачатку ў чалавеку, папрацаваць з абвостраным міжасабовым канфліктам, які, як правіла, ператвараецца ў надасабовы.
Чарговы спектакль пра дзівакоў з’явіўся гэтым летам на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра.

Спектакль у квадраце
Сюжэт п’есы заснаваны на старым прыёме - спектакль у спектаклі. Лэціс (Алена Сідарава) водзіць экскурсіі па доме, адметнасцю якога з’яўляецца толькі тое, што ён быў пабудаваны некалькі стагоддзяў таму... І ніякіх там прывідаў, забойстваў, легендаў. Для Лэціс, маці якой была актрысай, такая гістарычная дакладнасць - пакута. І яна прыдумляе сваю гісторыю, пачуўшы якую на адной з экскурсій, інспектар Лота (Зоя Белахвосцік) прыходзіць у жах і прымае рашэнне звольніць Лэціс з працы. Так дзве гэтыя непадобныя жанчыны знаёмяцца, і паступова Лэціс адкрывае для строгай Лоты іншы свет - тэатральны: з каралямі, каралевамі, пакараннем смерцю і трыумфам чалавечай годнасці. І Лота смела крочыць у яго ўслед за сваёй правадыркай.

Дзве непрадказальныя жанчыны
«Тэатраманія» - акцёрскі спектакль. Асноўная сэнсавая і эмацыйная нагрузка ў ім прыпадае на два вобразы - Лэціс і Лоты.
Лэціс у выкананні Алены Сідаравай - эксцэнтрык: кудлатая прычоска, дзіўныя строі, падобныя на тэатральныя касцюмы, кранальная шчырасць, няўклюднасць у паўсядзённым жыцці і спрытнасць ва ўяўным, абсалютная непрадказальнасць учынкаў.
Непрадказальнасць - гэта тая кропка, у якой вобраз Лэціс збліжаецца з вобразам Лоты ў выкананні Зоі Белахвосцік, за кошт чаго дасягаецца гарманічнасць дзеяння. Строгая і памяркоўная Лота таксама непрадказальная, толькі па-іншаму. Глядач разумее, што за яе вымушанай стрыманасцю нешта хаваецца. Але што менавіта? І калі гэта праявіцца? Зала прадчувае момант, калі праз пластычную, унутраную напружанасць Лоты - Белахвосцік праклюнецца момант ісціны. Чаканні апраўдваюцца: пад рудым парыком - абсалютна сівая, як у Марыі Сцюарт, галава, а за вонкавай строгасцю інспектара - мінулае тэрарысткі...
Кругленькая смешная Лэціс падобная на дом, па якім водзіць экскурсіі: у яе няма адметнага жыцця - і яна яго прыдумляе. У мінулым Лоты ёсць яркія драматычныя моманты, але яна спрабуе забыцца пра іх. «Тэатраманія» - гэта дзве супрацьлеглыя мадэлі чалавечых паводзінаў, пошук кампрамісу паміж жыццямі ва ўяўным і рэальным свеце.
Зручнасць і гістарычныя хронікі
Уласна акцёрская мова абедзвюх гераінь больш сакавітая і вобразная, чым мова спектакля ўвогуле. Эмацыйнасць Лэціс і Лоты часам арганічная, а часам і не спалучаецца з функцыянальнасцю і аскетызмам сцэнаграфіі (мастак Вольга Мацкевіч).
Заднік з выявай лесвіцы, прыступкі якой натхнёна пералічвала Лэціс, трансфармуецца ў кабінет Лоты з вялізным сталом і канапай. Строгасць офіса падкрэсліваюць шырмы, якія хутка і бясшумна рухаюцца, то адкрываючы герояў, то закрываючы іх ад гледачоў. Такое сцэнаграфічнае вырашэнне пасуе да вобраза інспектара Лоты, адцяняе яго. Але калі тыя ж самыя шырмы пачынаюць рухацца ў доме Лэціс - яе ірацыянальным свеце (няхай сабе і далучаючы да яго Лоту), дзеянне страчвае гарманічнасць.
Часам функцыянальнасць сцэнаграфіі становіцца празмернай. Так чацвёра музыкаў (спектакль аформлены з ужываннем жывой музыкі і гукаў) ператвараюцца ў кабінетныя статуі і працяглы час вымушаны стаяць у нязручных позах на пастаментах. Аднак мэта надаць эпізодам настрой і пафас судовага пасяджэння такім чынам не дасягаецца.
Другарадныя персанажы, якія з’яўляюцца побач з галоўнымі гераінямі, хутчэй ствараюць дысананс дзеяння, чым спрыяюць яго развіццю. З рознымі мерамі гратэску вырашаны вобраз Лэціс і масоўка экскурсантаў, якім яна распавядае пра помнік гісторыі; аморфны адвакат у выкананні Георгія Маляўскага з’яўляецца на сцэне з дапатопным магнітафонам і гэтай невялікай дэталькай робіць непатрэбную прывязку да часу, адсунуўшы дзеянне гадоў на дваццаць назад.
Яшчэ адно слабае месца спектакля - нераспрацаваны гістарычны пласт. З аднаго боку, ён можа і не ўспрымацца на ментальным узроўні. Дакладна гэтак жа, як не быў успрыняты гасцямі Міжнароднага фестывалю «М.аrt.кантакт» падтэкст пра нацыянальную свядомасць беларусаў у спектаклі Мікалая Пінігіна «Пінская шляхта». Гледачам можа быць незразумела, чаму ў «Тэатраманіі» згадваюцца гістарычныя хронікі, Рычарды і Генрыхі. Тым больш што веды ў галіне сусветнай гісторыі ў большай часткі нашай публікі даволі павярхоўныя. Але, з іншага боку, Кацярына Агароднікава і не спрабуе паўплываць на ўспрыманне гэтых асацыяцый і паралеляў: яна ніякім чынам не акцэнтуе ўвагі на «гістарычнасці» п’есы.

Прага глыбіні
У «Тэатраманіі» Купалаўскі тэатр паспрабаваў вырашыць некалькі надзённых пытанняў. Па-першае, прывесці ў калектыў маладога таленавітага рэжысёра Кацярыну Агароднікаву (нагадаю, што ў яе за плячыма такія папулярныя антрэпрызныя пастаноўкі, як «Дванаццатая ноч» Уільяма Шэкспіра і «Спяваць. Піць. Плакаць» Ксеніі Драгунскай). Па-другое, зрабіць яшчэ адну касавую і ў той жа час інтэлектуальную камедыю. Па-трэцяе, у пэўнай ступені падрыхтавацца да хуткай рэканструкцыі (функцыянальная і аскетычная сцэнаграфія пастаноўкі) і магчымых гастрольных варыянтаў (невялікая колькасць занятых акцёраў).
У выніку атрымаўся спектакль, у якім дзве актрысы працуюць поруч нібы сінхронныя плыўчыхі, але паказваць сваё майстэрства ім даводзіцца на мелкаводдзі пастаноўкі. Таленавіта, смешна - ды нечага не хапае...

«Мастацтва», № 8, август 2010 г.
 
200stran.ru: показано число посетителей за сегодня, онлайн, из каждой страны и за всё время
 
© 2008-2012 belactors.info. При использовании материалов ссылка на сайт обязательна.